Перайсці да зместу

Спадчына (1922)/VI/Няма грошы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Тутэйшы Няма грошы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Дрэмле Юрка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Няма грошы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЯМА ГРОШЫ.

Кожны гэта пэўна скеміў,
Што ня ўсё ў нас так, як трэба,
А ня лжэ і біты ў цемя,
Што і сходзіць ня ўсё з неба.
Ёсьць на ўсё прыпеў харошы:
«Трэба, грошы—няма грошы!»

*

Шнур у Сьцёпкі штось вузіцца…
Дзеці… Крута з хлебам, з сольлю;
Б’ецца, рвецца, не ляніцца;
Эх! каб так, ды ніўкі болей!
А ці сьсюль прыпеў харошы:
«Трэба грошы—няма грошы!»

*

Дзеці вырасьлі ў Сьцяпана;
Чуў, ёсьць школы, ёсьць навука.
Добра ўзяць прымер ад пана…
Ці-ж то ўчыцца вельмі штука?
А тут зноў прыпеў харошы:
«Трэба грошы—няма грошы!»

*

Жэніць сына, хрысьце ўнука,—
Пойдзе з просьбай к пану, к «чыну»…
Посьле працы, посьле мукаў
Адпачыў-бы сам часіну…
А зусюль прыпеў харошы:
«Трэба грошы—няма грошы!»

*

Жонка штось ня выйдзе з хаткі:
Зьлегла, крэкча і… ўмірае;
Цісьне стараста падаткі;
Фэльчар, поп—бяда такая!
Аж тут, на прыпеў харошы:
«Трэба грошы—і ёсьць грошы!»