Перайсці да зместу

Спадчына (1922)/V/Першы сьнег

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Буслы Першы сьнег
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Разлад
Іншыя публікацыі гэтага твора: Першы сьнег (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРШЫ СЬНЕГ.

Халоднай пабелай магільна залёг
На зжатае поле, на скошаны лог.

Лёг пухам на лесе, на жоўтых лісьцях,
Абсеяў, абсыпаў прысады і шлях.

Так высыпаў зьзябна, бязрадасна сьнег
У першы папас свой, у першы начлег.

Ад стада адбіўшыся, птушка адна,
Квіліць і квіліць сярод бела радна.

На небе на сьнежным ні сонца, ні зор,
На гонях на сьнежных ні груд, ні разор.

Абсьнежаны сьвет без канца, без граніц,
Душа ажно тлее, як сьвечка з Грамніц.

На хаце, за хатай махнаціцца бель,
На белі за тынам, як нітка з кудзель,

Чырвоная стужка скрозь бель зіхаціць,
І ў сажаўцы губіць свой сьлед гэта ніць.

Ад раньня скараньнем бурліць варажба:
Што значыць такі сьлед, такая хадзьба?

Хто сьмеў першы сьнег асьвянціці крывёй?
Крывавай ён веры—чужы ён ці свой!

Дагадка шыбае ў лядзянай імгле,
Паўзе і прысуд-перасуд па сяле.

Па полі па бледным снуе бледны цень,
А птушка квіліць і квіліць цэлы дзень…

У гэты сьнег першы брат брата засек,
І ў сажаўку трупа валок цераз сьнег.

20/XI—18 г.