Перайсці да зместу

Спадчына (1922)/IV/Яна і я/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
11. Сяўба 12. Яблыні цьвітуць
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
13. На сенажаці

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




12. ЯБЛЫНІ ЦЬВІТУЦЬ.

Яблыні цьвітуць, так хораша цьвітуць,
Як белым высыпаны пухам,
Пчолкі на цьвяткі па мёд сабе лятуць,
З вульля ў вулей нясуцца духам.

Селі з ёю мы пад яблыню ў дваіх
На траўцы сьвятачнай нядзеляй;
Сонца разьлілося ў променях сваіх,
Лісткі па яблынях зардзелі.

Вецер плыў лісткамі, песьціў, калыхаў,
Галінкамі трос, як крапілам,
Птушак жвавых шчэбет хвілі ня сьціхаў,
Кружыўся з белым кветак пылам.

Раем на зямлі выглядываў нам сад,
Я ў ім—Адам, яна ў ім—Эва;
У раі гэтым вецер быў нам бог і сват,
Вяцьвямі шлюб давала дрэва.

Птушкі ў мільён струн вясельле гралі нам,
Пасажнай маткай была пчолка,
Сонца несла, ўцехі думкам і грудзям,
Пасьцелю слала нам вясёлка.

Ка́паў нам на вочы яблыневы цьвет,
На нас валіўся, як сьнег белы,
Мысьлі нашы беглі сіняй далі ўсьлед
І сьвет сабой тулілі цэлы.

Мілая! О, колькі радасьці даеш
Майму ты сэрцу маладому!
Нават ты сама, таго не спазнаеш,
Які ты скарб у маім дому!

Мілая, сагрэй мяне сваймі грудзьмі!
К маім грудзям прыліпні шчыра;
Богамі хай станем мы паміж людзьмі,
Нябеснага князямі міру!