Не глядзі на мяне, не глядзі, адыдзі,
Не чаруй так сабой і на яве і ў сьне!
Ты сьмяешся з мяне… Дык ідзі-ж, не глядзі,
Бо замучыш, загубіш навекі мяне!
Погляд вочай тваіх душу змучыў маю,—
Праз яго я сябе не змагу аніяк:
То я рвуся к табе, то як слуп той стаю,
То жалею цябе, то кляну горка так.
Ты-ж ня любіш мяне, ты шукаеш другіх,
Туды пнешся, дзе звоняць дукаты, рублі…
А што я табе дам? я-ж бядней ад усіх,
У бадзяньні цяжкім жывучы на зямлі.
Бедзен я, дык чым я за цябе заплачу?
Знаю—мала табе душы, сэрца майго:
Ты за грошы сябе прадасі панічу,—
Будзеш блізкай яму, будзеш жонкай яго.
Будзеш паняй ты жыць: смачна есьць, доўга спаць,
Шапкі будзе зьнімаць прад табою народ,
А я буду цярпець і свой дзень праклінаць,
Праклінаць і цябе, і твой гэты паглёд.
Дык ідзі, не глядзі! Я баюся цябе;
Не мая ты цяпер, і ня будзеш маей.
Дык ідзі, бо загубіш мяне і сябе,
Бо кіпіць мая кроў, сэрца рвецца з грудзей!
|