Спадчына (1922)/III/Дзьве долі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
А ты, сіраціна… Дзьве долі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Песьня
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзьве долі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДЗЬВЕ ДОЛІ.

Расьце бярозка серад поля,
Ўдалі ад лесу, сіратой;
Жыве пясьняр з сваёй нядоляй,
З сваёй маркотнаю душой.

Ваюе з бурамі бяроза,
Мароз, слата сячэ яе;
Пясьняр з няпраўдай б’ецца ў сьлёзах,
За ўсіх цярпіць, для ўсіх пяе.

З бярозкі сьвежыя галіны
Віхор зрывае, коціць ўдаль,
А песьняровы думкі-гымны
Ламочыць крыўда, гора, жаль.

Жыла бярозка, годзе жыці:
Сячэ на дровы дравасек…
Ідзе пясьняр пад дзёрн злажыці
Сваю галованьку на век.

Бярозка, ў печы ўжо вуглямі…
Дымы пад неба ўжо бягуць;
Памёр пясьняр, забыт людзямі,
А песьню ўсе яго пяюць.

30/X—18 г.