Спадчына (1922)/II/Сявец

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Цару неба й зямлі Сявец
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Поле роднае
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сявец (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЯВЕЦ.

На заўтра, к налецьцю
Свой сею загон,—
Ад бацькі прымеціў
Так сеяць, як ён.

Лубянку-сявалку
Дзед сплёў мне даўно,
Ў сявалцы бяз малку
Бурштын-сам зярно.

Знаток сваёй рэчы,
Іду к старане,
Каб вецер у плечы,
Ня ў вочы, дзьмуў мне,

Прывычнаю жменяй
Зярняты кладу,—
Дзе болей, дзе меней
Сьляджу на хаду.

Сьляджу, каб абсевак
Ня кінуці дзе,
Бо з ім неспадзевак
Благіх шмат ідзе.

Кулёвай саломай
Дасеў прысьцялю,
Ад злога залому
Сяўбу бласлаўлю.

Ляжыце, зярнята,
Ў парадак, у рад,
Усходзьце багата,
Каб сейбіт быў рад.

Абходзь ты наўкола,
Рунь, Юр’я сьвяты!
Ты, добры Мікола,
Пільнуй ад слаты.

Дай, хмарка-вясёлка,
Жывучай расы,
Маланкай-агнёўкай.
Ня зводзі красы.

Свой град, Градавіца,
Ў пару сутрымай:
Пярун, Грамавіца,
Ў жніво сунімай!

20/XI—18 г.