Вецер завыў па сялібах,—
Звоніць дый звоніць па шыбах;
«Лыска» на, прызьбе якоча;
Ў хаце ўдзень сумна, як ночай,
Над сталом бацька журбуе,
Галаву зьвесіў сівую,
Маці у кубле штось шнырыць,
Жонка дзяцей ціхамірыць.
Янка зьбіраецца ўпрочкі...
Ой, не на радасьць дні, ночкі
Сына «старая» пясьціла,
Каб рос ў розум і сілу!
Ой, не на помач ў бядноце
Даў «стары» склад у рабоце,
Дый не на ўцехі вялікі
Згралі вясельле музыкі.
Цераз палеткі, палоскі
Склік дакаціўся да вёскі,—
Кліча на збор «запаснога»,
Бо на ўсім сьвеце трывога.
Новыя лапці, аборы,
Новыя шаты-уборы.
Стаў на сябе напінаці,
Кланяцца родным у хаце.
Кланяўся нізка татулю,
А яшчэ ніжай матулі,
Прашчаўся з жонкай, з дзіцяткам,
Сьлёзы ўціраючы ўкрадкам.
Ціха, маркотна ў сьвятліцы,
Кожны азвацца баіцца,
Як-бы над імі ў спакою
Сьмерць калыхала касою…
А як «ён« з хаты выходзіў:
«На, хай бароніць ў прыгодзе!»—
Гэтак матуля сказала,
Ды штось на шыю ўвязала.
Матчына гэта ахвяра—
З нашых прыдбана папараў
З роднай вузельчык кудзелькі,
Ў ім—жменька роднай зямелькі.
І вышаў з хаты ваяка,
Ня уздыхнуў, не заплакаў,
Вышаў заціснуўшы зубы,
На тыя бітвы, на згубы.
Вецер адно ня ўнімаўся,
Як-бы варожбай займаўся:
Верне дамоў Янка болей,
Ці ўжо ня верне ніколі.
|