Перайсці да зместу

Спадчына (1922)/I/Песьні вайны/II

З пляцоўкі Вікікрыніцы
I. Варожбы II. Перад бурай
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
III. Склік

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




II. ПЕРАД БУРАЙ.

Грамадзяцца цёмны хмары,
Грозяць сьвету страшнай карай;
Ня супыняць ужо бітваў
Ні ўздыханьні, ні малітвы.

Сталі ўсюды ўсімі трэсьці
Неспакойства поўны весьці,
Што, забыўшы людзі ўвагі,
Пад крывавы пойдуць сьцягі.

Меч уздыймо брат на брата,
Стане брату брат горш ката.
Зуб—за зуб, за вока—вока
Як і сказана ў прарокаў.

Ўсё свой к гэтаму шлях знача,
Што так будзе—ня іначай,
Бо шукаць ўжо праўды нечым,
Толькі порахам ды мечам.

Бо ёсьць сіла і на сілу,
Што магілай за магілу
Водкуп дасьць, як сьлед, з паклонам
Ды прымкне крыжом сьвянцоным.

Бо ёсьць воля і на волю,
Што сваю з тэй возьме долю,
Не загубіць, не ўваскрэсіць,—
За, ланцуг—ланцуг павесіць,

Так ўсё горшы ад граніцаў,
Ад далёкіх слух імчыцца;
Што раз болей—менш надзеі,
Што віхор гразу разьвее.

Чуткі йдуць, плывуць журбою
Родны краю, над табою;
Ты-ж ня гніся ў завіруху:
Вокам бач і вухам слухай.

Хто за славу выйдзе з славай—
Тых ня зломіць бой крывавы;
Хто за праўду праўдай стане—
Тых сустрэне зьмілаваньне.