Што год, вясной, у дзень, вялікім зва́ны,
Зьбіраюцца яны, як буслы ў вырай,
І йдуць пад вокны гурмай абарванай
Набожную жальбу заводзіць шчыра.
Паны атласныя і зрэбныя сяляны
Вітаюць іх, як послаў з тога міру:
Той кіне сьвенчана яйцо, а той—мядзяк:
Як жабракоў іх дарыць свой брат і чужак.
Журбой ноч іхні блаславіць напевы,
Бо ходзяць валачобнікі па ночы,
Шыпяць над імі галінамі дрэвы,
Глядзяць на іх начніц сьляпыя вочы,
А ўсё, як быццам сіверу павевы,
Як валачобнікі, цямрыцу славіць хоча.
О, ноч! о, бесканечны твой над намі ход!
Калі-ж пакінеш ты туманіць наш народ?
Ні там, дзе дзікія зімуюць гусі,
Ні там, дзе дрэмле поўначы краіна,
Ні з добрай сваёй волі, ні ў прымусе,
Ніхто, нідзе ня чэз такой жывінай,
Як чэзьнеш ты, няшчасны беларусе,
У валачобнікі запісаны судзьбінай…
Што год ты ходзіш дабравольным жабраком
І рабства вечнае ўсхваляеш пад вакном.
Ці-ж нас такое з роду ўжо пракляцьце
Зачаравала чарамі сваімі,
Што мусім мы пад вокнамі стагнаці,
Губляці пад крыжамі сваё імя,
Й ня знаючы век бацькаўшчыны-маці,
У ёрмах валачыцца між чужымі?..
Ці-ж нам ніколі ўжо прасьветласьці ня знаць,—
Гібець, гнісьці й ня жывучы канаць?
Вялікі дзень з вялікаю надзеяй,
Лет тысячы са дзьве таму ўжо будзе,
Як між людзьмі то гасьне, то ясьнее.
І толькі-ж торг вядуць, б’ючыся ў грудзі,
Прадажны кніжнікі і фарысэі
Свяшчэнным іменем Яго… А людзі?..
Гудзяць званы, гул медны прэцца да нябёс,
Ды валачобнікаў прыпеў: — «Хрыстос васкрос!»
|