Перайсці да зместу

Спадчына (1922)/I/Беларушчына

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Годзе!.. Беларушчына
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Моладзі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Беларушчына.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЛАРУШЧЫНА.

Сотні лет, няпрыяцелем-братам прыбітая,
Зарастаючы зельлем чужым, як лазой сенажаць,
Ты ляжала няпамяці пылам пакрытая,
А народ твой быў змушан маўчаць і табой пагарджаць.

І круцілі цябе, як каму падабалася,
Кожны строіў, наводзіў цябе на свой строй, на свой лад;
Ажно часам жальба, як кляцьба разьлягалася,
Ды нячутай ляцела, ўміраючы, ў грудзі назад.

Спаў народ, і ты спала, і ворагі верылі,
Што ніхто не разбудзіць цябе, што заснула на век.
І дзялілі цябе, ўсімі мерамі мерылі,
Што памерла ўжо ты,—не адзін так казаў чалавек.

Час ішоў. К жыцьцю новаму клікі пачуліся;
Ўсе народы паўсталі на бітву за права сваё.
Ты—як спала—ўскрасла, твае дзеці прачнуліся,
Твой народ, ты сама ўсталі новае строіць жыцьцё.

І цяпер хоць прыблудаў даносы ў ход пушчаны,
Хоць пад права тваё падрываецца шмат хто, як крот,—
Як жыла і жывеш, будзеш жыць, Беларушчына:
Зразумеў і успомніў цябе твой мільённы народ.

Сьціхнуць віхры, заціхне пара непагодная,
Сілы грозныя ўстануць, акрэпнуць к другому жыцьцю;
Панясуцца, як звон, песьні вольныя, родныя,
Апяваючы долю, нядолю народу, тваю.

1908 г.