Перайсці да зместу

Софокль. Антыгона. Пераклад Ю. М. Дрэйзіна

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Софокль. Антыгона. Пераклад Ю. М. Дрэйзіна
Рэцэнзія
Аўтар: Леў Цвяткоў
1927
Крыніца: Газэта «Савецкая Беларусь», № 120 (2012), 29 мая 1927 г., б. 3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Бібліаграфія.

Софокль. Антыгона.

Пераклад Ю. М. Дрэйзіна.

Клясычныя пісьменьнікі антычнага сьвету! Для шмат якіх інтэлігэнтаў з маладога пакаленьня гэтыя словы мала чаго гавораць. Для старых людзей яны зьвязаны з успамінамі аб падрабязным, вусным граматычным аналізе, аб напружваньні памяці пры завучваньні прыназоўнікаў ды злучнікаў, чым старая сярэдняя школа баранілася ад наплыву асоб з «ніжэйшае» клясы тагдышняе грамады. Гэтая школа такім парадкам была ў большай меры клясаваю, чымся клясычнаю.

Дасягненьняў чужаземнага мастацтва і наогул чужаземнае культуры—у тым ліку і антычнае мы не павінны адкідаць. Справа ў тым, што сьвежая і магутная, цяпер ужо нават даволі багатая і рознастайная наша мастацкая літаратура—шмат чаго набыла-б, карыстаючыся вялікім багацьцем старажытнасьці.

Гармонія формы і зьместу, ашчаднасьць у словах і фактычных падрабязнасьцях (згодна з грэцкім правілам; medenagan—нічога лішняга), надзвычайна яскравы малюнак асоб і падзеяў, шмат цікавых думак—вось што можам мы знайсьці ў антычнай старажытнасьці. Зразумела, ня толькі гэта, але вышэй паказаныя рысы найбольш пажаданых для нас у якасьці ўзору для нашых пісьменьнікаў.

Як-жа нам азнаёміцца з творамі чужаземных аўтараў (як сучасных, так і старажытных—цікавых для нас у данны момант клясычных пісьменьнікаў)?

Калі нельга ў аўтэнтыку,—дык возьмем пераклад.

Таленавіты музыказнавец Ю. М. Дрэйзін зьяўляецца таксама і эліністым. Ён пераклаў „Софоклеву Антыгону“. ЦБ Маладняка добра зрабіла, што выдала гэту кніжку.

Антыгона слушна лічыцца найлепшым узорам грэцкае трагэдыі, бо ў ёй найбольш выразна выяўлены найкаштоўнейшыя асаблівасьці гэтага жанру. Але побач з гэтым данная драма мае і вялікую грамадзкую цэннасьць. Тут выяўляецца вельмі яскрава супярачнасьць антычнае дзяржавы—гораду з інтарэсамі адзінкі. Дзяржава—горад (polis) лічылася з псыхалёгіяй індывідуума далёка менш, чымся гаспадар жывёлы з яе адчуваньнямі. Адгэтуль вынікалі калізіі і канфлікты, якія цяпер немачыны у пралетарскай дзяржаве, дзе нават судовыя ўстановы падыходзяць да злачынцаў індывідуальна, жадаючы адначасна і ім аздараўленьня і карысьці для калектыву.

Параўнальна з аўтэнтыкам пераклад зроблен саўсім беззаганна. Што тычацца вершаваньня, дык ямбічны трымэтр часам крыху парушаецца, а ў хоравых частках ёсьць і большыя вольнасьці.

Прадмовы і ўступ наогул напісаны добра—гэта ўводзіны ў разуменьне духу эпохі, неабходныя для чытача.

Ня толькі грэцкая драма, грэцкая міталёгія, але і ўся чыста антычная культура раскрываецца перад намі ў гэтым кароценькім артыкуле.

Але ня трэба было мадэрнізаваць сьветапогляд Софокля. За валасы прыцягнута параўнаньне яго ідэалёгіі з марксызмам (хоць Дрэйзін і спасылаецца на некаторыя аўтарытэты). Наогул трэба і тут не персольваць—meden agan—нічога лішняга.

Кніжка карысная, але прадмову пры новым выданьні трэба будзе ў пэўных адносінах перарабіць.

Л. Цьвяткоў