Перайсці да зместу

Сонечны паход (1929)/Чырвоныя вясьнянкі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прыпяць Чырвоныя вясьнянкі
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Ленінамайскае
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чырвоныя вясьнянкі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧЫРВОНЫЯ ВЯСЬНЯНКІ

1

Зазьвінелі рэчкі крыгамі;
Сонца чэрпае променем лужы.
Калёсамі вуліца скрыгае…
Жураўлі па-над вёскаю кружаць.

Прывіталі высь блакітную
Сьпевы жаўрыка ў белым тумане.
Балота пушыцца ракітаю;
Лес шуміць, спатыкаючы раньне.

Сенажаць прайсьці прыгожа нам, —
Паміж зелені выплылі кветкі…
Каровамі выган стрыножаны,
Рвуць рагамі куп‘ё пералеткі.

Зашумела поле хвалямі,
Мітусеньнем выплыўшай руні…
Вясну закліканьнем хвалім мы.
Не замаўкаюць гучлівыя струны.

2

Паглядзі: на полі вораным
Сьлед праложан калясом.
Селянін ідзе нязмораным —
Корміць глебу ён аўсом.

І з сяўні за жменяй жменяю…
Шум насеньня, як дажджа.
Хоць загон блішчыць каменьнямі,
Верыць — будзе ураджай.

Ён палетак свой узораны
Барануе, рве дзірван.
За канём ідзе разораю.
Над сваёю працай пан.

Яго шнур спавіт быў межамі.
На чужынца пот ён ліў. —
Цяпер з думкай вольнай, сьвежаю
Ходзіць з песьняй па ральлі.

3

Заводаў грук і гучны гоман
Пранёсься з ветрам па палёх.
Залом тут болей не заломан…
Дым фабрык коўдраю разьлёг.

Імчыцца раць сталёвых коняй,
Капыт-калёс чуваць іх звон!
Араты, не ўзараўшы гоняй,
Глядзіць, вачом ня верыць ён.

Жывыя коні ржуць у полі,
Пужліва вушы узьнялі,
Нібы спазналі ўсе, што болей
Сталёвых коняй на зямлі.

Гудзе гудок. Паўзуць машыны
У шыр і даль палёў, балот.
І людзі ў новую краіну
Сягоньня робяць пералёт.

4

Змрокам ціхім сьпеў салаўіны…
Гай шапоча кустам альховым…
Ён прыехаў — рыцар машыны —
Кахацца з дзяўчынай вясковай.

Посьле кросен з беленькім тварам…
Спадабае хлопец рабочы…
Сэрца спуджана лічыць удары,
Паўнюткі агню яе вочы.

Прыхіліўшыся к грудзям, кажа
Ён дзяўчыне слодачы словы,
Доўгіх косаў злотная пража
Спавіла іх разам галовы.

Зазьвінела даль адгалосам,
Сьпевам гучным аб новым шчасьці.
Срэбны конь па небу пранёсься,
На зямлю ён хоча упасьці.

Сакавік, 23 г.