Там, дзе сонца агнёвымі крыльлямі
хоча сьлёзы балота выпіць,
шэпча хвалямі ціха гульлівымі
чараўніца —
прыгожая Прыпяць.
Зачарованы…
чую, штось мудрае —
мне гамоняць усплёскі ракі…
Я плыву…
Неба сінь… Зелень кудрая…
Берагі з вербалоз ды ракіт.
Як прыгожа!..
Ды толькі па лесе
стогнуць цяжка сталеткі-дубы…
Ой, радзімае наша Палесьсе,
хараство тваё хто загубіў?..
Чую сказ:
Дрэвам жаляцца хвалі,
што з няволі бягуць —
з пазамежаў… Ой, ня раз дрэвы з ветрам паслалі
свой паклон
у гушчар Белавежы…
Ну, а хвалям —
назад не пабегчы,
каб сказаць,
што жывецца тут люба…
Заўтра іх у вішнёвы вечар
на Украіне Дняпро прыгалубіць.
Ой, Дняпро!
Хлапец сінябровы!
Буду я аб тым, што і ты, — пець…
Бо кахаеш ты нашы дубровы
і яе —
сінярусую Прыпяць.
Ой, як моцна абнімуцца й шчыра
у краіне прыгожай, блакітнай…
Шлях, што далей —
шырай і шырай
у стэповых прасторах раскінуты.
Ой, Дняпро!
прыгалубі, мілы,
сінярусую дзеўчыну-Прыпяць,
хутчэй сонца
агнёвымі крыльлямі
зможа сьлёзы балота выпіць.
Я плыву…
і плывуць лятуценьні…
Іх ніхто не пасьмее стрымаць…
Рэчкі твар
цалавалі цені,
як дзіцятка цалуе маці.
А дубы —
шапацелі нясьмела,
нібы слухалі мудрае веча…
Па-над рэчкай
туманам белым
спаць лажыўся
ружовы вечар.
Толькі хвалямі,
хвіля за хвіляй,
калыхала пяшчотна Прыпяць…
Там —
дзе сонца агнёвымі крыльлямі
хоча сьлёзы балота выпіць.
|