Перайсці да зместу

Сонечны паход (1929)/Плывем к прыгожа-сьветлай далі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Маладняк Плывем к прыгожа-сьветлай далі
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Плывем к прыгожа-сьветлай далі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЛЫВЕМ К ПРЫГОЖА-СЬВЕТЛАЙ ДАЛІ

Плывем к прыгожа-сьветлай далі…
На хвалях вогненнага мора…
А полымя ўсё плавіць, плавіць,
Палёў абшары, лес і горы…
Плывем к прыгожа-сьветлай далі…

На хвалях вогненнага мора
Плыве наш човен… бура стогне…
Дзе мы змагаліся учора,
Жыцьцё спакойна там сягоньня
На хвалях вогненнага мора.

Плыве наш човен… бура стогне…
Відаць маяк — агонь дзяньніцы,
І золак дня туман разгоніць…
У новую жыцьця сьвятліцу.
Плыве наш човен… бура стогне…

Відаць маяк — агонь дзяньніцы…
Плывем к прыгожа-сьветлай далі.
Дзень хутка новы заіскрыцца,
Зямлю ўсю полымя расплавіць…
Відаць маяк — агонь дзяньніцы.

Плывем к прыгожа-сьветлай далі
У полымі — бяз ветру й вёслаў…
На прыстані мы пагуляем,
Сусьветная, як прыдзе восень…
Цяпер — к прыгожа-сьветлай далі!

25 лістапада, 1922 г.