Перайсці да зместу

Сонечны паход (1929)/Песьні маёвыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ленінамайскае Песьні маёвыя
Паэма
Аўтар: Міхась Чарот
1929 год
Помніш?!
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьні маёвыя.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНІ МАЁВЫЯ

Казку дзіўную чуў у юнацтве:
Некі волат, ці то чарадзей
Стагодзьдзі правёў у бунтарстве,
Каб аздобіць шчасьцем людзей.

Руйнаваў ён харомы-палацы,
І сягоньня ёсьць замчышчаў сьлед
Таго волата, як не баяцца,
Калі казку раскажа мой дзед.

Палахліва я дзеда пытаю:
— Ці забіў-бы той волат мяне?
Доўга, доўга мой дзед уздыхае.
Пасьля кажа з усьмешкаю: „не“.

Чаму не — адкуль жа мне ведаць?
Мо‘ аб гэтым ня ведаў і дзед…
Хто ён — волат з такою пабедай
Па зямлі непакорнай ідзе.

А пазьней — пела песьню маці,
Гэту песьню і зараз я помню.
Горкіх слоў той песьні ня страціў…
Песьня, песьня! Найлепшы ты помнік.

Зразумеў тады волата сілу,
Зразумеў, хто такі ён, адкуль;
Словы песьні вятры разнасілі,
Як у бойцы разносяцца кулі.

Калыхаліся дрыгвы-балоты,
Лес пануры стаяў задуменны,
Калі песьня пра дзён нашых волата
Затачыла сьлязою каменьні.

Колькі песень пра волата славу?
Шмат іх складзена ў замеці дзён…
Гэта-ж песьня сьлед свой аставіла, —
І мяцежным пусьціла ў жыцьцё.

*


„Ой, у полі, полі
Даль мільгае сіньню,
Ня дрыжыць ліст кволы
На сухой асіне.

Высахла асіна,
Лісьцем пажаўцела,
Маці ждала сына —
Вочкі праглядзела.

Лета йшло за летам,
Беглі дні за днямі…
— Дзе, сыночак, дзе ты?
Чаму ты ня з намі?

Сын-жа у паўстаньні,
Волю ён бароніць…
Маці ўдаль пагляне —
Плача, сьлёзы роніць…

А зялёным маем,
Ня цьвілі ‘шчэ ружы,
Сына спатыкае,
Сын прыгожы, дужы.

Не пасьпела маці
Зачыніць і брамы,
Пан ужо у хаце,
А з ім тры жандары.

— Ой, матуля міла,
Волі больш ня маю, —
Прыдзі на магілу
Новым, сьветлым маем.

Даль мільгае сіньню,
Вецер сьвішча ў лесе.
На сухой асіне
Сына пан павесіў.

Высахла асіна,
Вецер лісьце кружыць.
На магіле сына
Цьвітуць кветкі-ружы“.

*

Зямля Новая сонцам заліта,
Дзень купаецца ў радасьці сьветлай…
Многа, многа крыві праліта
Мяцежным семнаццатым летам.

Мілы май мой, май мой мілы,
Колькі людзі стагналі і плакалі,
Аддавалі жыцьцё магілам
Нашы вёскі, аулы і саклі.

Зямля Новая! помніш ты гэта?..
Ты ляцела па той жа орбіце…
Іншым шляхам
Семнаццатым летам.
Мы пайшлі —
Хацелася шчасьця і жыць.

Вось чаму ў гэты дзень сьветласіні
Згіне смутак жыцьця найвялікшы.
Ўспомніў я аб далёкай краіне,
Дзе людзьмі сталі сёньня рыкшы.

Думы, думы! О, колькі вас, думы,
Праімчыцца за кожны дзень,
Каб згадаць у жыцьцёвым шуме,
Хто куды ідзе?

Шмат маны, шмат цярністых сьцежак
Спатыкаем у нашым жыцьці…
Толькі бачу я сьветлыя вежы
Таму з радасьцю буду ісьці.

Не адзін я. Мільёны, мільёны…
Гэту радасьць у сэрцы мы носім…
Вось чаму, мілы май мой, сягоньня
Залатую успомніў я восень.

Зямля Новая! чуеш ты гэта?
Ты імчышся па новай орбіце,
Шлях знайшлі мы
Семнаццатым летам.
Знойдзем шчасьце
будзем жыць.

*

Я люблю і сум, і вясёласьць,
Лечаць часам аднолькава раны…
Але ў сэрцы ня родзіцца кволасьць,
Хоць і бачу я сьмерці курганы.

Ну, няхай край мой быў у няволі,
Ці-ж аб тым сёньня стукае сэрца?
Ніколі, ніколі, ніколі
Мінулае наша ня вернецца.

А таму, каго схлупіла зайздрасьць,
Хто з прагненьнем на нас паглядае, —
Жыцьцё я аддам хоць зараз,
А здабытага я не аддам.

То здабыта і мною, і іншым,
І мільёнам мазолістых рук.
Браты Захаду і Ўсходу рыкшы,
Ваша сіла — у гэтым парука.

Я люблю вясны подых песенны.
У бары цьвітуць сівыя сосны…
Думы мары далёка занесены
Залатыя ткуць з променяў кросны.

Мілы май мой, май мой мілы,
Я люблю і сум, і вясёласьць,
Я люблю і горад шумлівы,
І ціхія, ціхія сёлы.

Сонца дзень расквітае надзеяй,
Дорыць ласкі і дорыць многа,
І мільёнам паўстаўшых людзей
Да шчасьця сьцеле дарогу.

Як і мы
семнаццатым летам,
Знойдуць шчасьце
і будуць жыць.
Зямля Новая, чуеш ты гэта?
Дык імчыся па новай орбіце.

*

На Зямлі Новай горад новы
Пабудуем на багне-дрыгве…
Там, дзе сум быў завеі кляновай
Не загіне мужык-чалавек.

Там, дзе плакалі лозы ракіты
Аб далёкай сваёй адзіноце —
Горад новы электрай заліты
Загудзе на спрадвечным балоце.

Край, што сьпевам
Сумліва-асеньнім,
Жураўліным аплакан быў выраем,
Сваё шчасьце сабе прынясе ён,
Сакаліна-сталёвым уздымам.

Ён ня кволы ні сэрцам, ні целам, —
У змаганьні цяжкім загартован…
А каб радасьцю дзень зіхацеў
Зямля Новая, будзь ты гатова!

Захад крыецца чорнаю хмарай,
Не ўбярэ ціхі Нёман крыві.
Хай асьвечан той будзе пажарам,
Хто залом там пакуты завіў.

Май мой мілы, мілы мой май,
Твае хвалі бурляць у бязбрэжжы,
Ты сягоньня і тых прывітай,
Каго дзеляць калючыя межы.

Май, мой брат, сінякрылы лятун,
Паляці па-за межы і далей…
Цэлы сьвет да сябе прытулі,
Па-над кім вісьне чорна навала.

Дзень зімовы хмары там згрудзіў
Над бядацкім жыцьцём ў сутарэньні.
Сьветлы май песьняй разбудзіць
Мяцежных дзядоў пакаленьне.

*

Многа пройдзена намі,
Многа трэба прайсьці,
Вось чаму маёвымі днямі
Павінна жыцьцё цьвісьці.

Я люблю і сум, і вясёласьць,
Лечаць часам аднолькава раны,
Калі слухаю срэбны голас
Паўстаўшых вясеньнім раньнем.

Сум загіне, вясёласьць жыве,
Як жыве ўсё наўкол і красуе…
Па зялёна-шаўковай траве
Распускаюцца кветкі-красуні.

Вецер маю паводкай плыве
У прастор зарунелы збожжам,
Ён зімовы холад разьвее
У далёкім сваім падарожжы.

Ветрам сьмелым пашлю я паклон
Сьвету цэламу з краю у край,
Тых, хто сёньня у цяжкім палоне,
Прывітаем з вясною і маем.

Многа пройдзена намі,
Многа трэба прайсьці,
Каб хутчэй над усімі краямі
Май праменьні свае распусьціў.

Зямля Новая! Вытканы золатам
Твой абшар, што разбуджаны маем,
А мільёны магутным волатам
Волі сьцяг ўсё вышэй
і вышэй уздымаюць.

Зямля Новая! Чуеш ты гэта?
Ты імчышся па новай орбіце…
Шлях знайшлі мы
семнаццатым летам,
Знойдзем шчасьце і будзем жыць.