Мне казалі калісь
— Беларусь —
гэта толькі балоты ды ўзгоркі,
ды народ, што, сагнуўшыся ў крук,
льле свой пот у чужыя разоры.
Паплылі падарожнага крокі
дый загасьлі ў шумлівых ценях…
Я знашоў Беларусь ненарокам
у сырых гарадзкіх сутарэньнях.
Ня шукай багатых фарбаў…
Салаўіных сьпеваў
ня шукай, —
бо з закураных дымам фабрык
пеніць дзень толькі покліч гудка.
Хай шукаюць тое, што ня згублена
у чужын невядомай шэрані…
Беларусь мая ў фабрычных трубах;
Беларусь нікім яшчэ ня зьмерана.
Вы сьпявайце сабе, баяны,
хто яшчэ да канца ня згніў.
Я скажу,
як умею,
як знаю,
пра вясёлыя нашы дні.
Наша сягоньня —
момант.
І заўтра —
нам не мяжа:
хіба ў жытніх прасторах заломы
сёньня могуць каго напужаць?..
Сягоньня мы будзім заводы —
з твару зганяем маршчыны.
Але ці скажа хто з нас:
— Годзе!..
Хто дазволіць сабе адпачынак?
Знаем —
працу спыніць на момант —
знача — стагодзьдзі назад,
знача —
старым заломам
зачарована наша мяжа.
Не кажы пра халодны жвір,
не кажы,
бо спытаюць другія:
— Ці-ж затым вы агнём жылі,
каб пагаснуць ізноў і загінуць?..
Бо куе для цэлага сьвету.
вызваленьня песьні наш горн:
Вы красуйце, чырвоныя кветкі!
Нам мяжою ня будзе сягоньня.
|