Перайсці да зместу

Сонечнымі сьцежкамі (1925)/Анналы/Не сягоньня было і ня ўчора

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Кастусь Каліноўскі ⁂ Не сягоньня было і ня ўчора
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1925 год
Ленін
Іншыя публікацыі гэтага твора: Не сягоньня было і ня ўчора…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




* * *

Не сягоньня было і ня ўчора…
Ой, ды з раніцы плакалі гусьлі…
Вандравала ліхое гора,
вандравала ў палёх Беларусі.

Госьць няпрошаны, госьць нязваны
нашы нівы таптаў нагой.
Помняць, помняць яшчэ партызаны
дзевяцьсот дваццаты год…

Не сягоньня было і ня ўчора,
бо сягоньня загоены раны.
Ты ня плач, Наваградзкае ўзгор‘е,
ня журыся тугой саматканай:

кінуў дзень залатыя кроплі
над заводам, над полем, над лугам…
Кастуся Каліноўскага покліч
сёньня зноў — ад Вяльлі да Бугу.

Выйдуць войска сярмяжнага ўзводы,
выйдуць важыць жыцьцё і сьмерць…
Дык гучней гудзеце, заводы,
каб нудою жыцьця ня мерыць…

Былі дні, што здаваліся вечарам:
ой, ды раньне з крывавай расой…
Беларусь, твой стан пакалечаны
сёньня новаю зьзяе красой…

Бо сягоньня гараць успаміны,
бо сягоньня загоены раны…
Што было — назаўсёды згінула
і з магілы ніколі ня ўстане.