Перайсці да зместу

Снапок (1910)/На начлезе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хітры цыган На начлезе
Верш
Аўтар: Альберт Паўловіч
1910 год
Стары кавалер
Іншыя публікацыі гэтага твора: На начлезе (Паўловіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА НАЧЛЕЗЕ

Ужо добра вечарэло — сонца ані знаку:
Над землёй плыў блеск, як скурка пячонаго раку.
Як авечэк, хмар тых поўна, — зоркі паўтыканы;
Бледны месяц тырчыць бокам, як абруч зламаны.
С поля быдла йдзе, рыкае; цёлка прэ са звонам…
Два сыны Крывога Янкі — Панцялей з Супронам, —
На начлег сьпешаць с канямі: ўзялі торбы, пугі,
Повад, путы і акрыцца нейкіе дзяругі.
Лес далёка, ў полі ціха; прыкра; глуш нямая.
Ужо хлопцы на начлезе, — огнішчэ пылае.
Вецер дзьме і дым ганяе, іскры срозь нясуцца;
Коні спутаные блізенька ля агню пасуцца.
Хлопцы селі на мураве — ім не страшна ў полі,
Скора старшы брат, Супронка, задрэмаў паволі.
Засьляпіўшы шапкай вочы, нос уткнуў у бурху,
Смачна сьпіць, аж усхліпае, як кот у пячурку.
Панцялей адзін пілнуе, сьвішчэ, падпевае,
То паверне галавешкі, то гальё ўскідае.
Толькі неяк адхінуўся (быў дурны аднача),
Глядзіць — нешта больш курчаці з белым пузам скача.
Не чэкаўшы вельмі доўга ухаціў адразу,
Згарнуў жар, узяў за лыдку і пячэ заразу.
Спёк, грызе ганебны косьці, выедае мяса
С такім густам, як і мёду не ядуць на Спаса!
— „Годзе спаць! Супрон прачніся! Што ад сну карысьці?
Ты ўсё сьпіш, а я ем рака, ўжо канчаю грызьці!“
— „Дзе-ж ты браў: прынес мо с хаты, ці хадзіў ў затоку?“
— „Не, ён сам агонь убачыў, прыскакаў здалёку“.
— „Дурэнь-жэ ты, — Супрон, кажа, — гэта-ж, брат, рапуха!“
„Чорт і з ёю — кончыў ногі, кончу ўжо і бруха!“