Перайсці да зместу

Снапок (1910)/Гаспадыніна дзежа

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сыноўская апека Гаспадыніна дзежа
Верш
Аўтар: Альберт Паўловіч
1910 год
С кірмашу
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гаспадыніна дзяжа.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГАСПАДЫНІНА ДЗЕЖА

Два краўцы, Іван з Ігнатам, цэлы век свой двое,
Вандравалі па мястэчках з аднаго ў другое.
Дзе здарэньне ім работу распытаць паможэ,
Там і шылі — жонцэ сукні, кажухі для мужа.
Неразлучны, разам двое, як два родных браты,
Цэлы век свой аджывалі па вясковых хатах.
Жылі ў Гапы і ў Гарпіны, Марыі і Аўдоцьці,
І ў Праксэды, і у Ганулі. Але ўжо наўпроці
Юлькі! з Лошы гаспадыні, кажуць, знайсьці трудна.
Пыл і сьмецьце, павуціна і без конца брудна,
Праўда, трудна каб было ўсё з раніцы прыбрана:
То неўпраўка, а то дзеці ўскруцяцца зарана,
Але ўсё-ж відаць пажыўшы разам час неякі,
Хто чым пахне, чаго варты і якіе знакі.
Краўцы бачаць адны бруды ў будні і у сьвята,
Што у іншай хлеў чысьцейшы, як у Юлькі хата.
Што начыньне — лыжкі, міскі ў палец абкарэлі:
Як земля і стол — і лаўка, гэтак учарнелі;
Страшна глянуць на бялізну, а ня то што стыдна:
Дзежка цестам так заросшы, што і дна ня відна.
Ледзь кулак адзін пралезе. Давай наругацца —
Між сабою, нібы спраўды, пачалі спрэчацца.
„Не пляці, Ігнат, пустое. Дзіўные навіны!
Дзе ты бачыў дзежку с цеста? Ешчэ скажэш з гліны!
Гэтак хто чужы пачуе, сьмеху не стрымае!“
Ян, каб чула гаспадыня, гэтак улучае.
А Ігнат сячэ пад тое: „Не спрэчайся, браце.
Хіба сам вазьмі прыгледзься, дзежка-ж во у хаце.
Каб дзежа была, як кажэш, з цеста, ня з гліны,
Дык было-б і дно, і клёпкі, і звон быў-бы інны“.
Ян аж плюнуў, нібы з злосьці. Стаў казаць Ігнату,
Як раз з сенцаў гаспадыня зноў прыйшла у хату:
„Пан Ігнат! Пакінь ты спрэчку. Годзі блазнаваці!
Як аблупіш хоць чым з верху, зможэш распазнаці.
С цеста іх ніхто ня лепіць, гэта пэўне знаю“.
„Ціха. Пойдзем аб заклад мы, я ўжо не прайграю“.
Так сказаў Ігнат і выйшоў пашукаць сакеры.
Не пазнаўшы войстрых сьмешак, ціха цераз дзьверы
Гаспадыня Яну шэпчэ, праве аж на вуха:
„Майстрок, сьмела закладайся і мяне паслухай:
„Як прыйшла я ў гэту хату, — лгаць табе ня маю —
„Абручы ешчэ знаць былі, гэта добра знаю“.