Перайсці да зместу

Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю/Сьмяротнасьць у хірургічных аддзяленьнях

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хірургічная сьмяротнасьць Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю
Сьмяротнасьць у хірургічных аддзяленьнях
Аўтар: Савелій Рубашоў
Пасьляопэрацыйная сьмяротнасьць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




3. Сьмяротнасьць ў хірургічных аддзяленьнях.

Лічбы сьмяротнасьці пры хірургічных захворваньнях у стацыянарах не даюць, зразумела, поўнага ўяўленьня аб сапраўднай хірургічнай сьмяротнасьці. З аднаго боку, вельмі многа сьмяротных выпадкаў не пападае ў стацыянары; вельмі многа памірае раптоўна ад пашкоджаньняў; шмат хворых з «новаўтварэньнямі» канчаюць жыцьцё ў сябе дома. З другога боку, у стацыянарах зьбіраюцца найбольш цяжкія хірургічныя хворыя. Але іменна таму, што тут мы маем справу з цяжкімі выпадкамі, проблема вывучэньня фактараў сьмяротнасьці ў хірургічным стацыянары павінна даць нам шмат чаго для выяўленьня мер зьмяншэньня хірургічнай сьмяротнасьці наогул.

Калі ўзяць процант сьмяротнасьці ў хірургічных аддзяленьнях, пачынаючы ад 1900 г. дык на 36.169 стацыянарных хірургічных хворых (справаздачы 18 аддзяленьняў — клінікі, вялікія і малыя больніцы), я налічыў 1.631 сьмяротных выпадкаў; процант роўны 5.

Калі карыстацца іншым спосабам вылічэньня — сярэдняй лічбай з лічбаў сьмяротнасьці розных устаноў, дык мы атрымаем лічбу 5,6 проц. — па сутнасьці блізкую да першай.

Для мяне зьяўляецца ня зусім зразумелым процант, вылічаны Мельнікавым: агульны процант сьмяротнасьці — паводле Мельнікава да вайны — 2,3%, пасьля вайны — 3,2%. Мне здаецца, што для складаньня яго статыстычных лічбаў было ўзята вельмі мала справаздач, пры гэтым толькі публікаваных, г. зн. звычайна «добрых», з малым процантам сьмяротнасьці. Такім чынам, мы

павінны прызнаць, што ў даную эпоху на 100 хірургічных стацыянарных хворых памірае 5 чал.

Да той жа сярэдняй лічбы - 5 проц. - прыходзіць і Оппэль, разважаючы пра сьмяротнасьць у хірургічных аддзяленьнях.

Каля гэтай лічбы вагаецца сьмяротнасьць хірургічных аддзяленьняў, зьмяншаючыся або павялічваючыся на адну-дзьве-тры адзінкі. Цікава высьветліць, функцыяй чаго зьяўляюцца гэтыя ваганьні.

Перш за ўсё трэба выдзеліць установы, якія абслугоўваюць так званых экстрэнных хворых, або ўстановы, дзе такіх хворых многа: процант сьмяротнасьці ў гэтых ўстановах вышэй сярэдняй лічбы. У якасьці прыкладу я магу прывесьці Інстытут хуткай дапамогі імя Скліфасоўскага ў Маскве (Красінцаў), дзе ў 1925 г. сярэдні процант сьмяротнасьці быў роўны 6,4 проц.; Аляксандраўскую Кіеўскую больніцу (Бондароў 1909 і 1910 г. г.), дзе процант сьмяротнасьці роўны 11,5 проц. - 11,6 проц; Бабухінскую больніцу ў Маскве (Холін), дзе ў 1924 г. процант сьмяротнасьці 7 проц. Зразумела, гэта лічба, перавышаючы сярэднюю, тлумачыцца наяўнасьцю цяжкіх траўм, экстрэнных запальных захворваньняў і т. д. Гэта сьцьвярджаецца параўнаньнем лічбаў сьмяротнсьці хворых - неопэраваных і хворых - опэраваных.

Найменш гэта кідаецца ў вочы ў справаздачы Інстытуту Скліфасоўскага;

опэравана 1.643 памерла 106 - 6,6 проц.
неопэравана 776 " 53 - 6,8 проц.

але вельмі рэзка - у іншых справаздачах:

У Кіеўскай Аляксандраўскай больніцы 60 проц. гінула за першыя 2 сутак, у Бабухінскай:

опэравана 1.772 памерла 102 - 5,9 проц.
не опэравана 129 " 51 - 2,7 проц.

Другі прыклад: у Шэнкурскай больніцы:

опэравана 948 памерла 27 - 2,7 проц.
неопэравана 134 " 12 - 9,0 проц.

Другі момант - гэта матэрыял, у сэньсе наяўнасьці цяжкіх выпадкаў і адначасовай актыўнасьці хірурга. Гэтыя два моманты часта злучаюцца іменна ў клініках, куды адбіраюцца нярэдка цяжкія выпадкі і дзе часта робяцца опэрацыі, якія толькі яшчэ распрацоўваюцца. Гэты момант таксама дзе павялічэньне процанту сьмяротнасьці; больш падрабязна я разгледжу яго пры вывучэньні пасьляопэрацыйнай сьмяротнасьці, а цяпер абмяжуюся падачай некалькіх прыкладаў.

Клініка Дзьяканава — 100% опэравальнасьці хворых — вялікая актыўнасьць клінікі; проц. сьмяротнасьці — ад 7,3 да 13.

Факультэцкая хірургічная клініка Маскоўскага Унівэрсытэту (Алексінскі) — 1903—1905 г. г. — 8,8 проц.

Клініка Оппэля: 1908—1914 г. г.; процант сьмяротнасьці — 9, процант опэравальнасьці — 79.

Мечнікаўская больніца — пад вед. Оппэля — 1925—1926 г. г. — 7,1 проц.

Таксама ў загранічных клініках — праўда, лічбы гэтыя больш даўнія — сярэдні процант сьмяротнасьці — 7,8 проц. (на 54.760 хворых у прускіх клініках ад 1877 г. да 1892 г. памерла 2.475 чалавек); тымчасам у «вядучых» клініках таго часу — у Бергмана — процант сьмяротнасьці быў — 11 проц., а у Мікуліча — ад 9 проц. да 12 проц.

Значэньне матэрыялу можа быць ілюстравана яшчэ на такім прыкладзе. Проф. Спасакукоцкім апублікаваны дзьве справаздачы аб яго дзейнасьці: справаздача за 10 год загадваньня хірургічнай клінікай ў Саратаве і за 1 г яго работы ў 2-м Маскоўскім Дзяржаўным Унівэрсытэце. Паводле першай справаздачы рабіліся опэрацыі 4.687 чалавекам, а памерла — 241 ч., г. зн. 5,1 проц.; паводле другой опэравалася 884 чал., а памерла 31 чал., г. зн. 3,5 проц. Ня буду гаварыць пра іншыя моманты, але заўважу такі: у першай справаздачы процант грыж і апэндыцытаў быў — 25 проц. у адносінах да агульнага ліку опэрацый, а ў другой — 58.

Вельмі наглядна значэньне матэрыялу дэмонструюць даныя Вазьнясенскага: у яго ў аднэй больніцы процант сьмяротнасьці быў — 4, а ў другой — 13, толькі ў залежнасьці ад рознага тыпу хворых і опэрацый.

Вось галоўныя факты, якія тлумачаць процант сьмяротнасьці, перавышаючы сярэдні.

Але мы сустракаемся з іншаю зьяваю, — калі процант сьмяротнасьці бывае ніжэй сярэдняга. У такіх выпадках мае значэньне таксама склад хворых: у больніцах, з процантам сьмяротнасьці ніжэй сярэдняга, бывае значная колькасьць хворых з паражэньнем канцавін. Напр.: Елецкая больніца — проц. сьмяротнасьці — 1,77, захворваньняў жывота — 13 проц., а канцавін — 34 проц. Ветлужская — проц. сьмяротнасьці — 1,3, канцавіны — 25 проц.; Каўроўская больніца (Бярэзкін) — сьмяротнасьць — 2,2 проц., канцавіны — 34 проц. і т. д. У Абухоўскай больніцы ў 1913 г. проц. сьмяротнасьці роўны 3,8: з 10.927 хворых было опэравана 2.085 чал. (19 проц.), г.зн. было вельмі многа параўнаўча лёгкіх хворых.

Я гавару тут пра гэта для таго, каб паказаць, якое значэньне мае склад хворых у агульным процаньце сьмяротнасьці хірургічнага аддзяленьня.

Аналіз уласнага матэрыялу, які прайшоў за 51/2 год праз 1-ю хірургічную клініку Беларускага Унівэрсытэту, дае мне магчымасьць падцьвердзіць тыя вывады агульнага характару, якія толькі што зроблены. Мая клініка зьмяшчаецца ў гарадзкой больніцы і, такім чынам, па падборы хворых зьяўляецца тыповым хірургічным гарадзікім аддзяленьнем: клініка абслугоўвае гарадзкіх хворых з нязначнай праслойкай хворых, якія жывуць па-за Менскам (таксама переважна гарадзкіх, бо гэта больніца прызначана для застрахаваных). Такім чынам, нашы хворыя характэрызуюць сабой звычайны гарадзкі хірургічны матэрыял, з прычыны чаго аналіз іх складу мае некаторы агульны інтарэс. У гэту бальніцу, як цэнтральную (1-я Савецкая больніца г. Менску), трапляе значная колькасьць выпадкаў экстрэннай хірургічнай дапамогі, што таксама адбіваецца на складзе хворых.

У мяне на 7.100 хворых процант сьмяротнасьці - 5,7 (406 сьмярцей) - процант, які набліжаецца да процанту Інстытуту хуткай дапамогі, таму што і мая клініка, будучы хірургічным аддзяленьнем гарадзкой больніцы, выконвае функцыю Інстытуту хуткай хірургічнай дапамогі, зьяўляючыся адначасова клінічнай установай.

Я могу свой матэрыял параўнаць у гэтых адносінах з матэрыялам Саратаўскай клінікі Спасакукоцкага: грыж і апэндыцытаў у мяне таксама было 20 проц. (1.455 на 7.100 хворых), у Саратаўскай клініцы процант сьмяротнасьці - 5,1 у мяне 5,7 проц.

Але за тое ў сэньсе экстрэннасьці матэрыял іншы: вострых апендыцытаў у клініцы Спасакукоцкага было 84, у мяне - 186; непраходнасьць кішак - 26, у мяне 65 і т.д.; 113 зашчэмленых грыж у мяне і т.д.

Пры аналізе ўсіх гэтых лічбаў, як агульных, так і маіх асабістых, я магу зрабіць наступныя вывады: 1) Процант сьмяротнасьці ў хірургічным станцыянары ў сярэднім роўны 5; 2) Процант сьмяротнасьці больнічнай наогул і процант сьмяротнасьці ў хірургічных аддзяленьнях прыблізна аднолькавы,

нягледзячы на тое, што хірургічнае майстэрства вельмі актыўнае і мае справу з вялікай колькасьцю небясьпечных цяжкіх станаў. Ужо гэтая акалічнасьць павінна даваць пэўнае ўяўленьне аб вышыні сучаснай хірургіі. Калі ўзяць лічбы сваёй больніцы, я знаходжу нават меншую сьмяротнасьць — сярэдняя па больніцы — 6,6 проц., а па хірургічным аддзяленьні — 5,7 проц.

Такім чынам, хірургічнае лячэньне, як такое, не зьяўляецца прычынай для павялічэньня хірургічнай сьмяротнасьці. «Небясьпека» хірургічнага лячэньня існуе толькі ва ўяўленьні, а не ў сапраўднасьці.