Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю/Ступень удзелу хірургічнай сьмяротнасьці ў агульнай смяротнасьці насельніцтва

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Статыстыка і дынаміка хірургічнай сьмяротнасьці Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю
Ступень удзелу хірургічнай сьмяротнасьці ў агульнай смяротнасьці насельніцтва
Аўтар: Савелій Рубашоў
Хірургічная сьмяротнасьць


1. Ступень удзелу хірургічнай сьмяротнасьці ў агульнай сьмяротнасьці насельніцтва.

Якая доля сьмяротнасьці ад хірургічных захворваньняў у агульнай сьмяротнасьці насельніцтва? Устанавіць гэту лічбу — задача ня лёгкая, таму што ў дзяржаўных статыстыках мы ня маем асобнага аддзелу — «хірургічныя захворваньні», — і гэты процант мы можам высьветліць толькі ўскоснымі спосабамі.

Як відаць, доля хірургічных захворваньняў у агульнай сьмяротнасьці параўнаўча невялікая. Гэта адразу можна бачыць з такіх параўнаньняў:

У Германіі прычыны сьмерці на 10.000 насельніцтва былі такія:

1913 г. 1926 г.
м. ж. м. ж.
Усяго 156,8 143, 1 121,6 112,3
Інфэкцыі 68,5
Траўмы 6,1 1,6 6,0 1,6
Злаякасныя пухліны 7,4 8,9 9,6 11,4
Апэндыцыт 0,7 0,5 0,8 0,6

У той час, як траўмы, злаякасныя пухліны, апэндыцыты складаюць усяго 14,2, адны інфэкцыі даюць - 68,5 (на ўсю колькасьць сьмярцей).

Такі ж малюнак атрымаецца, калі мы зьвернемся да даных Італіі.

У Італіі на 1.000.000 насельніцтва памерла ад наступных прычын:

1924 г. 1925 г. 1926 г.
1. Прыраджоных аномалій 89 84 73
2. Злаякасных пухлін 650 570 560
3. Пляўрытаў 75 80 76
4. Язваў страўніка 33 42 39
5. Хвароб печані і жоўцевых шляхоў 67 78 77
6. Апэндыцытаў 31 34 36
7. Хвароб нырак (апрача нэфрыту) 14 32 19
8. Мачапалавых хвароб 80 80 80
9. Траўм 324 337 315
10. Хвароб органаў руху 370 329 315
11. Тубэркулёзу 1136 1118 1063
12. Хвароб сэрца 1460 1492 1667

Такім чынам, калі мы складзем першыя 10 нумароў, лічычы, што сярод іх мы маем справу толькі з хірургічнымі захворваньнямі, дык атрымаем для 1924-1926 г. г. наступныя лічбы: 1734; 1664; 1590.

Гэтыя лічбы аказваюцца менш сьмяротнасьці толькі ад двух груп захворваньняў - тубэркулёзу і хвароб сэрца, якія даюць разам для тых жа год: 2596; 2610; 2730. Каб даць больш дакладнае ўяўленьне аб удзеле хірургічных захворваньняў у агульнай сьмяротнасьці, я паспрабаваў зрабіць наступныя вылічэньні. Так, у 1912 г. у Расіі на 100.000 насельніцтва памерла (у розных гарадох) ад:

хвароб органаў страваваньня 558
востразаразьлівых хвароб 261
тубэркулёзу 222
хвароб органаў дыханьня 306
хвароб нэрвовай сыстэмы 139
хвароб крывяносных судзін 147
злаякасных пухлін 79
траўм 58
хвароб мачавых органаў 54

Калі лічыць выключна хірургічнымі тры апошнія групы і ўзяць некаторую частку выпадкаў з групы хвароб органаў страваваньня і дыханьня, дык мы ўбачым, што гэта складае невялікую суму агульнай сьмяротнасьці (прыблізна 15 проц.). Я і інакш паспрабаваў вылічыць гэты ўдзел хірургічнай сьмяротнасьці ў агульнай, узяўшы максымальныя лічбы ў групах 1912 г. Расія. Прычыны сьмярцей у гарадох.

На 109.070 сьмярцей было ад:

хвароб скуры 216
косьцева-цяглічнай сыстэмы 130
мачавых органаў 2391
хвароб органаў страваваньня
(апрача катараў)
2198
траўм 2579
злаякасных пухлін 3481

Дапушчаючы (а мабыць гэта дапушчэньне прыводзіць да пераўвялічэньня), што ва ўсіх пералічаных выпадках мы мелі справу толькі з хірургічнымі захворваньнямі, мы атрымліваем суму 10.995, што дае ў адносінах да 109.070 процант, роўны 10 проц.

Некаторае ўяўленьне аб удзеле хірургічнай сьмяротнасьці ў агульнай, даюць яшчэ лічбы Смулевіча (Беларусь 1922—1925 г.г.):

Рожа 0,2 проц. агульнай сьмяротнасьці
Слупняк 0,1 " " "
Хірургічная бугарчатка 3,5 " " "
Сэптыцэмія 0,5 " " "
Новаўтварэньні 3,6 " " "
Страўнічна-кішочныя хваробы 0,7 " " "
Апэндыцыты 0,2 " " "
Грыжы, непраходнасьць кішочніка 0,4 проц. агульнай сьмяротнасьці.
Хваробы мачавых органаў 0,1 " " "
Хваробы скуры 0,2 " " "
Хваробы касьцей 0,1 " " "
Хібы разьвіцьця 0,1 " " "
Зьнешнія прычыны
(пашкоджаньні)
2,4 " " "
12,1 проц. усіх прычын сьмерці

Іншыя даныя мы можам запазычыць у Смулевіча, выдзеліўшы асноўныя лічбы сьмяротнасьці за 1925 г. па аддзелах (у абсалютных лічбах).

рожа 37
слупняк 9
бугарчатка хірургічная 14
сэптыцэмія і піэмія 100
новаўтварэньні 358
апэндыцыт 30
грыжа, непраходнасьць кішак 60
хваробы скуры і клеткавіцы 41
хваробы касьцей 15
хібы разьвіцьця 18
зьнешнія прычыны 261

Мы атрымліваем такім чынам 943 сьмерці на агульную лічбу 9786 сьмярцей за 1925 г., г. зн. каля 10 проц.

Усе вышэйпаданыя ўказаньні наўрад ці асабліва дакладныя; але зважаючы на тое, што вылічэньні, зробленыя на розным матэрыяле, усе даюць лічбу ад 10 проц. да 15 проц. я лічу магчымым зрабіць вывад, што гэтыя лічбы ў асноўным выражаюць долю ўдзелу хірургічнай сьмяротнасьці ў агульнай.

Калі мы прымем гэтыя лічбы — 10-15 проц. — за паказальнік удзелу хірургічнай сьмяротнасьці ў агульнай, дык у адносінах да лічбы 2,3 проц. (паказальнік агульнай сьмяротнасьці) гэта дасьць 0,23-0,33 проц., г. зн. можна дапушчальна прыняць, што адна хірургічная сьмерць прыпадае на 330—450 жыхароў, або 2-3 сьмерці на 1000 чал. насельніцтва.

Аднак, адносная вага хірургічных, асабліва цяжкіх, захворваньняў, далёка не вызначаецца гэтай лічбай, з прычыны таго, што ня ўсе ўзросты прымаюць аднолькавы ўдзел у хірургічнай захворвальнасьці і хірургічнай сьмяротнасьці. Таму мы будзем мець крыху іншы малюнак, калі спынім сваю ўвагу на ўзростах больш старых (пра гэта глядзі ў разьдзеле аб агульных фактарах хірургічнай сьмяротнасьці — «Значэньне ўзросту»).

Тут-жа мы павінны адзначыць, што дзіцячы ўзрост (да 5 год), які дае такую вялікую агульную сьмяротнасьць, прымае малы ўдзел у хірургічных захворваньнях: таму хірургічная сьмяротнасьць

адпаведна павышаецца, калі гаварыць толькі пра дарослых.

Не настойваючы на правільнасьці сваіх лічбаў, я лічу магчымым зрабіць наступныя вывады:

хірургічная сьмяротнасьць займае скромнае месца ў агульнай сьмяротнасьці чалавечага роду;
гэты ўдзел выражаецца, як відаць, лічбай ад 10 да 15 проц., што дае ў канчатковым выніку ад 2 да 3 сьмяротных выпадкаў на 1000 чалавек насельніцтва; калі ўзяць толькі дарослае насельніцтва, дык гэты стасунак павялічваецца.