Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю/Аномаліі разьвіцьця (прыроджаныя хваробы)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Характар захворваньня і яго лёкалізацыя, як фактар хірургічнай сьмяротнасьці Смяротнасць пры хірургічных захворваннях і змаганне з ёю
Аномаліі разьвіцьця (прыроджаныя хваробы)
Аўтар: Савелій Рубашоў
Пашкоджанні


Аномаліі разьвіцьця (прыроджаныя хваробы).

Аномаліі складаюць вельмі нязначную долю хірургічных захворваньняў; як відаць, гэтая група складае (Смулевіч) каля 1 проц. усіх захворваньняў

Сярод хірургічных стацыянарных хворых гэтая група большая, як 1 проц. Так, Джыбсон на 12,144 хворых меў 69 выпадкаў — каля 0,5 проц.; — Пэтрэн[1] — 2,5 проц.; у мяне было на 6.720 хворых — 67 аномалій, г. зн. — 1 проц. Ва ўсякім разе ясна, што ў хірургічнай захворвальнасьці — аномаліі вялікага значэньня ня маюць.

Уяўленьне пра агульную сьмяротнасьць ад аномалій даюць лічбы Германіі:

1923 г. 1924 г. 1925 г. 1926 г.
Лік выпадкаў 8.846 9.559 11.764 13.002
лік сьмярцей 342 403 428 466
проц. каля 4 проц. каля 4 проц. 3,7 проц. 3,6 проц.

Лічбы сьмяротнасьці ў хірургічных аддзяленьнях большыя, бо там падлягаюць опэрацыйнаму лячэньню больш цяжкія выпадкі.

Гайле на 87 опэрацыйных выпадкаў меў 5 сьмярцей (да 1 г.) - 5,7 проц.

Джыбсон на 69 опэрацыйных выпадкаў меў 7 сьмярцей - 10 проц.

ён-жа на 56 опэрацыйных выпадкаў меў 7 сьмярцей - 12 проц.

Мой матэрыял

67 хворых 4 сьмерці - 6 проц.
46 опэр. выпадкаў 4 " - 8 проц.

Загінуўшыя - гэта гідроцэфалюс, сьпіннамазговая грыжа; таксама ў Гайле ў Джыбсона - да гэтых яшчэ далучаюцца воўчая пашча, атрэзія страваходу, эктопія мачавога пузыра.

Некаторае ўяўленьне пра агульную і пасьляопэрацыйную сьмяротнасьць пры паасобных прыроджаных хваробах даюць наступныя даныя: Зайцава губа дае паводле Гарэ-Борхард да 10 проц. сьмяротнасьці; пры опэрацыях - паводле Сьпіцы - 2 проц.; паводле Леда - 3 проц. Воўчая пашча: пасьляопэрацыйная сьмяротнасьць ў Дэйбнэра (на падставе 1667 выпадкаў у 22 аўтароў) вагаецца ад 0,8 да 6,6 проц., у большасьці бывае роўнай 2 проц. - 3 проц.

Падаю некалькі статыстык пра чэрапна-мазговыя і сьпінна-мазговыя грыжы: на 200 выпадкаў чэрапна-мазговых грыж толькі 15 чалавек дасягнула даросласьці.

Сьмяротнасьць пры опэрацыі - 27 проц., - 42 проц., - 45 проц.; у сярэднім больш новыя статыстыкі даюць - 33 проц. Сьпінна-мазговая грыжа: 1) на 90 неопэраваных толькі 20 дажыло за 5 год (Вэрніц), 2) на 649 дзяцей са сьпінна-мазговай грыжай 615 памерла на працягу першага году (ангельскія даныя). Пасьляопэрацыйная сьмяротнасьць пры гэтай грыжы розная - ад 14 проц. да 50 проц., сярэдняя - 30-40 проц.

Эктопія мач. пузыра: добрае ўяўленьне дае статыстыка Мэйо: на 66 опэрацый - 18 сьмярцей; гэтыя вынікі трэба лічыць вельмі добрымі.

Прыроджаны стэноз пэлёруса дзе ад 0 да 60 проц., сьмяротнасьці, сярэдняя — 15 проц.

Стэнозы і атрэзіі страўнічна-кішочнага тракту даюць вельмі вялікую сьмяротнасьць.

Атрэзія кутніцы дае пры опэрацыі сьмяротнасьць ад 22 проц. да 79 проц.; сярэдняя — 37 проц.

Пытаньне аб профіляктыцы прыроджаных хвароб зьяўляецца момантам занадта складаным, каб можна было чакаць надалей значных зьмен. Прыроджаныя цяжкія хваробы не перадаюцца па спадчыне, дый гэта і зразумела, бо вялізарная колькасьць хворых гіне; лёгкія хваробы, якія перадаюцца па спадчыне, не пагражаюць жыцьцю. Магчыма, што эўгенічныя мерапрыемствы будучыні зьменшаць процант прыроджаных хвароб; але на агульную хірургічную сьмяротнасьць гэта ня зробіць хоць сколькі-небудзь значнага ўплыву, паколькі самы лік хвароб нязначны.

Што-ж датычыць зьмяншэньня процанту сьмяротнасьці пры лячэньні гэтых прыроджаных хвароб, дык трэба адзначыць наступны факт: сьмяротнасьць пры опэрацыйным лячэньні прыроджаных хвароб, магчыма крыху павялічалася за апошні час у сувязі з тэндэнцыяй опэраваць магчыма раней, г. зн. самых малых дзяцей, каб атрымаць лепшыя функцыянальныя вынікі. Вельмі малыя дзеці дрэнна пераносяць опэрацыйныя ўмяшаньні. Таму мне здавалася-б правільным не форсыяваць гэтай плыні. Сьмяротнасьць пры шмат якіх хваробах, як мы бачылі, зьмяншаецца; але пэўны процант яе застанецца назаўсёды, бо дзеці, якія родзяцца з тымі ці іншымі аномаліямі разьвіцьця, самі па сабе становяць мала ўстойлівыя і мала жыцьцяздольныя організмы.

  1. Спасылка на артыкул у Англійскай Вікіпедыі — Karl Anders Petrén