I не спадзеваўся і ў сьне ня сьніў,
Шло мая кабыла ды мае апеку!
I бывало так, што і добра біў,
Як таго заслужэ, ня то што для здзеку.
Вот былі марозы, здаражэлі дровы:
Я наклаў на гнедку зо-тры абярэмкі
І папхаўся ў Гродну пад самы Рок Новы.
Жонка дала яек, каб купіў ціжэмкі,
Заяц быў забіты і скурка шашкова…
I еду ў Гродну я з гэтым таварам
Дарога цяжкая і сырые дровы,
Кабыла худая; але з сваім дарам
Дык пхаўся памалу далей, ды далей;
Прыехаў на рынак, тут здзёрлі дзесятку,
Брамнага, ці як там, за штосьці казалі,
Паказалі мейсца; стаў я за рагатку, —
Паня шчуп за зайца і купіла зараз.
Жыд за скурку, адлічыў тры злоты.
Вот толькі з дравамі і яйкамі амбарас.
Тры бабы да яек набралі ахвоты…
Засталіся дровы. Дзякуй табе Божэ.
Аж і жыд прыходзе і таргуе дровы.
Восем злотых суле і гроты паложэ,
Адскочэ, падскочэ і ганіць што яловы,
Даець і з дзесяткай! — „Давай, кажу плату!
— „Вязі, вязі зараз!“ Дрыжыць як асіна
Сам ляціць, а гоніць, мусіць тапіць хату.
Мяне узяла літасьць сабачага сына.
Ганю я кабылу бічам па каленях;
А сьлізка, а цяжка, цесныя дарогі;
Сьнегу толькі званьня, ўсё па каменях
Кабыла рванула і пала на ногі:
„Каб ты не даждала!“ А жыды сьмяюцца!..
Давай я бычыскам падыймаць скаціну.
Вот-вотжэ уставе, каб трошкі напнуцца.
Ну ўжо-ж устане, а дроў не пакіну!
Аж пан хап за рукі, і трэсь мяне па твары.
„Я тут, кажа, членам — апякун скаціны,
„А вы бьецё коні сабачыя веры?
Вот зараз і вашай спрабуюць сьпіны!..“
Крыкнуў штось так кшталтам:
„Горэ даві!“ — Як тын два ваякі!
Жыды зараз дровы расхапалі гвалтам,
А маскалі цягнуць мяне, як сабакі.
Білі, білі ў плечы, пацягнулі гдзесьці.
Аж у дом вялікі, што на ім званніца,
Адабралі грошы, а не далі есьці;
Хоць ужо кабылы-б мне свае дабіцца!..
Прадзержалі тры дні. „Ступай да дзярэўні!
— „Гдзе-ж, кажу, кабыла, і грошы, і сані?“
— „Кабыла іздохла, ад пабою пэўне,
— „А табе за гэта будзе наказаньне!“
Вот дык дажыўся! І зналі-б іх злыдні,
Што і над кабылай такая апека,
Што з голаду здохла прастаяўшы тры дні, Але біць ня можна! Мяне-ж, чэлавека,
Збілі як хацелі і дабро мне гіне,
I німа апекі надамной ніякай.
З гэтакай апекай і нас з‘ядуць сьвіні,
Ці мусім зрабіцца кусьлівай сабакай.
|