Перайсці да зместу

Смок Белью (1947)/Спаборніцтва на пяршынства

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На Бабін ручай за золатам Спаборніцтва на пяршынства
Апавяданне
Аўтар: Джэк Лондан
1947 год
Арыгінальная назва: The Race for Number Three (1911)
Пераклад: Мікола Лупсякоў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паслухаць гэты тэкст (дапамога | звесткі | Больш агучаных твораў)


СПАБОРНІЦТВА НА ПЯРШЫНСТВА

І

— Хе! Апранаешся ў святочнае адзенне?

Шорці сачыў за сваім сябрам з напускным нездавальненнем, і Смок, які рабіў дарэмныя намаганні расправіць складкі на штанах, якія толькі што надзеў, быў моцна ўзбуджаны.

— Для паношаных штаноў гэта яшчэ нішто сабе, — казаў далей Шорці. — Колькі даў за іх?

— Сто пяцьдзесят за ўвесь касцюм, — адказаў Смок. — Той чалавек быў амаль майго росту. Мне здалося, што цана падыходзячая. Чаго ты бурчыш?

— Хто? Я? І не думаю! Я якраз думаў аб тым, як здорава пашанцавала нейкаму «медзвяжатніку», які з’явіўся ў Даусон у час лёдалому, без прыпасаў, з адной толькі зменай бялізны, з адной парай зношаных макасінаў, у касцюме, які меў такі выгляд, быццам перанёс караблекрушэнне. А цяпер! Здзіўляючы фасад, прыяцель, здзіўляючы фасад. Скажы ты мне…

— Чаго табе яшчэ трэба? — запытаў Смок паныла.

— Як яе завуць?

— Ды тут зусім і няма ніякай «яе», мой сябра. Я запрошаны на абед да палкоўніка Боуі, калі табе абавязкова трэба ведаць. Я разумею, у чым справа, Шорці! Ты зайздросціш, што я запрошаны, а ты не.

— Ты не спазніўся? — турботліва запытаўся Шорці.

— Не разумею, пра што ты кажаш.

— На абед. Яны ўжо, напэўна, будуць сядзець за вячэрай, пакуль ты да іх дабярэшся.

Смок хацеў быў адказаць з пераўвялічаным сарказмам, але раптам заўважыў асаблівы блеск у вачах субяседніка. Ён прадаўжаў апранацца, завязваючы пальцамі, страціўшымі ранейшую спрытнасць, гальштук віндзорскім вузлом ля каўняра сваёй мяккай баваўнянай кашулі.

— Гэткая прыкрасць, што я адаслаў усю сваю крухмальную бялізну ў пральню! — спачувальна прамармытаў Шорці. — А то я прыбраў-бы цябе.

У гэтую хвіліну Смок намагаўся нацягнуць на ногі чаравікі. Шарсцяныя наскі былі празмеру таўстыя, і ён з упрашальным выглядам пазіраў на Шорці, але той толькі паківаў галавой.

— Не. Калі-б у мяне і знайшліся тонкія наскі, я ні за што не даў-бы іх табе. Лезь зноў у макасіны, таварыш. Ты, напэўна, адмарозіш сабе пальцы пры такім бедным адзенні.

— Я заплаціў за іх пятнаццаць далараў, за паношачыя! — жаласліва сказаў Смок.

— Мне здаецца, што там не будзе ні адной душы не ў макасінах, — сказаў Шорці.

— Але там будуць жанчыны, Шорці. Я буду сядзець і есці поплеч з сапраўднымі, жывымі жанчынамі. З місіс Боуі і яшчэ з іншымі, так мне сказаў палкоўнік.

— Ну што-ж, макасіны не сапсуюць ім апетыту, — заўважыў Шорці. — Хацелася-б мне ведаць, навошта ты спатрэбіўся палкоўніку.

— Дапраўды, не ведаю. Можа быць, ён чуў, што я знайшоў Возера Нечаканасцей. Асушка яго будзе каштаваць шмат грошай, а Гугенхеймы шукаюць, куды-б укласці свае капіталы.

— Напэўна, што яно самае. Кажу табе, трымайся макасінаў. Ну, касцюм у цябе моршчыцца і крыху вузкаваты. Будзь асцярожным наконт яды. Калі ты будзеш шмат жэрці, дык ён, чаго добрага, трэсне. І калі якая-небудзь з гэтых самых жанчын незнарок выпусціць хустку, няхай сабе ляжыць на падлозе. Не ўздумай падымаць. Ні завошта не нагінайся!


ІІ

Як належыць спецыялісту, які атрымлівае высокі аклад, і прадстаўніку буйнай фірмы Гугенхеймаў, палкоўнік Боуі займаў адзін з самых лепшых будынкаў у Даусоне. Пабудаваны з груба абчасаных бярвенняў, у два паверхі, ён адрозніваўся такімі незвычайнымі памерамі, што мог пахваліцца прасторным парадным пакоем, які служыў гасцінай і нічым больш.

На грубай драўлянай падлозе былі раскладзены мядзведжыя скуры, на сценах віселі рагі ласёў і аленяў. Тут гудзеў адкрыты камін і красавалася печ, якая апальвалася дрывамі. І тут вось Смок спаткаўся з паважанымі людзьмі Даусона — не з якімі-небудзь міліянерамі ад рыдлёўкі, але са сліўкамі горада золаташукальнікаў, насельніцтва якога было сабрана з усяго свету: тут былі мужчыны накшталт Уорбертона Джонса, даследвальніка і пісьменніка; капітан Канседайн з коннай паліцыі; Хаскел, упаўнаважаны па золату Поўночна-Заходняй тэрыторыі, і, нарэшце, барон фон-Шрэдэр, любімец імператара, з міжнароднай рэпутацыяй дуэліста.

І тут-жа ён убачыў асляпляльную ў вячэрнім туалеце Джой Гастэл, якую да гэтага часу сустракаў толькі ў дарозе — у футры і макасінах. За абедам ён апыяуўся ля яе.

— Я адчуваю сябе, нібы рыба, выцягнутая з вады, — прызнаўся Смок. — Вы ўсе такія цудоўныя! Мне і ў сне не снілася, што ў Кландайку можа існаваць такое ўсходняе багацце. Зірніце, напрыклад, на фон-Шрэдэра — ён у жакеце, а ў Канседайна крухмальная кашуля. Я заўважыў, што ў яго разам з тым макасіны. А як вам падабаецца мая экіпіроўка?

І Смок павёў плячыма, нібы любуючыся сабою перад Джой.

— Вы як быццам папаўнелі з таго часу, як перабраліся праз Чылькут, — прагаварыла яна са смехам.

— Не ўгадалі, угадвайце далей.

— Касцюм з чужога пляча?

— Адгадалі. Я купіў яго ў аднаго з клеркаў акцыянернай кампаніі.

— Проста сорам, якія ў клерка вузкія плечы, — прагаварыла Джой. — Але вы нічога не сказалі яшчэ, як вам падабаецца мая экіпіроўка.

— Не магу! — сказаў ён. — Я ўражаны. Я залішне доўга пражыў тут, у снягах! Такога роду рэчы дзейнічаюць на мяне, як удар. Я амаль забыўся, што ў жанчын ёсць рукі і плечы. Заўтра раніцою, падобна майму сябру Шорці, я прачнуся ў поўным перакананні, што гэта быў сон. У апошні раз, калі я сустрэўся з вамі на Бабіным ручаі…

— Я была сапраўднай бабай? — закончыла яна.

— Не, я не тое хацеў сказаць. Я ўспомніў, што на Бабіным ручаі я зрабіў адкрыццё, што ў вас ёсць ногі.

— І я ніколі не забуду, што вы выратавалі мне іх, — вымавіла яна. — З таго часу я жадала ўбачыцца з вамі, каб падзякаваць вас… — Ён з упрашальным выглядам паціснуў плячыма. — І вось чаму вы сёння тут.

— Вы папрасілі палкоўніка запрасіць мяне?

— Не, не палкоўніка, а місіс Боуі. І я папрасіла яе пасадзіць вас побач са мной. І гэта вышла вельмі ўдала. Усе заняты размовамі. Слухайце мяне і не перабівайце. Вы ведаеце ручай Мано?

— Так.

— Аказваецца, там шмат золата, вельмі шмат. Кожная заяўка цэніцца ў мільён далараў і больш. Участкі былі заняты толькі на-днях.

— Як-жа, памятаю — усе кінуліся туды.

— Так, ручай быў абтыканы слупамі да самага небасхілу і прытокі таксама. І аказваецца, што на галоўным русле, на ўчастак нумар тры, ніжэй Пробнага, заяўкі яшчэ не зроблена. Ручай знаходзіцца так далёка ад Даусона, што ўпаўнаважаны ўстанавіў шасцідзесяцідзённы тэрмін для падачы заяўкі. На ўсе ўчасткі заяўкі зроблены, апрача нумара тры. Ён быў заняты нейкім Сайрэсам Джансонам. Потым гэты Сайрэс Джансон знік. Памёр ён ці накіраваўся ўверх або ўніз па рацэ, гэтага ніхто не ведае. Як-бы там ні было, праз шэсць дзён наступае тэрмін падачы заяўкі, і той, хто зойме гэты ўчастак і першым прыдзе ў Даусон і зробіць заяўку, атрымае яго ва ўласнасць.

— Мільён далараў! — прамармытаў Смок.

— Гілкрыст, якому належыць суседні ўчастак, ніжэй, прамыў на шэсцьсот далараў у адным тазе, узятым з русла. А ўчастак з другога боку яшчэ багацейшы. Я ведаю.

— Але-ж чаму не ўсе ведаюць пра гэта? — недаверліва запытаўся Смок.

— Пакрыху ўсе даведаюцца. Тайна гэтага ўчастка доўга захоўвалася і толькі цяпер выходзіць на паверхню. За добрую запрэжку праз якія-небудзь дваццаць чатыры гадзіны будуць плаціць страшэнныя грошы. Вось што я вам скажу: вы павінны пайсці пад прыстойнай прычынай, ледзь толькі скончыцца абед. Я гэта зрабіла. За вамі прыдзе індзеец з пісьмом. Вы прачытаеце яго, зробіце выгляд, быццам у вас ёсць спешная справа, папросіце прабачэння і пойдзеце.

— Я… гм… я… не магу гэтага зрабіць.

— Глупства! — усклікнула Джой, паніжаючы голас. — Вы сёння-ж ноччу павінны спешна наладзіць справу з сабакамі. Я ведаю дзве запрэжкі. Запрэжка Хансона — сем вялікіх гудсонаўскіх сабак; ён хоча па чатырыста за кожную. Высокая цана для сённешняга дня, але не для заўтрашняга. І ў Сіткі Чарлея ёсць восем малемутаў, за якіх ён просіць тры тысячы пяцьсот. Заўтра ён засмяецца, калі яму запрапануюць пяць тысяч. Ну, і ў вас ёсць свае сабакі. І яшчэ вам прыдзецца купіць некалькі запрэжак. Усё гэта трэба зрабіць сёння-ж ноччу. Дабудзьце самых лепшых. Спаборніцтва будзе выйграна не толькі людзьмі, але і сабакамі. Усяго сто дзесяць міль, і подставы трэба размясціць як можна часцей.

— О, я бачу, вы хочаце заблытаць мяне ў гэтую гісторыю, — прамовіў Смок.

— Калі ў вас няма грошай на сабак, дык я…

Яна запнулася, але, перш чым паспела дагаварыць, Смок сказаў:

— Не, я магу купіць сабак. Але… гм… вы не баіцёся, што гэта надзвычай рызыкоўная гульня?

— Пасля вашых подзвігаў за рулеткай[1] у «Элькгорне», — запярэчыла яна, — я не баюся, што вы спалохаецеся. Гэта свайго роду спорт, вы правы, — спаборніцтва на мільён і прытым з лепшымі бегунамі і пагоншчыкамі сабак ва ўсёй краіне. Зараз яны яшчэ не з’яўляюцца вашымі сапернікамі, але заўтра ў гэты час яны ўжо будуць імі, і сабакі будуць каштаваць даражэй, чым можа заплаціць за іх самы багаты чалавек. Вялікі Олаф ужо ў горадзе. Ён прыехаў сюды з Серкл-Сіці месяц назад. Ён адзін з самых выдатных пагоншчыкаў сабак ва ўсёй краіне, і калі ён прыме ўдзел у спаборніцтве, дык будзе вашым самым небяспечным сапернікам. Потым яшчэ Біль з Арызоны. Ён доўгія гады быў прафесіяналам-перавозчыкам і паштовым кур’ерам. Калі ён будзе спаборнічаць, дык увесь інтарэс будзе згрупаваны на ім і Вялікім Олафе.

— І вы хочаце выпусціць мяне ў якасці нікому невядомага коніка?

— Вось іменна. У гэтым ёсць свае добрыя якасці. Нікому ў галаву не прыдзе западозрыць у вас сур’ёзнага саперніка. Нарэшце, вы, ці ведаеце, да гэтага часу лічыцеся чэчака. Вы не пражылі тут яшчэ і года. Ніхто не зверне на вас ніякай увагі да той хвіліны, пакуль вы не пачнеце абганяць сапернікаў на зваротным шляху.

— І вось тут якраз коніку давядзецца паказаць клас, ці не гэтак?

Яна кіўнула галавой і казала далей сур’ёзна:

— Памятайце, што я не дарую сабе таго, што зрабіла з вамі на Бабіным ручаі, пакуль вы не выйграеце гэтай заяўкі на Мано. І калі наогул хто-небудзь можа перамагчы ў гэтым спаборніцтве з старажыламі, дык гэта толькі вы!

Уся справа была ў тоне, якім яна гэта сказала. Смок адчуў, як гарачая хваля прыліла да яго сэрца і да галавы. Ён кінуў на яе шпаркі дапытлівы позірк, і, калі позіркі іх сустрэліся, яму здалося, што ён прачытаў у яе вачах нешта значна больш важнае, чым паведамленне аб тым, што Сайрэс Джансон не зрабіў заяўкі на свой участак.

— Я зраблю гэта, — сказаў ён, — я прыду першым!

Радасны блеск у яе вачах, здавалася, абяцаў яму большыя багацці, чым усё золата на Мано. Ён улавіў рух яе рукі, якая ляжала на каленях побач з ім, і пад прыкрыццём абруса, працягнуўшы сваю руку, напаткаў моцны поціск жаночых пальцаў. Па яго целу прабегла новая гарачая хваля.

«Што скажа на гэта Шорці?» нечакана мільганула ў яго галаве, калі ён прыняў сваю руку. Ён рэўнівым позіркам каўзануў па тварах фон-Шрэдэра і Джонса і ўпотай задаў сабе пытанне, ці разгадалі яны, якая выдатная і чароўная жанчына сядзіць ля яго.

Ён апрытомнеў пры гуках яе голасу і зразумеў, што яна яму нешта кажа.

— Справа ў тым, што Біль з Арызоны — белы індзеец, — казала яна. — А Вялікі Олаф, гэты паляўнічы на мядзведзяў і кароль снягоў, — сапраўдны дзікун. Ён можа перамагчы любога індзейца сваёй вытрымкай і вынослівасцю, ён не ведае нічога, апрача гэтага жыцця сярод пустыні і холаду.

— Пра каго гэта вы кажаце? — умяшаўся ў размову капітан Канседайн з другога канца стала.

— Пра Вялікага Олафа, — адказвала Джой: — я расказвала містэру Белью пра яго выключную вынослівасць у дарозе.

— Так, вы правы, — загуў голас капітана. — Вялікі Олаф — гэта самы выдатны хадок на Юконе. У бегу па снягу і ільду я гатовы ставіць за яго супроць самога нячысціка. У 1895 г. ён даставіў казённую пошту пасля таго, як два кур’еры замерзлі на Чылькуце, а трэці ўтапіўся ля Трыццатай мілі.


ІІІ

Смок ехаў на ручай Мано паціху, баючыся замарыць сабак перад спаборніцтвам. Апрача таго, ён знаёміўся з кожнай міляй шляху і з размяшчэннем подстаў. Набралася так многа жадаючых прыняць удзел у спаборніцтве, што сто дзесяць міль уяўлялі сабой нейкае расцягнутае паселішча. Усюды ўздоўж дарогі былі расстаўлены подставы. У фон-Шрэдэра, які ўдзельнічаў у спаборніцтве выключна дзеля спорта, было не менш адзінаццаці запрэжак — свежая змена на кожныя дзесяць міль. Біль з Арызоны вымушан быў задаволіцца васьмю. У Вялікага Олафа было сем — столькі-ж, колькі ў Смока. Увогуле, удзельнікаў спаборніцтва было звыш сарака чалавек. Не кожны дзень нават на Залатой Поўначы мільён далараў выстаўляўся прызам на сабачых гонках. Краіна пазбавілася ўсіх сваіх сабак. Ні адна жывёла, якая вызначалася хуткасцю бегу і вынослівасцю, не мінула густога грэбня, які прачасаў усе цясніны і раўніны, вышукваючы сабак, і цэны на іх выраслі ўдвая, нават учэцвера ў час гэтай страшэннай спекуляцыі.

Трэці нумар ніжэй Пробнага ўчастка знаходзіўся на адлегласці дзесяці міль ўгару па Мано ад вусця. Астатнія сто міль трэба было прарабіць па замерзламу руслу Юкона. На трэцім нумары было раскінута пяцьдзесят палатак і стаяла звыш трохсот сабак. Старыя калкі, убітыя шэсцьдзесят дзён назад Сайрэсам Джансонам, усё яшчэ былі на сваіх месцах, і кожны з удзельнікаў часта пераходзіў на тэрыторыю заяўкі, таму што спаборніцтва на сабаках павінна было пачацца пасля спаборніцтва ў бегу з перашкодамі. Кожны павінен быў асабіста заняць заяўку, а гэта значыла, што ён павінен быў убіць два цэнтральныя калы, чатыры вуглавыя і двойчы перабегчы праз рэчку, перш чым накіравацца ў Даусон на сабаках.

Апрача таго, не павінна было быць «выскачак». К заняццю ўчастка належала прыступіць не раней поўночы на пятніцу. Не раней поўночы можна было ўбіць першы кол. Такое было распараджэнне ўпаўнаважанага па залатых справах у Даусоне, і капітан Канседайн выслаў атрад коннай паліцыі для падтрымання парадку. Узнікла спрэчка па пытанню аб розніцы паміж часам па сонцу і паліцэйскім часам, але капітан Канседайн загадаў, каб у разлік быў прыняты паліцэйскі час, і іменна па гадзінніку лейтэнанта Палока.

Дарога ішла ўздоўж роўнага русла рэчкі Мано; яна была менш двух футаў шырыні і цягнулася жалабком між высокімі сумётамі снегу, нанесенага за шмат месяцаў. Пытанне аб тым, якім чынам сорак з лішкам санак і трыста сабак будуць стартаваць на такой вузкай бегавой дарожцы, займала ўсіх увагу.

— Хе! — сказаў Шорці. — Тут заварыцца такая чортава каша, якой свет яшчэ не бачыў. Па-мойму, Смок, застаецца толькі адно: пусціць у ход сілу і кулакі і прабівацца наперад. Калі-б уся рэчка была пакрыта чыстым ільдом, і то на ёй нехапіла-б месца і дзюжыне запрэжак ў рад. Думаецца мне, што тут завяжацца здаровая бойка. Калі ў нас на дарозе акажацца хто-небудзь, дык дазволь ужо мне пусціць у ход кулакі.

Смок паціснуў плячыма і непахвальна засмяяўся.

— Не, не! — крыкнуў Шорці ў моцным хваляванні. — Што-б ні здарылася, ты не павінен умешвацца. Ты не зможаш цэлых сто міль кіраваць сабакамі зламанай рукой, а гэта так і будзе, калі ты заедзеш каму-небудзь у сківіцу.

Смок кіўнуў.

— Ты правы, Шорці. Я не магу рызыкаваць.

— І яшчэ запамятай, — казаў далей Шорці, — што я буду прабіваць дарогу першыя дзесяць міль, а ты сядзі спакойна і не хвалюйся. Я дастаўлю цябе на Юкон, будзь спакойны. А там ужо справа за табой і за сабакамі. Ведаеш, што, па-мойму, задумаў Шрэдэр? Першая запрэжка будзе стаяць у яго за чвэртку мілі ўніз па рэчцы, і ён пазнае яе па зялёнаму ліхтару. Але мы яго перахітрым. Я заўсёды больш любіў чырвоны агонь.


ІV

Удзень было ясна і холадна, але воблачная заслона закрыла неба, і ноч спусцілася цёплая і цёмная, абяцаючы снег. Тэрмометр паказваў пятнаццаць градусаў ніжэй нуля, а для зімы ў Кландайку мінус пятнаццаць — гэта вельмі цёпла.

За некалькі хвілін да наступлення поўночы Смок пакінуў Шорці з сабакамі за пяцьсот ярдаў уніз па рэчцы і далучыўся да астатніх удзельнікаў спаборніцтва на Трэцім нумары. Сорак пяць чалавек чакалі пачатку спаборніцтва на прыз у мільён далараў, якія Сайрэс Джансон пакінуў некранутымі ў мерэлай зямлі. У кожнага з удзельнікаў было па шэсць калоў і па цяжкаму драўлянаму малатку. Апрануты яны былі ў паркі, накшталт кашуль з тоўстай даматканай матэрыі.

Лейтэнант Палок, у цяжкай мядзведжай футры, пазіраў на гадзіннік пры святле кастра. Да поўночы заставалася адна хвіліна.

— Рыхтуйся! — скамандаваў ён, падымаючы ў правай руцэ рэвальвер і сочачы за секунднай стрэлкай.

Сорак пяць капюшонаў былі адкінуты назад. Сорак пяць пар рук скінулі рукавіцы. Сорак пяць пар макасінаў моцна ўпёрліся ва ўтаптаны снег. Потым сорак пяць калоў апусціліся ў снег і такая-ж колькасць малаткоў была ўзнята ў паветра.

Грымнулі стрэлы, і малаткі ўдарылі. Права Сайрэса Джансона на мільён было згублена. Каб пазбегчы таўханіны, лейтэнант Палок настаяў на тым, каб спачатку быў убіты ніжні цэнтральны кол, потым поўднёва-заходні і гэтак далей па ўсіх вуглах — і затым ужо, нарэшце, верхні цэнтральны кол ля самага шляху.

Смок убіў свой кол і пабег у ліку першых дванаццаці чалавек. Па вуглах гарэлі кастры, і ля кожнага кастра стаяў палісмен са спісам у руцэ, адзначаючы імёны спаборнічаючых. Кожны павінен быў назваць сваё імя і паказаць палісмену свой твар. Гэта рабілася для таго, каб калы не ўбіваліся падстаўленымі асобамі, а сапраўдныя ўдзельнікі не імчаліся ў гэты час уніз па рацэ.

У першым вуглу ля кала Смока фон-Шрэдэр убіў свой. Іх малаткі ўдарылі адначасова. Калі калы былі ўбіты, ззаду наспелі іншыя ўдзельнікі; яны беглі з такой мітуслівай імклівасцю, быццам наўмысна жадалі перашкодзіць адзін другому, утварыўшы бойку і таўханіну. Прабіўшыся сярод штурханіны і назваўшы сваё імя палісмену, Смок убачыў, як адзін з удзельнікаў наляцеў на барона, збіў яго з ног, і той упаў у снег. Але Смок не стаў чакаць. Наперадзе яго былі яшчэ другія. Пры святле патухаючага кастра ён заўважыў няясныя абрысы спіны Вялікага Олафа. У поўднёва-заходнім вуглу ён і Вялікі Олаф убілі свае калы побач.

Гэты папярэдні бег з перашкодамі быў нялёгкай справай. Граніца ўчастка ўвогуле складала каля мілі, і большая частка яго прадстаўляла сабой няроўную карычневую паверхню, пакрытую снегам. Вакол Смока ўсе спатыкаліся і падалі, і некалькі разоў ён сам ляцеў наперад на рукі і на калені. Вялікі Олаф упаў так блізка, што Смок паваліўся на яго.

Ніжні цэнтральны кол быў убіты ля самага спуску да берага, і золаташукальнікі кінуліся ўніз па замерзламу руслу рэчкі на процілеглы бераг. Тут, калі Смок карабкаўся ўгару, чыясьці рука схапіла яго за нагу і кінула ўніз. Пры патухаючым святле аддаленага кастра не было ніякай магчымасці ўбачыць, хто сыграў з ім такую штуку. Але Біль з Арызоны, якога спасціг такі-ж лёс, падняўся на ногі і з хрустам ударыў крыўдзіцеля прама ў твар кулаком. Смок бачыў і чуў гэта, падымаючыся на ногі. Аднак, перш чым ён паспеў рушыць да берага, удар кулака аглушыў яго і зваліў у снег. Ён, хістаючыся, падняўся, знайшоў вінаватага і размахнуўся, каб трэснуць яго па сківіцы, потым успомніў настаўленне Шорці і стрымаўся. У наступны момант нейчае падаючае цела ўдарыла яго пад каленкі, і ён зноў скаціўся ўніз.

Усё гэта было толькі пачаткам таго, што будзе пасля, калі людзі дабяруцца да сваіх запрэжак. Людзі патокам накіраваліся на процілеглы бераг і ўліліся ў мітуслівы натоўп. Яны групкамі карабкаліся на бераг і групкамі-ж падалі ўніз, сцягваемыя сваімі нецярплівымі таварышамі. Сыпаліся ўдары, пракляцці вырываліся з цяжка дыхаючых грудзей тых, хто яшчэ мог дыхаць, і Смок, які бачыў у сваім уяўленні твар Джой Гастэл, баяўся, каб не былі пушчаны ў ход драўляныя малаткі. Збіваемы з ног, падаючы пад ногі другім, рыючыся ў снезе ў пошуках згубленых калкоў, ён, нарэшце, выбраўся з гэтай таўханіны і ўскарабкаўся на бераг крыху ўбаку. Другія прарабілі тое-ж самае. На шчасце, многія беглі наперадзе Смока, накіроўваючыся да поўночна-заходняга вугла.

На поўдарозе да чацвертага вугла ён расцягнуўся і, падаючы, выпусціў свой апошні калок. Цэлых пяць хвілін ён мацаў у цемені, перш чым знайшоў яго, і ўвесь час паўз яго, цяжка дыхаючы, беглі людзі. На шляху да апошняга вугла да ракі ён пачаў абганяць тых, для якіх прабег у адну мілю быў не па сілах. Унізе на рэчцы панавала сапраўднае вар’яцтва. Каля дзюжыны саней былі збіты ў кучу і перавернуты, і каля сотні сабак счапіліся ў жорсткай бойцы. Сярод іх снавалі людзі, намагаючыся разняць ударамі дубін учапіўшыхся адна ў другую жывёлін. Акінуўшы беглым позіркам гэтае відовішча, Смок задаў сабе пытанне, ці ёсць сярод фантастычных малюнкаў Дорэ[2] што-небудзь падобнае гэтаму.

Збегшы прыжкамі з берага ў баку ад коўзкага спуску, ён выбраўся на ўтаптаны санны шлях і дзякуючы гэтаму выйграў час. Тут на ўтаптаных стаянках па баках вузкай дарогі санкі і людзі стаялі ў чаканні адстаўшых бегуноў. Раптам ззаду пачулася скавытанне і брэх сабак, і Смок ледзь паспеў адскочыць убок, у глыбокі снег. Паўз яго праімчаліся санкі, і ён разгледзеў чалавека, які стаяў у іх на каленях і страшэнна крычаў. Але не паспелі санкі мінуць яго, як спыніліся з надзвычайным трэскам. Раззлаваныя сабакі на адной з стаянак, пачуўшы прабягаўшых жывёл, вырваліся і накінуліся на іх. Смок аббег сабак і кінуўся наперад. Цяпер ён мог бачыць зялёны ліхтар фон-Шрэдэра і ніжэй, побач, чырвоны агонь, які адрозніваў яго ўласную запрэжку. Два чалавекі ахоўвалі сабак фон-Шрэдэра, стоячы з кароткімі дубінкамі між імі і дарогай.

— Эй, Смок, сюды! Эй, Смок, сюды! — пачуў ён усхваляваны голас Шорці.

— Іду! — прахроп ён.

Пры святле чырвонага ліхтара ён убачыў, што снег увесь зрыты і вытаптаны, і па цяжкаму дыханню свайго таварыша зразумеў, што тут адбывалася бойка. Ён кінуўся да санак і ў імгненне вока паваліўся ў іх. Шорці ўзмахнуў бізуном і крыкнуў:

— Пайшлі! Гэй вы, д’яблы! Жыва!

Сабакі нацягнулі пастромкі, санкі шалёна сарваліся з месца і паімчаліся. Гэта былі вялікія жывёлы — гудсонаўская прызавая запрэжка Хансона, — і Смок выбраў яе для першага перагону: дзесяць міль па рэчцы Мано, цяжкі пераход праз парог ля вусця і, нарэшце, першыя дзесяць міль па Юкону.

— Колькі чалавек наперадзе? — запытаўся ён.

— Маўчы і беражы дыханне, — адказаў Шорці. — Го! Гэй вы, чэрці! Шавяліцеся! Наперад, наперад!

Ён бег за санкамі, трымаючыся за кароткую вяроўку. Смок не мог бачыць яго; не бачыў ён таксама і санак, на якіх ляжаў сам, расцягнуўшыся ва ўвесь рост. Агні засталіся ззаду, і яны імчаліся, прарываючы сцяну змроку з хуткасцю, на якую толькі былі здольны сабакі. Ахутваючая цемра была амаль адчувальна і здавалася нечым рэчавым.

Смок адчуў, як санкі, робячы нябачаны паварот, наехалі на нешта наперадзе, і ўслед за тым пачулася гірчэнне сабак, пракляцці і лаянка. Гэтае месца пасля было вядома пад назваю Цясніны Барнея і Слакума. Тут запрэжкі гэтых двух шукальнікаў сутыкнуліся, і ў іх на поўным бягу ўрэзаліся сем вялізных сабак Смока. Узбуджэнне гэтай ночы давяло гэтых поўпрыручаных ваўкоў да шаленства. Кландайскіх сабак, якімі кіруюць без лейцаў, спыняюць звычайна толькі крыкам, і зараз не было ніякай магчымасці спыніць грызню, якая завязалася на вузкай дарозе. Ззаду адны санкі за другімі ўразаліся ў звалку. На людзей, якім ужо амаль удалося разблытаць свае запрэжкі, кацілася лавіна новых сабак, добра накормленых, адпачыўшых і рваўшыхся ў бой.

— А ну, ударым ды праскочым наперад! — пракрычаў Шорці на вуха свайму таварышу. — Глядзі беражы свае кулакі. Расцягніся і ляжы, я спраўлюся адзін!

Што здарылася за наступныя поўгадзіны, Смок ніколі не мог ясна прыпомніць. Нарэшце ён выбраўся з усяго гэтага зусім абяссілены, задыхаючыйся, з сківіцаю, разбітай ударам кулака, з болем у плячы ад удару дубінай, адчуваючы, што ў яго па назе, разарванай сабачымі клыкамі, цячэ цёплая кроў, а абодва рукавы паркі парваны на кавалкі. Нібы ў сне, у той час як ззаду іх яшчэ бушавала бойка, ён пачаў дапамагаць Шорці перапрагаць сабак. Адну, паміраючую, яны выразалі з запрэжкі і ў цемры, навошчуп наладзілі пашкоджаную збрую.

— Цяпер ляж і аддышыся добра! — скамандаваў Шорці.

І сабакі паімчаліся ў цемру, уніз па Мано, перасеклі доўгія парогі і выехалі на Юкон. Тут, пры зліцці Мано з вялікай ракой, нехта запаліў касцёр, і тут Шорці развітаўся са Смокам. Пры святле кастра, калі санкі паімчалі сабакі, Смок захаваў у сваёй памяці незабыўную карціну Поўначы: гэта была фігура Шорці, які ішоў, хістаючыся і накульгваючы, па снягу і пасылаў Смоку наўздагон бадзёрыя парады; адно вока ў яго пачарнела і закрылася, кісці рук былі пакрыты царапінамі і сінякамі, з рукі, разарванай вышэй локця сабачымі клыкамі, лілася кроў.


V

— Колькі чалавек наперадзе? — запытаў Смок, кідаючы сваіх змораных гудсонаўскіх сабак і пераскокваючы ў чакаўшыя яго санкі на першай подставе.

— Я налічыў адзінаццаць! — крыкнуў чалавек яму наўздагон, таму што Смок ужо пранёсся далей на сваіх новых сабаках.

Яны павінны былі везці яго пятнаццаць міль да наступнай змены, якая, у сваю чаргу, даставіць яго да Белай ракі. Сабак было дзевяць, але гэта была яго самая слабая запрэжка. Дваццаць пяць міль між Белай ракой і Шасцідзесятай міляй былі падзелены на дзве змены з-за награмаджэння лёду, і тут яго чакалі дзве самыя моцныя, вынослівыя запрэжкі.

Ён ляжаў ніцма, выцягнуўшыся ва ўвесь рост, трымаючыся абодвума рукамі за санкі. Як толькі сабакі замаруджвалі свой імклівы бег, ён прыўзнімаўся на калені і, апіраючыся ў няўстойлівай роўнавазе на адну руку, з крыкам і гіканнем замахваўся на іх бізуном. Як ні слабая была яго запрэжка, яму ўдалося перагнаць двое санак да Белай ракі.

Тут у час лёдаставу кавалкі лёду ўтварылі бар’ер; ён адгарадзіў на працягу мілі незамерзлую прастору вады, якая цяпер была пакрыта гладкім лёдам. Гэтая роўная паверхня давала магчымасць спаборнічаючым мяняць сабак на хаду, і тут уздоўж усяго шляху стаялі напагатове свежыя змены сабак.

Пераехаўшы бар’ер і спусціўшыся на гладкую паверхню, Смок паляцеў на ўсю хуткасць і крыкнуў гучным голасам:

— Білі! Білі!

Білі пачуў яго і адказаў. Пры святле некалькіх кастроў на ільду Смок убачыў санкі, якія вынырнулі збоку і паімчаліся да яго. Сабакі былі свежыя і нагналі яго. Калі санкі параўняліся, ён пераскочыў у іх, і Білі хутка ад’ехаў.

— Дзе Вялікі Олаф? — крыкнуў Смок.

— Наперадзе ўсіх, — прагучэў у адказ голас Білі, і кастры засталіся ззаду, а Смок зноў імчаўся наперад праз непранікальную сцяну змроку.

Сярод лёдавых награмаджэнняў на гэтым перагоне, дзе шлях ішоў праз хаос наварочаных ледзяных крыг, Смок саскочыў з перадка санак і, схапіўшыся за канец вяроўкі, бег за карэннікам. Такім чынам ён перагнаў трое санак. Там нешта здарылася, і ён чуў, як людзі выразалі з запрэжак сабак і ладзілі збрую.

У лёдавых награмаджэннях наступнага кароткага перагону на шляху да Шасцідзесятай мілі ён перагнаў яшчэ дзве запрэжкі. Цяпер ён добра зразумеў, што адбылося з імі. Яго ўласны сабака вывіхнуў сустаў, не ў сілах быў утрымацца на нагах і заблытаўся ў збруі. Другія сабакі з запрэжкі, раззлаваўшыся, накінуліся на гэтага сабаку, пусціўшы ў ход свае клыкі, і Смок вымушан быў уціхамірыць іх цяжкай рукаяткай свайго бізуна. Калі ён выразаў з запрэжкі скалечаную жывёліну, ён пачуў ззаду сябе жаласлівы віск сабак і чалавечы голас, які здаўся яму знаёмым. Гэта быў фон-Шрэдэр. Смок крыкнуў, каб ён не наехаў на санкі. І барон, гікнуўшы на сваіх сабак і размахваючы шастом, аб’ехаў яго на адлегласці якіх-небудзь дванаццаці футаў. Змрок быў такі непранікальны, што Смок чуў, як той перагнаў яго, але нічога не бачыў.

На гладкай паверхні ільду каля факторыі ля Шасцідзесятай мілі Смок дагнаў яшчэ двое санак. Усе толькі што памянялі сабак і на працягу пяці хвілін імчаліся поплеч. Людзі стаялі на каленях, падганяючы звар’яцелых жывёл крыкамі і ўдарамі бізуна. Смок раней дакладна вывучыў гэтую частку шляху і ў час заўважыў вялікую сасну на беразе, якая ледзь была бачна пры святле кастроў. За гэтай сасной панаваў не толькі змрок — тут нечакана абрывалася і гладкая ледзяная паверхня. У гэтым месцы, ён ведаў, дарога звужвалася да шырыні адных санак. Нагнуўшыся наперад, ён схапіўся за вяроўку і прыцягнуў санкі да карэнніка. Затым ён схапіў жывёлу за заднія ногі і пацягнуў яе да сябе. З злосным гірчэннем сабака намагаўся ўсадзіць у яго свае клыкі, але быў зацягнуты наперад другімі сабакамі. Яго цела адыграла ролю тормаза, і дзве другія запрэжкі, якія ішлі побач, рынуліся наперад, у цёмру вузкага праходу.

Смок пачуў трэск і грукат сутыкнення, выпусціў карэнніка, схапіў шост і пагнаў сваю запрэжку ўправа, у рыхлы снег, дзе сабакі, якія ірваліся наперад, правальваліся па самае горла. Гэта было вельмі цяжка, але затое ён перагнаў дзве запрэжкі, якія сутыкнуліся, і паспяхова выбраўся на ўтаптаны шлях.


VI

На Шасцідзесятай мілі Смок атрымаў зноў слабую запрэжку, і хоць дарога была нядрэнная, тым не менш ён скараціў гэты пераход да пятнаццаці міль. Дзве апошнія запрэжкі павінны былі даставіць яго ў Даусон да заявачнай канторы. І Смок выбраў для гэтых апошніх двух перагонаў лепшых сваіх сабак.

Сам Сітка Чарлей чакаў Смока з васьмю малемутамі, якія павінны былі перакінуць яго на дваццаць міль наперад, а для фініша з перагонам у пятнаццаць міль была прызначана яго ўласная запрэжка — запрэжка, з якой ён не расставаўся ўсю зіму і хадзіў на пошукі Возера Нечаканасцей.

Тыя двое, якія сутыкнуліся ля Шасцідзесятай мілі, так і не дагналі яго, але, з другога боку, і яго ўласная запрэжка не магла дагнаць ні аднаго з трох чалавек, якія былі наперадзе. Хоць яго сабакам неставала вытрымкі і хуткасці, яны беглі з усіх сіл, і амаль не было неабходнасці падганяць іх, каб яны ішлі поўным ходам. Смоку заставалася толькі ляжаць ніцма і трымацца за санкі. Час-ад-часу ён вылятаў з цемры ў кальцо святла каля гарэўшага кастра, лавіў імгненную карціну захутаных у пушніну людзей, якія стаялі ля запрэжаных чакаючых сабак, і зноў тануў у цемры. Міля за міляй ён імчаўся наперад, і ў яго вушах чулася толькі рыпенне снегу пад палазамі санак. Амаль механічна ён утрымліваўся ў санках, калі яны ныралі і падымаліся ўгару ці раскатваліся на паваротах ракі. Тры твары адзін за другім, па чарзе без усякай відавочнай сувязі і паслядоўнасці, паўставалі ў яго ўяўленні: твар Джой Гастэл, вясёлы і смелы; твар Шорці, збітага і замучанага ў бойцы на Мано; і, нарэшце, маршчыністы твар Джона Белью, строгі, нібы выліты з жалеза, — такая няўмольная была яго суровасць. Часамі Смоку хацелася моцна закрычаць і зацягнуць песню лікуючай урачыстасці, калі ён успамінаў рэдакцыю «Хвалі», свой раман з жыцця Сан-Фраяцыска, які так і застаўся няскончаным, і ўсю нікчэмнасць таго пустога, беззмястоўнага жыцця.

Было шэрае ранішняе світанне, калі ён змяніў сваіх змораных сабак на восем свежых малемутаў. Яны былі лягчэй гудсонаўскіх, маглі развіць яшчэ большую хуткасць і імчаліся з нястомнасцю сапраўдных ваўкоў. Сітка Чарлей назваў яму па чарзе імёны ідучых наперадзе: Вялікі Олаф у галаве, другім Біль з Арызоны і трэцім фон-Шрэдэр. Гэта былі лепшыя гоншчыкі ва ўсёй краіне. Яшчэ да таго, як Смок пакінуў Даусон, на іх спрачаліся ў заклад і пры гэтым ставілі імёны гоншчыкаў якраз у такім парадку. Яны спаборнічалі на адзін мільён, а ставілі ў заклад не менш чым на поўмільёна. Ніводзін чалавек не ставіў на Смока, які, не гледзячы на некалькі яго ўсім вядомых подзвігаў, усё-такі лічыўся чэчака, якому належала яшчэ шмат чаму вучыцца.

Калі развіднела, Смок заўважыў наперадзе санкі, і праз якія-небудзь поўгадзіны яго запрэжка нагнала іх. І толькі тады, калі чалавек у санках азірнуўся, каб вымавіць прывітанне, Смок пазнаў у ім Біля з Арызоны. Відавочна, фон-Шрэдэр перагнаў яго. Добра выкатаная дарога была празмеру вузкая, па баках ляжаў рыхлы снег, і Смоку давялося яшчэ з поўгадзіны ехаць ззаду. Потым яны дасягнулі лёдавага награмаджэння, за якім пачыналася роўная прастора з цэлым радам стаянак, дзе снег быў утаптаны на шырокай плошчы. Стоячы на каленях, размахваючы бізуном і голасна пакрыкваючы на сабак, Смок выехаў наперад. Ён заўважыў, што правая рука ў Біля з Арызоны вісіць нібы плець і ён вымушан быў трымаць бізун у левай руцэ. Білю было вельмі нязручна, бо ён не мог трымацца, яму няспынна даводзілася кідаць бізун і хапацца за санкі, каб не быць выкінутым, Смок успомніў бойку на рэчцы ля Трэцяга нумара, ніжэй Пробнага, і ўсё зразумеў. Шорці даў яму добрую параду.

— Што такое з вамі? — запытаў Смок, абганяючы Біля з Арызоны.

— Дапраўды, не ведаю, — адказаў Біль. — Напэўна, я звіхнуў сабе плячо ў бойцы.

Пакрыху ён пачаў адставаць, так што, калі наперадзе паказалася наступная подстава, ён адстаў на добрыя поўмілі. Далей, наперадзе, віднеліся поплеч Вялікі Олаф і фон-Шрэдэр. Зноў Смок падняўся на калені і развіў у сваіх змораных сабак хуткасць, якую здолен развіць толькі чалавек, валодаючы пачуццём сапраўднага пагоншчыка сабак. Ён пад’ехаў у прытык к задку санак фон-Шрэдэра, і ў такім парадку трое санак выехалі на гладкую паверхню ніжэй награмаджэння, дзе стаяла ў чаканні мноства людзей з сабакамі. Даусон быў у пятнаццаці мілях.

Фон-Шрэдэр з яго дзесяцімільнымі подставамі змяніў сабак за пяць міль адсюль і павінен быў змяніць запрэжку на пяць міль далей. Ён імчаўся ўперад, паганяючы сваіх сабак, поўным ходам. Вялікі Олаф і Смок на хаду перамянілі свае запрэжкі, і іх свежыя сабакі зараз-жа перагналі барона. Вялікі Олаф ішоў наперадзе, Смок ішоў за ім па вузкаму шляху.

«Пакуль нядрэнна, але не зусім яшчэ добра», падумаў Смок.

Фон-Шрэдэр, які цяпер ішоў ззаду, не быў яму небяспечным. Але наперадзе ішоў лепшы пагоншчык сабак ва ўсёй краіне, і перагнаць яго здавалася немагчымым. Зноў і зноў Смок прымушаў свайго важака даганяць санкі Вялікага Олафа, і кожны раз Олаф уходзіў уперад. Смок задавальняўся тым, што неадступна ішоў за ім. Спаборніцтва яшчэ не было прайграна, на працягу пятнаццаці міль многае можа здарыцца…

За тры мілі да Даусона сапраўды нешта адбылося. На вялікае здзіўленне Смока Вялікі Олаф падняўся, намагаючыся выціснуць праклёнамі і ўдарамі бізуна апошнюю унцыю сіл са сваіх сабак. Гэта была мера, якую патрэбна-б было прыберагчы на апошнія сто ярдаў, замест таго каб ужываць за тры мілі да фініша. Хоць гэта была відавочная гібель для сабак, Смок паследаваў яго прыкладу. Яго ўласная запрэжка была цудоўная. На Юконе не было лепш трэніраваных і выхаджаных сабак. Смок-жа працаваў разам з імі, еў і спаў разам з імі, добра ведаў індывідуальнасць кожнага сабакі, ведаў, як лепш выкарыстаць розум кожнага з іх і як лепш выцягнуць з яго апошнюю кроплю волі.

Яны падняліся на невялікі ледзяны ўзгорак, з’ехалі на роўную паверхню. Вялікі Олаф ішоў усяго футаў на пяцьдзесят уперадзе. Раптам збоку паказаліся санкі і накіраваліся проста да яго, і тут Смок зразумеў адчайную меру Олафа. Ён хацеў выйсці ўперад да подставы. Гэтая свежая запрэжка, якая павінна была даставіць яго ў Даусон, была нечаканасцю для ўсіх. Нават людзі, ставіўшыя на яго, і тыя нічога не ведалі пра яе.

Смок сабраў усе свае сілы, каб перагнаць праціўніка, пакуль той будзе мяняць запрэжку. Пусціўшы сваіх сабак на ўсю моц, Смок пакрыў раздзяляўшую іх адзін ад другога адлегласць. Узмахамі і ўдарамі бізуна ён прымусіў іх узяць убок, і яго важак параўняўся з карэннікам Вялікага Олафа і пабег побач. З другога боку, уроўні з імі, ішлі санкі для змены. Пры той хуткасці, з якой яны ішлі, Вялікі Олаф не адважваўся пераскочыць на хаду. Калі-б ён прамахнуўся і ўпаў, Смок вышаў-бы наперад і спаборніцтва было-б для Олафа прайграна.

Вялікі Олаф зрабіў яшчэ адно намаганне, каб быць першым, і цудоўным рыўком выкінуў сваіх сабак наперад. Аднак важак Смока прадаўжаў ісці нароўні з яго карэннікам. З поўмілі трое санак імчаліся побач. Роўная прастора падыходзіла к канцу, калі Вялікі Олаф нарэшце рыскнуў. Калі санкі на поўным хаду наблізіліся адны да другіх, ён скочыў і апынуўся на каленях, гікамі і ўзмахамі бізуна падганяючы свежую запрэжку. Адкрытая прастора пераходзіла ў вузкую сцежку, і ён пагнаў на яе сваіх сабак, выйграўшы які-небудзь ярд.

«Чалавек не лічыцца пераможаным, пакуль ён не пераможаны», вырашыў Смок, і Вялікі Олаф як ні намагаўся, не мог адарвацца ад Смока. Ні адна з запрэжак, якімі за гэтую ноч кіраваў Смок, не змагла-б вытрымаць такой страшэннай хуткасці, якую развіла свежая змена сабак — ні адна запрэжка, апрача яго ўласнай. І тым не менш гэтая хуткасць усё-такі была страшэннай, і калі ён агінаў уцёс каля Кландайк-Сіці, ён адчуў, што апошнія сілы пакідаюць яго жывёлін. Непрыкметна яны пачалі адставаць, і фут за футам Вялікі Олаф пачаў уходзіць уперад, пакуль не адышоў на цэлых дваццаць ярдаў.

Насельніцтва Кландайк-Сіці, якое сабралася на лёдзе, сустрэла іх крыкамі захаплення. У гэтым месцы Кландайк упадае ў Юкон, і ў поўмілі адсюль на поўночным беразе ляжыць Даусон. Зноў пачуўся выбух гучных воклічаў, і Смок заўважыў санкі, якія імчаліся проста да яго. Ён пазнаў цудоўных сабак: гэта былі сабакі Джой Гастэл. І сама Джой Гастэл кіравала імі. Капюшон яе вавёркавай паркі быў адкінуты назад, і авал яе твара, які нагадваў камею[3], вызначаўся на фоне густой масы валасоў. Яна скінула рукавіцы і голымі рукамі сціскала бізун і край санак.

— Пераскоквайце! — крыкнула яна, калі яе важак параўняўся з важаком Смока.

Смок скочыў у санкі ззаду яе. Санкі пахіснуліся ад цяжару яго цела, але яна ўтрымалася на каленях, размахваючы бізуном.

— Гэй вы! Жывей! Чук! Чук! — крычала яна, і сабакі скавыталі і брахалі, загарэўшыся жаданнем перагнаць Вялікага Олафа.

І калі яе важак параўняўся з санкамі Вялікага Олафа і ярд за ярдам пачаў выбірацца наперад, вялізны натоўп народу на беразе Даусона канчаткова звар’яцеў. Натоўп і сапраўды быў вялізны, таму што ўсе золаташукальнікі пакідалі свае інструменты на беразе рэчак і з’явіліся сюды, каб зірнуць на вынікі спаборніцтва, і не было такога вар’яцтва, якое не апраўдвалася-б у гэтым апошнім перагоне на сто дзесятай вярсце.

— Калі вы выйдзеце наперад, я саскочу! — крыкнула Джой праз плячо Смоку.

Смок паспрабаваў быў пярэчыць.

— І не забывайце крутога павароту на поўдарозе да пад’ёму, — папярэдзіла яна яго.

Абедзве запрэжкі беглі цяпер побач, раздзеленыя шасцю-сямю футамі. Вялікаму Олафу пашанцавала падагнаць сваю запрэжку ўдарамі бізуна і крыкамі. Потым марудна, па дзюйму, важак Джой пачаў выступаць наперад.

— Рыхтуйцеся! — крыкнула яна Смоку. — Зараз я пакіну вас! Бярыце бізун!

І ў той самы момант, калі ён мяняў руку, каб узяць бізун, прагучэў папераджальны крык Вялікага Олафа. Але было ўжо позна. Яго важак, раззлаваны тым, што яго пераганяюць, кінуўся ў атаку і ўсадзіў свае клыкі ў бок важаку Джой. Затым усе сабакі ўчапіліся адзін другому ў горла. Санкі наехалі на сабак, якія грызліся, і перавярнуліся. Смок з цяжкасцю падняўся на ногі і кінуўся падымаць Джой, але яна адпіхнула яго, крыкнуўшы:

— Бяжыце!

Уперадзе на адлегласці пыцідзесяці футаў ужо бег Вялікі Олаф, цвёрда вырашыўшы выйсці пераможцам з спаборніцтва. Смок паслухаўся, і калі абодва праціўнікі дабраліся да пачатку пад’ёму на Даусон, Смок нагнаў свайго саперніка. Але на вышыні Вялікі Олаф зрабіў намаганне, ірвануўся наперад і выйграў каля дванаццаці футаў.

За пяць кварталаў уніз па галоўнай вуліцы знаходзілася заявачная кантора. Вуліца была запоўнена народам, нібы на парадзе. Не так ужо лёгка было Смоку нагнаць свайго гіганта-саперніка, а калі ён яго нагнаў, дык перагнаць яго было ўжо немагчыма. Бок-аб-бок беглі яны па вузкаму праходу сярод шчыльных сцен захутаных у футры людзей, якія крычалі. То адзін з іх, то другі вялікім сударгавым прыжком выходзіў наперад на які-небудзь дзюйм толькі для таго, каб зараз-жа згубіць яго.

Калі тая хуткасць, з якою яны імчаліся раней, была забойніцкай для сабак, хуткасць, развітая імі цяпер, была не менш забойніцкай для іх саміх. Але яны змагаліся на мільён далараў і на вялікі гонар на Юконе. Адзінае вонкавае ўражанне, успрынятае Смокам у час апошняга шалёнага бегу, было пачуццё здзіўлення, што ў Кландайку так шмат народу. Да гэтага часу яму ніколі не прыходзілася бачыць усіх адразу.

Міжвольна ён замарудзіў бег, і Вялікі Олаф ірвануўся наперад. Смоку здавалася, што ў яго зараз разарвецца сэрца, і ён ужо зусім не адчуваў пад сабой ног. Ён ведаў толькі, што ногі ляцяць пад ім, але не ўяўляў сабе, якім чынам ён прымушае іх ляцець і як ім пашанцавала данесці яго да гіганта-саперніка.

Адчыненыя дзверы заявачнай канторы паказаліся перад імі. Абодва сапернікі зрабілі апошняе, нязначнае і дарэмнае намаганне. Ні адзін з іх не мог перагнаць другога, і бок-аб-бок яны падбеглі да дзвярэй, сутыкнуліся адзін з другім і расцягнуліся на падлозе канторы.

Яны селі, але падняцца не маглі. Вялікі Олаф, абліваючыся потам, цяжка дыхаў, ловячы паветра раскрытым ротам і дарэмна намагаючыся вымавіць нешта. Затым ён працягнуў руку; у значэнні гэтага руху нельга было памыліцца. Смок таксама працягнуў руку, і праціўнікі злучыліся ў моцным рукапацісканні.

— Ну, і задалі-ж вы жару! — пачуў Смок словы кантралёра па залатых справах, але гэта было нібы ў сне, і голас быў якісьці слабы і далёкі. — І я магу сказаць адно: вы абодва выйгралі. Давядзецца вам падзяліць участак папалам. Вы кампаньёны.

Іх рукі падняліся ўгару, пасля апусціліся ў знак таго, што гэтае рашэнне пацверджана. Вялікі Олаф даволі выразна заківаў галавой і прабурчэў нешта. Нарэшце яму ўдалося загаварыць.

— Пракляты вы чэчака! — прашаптаў ён, але ў гэтых словах гучэла захапленне. — Не ведаю, як вы гэта зрабілі, але ўсё-ж вы гэта зрабілі.

Перад канторай на вуліцы гуў вялізны натоўп, і памяшканне канторы было бітком набіта людзьмі. Смок і Вялікі Олаф зрабілі спробу ўстаць і дапамаглі адзін другому. Смок адчуваў у нагах страшэнную слабасць і захістаўся, нібы п’яны. Вялікі Олаф, хістаючыся, шагнуў да яго.

— Мне вельмі шкада, што мае сабакі накінуліся на вашых.

— Што-ж вы маглі зрабіць! — адказаў Смок. — Я чуў, як вы крычалі.

— Паслухайце, — казаў далей Вялікі Олаф, і вочы ў яго заблішчэлі, — слаўная яна, гэтая дзяўчына, чартоўскі слаўная. Ці не праўда?

— Так, чартоўскі слаўная дзяўчына! — згадзіўся Смок.


  1. Рулетка — азартная гульня.
  2. Гюстаў Дорэ — вядомы французскі мастак.
  3. Камея — выпуклы партрэт, выразаны на камені. Старажытныя камеі адзначаюцца тонкасцю і выразнасцю ліній.