Смок Белью (1947)/На Бабін ручай за золатам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Смак мяса На Бабін ручай за золатам
Апавяданне
Аўтар: Джэк Лондан
1947 год
Арыгінальная назва: The Stampede to Squaw Creek (1911)
Пераклад: Мікола Лупсякоў
Спаборніцтва на пяршынства

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паслухаць гэты тэкст (дапамога | звесткі | Больш агучаных твораў)


НА БАБІН РУЧАЙ ЗА ЗОЛАТАМ

І

Праз два месяцы Смок Белью і Шорці[1], вярнуўшыся з палявання на аленяў, зноў апынуліся ў салуне[2] «Элькгорн» у Даусоне. Паляванне было закончана, мяса дастаўлена ў Даусон і прададзена па два з паловай далары за фунт; у іх, такім чынам, аказалася тры тысячы далараў у залатым пяску і добрая запрэжка сабак. Ім вельмі пашанцавала. Не гледзячы на тое, што натоўпы золаташукальнікаў загналі дзічыну за сотні міль у горы, ім удалося на палове шляху ад горада падстрэліць у вузкай цясніне чатырох аленяў.

З’яўленне аленяў так блізка ад жылля было гэтак-жа дзіўна, як і шчасце нашых паляўнічых, бо ў гэты самы дзень Смок і Шорці сустрэлі па дарозе чатыры галодныя індзейскія сям’і, якім ужо тры дні не траплялася ніякай дзічыны. Сябры выменялі ў іх за мяса напалову мёртвых ад голаду сабак; на працягу тыдня яны адкармлівалі жывёлін, затым запрэглі іх і павезлі мяса на прагны рынак Даусона.

Цяпер задача заключалася ў тым, каб ператварыць залаты пясок у харчаванне. Фунт мукі ці бабоў каштаваў на рынку паўтара далара, але і за гэтую цэну цяжка было знайсці жадаючага прадаць іх. У Даусоне панаваў сапраўдны голад. Сотні людзей з грашыма, але без харчавання вымушаны былі пакідаць краіну. Многія накіраваліся ўніз па рацэ перад самым ледаставам, а яшчэ больш золаташукальнікаў, валодаючых такімі-сякімі мізэрнымі запасамі, прайшлі шэсцьсот міль па ільду ў Дайе.

У горача напаленым салуне Смок спаткаў лікуючага Шорці.

— Жыццё нічога не варта без віскі і прысмакаў! — такім прывітаннем сустрэў таварыша Шорці, абтрэсваючы з падтаяўшых вусоў ледзяныя сасулькі, якія са звонам падалі на падлогу. — А я якраз дастаў цэлых восемнаццаць фунтаў гэтых самых прысмакаў. Дурань-прадавец запрасіў усяго па тры далары за фунт. А табе як пашанцавала?

— Я таксама не спаў, — адказаў з гонарам Смок. — Мне ўдалося купіць пяцьдзесят фунтаў мукі. А адзін чалавек з Адамавага ручая паабяцаў даставіць мне заўтра яшчэ пяцьдзесят.

— Здорава! Цяпер мы несумненна пратрымаемся да таго часу, пакуль узнімецца рака. Ведаеш, Смок, нашы сабакі, аказваецца, што трэба. Скупшчык сабак прапанаваў мне тысячу далараў за пяць штук, па дзвесце за кожнага. Я сказаў яму, што справа не пойдзе. Сабакі, вядома, будуць першы сорт, калі даваць ім жэрці мяса. Але-ж неразумна аддаваць сабакам харчаванне, якое каштуе па два з паловай далара за фунт. А ну-ж, вып’ем, таварыш. Я хачу замачыць гэтыя восемнаццаць фунтаў прысмакаў.

Некалькі хвілін пазней, калі на вагах адважвалі з меха Шорці залаты пясок за выпітае, Шорці раптам стукнуў сябе па ілбу.

— Зусім з галавы выпала, што ў мяне назначана ў «Ціволі» спатканне з адным чалавекам! У яго ёсць сапсаваны бекон, які ён аддае па паўтара далара за фунт. Мы зможам карміць ім сабак і зэканомім такім чынам па далару ў дзень на кожнай кармёжцы. Ну, да хуткага спаткання.

— Да хуткага, — адказаў Смок. — Я зазірну ў хаціну і вярнуся сюды.

Не паспеў Шорці выйсці, як у падвойныя дзверы салуна ўвайшоў захутаны ў футра чалавек.

Твар яго прасвятлеў бачачы Смока, які пазнаў у ім золаташукальніка Брэка, чыю лодку ён правёў цераз Яшчычную цясніну і цераз парогі Белага Каня.

— Мне сказалі, што вы ў горадзе, — таропка загаварыў Брэк, паціскаючы Смоку руку. — Я ўжо поўгадзіны шукаю вас усюды. Выйдзем на вуліцу, мне неабходна пагаварыць з вамі.

Смок з жалем зірнуў на гудзячую, разагрэтую дачырвана печ.

А ці нельга тут?

— Не. Справа важная. Выйдзем.

Калі яны вышлі, Смок зняў адну са сваіх рукавіц, запаліў сярнічку і зірнуў на градуснік, які вісеў знадворку на дзвярах. Ён таропка сунуў у рукавіцу аголеную руку, быццам мароз апёк яе. Над галавой палымнела поўночнаё ззянне, а з усіх бакоў Даусона няслося сумнае выццё тысяч ваўкадаваў.

— Што кажа градуснік? — запытаўся Брэк.

— Шэсцьдзесят ніжэй нуля. — Кіт плюнуў для доследу, і сліна ў той-жа момант замерзла ў паветры. — А ртуць і не думае спыняцца. Яна падае ўсё ніжэй і ніжэй. Гадзіну назад было ўсяго пяцьдзесят два. Не кажыце аб тым, каб бегчы кудысьці за золатам.

— Вось іменна аб гэтым, — прашаптаў Брэк, палахліва азіраючыся, каб хто-небудзь не падслухаў іх. — Ці чулі вы аб Бабіным ручаі? Упадае ў Юкон па той бок, на трыццаць міль вышэй.

— Няма чаго там рабіць, — заявіў Смок. — Яго абыйшлі ўздоўж і ўпоперак ужо даўно.

— Так было і з іншымі багацейшымі ручаямі. Слухайце! Вялікая справа. Россыпі на глыбіні ўсяго ад васьмі да дваццаці футаў. Там няма такога вугалка, які пойдзе менш чым за поўмільёна. Двое-трое маіх сяброў расказалі мне аб гэтай справе. Я сказаў жонцы, што павінен абавязкова адшукаць вас, перш чым крануцца ў дарогу. Ну, да пабачэння. Маё снаражэнне схавана на беразе. Справа ў тым, што сябры ўзялі з мяне слова не кранацца ў дарогу, пакуль увесь Даусон не засне. Вы-ж ведаеце, што будзе, калі хто-небудзь убачыць вас са снаражэннем. Бярыце свайго сябра і ідзіце за намі. Займайце чацверты ці пяты ўчастак ад Пробнага. Не забудзьце-ж: Бабін ручай, гэта трэці пасля Шведскага ручая.


ІІ

Зайшоўшы ў маленькую хату на схіле гары, Смок пачуў знаёмы гучны храп.

— А-а-а… кладзіся, брат, спаць, — прабурчэў Шорці, калі сябра пачаў трэсці яго за плячо. — Я сёння не на начной змене, — заявіў ён праз хвіліну, калі Смок пачаў будзіць яго больш энергічна. — Звярніся да буфетчыка ў піўнушцы.

— Хутчэй нацягвай сваю вопратку, — сказаў Смок, — мы ідзем займаць два ўчасткі.

Шорці сеў і пачаў лаяцца. Смок прыкрыў яму рот рукой.

— Шш… — папярэдзіў ён. — Гэта вельмі добрая справа. Не будзі суседзяў. Увесь Даусон спіць.

— Хе! Ты мяне будзеш вучыць! Хіба я не ведаю, што пра золата не расказваюць? Смешна толькі, як гэта ўсе трапляюць на адну і тую-ж дарожку.

— Бабін ручай! — прашаптаў Смок. — Справа верная. Мне паведаміў аб ім Брэк. Вельмі мелкае русло. Золата адразу пад карэннямі травы. Ну, шавяліся-ж. Мы хутка збярэмся і без грузу кранемся ў дарогу.

Вочы Шорці закрыліся, і ён зноў захроп. У наступны момант коўдры зляцелі з яго.

— Калі ты не жадаеш падтрымаць кампанію, я іду адзін, — заявіў Смок.

Шорці падняўся і пачаў апранацца.

— Сабак возьмем? — запытаў ён.

— Не. Сцежка да ручая не пратоптана, і мы хутчэй справімся без іх.

— У такім выпадку я задам ім корму, каб хапіла да нашага звароту. Не забудзь захапіць з сабой брэзент і свечку.

Шорці адчыніў дзверы і, адчуўшы пякучы мароз, адскочыў назад, таропка апускаючы навушнікі і нацягваючы рукавіцы.

Праз пяць хвілін ён вярнуўся, з усіх сіл расціраючы нос.

— Смок, я рашуча супроць гэтай прагулкі. На вуліцы халадней, чым было ў пекле за тысячу год да таго, як там развялі першы агонь. Апрача таго, сёння пятніца і трынаццатае чысло — усе даныя за тое, што мы застанемся з носам.

Прывязаўшы за спіну лёгкія паходныя мяхі, яны зачынілі за сабою дзверы і пачалі спускацца з гары. Поўночнае ззянне ўжо не пералівалася на пацямнеўшым небе, і толькі зоркі мігцелі ў застыўшым паветры, сваім няверным святлом збіваючы спадарожнікаў з дарогі. Шорці звярнуў са сцежкі, праваліўся ў глыбокі снег і пачаў голасна лаяцца, праклінаючы дзень, месяц і год, калі ён адважыўся на такое вар’яцтва.

— Ты не можаш памаўчаць? Пакінь календар у спакоі. Увесь Даусон прачнецца і пабяжыць за намі.

— Хе! А бачыш святло вунь у той хаціне, і ў той, і там далей? А чуеш, як стукнулі дзвярыма? О, зразумела, Даусон спіць. Агні? Проста людзі хаваюць сваіх нябожчыкаў. Яны і не думаюць бегчы за золатам, б’юся аб заклад.

Калі яны спусціліся да падножжа ўзгорка і зайшлі ў самы горад, ва ўсіх дамах ужо мільгацелі агні, усюды стукалі дзверы, а ззаду чулася рыпенне мноства макасінаў па добра ўтаптанаму снегу. Шорці зноў пусціўся ў разважанні:

— Відаць, да чорта плакальшчыкаў у гэтым горадзе.

Яны прайшлі паўз чалавека, які стаяў на абочыне дарогі. Ён трывожна клікаў кагосьці ўпоўголаса:

— Эй, Чарлі! Ды варушыся-ж!

— Заўважыў ты мех у яго на спіне, Смок? Могільнік, напэўна, досыць далёка, калі праводзячым даводзіцца браць з сабою коўдры.

Калі яны вышлі на галоўную вуліцу, за імі цягнуўся ўжо хвост у некалькі сот чалавек, і, прабіраючыся пры абманлівым святле зорак да берага, яны чулі з усіх бакоў тупат чалавечых ног. Шорці пакаўзнуўся і ўпаў з вышыні трыццаці футаў у рыхлы снег. Смок упаў услед за ім, збіўшы яго зноў у той момант, калі ён падымаўся на ногі.

— Я знайшоў першы, — буркнуў ён, здымаючы рукавіцы, каб абтрэсці з іх снег.

Праз хвіліну яны рабілі страшэнныя намаганні, каб выкарабкацца з-пад груды цел, якія пасыпаліся на іх зверху. У часе ледастава ў гэтым месцы ўтварыўся затор, і награмаджаныя адна на другую ільдзіны былі цяпер здрадліва прыкрыты пластам снегу. Упаўшы некалькі разоў, Смок выцягнуў свечку і запаліў яе. Людзі, якія ішлі ззаду, радасна віталі святло. Свечка ярка гарэла ў нерухомым паветры, і спадарожнікі пайшлі хутчэй.

— Гэта бясспрэчна паход за золатам, — вырашыў Шорці, — калі толькі ўсе яны не лунацікі.

— Ва ўсякім выпадку, мы ідзем першымі, — адказаў Смок.

— Ну, гэтага я не ведаю — можа быць, там, наперадзе, светлячок. А можа, гэта ўсе светлячкі — вунь там, і там, і там. Зірні! Не, павер ужо мне, наперадзе нас цэлая працэсія.

Каб перабрацца на заходні бераг Юкона, трэба было прайсці цэлую мілю па награмаджаных ільдзінах, і мільгаючы ланцуг свечак цягнуўся ва ўсю даўжыню звілістай сцежкі. А ззаду, да самай вяршыні гары, з якой яны толькі што спусціліся, было яшчэ больш аганькоў.

— Паслухай, Смок, гэта не паход за золатам, гэта адны пакуты. Наперадзе нас, напэўна, добрая тысяча, а ззаду дзесяць тысяч. Паслухай мяне разок. Нюх у мяне добры. Ужо калі я пачую нядобрае, так яно і будзе. Мы дарэмна ўблыталіся ў гэтую гісторыю. Павернем лепш дадому і завалімся спаць.

— Ты-б лепш пабярог свае лёгкія, калі не хочаш адстаць, — злосна перапыніў яго Смок.

— Хе! Ногі ў мяне кароткія, але хадок я вядомы і не баюся ніякай зморанасці. Ні адзін з гэтых малайцоў не абгоніць мяне на лёдзе.

І Смок ведаў, што гэта праўда; ён паспеў пераканацца ў фенаменальнай вынослівасці свайго сябра.

— Я наўмысна іду марудней, каб ты не адстаў, — падражніў ён Шорці.

— Вось таму я і наступаю табе на пяткі, — агрызнуўся той.

— Калі ты не можаш ісці хутчэй, дык пусці мяне ўперад паказваць дарогу.

Смок паскорыў крок і неўзабаве параўняўся з невялікай групай золаташукальнікаў.

— А ну, Смок, варушыся, — заахвочваў яго сябра. — Перагані гэтых непахаваных нябожчыкаў. Тут табе, брат, не пахаванне. Хутка! Каб у вушах засвістала!

Смок налічыў у гэтым гурце восем мужчын і двух жанчын; не паспелі сябры перабрацца праз награмаджэнне ільдзін, як перагналі другую партыю, у дваццаць чалавек. На адлегласці некалькіх футаў ад заходняга берага сцежка зварочвала на поўдзень і ішла далей па гладкаму ледзяному полю. Лёд, аднак, быў пакрыты пластам снегу ў некалькі футаў таўшчынёй. Яго пераразала вузкая істужка ўтаптанай падарожнікамі і ўкатанай санкамі сцежкі шырынёю ў два футы. Па абодвух яе баках нага грузла ў снег па калена і глыбей. Пешаходы, якія ішлі наперадзе, неахвотна ўступалі дарогу, і Смоку з таварышам часта даводзілася грузнуць у глыбокім снезе і з вялікай цяжкасцю выбірацца.

Шорці быў пануры і непрымірымы. Калі золаташукальнікі лаяліся, не жадаючы прапускаць іх уперад, ён адказваў ім тым-жа.

— Куды гэта вы спяшаецеся? — запытаўся адзін з іх.

— А вы куды? — адказваў Шорці. — Учора тут прайшла цэлая чарада золаташукальнікаў з Індзейскай ракі. Ужо ніводнага вольнага ўчастка няма.

— Калі так, я вас пытаюся: куды вы спяшаецеся?

— Хто? Я? Я зусім не золаташукальнік. Я па казённай справе. Урад паслаў. Цягнуся на Бабін ручай, каб зрабіць перапіс.

Другі весела вітаў Шорці:

— Гэй, куды выбраўся, малы? Няўжо ты і сапраўды спадзяешся заняць участак?

— Я? — адказаў Шорці. — Я вось і адкрыў Бабін ручай. Цяпер я зрабіў заяўку і вяртаюся назад, каб які-небудзь пракляты чэчака не зажыліў мой участак.

У сярэднім, ідучы па роўнаму месцу, золаташукальнікі праходзілі ў гадзіну па тры з паловай мілі. Але Смок і Шорці рабілі па чатыры з паловай, а часамі пускаліся бегам і рухаліся яшчэ шпарчэй.

— Я вырашыў зусім загнаць цябе, Шорці, — дражніў таварыша Смок.

— Хе! Я ўмею працаваць нагамі і мог-бы цябе прымусіць працерці пяткі макасінаў. Але спяшацца няма чаго. Я так разважаю: кожная заяўка на ручаі павінна мець пяцьсот футаў; скажам, па дзесяць на мілю. Наперадзе нас тысяча золаташукальнікаў, а рэчачка даўжынёю менш сотні міль. Каму-небудзь прыдзецца атрымаць кукіш, і здаецца, што гэта будзем мы з табой.

Перш чым адказаць, Смок раптам паскорыў крок і перагнаў Шорці на дзесятак футаў.

— Калі-б ты пабярог дыханне і не адставаў, мы, напэўна, перагналі-б некаторых з гэтай тысячы, — заявіў ён.

— Хто? Я? Ды калі-б ты сышоў з дарогі, я паказаў-бы табе, што такое хуткасць.

Смок рассмяяўся і зноў абагнаў яго. Уся гэтая прыгода ўяўлялася яму цяпер у зусім іншым святле. Яму цяпер не так жадалася захапіць участак, як пабіць у бегу Шорці. «Нарэшце, — вырашыў ён, — справа не ў выйгрышу, а ў самой гульні». Яго мозг, мускулы, вытрымка, яго душа прымалі ўдзел у гэтым спаборніцтве з Шорці — чалавекам, які ніколі не заглядаў у кнігу, не мог адрозніць оперы ад салоннай песенькі або паэмы ад пратакола.

— Сцеражыся, Шорці, не здабраваць табе! З таго часу, як я высадзіўся на бераг Дайе, усе клетачкі майго арганізма перарадзіліся. Мае мускулы моцныя, як рамяні, ядавітыя і бязлітасныя, як джала грымучай змяі. Усяго некалькі месяцаў назад я быў-бы ў захапленні, калі-б напісаў гэтыя словы, але тады я не мог так напісаць. Трэба было спачатку перажыць усё гэта, а цяпер, калі я ў гэтым жыву, няма патрэбы пісаць. Я калючы, цераз усё прайшоў, і ні адзін з гэтых нікчэмных горцаў не закране мяне, без таго каб я яму не даў здачы. Ну а цяпер ідзі наперад на поўгадзіны і пакажы свае здольнасці, а калі надыйдзе мая чарга — сцеражыся!

— Хе! — весела ўсміхнуўся Шорці. — Зірніце на гэтага малакасоса! А ну, з дарогі і павучыся ў старэйшых!

Кожныя поўгадзіны яны змянялі адзін другога, па-чарзе ўстанаўляючы рэкорд хуткасці. Размаўлялі яны мала. Хуткасць руху сагравала іх, хоць дыханне замярзала ў іх на тварах, пакрываючы інеем губы і падбародак. Мароз быў настолькі моцны, што ім амаль няспынна прыходзілася расціраць рукавіцамі нос і шчокі. Як толькі яны апускалі рукі, адкрытыя часткі твара адразу нямелі, і патрабавалася падвоеная энергія, каб выклікаць вострае пакалванне — прызнак аднаўлення крывезвароту.

Часта сябрам здавалася, што наперадзе ўжо нікога няма, але ўсякі раз яны натыкаліся на новыя партыі золаташукальнікаў, якія вышлі з Даусона раней іх. Здаралася, што некаторыя з іх спрабавалі раўняцца са Смокам і яго таварышам, але, прайшоўшы адну-дзве мілі, нязменна адставалі і знікалі ў цемры.

— Мы з табой былі на нагах усю зіму, — растлумачыў Шорці, — а гэтыя старыкашкі адлежалі сабе бакі ў цёплых хацінах ды туды-ж — думаюць паспець за намі! Калі-б яшчэ гэта былі разведчыкі! Калі разведчык і ўмее што-небудзь рабіць, дык гэта хадзіць.

Смок запаліў сярнічку і зірнуў на гадзіннік. Больш ён не рабіў гэтага; хоць і хуткі быў рух яго аголеных рук, прайшло поўгадзіны, перш чым яны зноў адагрэліся.

— Чатыры гадзіны, — сказаў ён, нацягваючы рукавіцу, — а мы перагналі ўжо чалавек трыста.

— Трыста трыццаць восем, — паправіў Шорці. — Я лічу ўвесь час. Эй, прыяцель, прапусці! Дай прайсці таму, хто разумее ў гэтай справе крыху больш твайго.

Гэтыя словы адносіліся да чалавека, відавочна зморанага надзвычайна, які, спатыкаючыся, цягнуўся па дарозе, загараджваючы ім дарогу. Гэты ды яшчэ адзін такі-ж спадарожнік былі адзінымі выбітымі са строю, якія трапіліся ім па дарозе; цяпер яны былі вельмі блізка да галаўной часткі патоку золаташукальнікаў.

Пасля яны даведаліся аб усіх жудасцях гэтай ночы. Выбіўшыся з сіл людзі садзіліся адпачыць на ўскраю дарогі і ўжо больш не падымаліся. Сямёра замерзлі канчаткова, а выжыўшым ампутыравалі ў даусонаўскіх больніцах пальцы, ступні і рукі. Ноч вялікага паходу на Бабін ручай была самай халоднай за ўвесь год. Перад світаннем спіртовыя тэрмометры ў Даусоне паказвалі семдзесят ніжэй нуля, а людзі, якія ўдзельнічалі ў «паходзе», былі, за невялікім выключэннем, навічкі, якія не прывыклі да такіх халадоў.

Другога выбіага са строю чалавека яны заўважылі некалькі хвілін пазней, пры ўспышцы поўночнага ззяная, якое, нібы пражэктар, прарэзвала часам неба ад небасхіла да зеніта. Чалавек гэты сядзеў ля сцежкі на ільдзіне.

— Эй, цётка, падымайся! — весела аклікнуў яго Шорці.

— Ну, хутчэй! Калі будзеш гэтак сядзець, замерзнеш, як калода.

Чалавек нічога не адказаў, і яны спыніліся зірнуць, што з ім.

— Цвёрды, як качарга, — заявіў Шорці. — Калі кінуць яго, разаб’ецца ўшчэнт.

— Зірні, ці дыхае ён? — сказаў Смок, імкнучыся ў той-жа час прамацаць праз футра і шарсцяныя фуфайкі сэрца чалавека.

Шорці падняў адзін з навушнікаў і прыклаў вуха да заледзянелых губ.

— Не дыхае, — далажыў ён.

— І сэрца не б’ецца, — сказаў Смок.

Ён надзеў рукавіцы і цэлую хвіліну моцна біў рукою аб руку, перш чым зноў зняць рукавіцу і запаліць сярнічку. Перад імі быў стары, без усякага сумнення мёртвы. У той момант, калі сярнічка загарэлася, яны ўбачылі даўгую сівую бараду, пакрытую да самага носа ледзянымі сасулькамі, пабялеўшыя шчокі і замерзлыя павекі з бахрамой інею на месцы расніц. Сярнічка патухла.

— Ну, ідзем, — сказаў Смок, расціраючы вуха. — Мы нічога не можам зрабіць для старога. А я, здаецца, адмарозіў сабе вуха. Цяпер уся скура, каб ёй праваліцца, пачне злазіць, і цэлы тыдзень будзе чартоўскі боль.

Праз некалькі хвілін, калі палаючая істужка поўночнага ззяння заліла агнём усё неба, яны ўбачылі ўперадзе сябе на адлегласці чвэрткі мілі дзве чалавечыя фігуры. Далей на цэлую мілю не было відаць ніякага руху.

— Яны ідуць ўперадзе ўсіх, — сказаў Смок, калі зноў запанавала цемра. — А ну, давай дагонім іх.

Але прайшло поўгадзіны, а фігуры ўсё яшчэ былі ўперадзе. Шорці пусціўся бягом.

— Калі мы і дагонім іх, дых перагнаць ні за што не зможам, — сказаў ён задыхаючыся. — Ну і смаляць-жа, чорт-бы іх забраў! Галаву дам наадрэз, што гэта не чэчака. Будзь упэўнены, што гэта самыя сапраўдныя старажылы.

Калі сябры нарэшце нагналі іх, Смок, які быў уперадзе, з прыемнасцю пайшоў з імі ў нагу. Амаль адразу-ж у яго склалася ўражанне, што чалавек, які ідзе поплеч з ім, жанчына. Як склалася гэтае ўражанне, ён і сам не мог-бы сказаць. Захутаная ў футра цёмная постаць нічым не адрознівалася ад іншых; аднак Смоку здалося ў ёй нешта знаёмае. Ён пачакаў наступнай успышкі ззяння і пры святле яго ўбачыў маленькія, абутыя ў макасіны ногі. Але ён убачыў болей — паходку. І адразу-ж пазнаў тую самую паходку, якую вырашыў аднойчы ніколі не забываць.

— Яна сапраўдны хадок, — хрыпла зашаптаў Шорці. — Б’юся аб заклад, што гэта індзіянка.

— Як маецеся, міс Гастэл? — запытаў Смок.

— Дзякую вас, — адказала яна, павярнуўшы галаву і шпарка зірнуўшы на яго. — Вельмі цёмна, я нічога не бачу. Вы хто?

— Смок.

Яна рассмяялася на марозным паветры, і ён адразу-ж вырашыў, што ніколі не чуў такога прыемнага смеху.

— Ну, што-ж, ажаніліся вы, як казалі тады? Ці многа ў вас дзяцей?

Перш чым ён сабраўся адказаць, яна казала далей:

— Колькі там чэчака ззаду нас?

— Мусіць, некалькі тысяч. Мы перагналі больш трохсот, яны вельмі спяшаліся.

— Старая гісторыя, — адказала яна з гораччу. — Навічкі забіраюць сабе багацейшыя ўчасткі, а старажылы, якія з’явіліся ў гэтую краіну першымі, пакутвалі тут і мучыліся, застаюцца ні пры чым. Гэта старажылы знайшлі Бабін ручай (як выявілася гэтая таямніца, зусім незразумела!) І зараз-жа паведамілі старажылам з Львінага возера. Але возера гэтае знаходзіцца за дзесяць міль ад Даусона, і пакуль тыя дабяруцца да ручая, усё будзе ўжо занята даусонаўскімі чэчака. Такая несправядлівасць абурае мяне.

— Так, вельмі дрэнна, — паспачуваў ёй Смок. — Але няхай мяне павесяць, калі я ведаю, як вы можаце перашкодзіць гэтаму. Хто першы прыйшоў, той першы і ўзяў.

— Я была-б вельмі шчаслівая, калі-б магла чым-небудзь дапамагчы тут, — горача сказала міс Гастэл. — Я-б хацела, каб яны ўсе замерзлі ў дарозе, каб затрымала іх што-небудзь страшэннае, пакуль старажылы з Львінага возера не дабяруцца да ручая!

— Вы, як відаць, здорава супроць нас настроены, — рассмяяўся Смок.

— Не ў гэтым справа, — шпарка адказала яна. — Я ведаю кожнага з жыхароў Львінага возера і магу сказаць, што гэта людзі. Яны галадалі ў гэтай краіне і прыклалі тытанічныя намаганні, каб зрабіць жыццё лепшым. Я перажыла разам з імі цяжкія дні на Койакуку, калі была яшчэ дзяўчынкай; перажыла галадоўку на Бярозавым ручаі і на Саракавой мілі. Гэта сапраўдныя героі, і яны маюць права на ўзнагароду, а між тым тысячы зялёных малакасосаў аказваюцца цяпер на шмат міль наперадзе іх. Ну, я змаўкаю і прашу дараваць мне гэтую тыраду. Трэба берагчы дыханне, таму што вы і ваша кампанія чаго добрага перагоніце бацьку і мяне.

На працягу гадзіны Джой і Смок не абмяняліся ні адным словам. Дзяўчына аб чымсьці перагаварвалася з бацькам упоўголаса.

— Цяпер я пазнаў іх, — сказаў Шорці Смоку. — Гэта стары Луі Гастэл, ён малайчына. А дзяўчына, як відаць, яго дачка. Ён прышоў у гэтую краіну так даўно, што ніхто не памятае дакладна, калі гэта было, і прывёз з сабою дзяўчынку. Яна была маленькая. Яны з Бетлсам працавалі разам і пусцілі першы маленькі параходзік па Койакуку.

— Па-мойму, не варта абганяць іх, — сказаў Смок: — мы і так уперадзе ўсіх, а нас усяго чацвёра.

Шорці згадзіўся, і на працягу гадзіны яны шпарка рухаліся ўперад у поўным маўчанні. У сем гадзін поўночнае ззянне ў апошні раз прарэзала цемру, і яны ўбачылі на захадзе шырокі праход між прыкрытымі снегам горамі.

— Бабін ручай! — усклікнула Джой.

— Вось дык штука! — лікаваў Шорці. — Па майму разліку, нам заставалася ісці самае меншае яшчэ поўгадзіны. Здорава, як відаць, я расцягнуў сабе ногі.

Якраз у гэтым месцы дарога з Дайе, заваленая награмаджанымі адна на другую ільдзінамі, крута зварочвала праз Юкон да ўсходняга берага, і з добра вытаптанай галоўнай сцежкі яны перабраліся цераз затор ільдзін на вузкую, толькі злёгку намечаную сцяжынку ўздоўж заходняга берага.

Луі Гастэл, які ішоў уперадзе, спатыкнуўся ў цемры аб ільдзіну і апусціўся на снег, ухапіўшыся абодвума рукамі за ладыжку. Ён з цяжкасцю падняўся на ногі і паспрабаваў пайсці далей, але крок яго моцна запаволіўся, і ён пачаў прыкметна накульгваць. Праз некалькі хвілін ён спыніўся.

— Нічога не выйдзе, — сказаў ён дачцы. — Я расцягнуў сабе сухажылле. Ідзі ўперад і займі ўчасткі для сябе і для мяне.

— Ці не можам мы чым-небудзь дапамагчы вам? — запытаўся Смок.

Луі Гастэл паківаў галавой:

— Яна можа зрабіць дзве заяўкі. А я дапаўзу да берага, раскладу агонь і перавяжу ладыжку. Не турбуйцеся аба мне. Ідзі, Джой. Займі для нас участкі вышэй Пробнага. Чым вышэй па рацэ, тым багацей россыпі.

— Вось вам крыху бярозавай кары, — сказаў Смок, падзяліўшы свой запас пароўну. — Мы паклапоцімся аб вашай дачцы.

Луі Гастэл хрыпла засмяяўся.

— Дзякую вам, — сказаў ён. — Але яна і сама можа паклапаціцца аб сабе. Ідзіце ўслед за ёй і не выпускайце яе з віду.

— Вы не пярэчыце, каб я ішла ўперадзе? — запытала Джой Смока. — Я ведаю гэтую мясцовасць лепш за вас.

— Вядзіце, — галантна адказаў Смок. — Хоць я зусім згодзен з вамі, што нам, чэчака, не след-бы абганяць кампанію з Львінага возера. Гэта проста абуральна. Ці нельга нам як- небудзь пазбавіцца гэтых даусонаўскіх малайцоў?

Яна паківала галавой.

— Мы не можам скрыць свае сляды, — сказала дзяўчына, — а яны пойдуць за намі, як авечкі.

Прайшоўшы з чвэртку мілі, Джой раптам крута павярнула на захад, і Смок заўважыў, што яны ідуць па нятоптанаму снегу. Аднак ні ён, ні Шорці не звярнулі ўвагі на тое, што ледзь прыкметная сцяжынка, па якой яны ішлі да гэтага часу, вяла далей на поўдзень. Калі-б яны маглі быць сведкамі наступных паводзін Луі Гастэла, гісторыя Кландайка, напэўна, была-б напісана інакш: яны ўбачылі-б, як гэты старажыл, адразу пакінуўшы кульгаць, пабег услед за імі, быццам гончы сабака; убачылі-б, як ён узяўся расшыраць і ўтаптваць сцяжынку, якую яны праклалі, звярнуўшы на захад, і нарэшце паімчаўся далей па ранейшай, ледзь прыкметнай сцяжынцы, якая ішла на поўдзень.

Сцяжынка, па якой яны ішлі, вяла ўгару па руслу, але яна была такая няясная, што яны вельмі часта гублялі яе ў цемры. Пасля чвэрткі гадзіны блукання па снягу Джой Гастэл выказала жаданне ісці ззаду і прадаставіла мужчынам пракладваць дарогу. Затрымка вядучых дазволіла ўсёй астатняй масе золаташукальнікаў нагнаць іх, і калі к гадзінам дзевяці развіднела, яны ўбачылі за сабой, на колькі хапала вока, бясконцую чараду людзей. Пры гэтым відовішчы цёмныя вочы Джой заблішчэлі.

— Колькі часу прайшло з таго моманту, як мы пачалі падымацца па руслу? — запыталася яна.

— Не менш двух гадзін, — адказаў Смок.

— Ды яшчэ дзве гадзіны, будзе чатыры, — рассмяялася яна. — Мае сябры з Львінага возера выратаваны.

Няясная падазронасць пранеслася ў галаве Смока. Ён спыніўся і зірнуў ёй прама ў твар.

— Я не разумею, — сказаў ён.

— Не разумееце? Я растлумачу вам. Гэта Нарвежскі ручай. Бабін ручай наступны на поўдзень.

Смок на хвіліну анямеў.

— Вы зрабілі гэта наўмысна? — запытаўся Шорці.

— Я зрабіла гэта, каб выручыць старажылаў.

Яна насмешліва разрагаталася. Мужчыны зірнулі адзін на другога, усміхнуліся і нарэшце разрагаталіся таксама.

— Перагнуў-бы я вас цераз калена ды добра набіў-бы, — заявіў Шорці, — калі-б у гэтым краі жанчыны не былі такімі рэдкімі.

— Значыць, ваш бацька не расцягнуў сабе сухажылля, а проста пачакаў, каб мы зніклі з віду, і рушыў далей? — запытаўся Смок.

Яна кіўнула сцвярджальна.

— А вы выканалі ролю прыманкі?

Яна зноў кіўнула, і на гэты раз смех Смока прагучэў шчыра і звонка. Гэта быў нястрымны смех мужчыны, які адкрыта прызнае сябе пераможаным.

— Чаму вы не злуецеся на мяне? — запыталася яна жаласліва. — Або… або… чаму вы не наб’еце мяне?

— Ітак, трэба, значыць, паварочваць назад, — сказаў Шорці. — У мяне ўжо ногі замерзлі стаяць тут.

Смок паківаў галавой.

— Ісці назад — значыць згубіць чатыры гадзіны. Мы, напэўна, прайшлі восем міль па гэтаму ручаю, а ён размешчан на поўдзень. Мы пойдзем уздоўж Нарвежскага ручая, затым прабярэмся цераз водараздзел і выйдзем на Бабін ручай дзе-небудзь вышэй Пробнага ўчастка. — Ён зірнуў на Джой. — Ці не хочаце пайсці з намі? Я абяцаў вашаму бацьку наглядаць за вамі.

— Я… — яна вагалася, — я магу пайсці з вамі, калі вы не пярэчыце. — Яна пазірала прама ў вочы Смоку, і на твары яе ўжо не было ранейшага выразу выкліку і насмешкі. — Дапраўды, містэр Смок, я амаль шкадую аб тым, што зрабіла. Але трэба-ж было каму-небудзь выручыць старажылаў.

— Я бачу, што золаташукальніцтва — справа спартыўная.

— А я бачу, што вы абодва цудоўна падрыхтаваны да гэтага спорту, — сказала яна; затым дадала з лёгкім уздыхам: — Як шкада, што вы не старажылы!

Дзве гадзіны яны прабіраліся ўздоўж замерзлага русла Нарвежскага ручая, затым звярнулі ў вузкі, звілісты прыток яго, які цёк з поўдня. Апоўдні яны пачалі падымацца ўгару, каб перабрацца цераз водараздзел. Ззаду сябе ўнізе яны ўбачылі доўгую цёмную лінію золаташукальнікаў, якія ішлі па іхніх слядах. Там і сям дзесяткі тонкіх струменяў дыму гаварылі аб тым, што спадарожнікі робяць прывал.

Смок і яго спадарожнікі рухаліся з вялікай цяжкасцю. Яны часта правальваліся па пояс у снег і праз кожныя некалькі ярдаў былі вымушаны спыняцца, каб перавесці дух. Шорці першы маліў аб адпачынку.

— Мы ўжо цэлыя дванаццаць гадзін у дарозе, Смок, — сказаў ён, — і я павінен прызнацца, што вельмі змарыўся, ды і ты таксама, я ўпэўнены. Я дык яшчэ магу, вядома, цягнуцца, як галодны індзеец за кавалкам медзвяжаціны. Але гэтая бедная дзяўчына несумненна зваліцца з ног, калі не падмацуецца чым-небудзь. Давайце раскладзем тут агонь. Што вы на гэта скажаце?

Яны так шпарка, лоўка і ўмела разбілі лагер, што Джой, сачыўшая за імі недаверлівым позіркам, павінна была прызнацца ў душы, што і старажылы не змаглі-б зрабіць гэтага лепей. Коўдра, нацягнутая на галіны канадскай елкі, утварыла прытулак для адпачынку і кулінарных працэдур. Самі яны стараліся трымацца далей ад агню, пакуль не расцёрлі добра свае шчокі і насы.

Смок плюнуў у паветра, і ільдзінка ўпала так хутка і звонка, што ён паківаў галавой.

— Павінен прызнацца, — сказаў ён, — што ніколі яшчэ не бачыў такога марозу.

— Аднойчы зімой на Койакуку мароз дайшоў да васьмідзесяці шасці, — адказала Джой. — Цяпер, напэўна, не менш сямідзесяці ці сямідзесяці пяці, і я адчуваю, што адмарозіла сабе шчокі. Яны гараць, як у агні.

На крутым спуску гары зусім не было лёду; таму яны клалі у таз для прамыўкі золата крыху цвёрдага чыстага крышталічнага снегу, дробнага, як цукровы пясок, і адтайвалі яго на агні, пакуль не натаяла дастаткова вады для кавы. Смок падсмажваў грудзінку і грэў сухары ля агню, Шорці падкідваў у агонь вецце, а Джой накрывала на стол, расстаўляючы няхітрыя прыборы: дзве чашкі, дзве лыжкі, бляшанку з сумессю солі і перцу і бляшанку з цукрам. Калі яны ўзяліся за яду, яна падзялілася прыборам са Смокам, і яны елі з адной талеркі і пілі з аднаго кубка.

Было амаль дзве гадзіны, калі яны перайшлі нарэшце праз хрыбет і пачалі спускацца да Рабінага ручая. Яшчэ раней, зімою, нейкі паляўнічы на аленяў праклаў сцежку па вузкай цясніне, гэта значыць, накіроўваючыся на паляванне і вяртаючыся назад, ён заўсёды ступаў па сваіх слядах. У выніку пад пластам выпаўшага пазней снегу ўтварылася лінія няроўных груд. Той, у каго нага пападала між груд, правальваўся ў снег і падаў. Паляўнічы на аленяў валодаў, як відаць, незвычайна даўгімі нагамі. Джой, якая палка жадала цяпер дапамагчы сваім спадарожнікам, і баялася, што яны наўмысна замаруджваюць ход з-за яе відавочнай зморанасці, настоіла на тым, каб ісці наперадзе. Шпаркасць і лоўкасць, з якой яна пазбягала здрадлівых слядоў паляўнічага, выклікалі рашучую пахвалу Шорці.

— Зірні на яе! — усклікнуў ён. — Ну і малайчына! Ужо яна напэўна ела медзвяжаціну. Зірні, як коўзаюцца яе макасіны. Гэта табе не высокія каблучкі. Яна карыстаецца нагамі, якія ёй даў бог. Гэта жонка для медзвяжатніка.

Яна азірнулася і глянула на яго з усмешкай ухвалы, якая адносілася і да Смока. Ён улавіў у ёй сяброўскую прыхільнасць, хоць у той-жа час яго пранізала адчуванне, што ў гэтай сяброўскай усмешцы было вельмі шмат жаночай ласкі.

Дайшоўшы да Бабінага ручая, яны азірнуліся назад і ўбачылі даўгую перарывістую лінію золаташукальнікаў, якія з цяжкасцю спускаліся па схілу. Джой і яе спадарожнікі спусціліся да русла ручая, якое прамерзла да самага дна. Ручай у дваццаць-трыццаць футаў шырынёю цягнуўся між ілістымі наноснымі берагамі ад шасці да васьмі футаў вышыні. Нічыя нага не ступала яшчэ па роўнаму снягу, які пакрываў яго лёд, і яны зразумелі, што вышлі крыху вышэй Пробнага ўчастка і заявак, занятых старажыламі з Львінага возера.

— Сцеражыцеся крыніц! — папераджальна крыкнула Джой, калі Смок павёў іх уніз па ручаю. — Пры сямідзесяці градусах вы застанецеся без ног, калі праваліцеся.

Такія крыніцы, якія часта сустракаюцца ў кландайскіх рэках, не замярзаюць пры самых нізкіх тэмпературах, Вада, якая сцякала з крутых берагоў і накапілася невялікімі вадаёмамі, абаронена ад холаду замерзлай паверхняй ручая і выпаўшым снегам. І вось чалавек, які ідзе па сухому снягу, можа лёгка прадавіць кару лёду ў поўдзюйма таўшчыні і праваліцца па калена ў ваду. Калі на працягу пяці хвілін ён не зможа сцягнуць мокрыя макасіны, дык застанецца без ног.

Хоць было ўсяго тры гадзіны пасля поўдня, але даўгое шэрае палярнае змярканне ўжо апусцілася. Спадарожнікі шукалі на берагах дрэва з адзнакай, якая паказала-б ім, дзе зроблена апошняя заяўка. Джой, шукаўшая яе з асаблівым хваляваннем, першая заўважыла зарубку. Яна кінулася наперад і крыкнула Смоку:

— Хтосьці ўжо быў тут! Зірніце на снег! Зірніце на зарубку! Вось яна! Вось на гэтай сасне!

І ў гэты момант яна па пояс правалілася ў снег.

— Вось я і папалася! — жаласліва вымавіла яна. Затым усклікнула. — Не падыходзьце да мяне, я сама выберуся!

Крок за крокам, раз-по-раз правальваючыся і ламаючы тонкі лёд, схаваны пад сухім снегам, яна пракладвала сабе шлях да цвёрдага грунту. Смок не стаў чакаць. Ён кінуўся да берага, дзе сухое вецце і сучча, вынесеныя на бераг у часе вясенніх разліваў, як быццам чакалі сярнічкі. К таму часу, як Джой дабралася да яго, першыя языкі полымя падымаліся ўжо ў паветра.

— Сядайце, — загадаў Смок.

Яна паслухмяна апусцілася на снег. Ён скінуў са спіны свой мех і паслаў пад яе нагамі коўдру.

Зверху гучэлі галасы шукальнікаў, якія ішлі за імі.

— Няхай Шорці зробіць заяўку, — прыспешвала Джой.

— Ідзі, Шорці, — сказаў Смок, беручыся за яе макасіны, ужо ацвярдзелыя ад лёду. — Адмер тысячу футаў і пастаў у цэнтры два заявачныя калы. Вуглавыя мы паставім пасля.

Нажом Смок разрэзаў шнуркі і кожу макасінаў. Яны паспелі так моцна прамерзнуць, што трашчэлі і скрыпелі пад нажом. Сівашскія наскі і таўстыя шарсцяныя панчохі ператварыліся ў ледзяную кару. Здавалася, быццам ступні і ікры дзяўчыны ўкладзены ў гафрыраванае жалеза.

— Ну, як ногі? — запытаўся ён, прадаўжаючы працаваць.

— Зусім анямелі. Я не чую пальцаў і не магу крануць імі. Але ўсё будзе добра. Агонь гарыць вельмі добра. Глядзіце не адмарозце рукі. Мяркуючы па вашых рухах, мне здаецца, што яны ўжо анямелі.

Смок надзеў рукавіцы і на працягу некалькіх хвілін заядла стукаў сябе па бёдрах. Адчуўшы, што кровезварот аднавіўся, ён зноў зняў рукавіцы і пачаў рэзаць, ірваць і пілаваць прамерзлы абутак. Нарэшце паказалася белая скура адной нагі, затым другой і абедзве яны былі выстаўлены цяпер на сямідзесяціградусны мароз.

Затым пачалося расціранне снегам, якое рабілася з надзвычайнай заўзятасцю, пакуль Джой не пачала звівацца і ўздрыгваць. Нарэшце яна кранула пальцамі і радасна паскардзілася на боль.

З дапамогай Смока яна дайшла да агню: Смок паклаў яе ногі на коўдру, як можна бліжэй да выратоўчага цяпла.

— Цяпер вам давядзецца самой заняцца імі на хвілінку, — сказаў ён.

Яна зняла рукавіцы і пачала расціраць ногі, сочачы за тым, каб агонь толькі паступова саграваў яе замерзлае цела. Тым часам Смок узяўся за ўласныя рукі; снег ужо не раставаў на іх, і яго светлыя крышталі рассыпаліся па скуры, як пясок. Пакрыху пакалванне і боль вярталіся разам з кровезваротам. Тады Смок паправіў агонь, зняў лёгкую торбу са спіны Джой і дастаў адтуль поўны камллект абутку.

Шорці вярнуўся нарэшце па руслу ручая і ўскарабкаўся да іх па крутому берагу.

— Я адмерыў поўных тысячу футаў, — заявіў ён. — Нумар дваццаць сёмы і дваццаць восьмы. Хоць, трэба вам сказаць, не паспеў я яшчэ забіць верхні колік дваццаць сёмага нумара, як сутыкнуўся з першым старым з тых, што ішлі ззаду. Ён заявіў, што не дасць мне заняць дваццаць восьмы нумар. Тады я сказаў яму…

— Ну, ну! — усклікнула Джой. — Што-ж вы яму сказалі?

— Я так проста і заявіў яму, што калі ён не падасца назад зараз-жа на ўсе пяцьсот футаў, дык я ператвару яго адмарожаны нос у слівачнае марожанае і шакаладныя эклеры. Ён палічыў за лепшае трохі падацца назад, і я паставіў заявачныя калы на двух поўных, сумленна адмераных участках уздоўж ручая, па пяцьсот футаў кожны. Ён заняў наступны ўчастак, і я мяркую, што цяпер уся гэтая кампанія падзяліла ўжо Бабін ручай да вусця і нават той бераг. Але наша справа верная. Цяпер вельмі цёмна, але заўтра раніцою мы зможам паставіць вуглавыя слупы.

Калі яны прачнуліся, дык убачылі, што за ноч надвор’е змянілася. Шорці і Смок, яшчэ не вылазячы з-пад сваёй агульнай коўдры, вызначылі, што мароз не больш чым у дваццаць градусаў. Мароз здаў. На іхніх коўдрах ляжаў пласт снежных крышталаў у шэсць дзюймаў таўшчыні.

— З добрай раніцай! Як вашы ногі? — запытаў Смок, пазіраючы праз рэшткі вогнішча на Джой Гастэл, якая, седзячы ў сваіх спальных футрах, уважліва абтрасала з сябе снег.

Шорці распаліў агонь і накалоў лёду ў ручаі, а Смок узяўся рыхтаваць снеданне. Калі яны пакончылі з ежай, узышло сонца.

— Ідзі пастаў гэтыя… як іх… вуглавыя слупы, Смок, — сказаў Шорці. — Там, дзе я браў лёд для кавы, ёсць пясок, і я хачу натапіць у нашым тазе вады і прамыць на шчасце крыху гэтага самага пяску.

Смок накіраваўся, захапіўшы сякеру, каб высечы калкі. Пачаўшы з ніжняга па плыні цэнтральнага слупа, на ўчастку нумар дваццаць сем, ён накіраваўся напрамік па вузкай цясніне да ўскраю ўчастка. Ён прарабіў усё гэта метадычна, амаль машынальна: думкі яго былі поўны ўспамінаў аб мінулай ночы. Яму здавалася, што ён нейкім чынам набыў уладу над прыгожымі лініямі і цвёрдымі мускуламі гэтых ножак, якія ён расціраў снегам, і гэтая ўлада як быццам распаўсюджвалася і на ўсю жанчыну. Гэтае пачуццё напаўняла яго якімсьці невыразным прыемным адчуваннем. Яму здавалася, што ўсё гэта было неабходна для таго, каб ён мог падыйсці да Джой Гастэл, узяць яе руку ў сваю і сказаць: «Ідзем».

Сярод гэтых думак ён наткнуўся раптам на нешта, што прымусіла яго забыць аб уладзе над белымі ножкамі. Ён не паставіў вуглавога слупа на ўскраі цясніны. Ён нават не дайшоў да яе краю, бо напаў на другі ручай. Смок прыкмеціў зламаную вярбу і вялікую, адзінокую елку, якая кідалася ў вочы. Ён вярнуўся да ручая, дзе стаялі цэнтральныя заявачныя калы. Ён пайшоў берагам ручая, выгнутага ў выглядзе падковы, і пераканаўся ў тым, што тут не два ручаі, а адзін. Затым ён двойчы прабраўся па снягу ад аднаго краю даліны да другога, у першы раз пачаўшы ад ніжняга слупа нумара дваццаць сёмага, а ў другі раз — ад верхняга слупа нумара дваццаць восьмага, і пераканаўся канчаткова, што верхні слуп апошняга ўчастка знаходзіцца ніжэй ніжняга слупа першага. У прыцемках Шорці заняў абодва ўчасткі на павароце ручая ў выглядзе падковы, што ўразалася глыбока ў даліну.

Смок засмучана пацягнуўся назад да маленькай стаянкі. Шорці, які скончыў прамыўку пяску, сустрэў яго захапляючымі ўскрыкамі.

— Вось яно! — крыкнуў ён, працягваючы сябру таз. — Вось, зірні. Золата, чыстае золата! Тут дзвесце далараў, ні на цэнт меней. Яно так і валяецца на самай паверхні. Я бачыў многае на сваім вяку, але ніколі ў жыцці не сустракаў яшчэ такога багацця.

Смок кінуў абыякавы позірк на золата, наліў сабе кубак кавы і прысеў ля агню. Джой адчула нешта нядобрае і зірнула на яго нецярплівым, упрашальным позіркам. Але Шорці быў раззлаваны абыякавасцю сябра.

— Што гэта ты як быццам не радуешся? — запытаў ён. — Гэта-ж сапраўднае шчасце. Можа быць, ты такі багаты, што плюеш на таз, у якім дзвесце далараў?

Перш чым адказаць, Смок адхлябнуў кавы.

— Скажы мне, Шорці, чым нашы ўчасткі падобны на Панамскі канал?

— Гэта яшчэ што за навіна?

— Бачыш, усходні ўваход у Панамскі канал знаходзіцца заходней яго заходняга ўваходу. Вось і ўсё.

— Давай далей, — сказаў Шорці. — Я яшчэ не раскусіў, у чым справа.

— Карацей кажучы, Шорці, ты заняў нашы два ўчасткі на вялікім павароце ў выглядзе падковы.

Шорці паставіў таз на снег і ўскочыў на ногі.

— Далей, далей, — паўтарыў ён.

— Верхні слуп дваццаць восьмага на дзесяць футаў ніжэй ніжняга слупа дваццаць сёмага.

— Ты хочаш сказаць, што ў нас нічога няма, Смок?

— Горш таго. У нас на дзесяць футаў менш, чым нічога.

Шорці бегма пусціўся да берага. Праз пяць хвілін ён вярнуўся. У адказ на позірк Джой ён кіўнуў. Не кажучы ні слова, ён падышоў да паваленага дрэва і, апусціўшыся на яго, пачаў уважліва разглядаць снег пад сваімі нагамі.

— Ну што-ж, здымемся з лагера і рушым зноў у Даусон, — сказаў Смок, пачынаючы складваць коўдры.

— Мне вельмі шкада, Смок, — прашаптала Джой, — усё гэта мая віна.

— Нічога, — адказаў ён, — усё ў парадку.

— Але гэта мая віна, толькі мая, — настойвала яна. — Бацька зробіць для мяне заяўку там, каля Пробнага ўчастка. Я аддам яе вам.

Смок паківаў галавой.

— Шорці! — прамовіла дзяўчына.

Шорці таксама паківаў галавой і раптам пачаў рагатаць. Гэта быў нястрымны, гамерычны рогат. Ён то задыхаўся, то грымеў.

— Гэта не істэрыка, — растлумачыў ён. — У мяне бываюць іншы раз такія прыпадкі весялосці, і гэта адзін з іх.

Позірк яго выпадкова ўпаў на таз з золатам. Ён падышоў і ўрачыста піхнуў таз нагой, рассыпаўшы вакол намытае золата.

— Яно не наша, — сказаў ён. — Яно належыць таму старому, якога я адагнаў тады на пяцьсот футаў. І мяне больш за ўсё злуе, што чатырыста дзевяноста з іх — сапраўднае багацце… яго багацце. Ну, ідзем, Смок, вернемся ў Даусон. Між іншым, калі ў цябе ёсць жаданне забіць мяне, я пальцам не крану, каб абараняцца.


  1. Шорці — па-англійску «карантышка», прозвішча сябра Смока.
  2. Салун — бар, кабачок, гасцініца.