Слёзы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Слёзы
Аўтар: Пётра Просты
Крыніца: http://media.catholic.by/nv/n8/art19.htm


Ясна гараць агні ў палацы вяльможнага пана: гаспадар спраўляе баль. Гнуцца дубовыя сталы ад дарагіх бутэлек ды страваў, грыміць музыка ў панскіх салонах, чуваць вясёлыя песні... Госці танцуюць, весяляцца і нікому няма дзела да таго беднага мужыка, што стаіць цяпер каля варотаў панскага палаца і дрыжыць ад холаду і голаду, і плача ад несправядлівасці і крыўды людской... Хлеб выйшаў ужо даўно, дровы таксама. І ніхто не памог яму дагэтуль — мусіць, ніхто аб ім і не ведаў. І, дачуўшыся, што ў панскім палацы грыміць вяселле, пайшоў ён, няшчасны мужык, да шчаслівага пана, нібы той Лазар да багацея — папрасіць ратунку... Спадзяваўся ён, што пан у гэты радасны вечар не захоча, каб бедны брат яго стагнаў, скрыўджаны, ды плакаў. Ён спадзяваўся, што пан злітуецца над яго нядоляй — прыйшоў і ціха, пакорна выцягнуў сваю руку.

Але вяльможны пан не даў яму ратунку, не пацешыў беднага; вяльможны пан выштурхнуў яго за вароты — на мароз, на голад, на смерць... І стаіць ён тут, гэты бедны мужык, каля палацу панскага, і дрыжыць, скасцянелы ў марозным снезе, а з вачэй яго старыкоўскіх па маршчыністым твары цякуць горкія слёзы, слёзы вялікай крыўды, слёзы страшнай скаргі-пракляцця...

А мароз усё крапчэе — холад пякельны сціскае беднага прамёрзшага Лазара, люты сівер ледзяністымі нажамі рэжа яго хворае цела... А слёзы цякуць з бліскаючых апошнім светам вачэй...

Яшчэ хвіліна, другая, яшчэ адзін пацалунак марозу, адзін подмух сіверу — і, упаўшы на калені пад панскім палацам, бядак забудзецца пра свае мукі ў вялікім, непрабудным сне, яшчэ хвіліна — і канец, усяму канец: і беднаце, горкай, цяжкай долі, і тым пякучым слязам...

Апускаецца ён усё ніжэй... ціха... Ужо не варушыцца... І толькі музыка ў панскім палацы грыміць яшчэ мацней у начной цішыні...

Што гэта?! Дзе ён?

Так цёпла, так добра. Мо гэта ён у раі? Разглядваецца навокал і бачыць, што сядзіць ён на лаве ў простай мужыцкай хаце; на стале перад ім стаіць вада, хлеб ды страва... Нейкі бедны вясковы чалавек, знайшоўшы яго, нежывога, пад варотамі панскага палацу, падняў ды прынёс да сваёй курнай хаты... Адагрэў ды накарміў брата свайго чым меў, адымаючы нават ад сябе...

І той бедны, аджыўшы чалавек павёў другі раз радасным вокам па хаце свайго збавіцеля. Глянуў на яго беднасць і на яго сэрца, успомніў палац пана і сэрца яго і ўвесь здрыгануўся. Зноў глянуў на шчыры твар свайго брата-мужыка і заплакаў ціхімі, цёплымі слязамі...

Але гэта не былі ўжо тыя страшныя слёзы — слёзы гора, пракляцця... Гэта былі добрыя слёзы, слёзы радасці, шчасця, ясныя слёзы...