Перайсці да зместу

Слуцкія песьняры (1926)/П. Шукайла/Песьня жаўра

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Думкі асеньнія Песьня жаўра
Верш
Аўтар: Паўлюк Шукайла
1926 год
Думкі аб бацькаўшчыне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ ЖАЎРА

О, як многа крыўды,
О, як мала слоў!

(Ул. Дубоўка „Апошняя песьня“)

Была вясна
маладая, —
раньняя вясна.
Песьціў вецер
кветкі подыхам, —
мілавала іх
сонца рука…

Ўсё жыло
жыцьцём вясновым.
Убіраўся ў зелень дол,
і шапталі
ў сініх далях
песьні клёны:
— Эх,
каб вышай
у абшар,
далей!

Мог-бы там
пазнаць жыцьцё, —
вясну сьпяваць,
сьпяваць званчэй
і ўсё ляцець
вышэй
вышэй…

Так жаўра гонкі
марыў,
Але, што гэта?
Груган
нырнуў з-за хмары…

Забілася моцна
сэрца у жаўра:
ляцець
ці не?
Імкнулі думкі роем…
І ў трывозе
ён рашыў:
ўладаць жыцьцём
удвох мы можам…
Напрамак —
ўвысь
бліжэй
да сонца…

І сэрца білася
так моцна,
моцна…
Зусім ня тое
ў думках
у гругана.
Ён кіпці
распусьціў,
крыві жадаў, —
агнём
вочы засьвяцілі,
сьціснуў
сталі-крыльлі…
.......
І куляй зьнік у шыры.
........
........


∗     ∗

І сьпяваў жаўра,
калі
кіпці ахапілі:
— З вясною,
мілы сябра,
паляцім
да сонца
на вяршыны.
Разам
падвойчым
пры палёце
сілы
і крыльлем
схопім
небасхіл
ды сіні…
......
......
І зьвівела песьня
па-над кручай, —
але штось пякуча
сэрца апаліла.
Гэта адважнага жаўра
глюга груганова
сьмерцю ахапіла…
........
........
Круцяцца
ў паветры
яго брацьця жаўры.
— Браточкі,
ратуйце! —
Бяз моцы
прасьпяваў ён.

І чулася
песьня
радзімых жаўраў:
— Зачым высока
ты нёсься?..

І сабраўшы жаўра
апошнюю натугу,
паюнацку рвануўся
з-пад чорнага груга…

Пярынкі ў ветры…
Крыві мала…
Усё ў ранах,
але сілы дала
воля жаўру.

Да сонца
нясецца йзноў.
Крыльлі песьня
разьвязала:
„О, як многа крыўды,
о, як мала слоў“,
сэрца жаўра напявала.

23/XII 1925 г.
Слуцак.