МАЕ ДУМКІ — ТО ЖЫЦЬЦЯ ШАПТАНЬНЕ
Мае думкі — то жыцьця шаптаньне,
мае песьні — то сэрца біцьцё, —
тоны песьцяцца ласкай, каханьнем,
іх мэлёдыя — сьвежасьць палёў.
Мяне вёска сьпяваць навучыла,
мне пясьнярскую душу дала,
і распальвала кроў маіх жылаў:
песьня вольная гмаху сяла.
Праца гарт мне дала свой сталёвы,
палажыла пячаць мазаля,
і пуцінаю ясна-ружовай
шлях адзначыла ў далі жыцьця.
Пот, што гаркасьцю еўся у вочы,
што сьцякаў па сьпіне ручаём,
маю песьню купаў, каламуціў,
бурных думак у ёй перагон.
А маланкі агнёвым блісканьнем,
пяруны стралянінай сваёй,
і шалёных віхур завываньне
мне натхненьня дарылі — агонь.
Сэрца молатам білася ў грудзях,
і маланкі красаліся з воч.
Стаць хацелася волатам-бурай,
пракалоць з краю ў край цемру-ноч…
Аганёк на начлезе дрыгучы,
зор скляпеньне у высі нябёс,
поплаў траўкаю сьвежай, пахучай
маю песьцілі ліру, мой сон.
Эх-жа ты, хараство, маёй вёскі!
Табе песьню сваю я пяю.
Хай зьвініць карагод адгалоскаў, —
яны ўзяты з тваіх-жа сяліб.
|