Перайсці да зместу

Скрыпты шавініста

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Скрыпты шавініста
эсэ
Аўтар: Алесь Гарун
1918
Крыніца: «Беларускі Шлях», 1918

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





І

Адкуль знянацку ўзялося ў бальшавікоў гэтакае міралюбства? Цэнтральны выкан(аўчы)камітэт «советов» у Петраградзе значнай большасцю прыймае мірны дагавор з Германіяй, «савет народных камісараў» праз камісара нацыянальных справаў аб'яўляе аб запыненні непрыязні між народамі (?) Расіі і Украіны, зноў жа «Смольняне» падпісалі трактат з рэвалюцыйным урадам Фінляндзіі, на моцы якога абавязаліся ачысціць Фінляндзію ад свайго войска (а значыць і «чырвонай» арміі?); - што гэта значыць?

Зрабіўся буржуем «таварыш» Крыленка? Ці ўзнёсся жывым у рай «нарком» чырвонай арміі Дыбенка? Ці пачырванелі ў Фінляндзіі белагвардзейцы? Ці можа сацыялізіравалі, раздзялілі ўсім па кавалачку: Грушэўскі -- свой розум, Віннічэнка — артызм і паношаную, але яшчэ добрую марынарку, «буржуазная украінская Рада», у якой засядала каля 700 буржуяў з украінскіх с.-р. і с.-д., — сваю «буржуазнасць»?

Ой не! Жывець «пралетарый» Крыленка, ходзіць па зямлі «нарком» Дыбенка, бялеюць фінскія гвардзейцы, трымаюць пры сабе сваю буржуазнасць украінскія с.-р. і с.-д. Дык адкуль жа цуд гэты з бальшавікамі? І якраз пасля таго, як дэмагогі адабралі ў гогаў Новачаркаск?

А для цуду патрэбна было, каб з'явіліся з заходу і ўсходу мільёны анёлаў згоды і прапісалі бальшавіком артыкулы правілаў жыцця «павэдлуг Боскага і людскіх законаў».

Часамі скажаш, як тое агароднае пужала ў Выспянскага «Wesel’ю»: «меў ты, хаме, волі рог!»

II

«Мы жылі палавінным жыццём, трымаліся ў дзеяльнасці палавічных спосабаў і мелі сярод сябе агромны лік поў-палякаў». Час поў-жыцця, поў-спосабаў прамінуў. Цяпер трэба «ясна думаць, горача пачуваць, у паступках быць пэўным і няўломным». Для гэтага трэба мець свядомасць, хто ты і што. Звычайна на запытанне «хто ты?» «на крэсах нашых не многія адказвалі ясна і коратка: Я паляк!» Замест такога адказу, каторы сам сабою з'яўляецца цэлай праграмай працы ў гэтым краю, шмат хто абазначаў сябе нічога не значучым імем «тутэйшага». «Другія, дастаўшы з сямейных архіваў беларускія дакументы, тлумачыліся, што з роду яны беларусы, а культуру маюць польскую». У перажываны момант «мусім пералічыць свае рады.., ведаць, хто з нас і колькі з нас стане да шчырай, польскай, блізкай сабе працы». «А поў-палякі няхай скінуць маскі і адступяць ад святой справы».

Гэта — з артыкула п. М. Даманскай у №46 «Дзенніка Мінскага».

* * *

Якія добрыя, праўдзівыя, патрыятычныя мыслі! Каб замест слоў «паляк, палякі» падставіць «беларус, беларусы», то можна было б з'архітэктанізаваць пекны артыкул на балючую беларускую тэму.

Сапраўды нам трэба, каб усе гэтыя палавічнікі яшчэ раз пераглядзелі свае старыя «беларускія дакументы», метрыкі і фармуляры і хоць адзін раз у сваём жыцці шчыра і адкрыта сказалі, кім яны ёсць. Уласных, кроўных сваіх «спагадачоў» толькі нам цяпер не трэба. «Хай... адступяць ад святой справы» і, найлепей, едуць аздабляць сабою варшаўскія і маскоўскія, — залежна ад культуры — брукі.

«Баба з калёс — каню лягчэй».

III

Часамі дзіву дасіся, чалавек: адкуль такія спрытныя людзі бяруцца?

У добрай кумпаніі ён табе анекдотамі як з торбы сыпе, цікавымі апавяданнямі і вясёлымі жартачкамі нікому занудзіцца не дасць; у новага павятовага начальніка праз дзень сваім чалавекам робіцца — і частуе пана начальніка свежай цыгарай, і памагае выбіраць пані начальнічцы матар'ял на сукню, і падкідае на руках Мішанькуі Валодзеньку, і робіць строгую нагану кухарцы за перасмажаных курчатаў.

На хрэсьбінах, імянінах, вяселлях, хаўтурах — паўсюдах ён. З усімі ён знаёмы, і ўсе яго ведаюць, прыймаюць і любяць, як учцівага і патрэбнага чалавека.

І нікога не дзівіць, калі ў тэстамэнце хцівай, любіўшай катоў і мопсаў больш за сіротаў-унучак старой квотніцы яму акажуцца запісанымі дзесяць тысячаў, ці калі шчаслівым уладаром спорнага кавалка мясцовага грунту, за які 50 гадоў ішлі суды паміж месцам і сіроцкім судом, акажацца ён жа, хаця б імя яго ні разу не ўспаміналася ў працягу даўгалетняй спрэчкі.

Нават не прыгадаеш, што з такога чалавека спадзявацца можна.

Праўда, часамі абываталь бачыць, як да ляжачага ў нечыяй шкатуле золата працягваецца пекная, ценкая, з залатымі пярсцёнкамі на артыстычных доўгіх пальцах, з брыллянтовай спінкай у белым манкеце, адцянёная рукавом сурдута з чыстага ангельскага сукна, таемная, вісячая ў паветры рука.

Працягваецца асцярожна, скрадаючыся, здаецца, аглядуючыся навокал і пры найменшай трывозе хаваючыся сярод белага дня няма ведама гдзе.

І хаця здаецца абываталю, што ён ведае гэтую руку, бачыў гэтыя пальцы картуючымі калоду для вячэрняга сямейнага прэферансіка, але прамільгнуўшая візыя нічога не застаўляе ў памяці, і стасункі да спрытнага чалавека астаюцца найлепшымі.

Ён усё і ўсюдых гэты шчаслівец і з усяго скарыстае!

На такія, крыху нават зайздросныя мыслі можа навясці кавалачак з хронікі аднэй з тутэйшых газетаў. У ім чорным па беламу надрукована, што на прапазіцыю, зробленую ад Менскага пачтова-тэлеграфнага начальства польскаму прадстаўніцтву, каб вярнуць толькі частку (?) сумы (а не малая ж сума: 8½ мільёна грашмі і 14 мільёнаў працэнтнымі паперамі!), узятай польскімі легіянерамі з почты, пасля уцечкі бальшавікоў, начальнік пачтова-тэлеграфнага округу атрымаў ад польскага прадстаўніцтва такі адказ:

«Прэтэнзіі начальніка округу прыняты пад увагу і будуць разгледжаны Польскім Урадам пры рэгуліраванню ўзаемных стасункаў Урадаў Польскага і Рускага».

Якое аднашэнне Польскі Урад мае да менскіх грошы?

Хто калі мог падумаць, што грошы з почты у «Minsku Litewskim» павінны папасць у скарбонку да «ржонду Варшавскего»?

— Спрыт! Праўдзівы спрыт! І глаўнае, што тую здрадніцкую тутэйшую руку, якая паспяшыла выхапіць з шкатулы тугэйшыя грошы і перадаць іх чужому, Польскаму Ураду, ніхто не злавіў..

Дыі лавіць няма каму, бо праўдзівы гаспадар, выгнаны бальшавікамі, яшчэ не вярнуўся.

Эх,гора, гора!

IV

«...Пані Калантай! выйшла ў адстаўку, пакінуўшы пост камісара апекі...» «Кажуць, што гэта знаходзіцца ў звязку з арэштам яе мужа, быўшага камісара Дыбенка...»

«Ульянава назначаецца замясціцелем камісара прасветы ў Маскоўскім округу». «Кандыдаткай на пост, займаны п. Калантай, займець жонка Леніна».

Калі да гэтых свежых газетных вестак дадаць яшчэ, што жонка «главковерха» — Крыленка — п. Крыленчыха была главковыдаўцам нябожчыцы «Акопнай праўды», у якую спрытна закопывала сотні тысяч «керанскіх і царскіх», то прыходзіш да высноўку, што бальшавіцкая ўлада з натуры сваёй мае матрыманіяльны характар. Усе пары: Крыленка — Крыленчыха, Ульянаў — Ульянчыха, Дыбенка — Дыбенчыха-Калантай...

Яно і выгадней, праўда, але для каго?..

* * *

«Абласны камітэт партыі с.-р., не раздзяляючы палітыкі беларускіх арганізацыяў у пытанні аб незалежнасці Беларусі, адазваў сваіх прадстаўнікоў... п. п. Макрэева, Злобіна і Белкінда...» — Таксама з газетаў — мінскіх.

Цікавы я ведаць, дзе знаходзіцца гэты «областной комнтет». Бальшавікі, таксама не згодныя з палітыкай беларусаў, зрабілі свой «Комитет Северо-западной области» ў Смаленску, адкуль «областью» мае правіць «таварыш» Вашкевіч. А «область» «т.т.» Мокресева, Злобина н Белкинда — дзе яна? Калі ўсё яшчэ ў Мінску, дык вялікая шкода, што яе не адазваў адгэтуль цэнтральны камітэт куды-небудзь у Маскву, Петраград, Разань...

Там для «области» будзе шырокае поле для працы —- уся разваліваючаяся Расія — а тут... Беларусь будуецца! — «Стеснительно!»

Тым болей, што лона ўсіх гэтых обласцяў — земсаюз — ліквідуецца.

«Мінчанін Янко Лапацон...»- (Мінская газ.).

Нішто сабе прозвішча для беларуса... Зграбна!

V

Мінская «Минская мысль» шчыра ўзялася за адукацыю Рады і Сакратарыяту. Паміж абвесткамі аб аперэце «Шалунья» і апошнімі весткамі з тэатру вайны раз-у-раз з'яўляюцца артыкулы, у якіх розныя «мэтры» планава выкладаюць думкі па дзяржаўнаму праву і міжнароднай палітыцы спецыяльна для ўжытку «собирателей земли белорусской». Што ж, адукацыя — рэч вялікая і па праўдзе для некаторых патрэбная.

Але нас цікавіць інтарэс, дзеля якога так стараюцца паны з «М.М.» І аказуецца, што старанне ідзець аб тым, каб стварыць на далей дружную супольную працу Рады і земскіх і гарадскіх самаўправаў, прадстаўнікі каторых на сваёй нарадзе ў прошлую пятніцу пастанавілі, бачыце, «запрапанаваць Радзе пераглядзець пытанне аб незалежнасці Беларусі»і пастанавілі арганізаваць «Областной Союз земств и городов Белоруссии». Бо гэтыя прадстаўнікі ж — ёсць «прадстаўнікі тутэйшых жаданняў, надзеяў, патрэб і інтарэсаў», з чым «не можа не лічыцца Рада».

Шчыра спагадаючы незалежнасці Беларусі, паны «мэтры» радзяць Радзе як найхутчэй прызнаць за сваёй граматай аб незалежнасці «значэнне толькі дэкларатыўнага акту, выясняючага пазіцыю Рады ў гэтым пытанні, і павіннага быць разгледжаным і ўхваленым Усебеларускім Устаноўчым Соймам».

Вось у гэтым жа ўвесь і інтарэс, у незалежнасці.

І не столькі ў незалежнасці Беларусі наогул, як незалежнасці ад Расіі. Бо іначай не рабілі б яны поруч з разумнымі ўвагамі такіх неразумных прапазіцыяў, як апошняя. Бо іначай успомнілі б яны, што той акт аб незалежнасці Украіны, які прачытаў праф. М. Грушэўскі ў Малой Радзе (а не на Устаноўчым Сойме п. п. прафесары), чытаўся тагды, калі ўкраінскія бальшавіцкія франтавікі разам з вялікарускімі таварышамі з усіх бакоў рушылі на Кіеў, меў таксама не больш, як дэкларатыўнае, фактычна, значэнне, пакуль яго не прызналі цэнтральныя дзяржавы. І не дрыжэлі б так «за Беларусь» і не пужалі бы Раду абласным «Союзом земств и городов». Сучасныя «земствы» і «гарады»на Беларусі — вялікія майстры закладаць усякія «саюзы» і прымаць рэзалюцыі. На што другое то можа не, а гэта яны могуць. Мікалаеўска-Ленінскія ўрады і Мураўёўскае «брацтва» падзялілі нас гэтымі «дзеячамі» не толькі на «земствы» і «гарады», але нават на беларускія культурныя арганізацыі.

Гэта ведама нам, панове беларускія Шульгіны!.

VI

Палякі - народ раскіданы.

Думаеце па «тром заборам» толькі?

Не, па ўсім свеце.

Гэта імперыялісты «ад Бога».

Польская думка сягала некалі далёка за Маскву, польскі дух гатоў быў па-брацку «абняць за шыю» нават «схызматыка» — «маскаля».

Дзе б ні завяліся тры палякі — пад суровым паўночным Сібірскім небам ці ў дабродарнай Паўднёвай Амерыцы — пачынаецца «польске жыце», адчыняецца «Nowa Polonia».

Прытакой раскіданасці сваёй тэрытарыяльнай хцівасці палякі дзіўна злучаны ў спосабах, якімі дасягаюць сваёй «гістарычнай ід’і».

«Лончносць польска» — дзіўнае з'явішча ў натуры.

Сіла, ласка, прыгрозы, угаворы, лёсткі, абгавор-ашуканства — усё гэта робіцца ў розных куткох зямлі рознымі людзьмі, у розных варунках, у розных пасольствах, але так зручна, але так інстынктыўна — трапна і складна, што мімаволі, грэбуючы ёю, гідзячыся, пачынаеш паважаць гэтую «Lacznosc».

Даўно «апрацаванае» ў польска-«ojczystym» духу ўкраінскае і беларускае панства, імпартаваныя з «Крулевства» (на) «kresy wschodnie» ойчулькі — адкрытыя, у парахвіях — і падпольныя, з брацтва Язусавага — вянчаюць цяпер польскім, радаміі школьнымі пацержамі на «крэсах» працу апошніх 15-20 гадоў, працу «палюбоўнага» раздзелу беларускага, украінскага, літоўскага «хлопства» на «істных» палякаў і вялікарасійцаў.

Супрацоўнікі Пабеданосцава і Сталыпіна (з другога боку, разумеецца) у ўтрыманні ў цемнаце духоўнай гэтага «хлопства», цяпер карыстаючы яго рэлігійнымі перакананнямі, фэброўна прабіваюцца локцямі на свет па-за абрубы сваёй маленькай і цесненькай, але хцівай бацькаўшчыны.

Гэта тут — на «крэсах», у Украіне, на Беларусі, уЛітве.

А тамака — перад светам «лончносць» выяўляецца другім сваім бокам.

У цэнтральных пунктах нейтральных дзяржаваў сядзяць польскія мінезінгеры народовай дэмократыі, якія пяюць песні ў славу нябеска пекных вочак кааліцыі і ўбаляваюць над нявернасцю літвінаў, украінцаў, беларусаў і іншых нявольных коаліянтаў, каторыя цяпер шукаюць апекі ў Нямеччыне.

У Варшаве актывістычны Урад тым часам гатуецца к будаванню дзяржавы з «неабходным пашырэннем на ўсходзе».

А ў Берліне, памагаючы чым можа палітыцы пашырэння, дэпутат Тромпчынскі ў Глаўнай Камісіі Рэйхстагу ўсоўвае палкі ў калёсы ўкраінскай справы, заяўляючы, што сярод украінцаў 80% няграматных, а па-ўкраінску няграматных 99%, і гэткаму народу ці можа быць дана незалежнасць?

— «Чым хвалішся, Юдзе?»

Мыневедаем яшчэ, ці разглядалася ў Глаўнай Камісііі справа беларуская, але пэўны, што калі разглядалася, то п.п. Тромпчынскія стараліся на ёй не менш, як над украінскай справай.

Бо «лончносць польска» гэтага вымагае.

VII

2 чэрвеня...

Менск...

Захараўская...

«Orzel... «Оrzеl»... «Оrzеl»...

Адзін... другі... трэці... дзесяты... дваццаты!

Маўляў, стая каршуноў носяцца над галавой пабожнага люду абскубаныя польскія арлы.

Трапечуць крыллямі на парушаных ветрам пратэсах...

Хцівым, жэрлівым вокам выглядаюць сабе ахвяры.

У вокнах і на балконах, на вытыканых рукамі працавітай беларускай «хлопкі» кабялцох, дзе над абразом Маткі Божай і Збавіцеля, дзе пад імі сядзяць зноў тыя самыя, падобныя да мокрай, абскубанай вароны нахабныя, хціваокія польскія арлы.

— Што гэта?

— Дэманстрацыя?

— Маніфестацыя? — Чаго?

— Для каго? Проціў каго?

— Не, гэта рэлігійная працэсія...

— Пераробленая палякамі ў польскую маніфестацыю.

Гэта абходсвята Цела Божага, замучанага людской няпраўдаю і адданага на пашарпанне капцюрамі драпежніка.

Гэта падмена рэлігіі на палітыку.

Гэта маральны гвалт над нацыянальным пачуццём беларускага народу, учынены праз ашуканства, праз выкарыстанне яго рэлігійнасці...

Гэта блюзнерства над рэлігіяй.

Гэта нічым не вытлумачаны недагляд духавенства, каторае ў Дом Божы пушчае махляроў, выгнаных адтуль ужо адзін раз Тым, чыё Цела вышаў з дому ўрачыстым паходам святочна ўчціць беларускі каталіцкі люд.

А. Навадворскі