З Рабіндраната Тагора (1926)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
*** Скажы мне, мой любы, ці праўда ўсё гэта:
Верш
Аўтар: Рабіндранат Тагор
Пераклад: Якуб Колас


Скажы мне, мой любы, ці праўда ўсё гэта:
Калі мае вочы — узлёты зарніц,
Тады тваё сэрца — адсвет бліскавіц,
Душа-ж у грымотныя хмары адзета?

Ці праўда, што соладкі вусны мае,
Як лісцік разгорнуты краскі тае,
Што чарамі вёсен цвіце маё цела,
Што песняй, як арфай, зазвоніць зямля,

Як толкі нага па ёй ступіць мая?
Ды то не мана, што і ночка нясмела
Мне ў радасці плача бліскучай расой,
Што я аздабляю і золак сабой?

Ці праўда, што толькі адну мяне ў свеце
Шукала каханне тваё, дарагі,
Блукаючы доўга па свеце тугі,
Каб сэрца сугучнасць пачуць, запрыкмеціць?

Калі-ж тваё сэрца мяне напаткала,
То радасць, бязмернае шчасце пазнала.
І слодыч пачуў ты у словах маіх,
У гутарках ціхіх, вачох маіх чорных,

І кудрах дзявочых маіх непакорных,
І ў мне адбіваецца кожны твой міг,
І вечнаю тайнасцю я ўся адзета.
Скажы ж мне, мой любы, ці праўда ўсё гэта?


1926