Свядомасці горач мацней алкаголю…
Свядомасці горач мацней алкаголю… Верш Аўтар: Уладзімір Жылка 1927 Крыніца: http://library.by/portalus/modules/belpoetry/readme.php?subaction=showfull&id=1096123292&archive=&start_from=&ucat=13& |
* * *
Сьвядомасьці горач мацней алкаголю,
Ўжо чарка распутала дзікую волю,
Ўжо мэрам бурштыны у чарцы налітай,
Няякавасьць гіне, і гора пазбыта.
Свабодны — і згадкі няма аб стрыманьні
Бяссорамней рухі, крыклівей жаданьні,
І штосьці язык недарэчнае плешча, —
Чужая ж кватэра і куплены пешчы.
І хочаш апошнія сьцерці румянцы,
Часьцей і няпэўней схіляешся к шклянцы.
А памяць, зьнібеючай горычы поўна,
Заўважвае ўсенька, халодна й пунктоўна, —
І рух мой найменшы, і кожнае слова,
І голас сяброўкі мае прыпадковай,
І гэту бяздушнасьць на згамтаных тварах,
І холад абоймаў разьлічана-скнарых,
І наша ганебнае ложка супроці,
Як скрыню грахоў, уздыхаўшых па цноце.
І сэрца заныла сьмяротнаю ранай,
І крыкнуў я, крыкнуў у роспачы п’янай:
— Паслухай! Я слухаў аб дужым і мужным,
Я чуў аб цвярозым і думна-натужным,
І песні былі з незабыўнай адною,
Што песьняй ўладала і доляй маёю.
Паслухай! Дык як жа? Дык як жа, калішні…
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Спыніла каротка — ты выпіў залішне!
Пад чаркай усе вы героі ды палкі!
— Падай мне, вунь там — цыгарэты й запалкі.
(1927)