Перайсці да зместу

Руслан і Людміла (апошняя рэдакцыя)/Песня трэцяя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песня другая Руслан і Людміла (апошняя рэдакцыя)
Паэмы
Аўтар: Аляксандр Пушкін
1820
Арыгінальная назва: Руслан и Людмила
Пераклад: Андрэй Александровіч
Песня чацвёртая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Песня трэцяя


Дарэмна ў ценю ты таіўся
Для мірных, блізкіх мне людзей,
Мой верш! О, ты не засланіўся
Ад гнеўных зайздрасці вачэй.
І ёй ў паслугу ўсё не змоўкне
Мой злосны крытык, што спытаў:
Нашто Русланаву сяброўку,
Як бы ў насмешку мужу, зноўку
Княжной і дзеваю назваў?
Ты бачыш, мой чытач спаважны,
Тут злосці чорная пячаць!
Скажы, Заіл, скажы, прадажны,
Ну як і што мне адказаць?
Зачырванеўся, бог з табою!
Цяпер спрачацца не хачу;
Я не крывіў сваёй душою,
І я пакорліва маўчу.
Ўсё зразумееш ты, Клімена,
Апусціш томна погляд свой,
Ахвяра сумнага Гімена…
Я бачу: след слязы тваёй
На маім вершы, сэрцу чулым;
Пачырванела, позірк згас,
І моўчкі цяжка уздыхнула!
Раўнівец: бойся, блізка час;
Амур з Зласлівасцю нядаўна
Ўступілі ў смелы дагавор,
Для галавы тваёй бясслаўнай
Падрыхтаваны мсцівы ўбор.

Сцюдзёна раніца заззяла
На цемені паўночных гор;
А ў дзіўным замку ўсё маўчала.
Стаіўшы крыўду, Чарнамор
Без шапкі лёг, адпачывае.
На ложку злосна пазяхае.
Ля барады яго аддана
Рабы снаваліся, яны
Маўкліва грэбнем касцяным
Яе расчэсвалі старанна;
На вусы доўгія між тым
Густым струменем залатым
Ліліся Ўсходу араматы,
І кудры хітрыя віліся;
Як раптам, скуль тут не вазьміся,
Ў акно ўлятае змей крылаты;
Грыміць жалезнаю луской,
У кольцы быстрыя сагнуўся
І тут Наінай абярнуўся
Ён перад здзіўленай гурбой.
«Цябе вітаю я, — сказала, —
Здаўна, сабрат шаноўны мой!
Дасюль я Чарнамора знала
Адною гутаркай людской;
Цябе таемны лёс злучае
Цяпер з варожасцю маёй;
Табе няшчасце пагражае,
Навісла хмара над табой;
Пачуцці крыўдныя мае
Да помсты клічуць нецярпліва».

Руку ёй карла падае,
Ды хітра так, ды так лісліва,
І кажа: «Дзіўная Наіна!
Тваё сяброўства берагу.
Зняславім мы каварства Фіна;
Яго падкопы я змагу:
Слабых заўжды мы пераможам;
Пазнай ты лёс цудоўны мой:
Сваёй выдатнай барадой,
Глядзі, я нездарма ўпрыгожан.
Пакуль мне валасоў сівых
Не адсякуць мячом варожым,
Ніводзін з віцязяў ліхіх,
Ніхто з смяротных не зніштожыць
Найменшых замыслаў маіх;
Маёю будзе век Людміла,
Руслан асуджаны на скон!»
І змрочна ведзьма паўтарыла:
«Загіне ён! загіне ён!»
І потым тройчы прашыпела,
І тройчы тупнула нагой,
І чорным змеем паляцела.

Вядзьмар у рызе залатой,
Старой натхнёны чараўніцай,
Павесялеў, рашыўся зноў
Да ног панесці маладзіцы
Пакорнасць, вусы і любоў.
Прыбраўся карлік барадаты
І зноў ідзе ў яе палаты;
Мінуў даўгі пакояў рад.
Княжны няма. Падаўся ў сад.
Прайшоў ля агароджы сада,
Ля возера і вадаспада,
І дзе ён толькі ні шукаў ­
Княжны няма, і след прапаў!
Хто выкажа яго здзіўленне,
Разгубленасць і абурэнне?
Са злосці дня не бачыць ён.
Пачуўся карлы дзікі стогн:
«Сюды, нявольнікі, бяжыце!
Вы — носьбіты маіх надзей!
Людмілу зараз прывядзіце!
Шукайце, чуеце? Хутчэй!
А не — жартуеце са мною —
Ўсіх задаўлю вас барадою!»

Чытач, ці расказаць табе,
Куды красуня запрапала?
Ўсю ноч яна кляла ў журбе
Свой горкі лёс і — рагатала.
Было ёй страшна барады,
Ды карлу знала дасканальна,
Ён смешны быў, а ўжо заўжды
І смех і жах несумяшчальны.
Насустрач золаку уміг
Пасцель пакінула Людміла,
Пагляд міжвольна свой спыніла
На люстрах чыстых, дарагіх;
Міжвольна кудры залатыя
З лілейных плеч яна ўзняла,
І валасы свае густыя
Рукой нядбайна запляла;
Свае ўчарашнія уборы
Выпадкам у кутку знайшла
І, апрануўшы іх, ад гора
Паціху плакаць пачала;
Аднак жа з люстранога шкла
Вачэй не зводзіла, і скора
На розум дзеўчыне прыйшло
Паспрабаваць, што б ні было,
Прымераць шапку Чарнамора.
Скрозь ціха, спіць яшчэ народ;
Ніхто на дзеўчыну не гляне…
А дзеўчыне ў семнаццаць год
Якая шапка не прыстане!
Прыхарашыцца самы час!
Людміла шапкаю вярцела;
Круціла так і сяк, якраз
Наадварот яна надзела.
І што ж? о цуда дзён былых!
У люстры дзеўчына прапала;
Перавярнула шапку — ўміг
Людміла зноў у люстры ззяла;
Назад надзела — зноў няма;
Зняла — і ў люстры! «О, як дзіўна!
Вядзьмар, палохаеш дарма!
Цяпер твая не страшна хціўнасць;
Цяпер з тваіх я выйду крат!»
Княжна ад шчасця чырванее,
І шапку злога ліхадзея
Адзела перадам назад.

Давайце ўспомнім, дзе ж герой?
Бо ці не сорам нам займацца
Так доўга шапкай, барадой,
Пра лёс Руслана забывацца?
Бой люты скончыўшы з Рагдаем,
Праехаў вечныя бары;
Прад ім прасторы выплываюць
У бляску ранішняй зары.
Дрыжыць наш віцязь мімаволі:
Даўнейшай бітвы бачыць поле.
Пустая далеч; у кустах
Жаўцеюць косці; па буграх
Раскінуты калчаны, латы;
Шчыты, пакрытыя іржой;
Тут меч ляжыць; аброс травой
Там шлем пасечаны калматы,
І чэрап парахнее ў ім;
І волата касцяк там цэлы
Ляжыць у полі тым нямым
З яго канём; кап’ё і стрэлы
Прабілі дрэваў карані,
І мірны плюшч іх абвівае…
Нішто маўклівай цішыні
Ў пустыні тут не парушае,
І сонца з яснай вышыні
Даліну смерці асвятляе.

Ўздыхнуўшы, князь наўкол сябе
Дзівіцца сумнымі вачамі.
«О поле, поле, хто цябе
Усеяў мёртвымі касцямі?
Чый быстры конь цябе таптаў
Ў апошні час крывавай бітвы?
Хто тут са славаю сканаў?
Чые тут чуліся малітвы?
Навошта, поле, змоўкла ты
І парасло палын-травою?
Часоў ад вечнай цемнаты
Навісне цень і нада мною!
Магчыма, ў полі тым нямым
Паставяць ціхі прах Русланаў,
І струны зычныя Баянаў
Не будуць гаварыць аб ім!»

Ды хутка ўспомніў віцязь мой,
Што меч спатрэбіцца герою
І нават панцыр; а герой
Ў апошняй бітве абяззброен.
Абходзіць поле ён наўкруг;
Сярод касцей параскіданых,
У кучах тлеючых кальчуг,
Мячэй і шлемаў паламаных
Сабе шукае зброю ён.
Прачнуўся гул і шыр нямая,
Узняўся ў полі трэск і звон;
Ён шчыт іржавы падымае,
Знайшоў і шлем, і звонкі рог;
Адно мяча знайсці не мог.
Даліну бітвы аб’язджае,
Мячэй знаходзіць многа ён,
Ды кожны лёгкі, нетрывалы,
А князь з прыроды быў не вялы,
Не то, што віцязь нашых дзён.
Каб чым заняцца ад дакукі,
Кап’ё стальное ўзяў у рукі,
Надзеў кальчугу ён як след,
І зноў далей падаўся ў свет.

Ужо знікаў закат румяны,
Над стэпам слаўся змрок густы;
Дымяцца сінія туманы,
Ўзыходзіць месяц залаты;
Сцямнела. Сцежкаю выгарнай
Ў задуме едзе наш Руслан
І бачыць: праз начны туман
Чарнее ўзгорак велізарны,
І нешта страшнае хрыпіць.
Ён падбіраецца да ўзвышша
І чуе: ўзвышша быццам дыша.
Руслан прыслухаўся, глядзіць,
Адважна, са спакойным духам;
Ды, стрыгучы трывожна вухам,
Конь упіраецца, дрыжыць,
Трасе упартай галавою,
І грыва ўздыблена гарою.
Узгорак раптам яснатою
Ад промняў месяца заззяў;
Князь на страмёнах аж прыўстаў ­
Ён цуда бачыць прад сабою.
У стэпе змрочным і глухім
Жывая галава прад ім.
Вялізны вочы сном абняты;
Храпе, хістае шлем пярнаты,
І пер’і ў цёмнай сіняве,
Як цені, ўюцца, ходзяць жвава.
Ў сваім жахлівым харастве
Над стэпам змрочным, як праява,
Яна ўздымаецца, маўчыць,
Пустыні вартаўнік адданы,
І перад віцязем стаіць
Гарою грознай і туманнай.
І у здзіўленні хоча ён
Парушыць таямнічы сон.
Аглядваючы гэта дзіва,
Аб’ехаў галаву кругом
І перад носам стаў маўкліва;
Ласкоча ноздры ён кап’ём,
І галава тут пазяхнула,
Адкрыла вочы і чыхнула…
Віхор падняўся з грозным гулам,
Узвіўся пыл; з павек, з вусоў
З брывей зляцела сотня соў;
І абудзіўся лес маўклівы,
Чыхнула водгулле — імклівы
Конь заіржаў і заскакаў,
Ледзь яго віцязь утрымаў,
І ўслед раздаўся голас шумны:
«Куды ты, віцязь неразумны?
Хутчэй назад, не жарты, ну!
Нахабніка я праглыну!»
Руслан з пагардай азірнуўся,
Стрымаў каня у старане
І з гордым выглядам ўсміхнуўся.
«Чаго ты хочаш ад мяне? —
Тут галава як закрычала. —
Вось госця доля мне паслала!
Паслухай, прэч хутчэй ідзі!
Я спаць хачу, ўжо ноч, глядзі,
Бывай!» Ды віцязь наш славуты,
Пачуўшы грубасць, не стрываў
І з важнасцю ускрыкнуў лютай:
«Маўчы, пустая галава!
Што ж, чуў я ісціну бывала:
Хоць шырак лоб — мазгоў жа мала!
Я еду, еду, не свішчу,
А як наеду, не спушчу!»

Тады, ад злосці анямеўшы
І ярасцю успалымнеўшы,
Надзьмулася яна; з вачэй
Паліўся гнеў крывавым жарам;
І хлынула раптоўна пара
З дрыжачых вуснаў і вушэй ­
Тут галава, што сіл хапала,
Дзьмуць так насустрач князю стала,
Што конь спалоханы дрыжыць,
Заплюшчыў вочы і пужліва
Праз цемень ночы, шквал бурлівы
У шлях няпэўны зноў бяжыць;
Нібы сляпы, спавіты страхам,
Увесь знясілены ён жахам,
Імчыцца ўдаль, каб адпачыць.
Ды зноў вярнуцца віцязь хоча —
Адбіты зноў, надзей няма!
А галава услед сама
Як звар’яцелая, рагоча,
Грыміць: «Ай, віцязь! ай, герой!
Куды ты? цішай, цішай, стой!
Гэй, віцязь, шыю зломіш дарам;
Ці, можа, страх цябе праняў?
Парадуй хоць адным ударам,
Пакуль каня не змардаваў».
І паміж тым яна героя
Дражніла страшным языком.
Руслан у сэрцы прыкрасць стоіў,
Маўкліва грозіць ён кап’ём,
Трасе яго рукой свабоднай,
І раптам ён булат халодны
Ткнуў у гарэзлівы язык.
І кроў з раз’юшанага зева
Ракою палілася ўміг.
І ад здзіўлення, болю, гневу,
У момант шал згубіўшы свой,
На князя галава глядзела,
Жалеза грызла і бляднела.
Вось так здараецца парой,
Спыняючыся сярод сцэны,
Няўдалы вучань Мельпамены,
Раптоўным свістам збіты ўраз;
Людзей не бачыць доўгі час,
Бляднее, ролю забывае,
З апушчанаю галавой
Ён заікаецца, змаўкае
Перад насмешлівай гурбой.
Застыла галава ў здранцвенні,
І князь, не трацячы імгнення,
Ляціць, як ястраб, да яе
З узнятай, грознаю рукою,
І рукавіцаю цяжкою
Ён па шчацэ з размаху б’е;
І поле ўдарам прагрымела;
Кругом расістая трава
Крывавай пенай заблішчэла,
І, задрыжэўшы, галава
Перавярнулася, зляцела;
Чыгунны шлем загрукацеў.
Тады на месцы апусцелым
Меч волатаўскі заблішчэў.
Руслан, узрадаваны, смела
Яго схапіў і к галаве
Па акрываўленай траве
Бяжыць з намерам паквітацца,
Паадсякаць ёй вушы, нос;
Ужо гатоў Руслан змагацца,
Ўжо меч над галавой занёс —
Ды раптам у здзіўленні ён
Пачуў яе самотны стогн…
І ціха меч ён апускае,
Ў ім гнеў суровы замірае,
І помста свой спыніла лёт
Ў душы, пакоранай маленнем:
Так на даліне тае лёд,
Сагрэты сонечным праменнем.

«Ты правучыў мяне, герой, —
Ўздыхнуўшы, галава сказала, —
Твая рука мне даказала,
Што вінен я перад табой;
Цяпер вось я табе паслушны;
Ды, віцязь, будзь вялікадушны!
Мой лёс — ён варты спачування,
Героем быў і я ў змаганні!
У грозных бітвах супастата
Сабе я роўнага не знаў;
Шчаслівы быў, каб не спаткаў
Сапернікам свайго я брата!
Каварства злога Чарнамора
Жахлівых бед маіх віной!
Сям’і няшчаснай нашай гора,
Ад роду карла, з барадой;
Мой дзіўны рост ад юных дзён
Не мог ён бачыць без пакуты,
Ў душы сваёй за гэта ён
Мяне стаў ненавідзець люта.

Я быў заўсёды крышку простым,
Ну, а мой брат наадварот —
Хаця і вельмі куцы ростам,
Злы і разумны, нібы чорт.
Прытым жа, знай, к маёй бядзе
Ў яго цудоўнай барадзе
Таіцца сіла незямная,
Ён ўсім на свеце пагарджае
І — покуль ходзіць з барадой —
Не будзе знацца ён з бядой.
Вось неяк ён нібы па дружбе,
«Паслухай, — хітра мне сказаў, —
Ад важнай не адмоўся службы:
Я ў чорных кнігах адшукаў,
Што за усходнімі гарамі,
На ціхіх морскіх берагах,
У склепе скрыта, пад замкамі
Схаваны меч — і што ж? О страх!
Пазнаў я ў цемры чараўнічай,
Што воляй лёсаў таямнічых
Той меч вядомы будзе нам;
Абодвух ён пагубіць нас;
Я страчу бараду, зараз
Ты галаву; мяркуй жа сам,
Як важна мець нам для збавення
Злых духаў дзіўнае стварэнне!» —
«Ну, што ж? Не трэба лішніх слоў, —
Сказаў я карле, — я гатоў;
Хоць на край света йду з табою».
І на плячо сасну ўзваліў,
А для парады на другое
Ліхога брата пасадзіў;
Пусціўся ў дальнюю дарогу,
Ішоў, ішоў і, дзякуй богу,
Прароцтву нібыта назло,
Спачатку добра ўсё ішло.
За невядомымі гарамі
Знайшлі той склеп, як ён казаў,
Я раскапаў яго рукамі
І таямнічы меч дастаў.
Ды не! Так доля захацела:
Між намі сварка закіпела —
Было аб чым, было чаму —
Мячом валодаць тым каму.
Я не ўступаў, ён хваляваўся;
Спрачаліся, і пад канец
Прыманку выдумаў хітрэц,
Заціх, як быццам мне ён здаўся.
«Пакінем спрэчку ў старане, —
Сказаў паважна карла мне, —
Мы гэтым наш саюз зняважым,
Ці ў нас не будзе больш сустрэч?
Хай доля вырашыць і скажа,
Каму належыць гэты меч,
Прыложым вуха да зямліцы
(Што не прыдумае лісіца!),
І хто пачуе першы звон,
Ў таго хай меч і серабрыцца».
Сказаў і на зямлю лёг ён.
Я зману гэтаму паддаўся;
Ляжу, а звону не чуваць.
Я думаў карлу ашукаць,
Ды сам сурова ашукаўся!
Цішком пракляты ліхадзей
Прыўстаў і да мяне хутчэй,
Падкраўся ззаду, размахнуўся;
Як бура, свіснуў востры меч,
Раней, чым я тут азірнуўся,
Ўжо галава зляцела з плеч —
І невядомая ў ёй сіла
Адразу дух жыцця спыніла.
Касцяк мой цернямі аброс;
Ў краіне дальняй і нязнанай.
Сатлеў мой прах непахаваны;
Ды хцівы карла перанёс
Мяне у гэты край туманны,
Дзе вечна я аберагаў
Той меч, што ты сягоння ўзяў.
З табою, віцязь, лёс героя,
Вазьмі ты меч, і бог з табою!
Мажліва, на сваіх шляхах
Ты чарадзея напаткаеш,
Ах, толькі ты яго пазнаеш, —
Адпомсці, знішчы зло і жах!
І я тады шчаслівы буду,
Спакойна век дакончу свой —
І, ўдзячны шчыраю душой,
Навекі твой удар забуду».