Перайсці да зместу

Руслан і Людміла (апошняя рэдакцыя)/Песня пятая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песня чацвёртая Руслан і Людміла (апошняя рэдакцыя)
Паэмы
Аўтар: Аляксандр Пушкін
1820
Арыгінальная назва: Руслан и Людмила
Пераклад: Андрэй Александровіч
Песня шостая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Песня пятая


Якая мілая княжна!
Яе натуру паважаю:
Яна чуллівая здаўна,
Пра мужа думка ў ёй адна;
Крыху свавольная… Бывае!
Тым цікавейшая яна.
Заўсёды прыгажосцю новай
Умее нас зачараваць;
Скажыце: можна параўнаць
Яе з Дэльфіраю суровай?
Адной — паслала доля дар
Пагляд і сэрца зачароўваць;
Яе усмешка і размова
Навейваюць кахання жар.
А тая — нібыта гусар,
Вусоў і шпор ёй не хапае!
Шчасліў, каго пад вечарок
У зачарованы куток
Людміла слаўная чакае,
І назаве: «Друг мілы мой».
Але не менш шчаслівы й той,
Хто ад Дэльфіры уцякае
І нават не знаёмы з ёй.
Ды справай зоймемся сваёй.
Трубіў жа хто! Хто чарадзея
На сечу грозную пазваў?
Хто ведзьмара перапужаў?
Руслан. Ён помстай палымнее,
Дасяг ён замка ліхадзея.
Ужо ён пад гарой стаіць,
Рог, нібы бура, завывае,
І нецярплівы конь кіпіць,
Снег моцным капытом капае.
Чакае карлу князь. Ды вось
Па шлему ўдарыў па стальному
Нябачнаю рукою хтось;
І быў удар падобен грому;
Руслан зірнуў у высь-прастор
І ўбачыў ён — над галавою
З узнятай страшнай булавою
Круціўся карла Чарнамор.
Шчытом прыкрыўся ён, нагнуўся,
Мячом патрос і замахнуўся;
Ды той пад хмары ўзвіўся ўміг,
На момант знік — з вышыняў тых
На князя зноў ляціць ён з жахам.
Наш віцязь хутка адляцеў,
І нечакана ў снег з размаху
Вядзьмар упаў — ды там і сеў;
Руслан — з каня далоў, без страху
Яго за бараду хапае,
Вядзьмар жа тужыцца, пыхціць
І ўміг з Русланам узлятае…
Ў трывозе конь услед глядзіць;
Ужо вядзьмар па-над палямі;
На барадзе герой вісіць;
Лятуць над змрочнымі лясамі,
Лятуць над дзікімі гарамі,
Лятуць над прорваю марской;
Руслан нямее ад натугі,
Але ж за бараду зладзюгі
Як след трымаецца рукой.
Вось ведзьмара слабеюць рухі,
Ён сілай рускаю здзіўлён;
І ўрэшце гордаму Руслану:
«Паслухай, князь, — гаворыць ён, —
Табе я шкодзіць перастану;
Тваю я мужнасць прызнаю,
Дарую крыўду ўсю сваю,
Спушчуся — толькі з угаворам…» —
«Маўчы, закляты вораг мой! —
Сказаў наш віцязь. — З Чарнаморам,
За кпіны з жонкі дарагой,
Руслан не знае дагавора!
Мой грозны меч адпомсціць скора.
Ляці да зорак, хоць куды,
А быць табе без барады!»
Страх забірае Чарнамора;
У злосці, ў горасці нямой
Дарэмна доўгай барадой
Стамлёны карла устрасае;
Руслан яе не выпускае
І шчыпле валасы парой.
Два дні вядзьмар героя носіць,
На трэці літасці ён просіць:
«О злітуйся, князь, нада мной;
Я дыхаць не магу ўжо болей;
Пакінь жыццё, ў тваёй я волі;
Куды цябе спусціць, скажы?..» —
«Цяпер ты наш, цяпер дрыжы!
Скарыся грознай рускай сіле!
Нясі мяне к маёй Людміле».

Заціх, скарыўся Чарнамор;
Дамоў ён з віцязем крануўся;
Ляціць — і мігам апынуўся
Сярод сваіх жахлівых гор.
Тады Руслан адной рукою
Ўзяў меч славутай галавы,
Схапіўшы бараду другою,
Адсек яе, як пук травы.
«Знай нашых! — ён сказаў сурова, —
Ну як, драпежнік, без красы?
Без сілы?» І на шлем сталёвы
Сівыя вяжа валасы.
І кліча ён каня ліхога;
Вясёлы конь стралой прымчаў;
Наш віцязь карлу ледзь жывога
У торбу за сядло паклаў.
Каб часу не прайшло багата,
Бяжыць наверх гары крутой,
Дасяг і з радаснай душой
Мчыць у чароўныя палаты.
Шлём запрыкмеціўшы калматы,
Знак перамогі удалой,
Прад ім арапаў дзіўны рой,
Гурты нявольніц баязлівых,
Як прывіды з усіх старон,
Бягуць — хаваюцца. А ён
Сваю княжну шукае мкліва,
Гукае голасна яе, —
Ды рэха тых палат маўклівых
Руслану голае падае;
Усхваляваны, нецярпліва
Ён адчыняе дзверы ў сад —
Ідзе, ідзе — і не знаходзіць;
Навокал позіркам абводзіць —
Ані душы сярод прысад,
Ў альтанках пуста; на вяршынах,
Каля крыніцы, у далінах
Няма Людмілы — знік і след.
Нічога вуха не ўспрымае,
Ўміг князя холад абдымае,
Ў вачах яго цямнее свет,
Трывожна думкі набягаюць:
«Палон… няволя… хто там знае…
Быць можа… хвалі… роспач… жах!»
З нямой пакутлівай журбою
Панікнуў віцязь галавою;
Яго гняце міжвольны страх;
Стаіць, нібы акамянелы;
Слабее розум памутнелы;
Атрута роспачнай любві
Ужо цячэ ў яго крыві.
Здалося — цень княжны любімай
Крануўся вуснаў маладых…
І раптам, жудасны, нястрымны,
Пабег ён па садах густых;
Людмілу гучна заклікае,
І скалы з гор крутых скідае,
Знішчае ўсё сваім мячом,
Пад корань лес густы ссякае;
Масты у пене хваль ныраюць,
Стэп агаляецца кругом!
Далёка гулы адбіваюць
І рык, і трэск, і шум, і гром;
Меч люта свішча па абшарах,
Край апустошаным ляжыць —
Шукае люты князь ахвяры,
Ад нецярплівасці дрыжыць,
Мячом паветра рассякае…
І раптам — нечаканы ўдар
З княжны нябачнай ён збівае
Апошні Чарнамора дар…
У момант знікла чараў сіла:
Прад ім адкрылася Людміла!
Паверыць ён вачам не мог;
Узрушан шчасцем нечаканым,
Наш віцязь падае да ног
Сяброўкі любай і адданай,
Цалуе рукі, сеці рве,
Лье слёзы, мілую заве,
Але яна спіць моцным сном,
Вачэй і губ не раскрывае,
І мары палкасным агнём
Ёй грудзі лёгка падымаюць.
З яе не зводзіць воч сваіх,
Не знае ад тугі спачыну…
І раптам кліч у гэты міг
Пачуў ён дабрадзея Фіна:

«Мужайся, князь! Ў зваротны шлях
Збірайся з соннаю Людмілай;
Напоўні сэрца новай сілай,
Каханню жыць у новых днях.
Гром гулкі ў небе адгукнецца,
І запануе ціш адна —
І ў светлым Кіеве княжна
Прад Уладзімірам прачнецца
Ад зачарованага сна».

Пачуўшы з радасцю такое,
Ў абдымкі ён бярэ княжну,
І з гэтай ношай дарагою
Уніз ідзе гарой крутою, —
Не траціць хвілю ні адну.

Маўкліва, з карлай за спіной,
Дарогай едзе ён сваёй;
Ў яго руках ляжыць Людміла,
Прыгожая, нібы вясна,
Асілку на плячо яна
Свой твар даверліва схіліла.
У кольцы звіты валасы,
Спакойна ветрык іх калыша;
Як часта грудзі яе дышуць!
Аблічча, поўнае красы,
Імгненна ружаю палае!
І летуценні і любоў
Русланаў вобраз нараджаюць,
І вусны шапатліва зноў
Імя Руслана вымаўляюць.
У забыцці ўсё ловіць ён
Яе чароўнае дыханне,
Усмешку, слёзы, ціхі стогн,
Грудзей Людмілы хваляванне…

Між тым, па долах, па гарах,
І ў белы дзень, і па начах
Наш віцязь едзе, змардаваны.
Яшчэ далёк рубеж жаданы,
А дзева спіць. Але аднак
Няўжо стамлёны князь-юнак,
Пакутнік вечны, беззаганна
Людмілу толькі вартаваў,
Няўжо стрымаў ён парыванні,
Узлёт няскромнага жадання,
І ў гэтым шчасце адчуваў?
Манах, каторы захаваў
Патомству вернае паданне
Аб слаўным віцязі маім,
Запэўнівае нас у тым:
І веру я! Няма без згоды
Прыемнай, любай асалоды:
Ўдваіх мы шчасныя заўжды.
Пастушкі, сон княжны прыгожай
Не схожы быў на вашы сны,
Парой тужлівае вясны,
Ў цяньку пад дрэвамі. Мурожны
Маленькі помню я лужок
Сярод бярозавага гаю,
Я помню цёмны вечарок,
І сон я Ліды памятаю…
Ах, першы пацалунак мой,
Пяшчотны, лёгкі, трапятлівы,
Не разагнаў хвілінай той
Дрымоты дзеўчыны цярплівай…
Ды хопіць казак жартаўлівых!
Нашто ўспаміны пра каханне?
Яе уцеха, гараванне
Забыты мною з даўніх пор;
Цікавіць больш апавяданне,
Княжна, Руслан і Чарнамор.

Прад імі сцелецца раўніна,
Дзе зрэдку стрэнецца сасна;
І грозны выгляд кургана
Чарнее круглаю вяршыняй
У яркай неба сіняве.
Руслан глядзіць — і здагадаўся,
Што пад’язджае к галаве;
Хутчэй імклівы конь памчаўся;
Ўжо блізка цуда; у прастор
Яно глядзіць застылым вокам;
А валасы, як чорны бор,
Парослы на ілбе высокім;
Жыцця ланітам нестае —
Свінцовай бледнасцю пакрыты,
І вусны страшныя адкрыты,
І зубы сціснуты ў яе…
Над амярцвелай галавою
Ужо апошні дзень згасаў,
Тут віцязь да яе прымчаў
З Людмілай, з карлай за спіною.
«Дзень добры, галава! — крычыць. —
Я тут! Твой здраднік пакараны!
Зірні: вось ён, вядзьмар паганы!»
І словы гэтыя — глядзіць —
Яе раптоўна ажывілі.
На міг пачуцці разбудзілі,
Ачнулася, нібы ад сна,
Зірнула, страшна застагнала…
Пазнала віцязя яна
І брата з жудасцю пазнала.
Надзьмула ноздры; на шчаках
Агонь барвовы нарадзіўся,
І ў паміраючых вачах
Апошні гнеў яе адбіўся.
Ў шаленстве ўзрушаным, нямым
Яна зубамі скрыгатала,
Халодным языком сваім
Дакоры брату мармытала…
Ужо яе ў той самы час
Навек пакута пакідала:
Агонь чала імгненны гас,
Слабела цяжкае дыханне,
Ў вачах прамень апошні знік,
І хутка князь і чараўнік
Страшное ўбачылі скананне…
Яна заснула вечным сном.
Маўкліва віцязь аддаліўся;
Дрыжачы карлік за сядлом
Не смеў дыхнуць, не варушыўся,
Чароўнай моваю цішком
Старанна дэманам маліўся.

На схіле цёмных берагоў
Якойсьці рэчкі ціхацечнай,
Ў прахладнай змрочнасці лясоў
Стаяла хата між адвечных
Высокіх сосен і дубоў.
Павольнаплынная рака
Прытулак ціхі рыбака
Санлівай хваляй амывала
І ледзьве чутна булькатала
Пры лёгкім шуме вецярка.
Ляжала цёмная даліна
У гэтых хмурыстых мясцінах;
Здавалася, там цішыня
З пачатку свету панавала.
Руслан спыніў свайго каня.
Было ўсё ціха, глуш маўчала;
Ад расцвітаючага дня
Даліна з саматлівым гаем
Ірдзела праз світання дым.
Руслан з сядла княжну здымае,
Садзіцца ля яе, ўздыхае
З салодкім смуткам і нямым;
І раптам бачыць прад сабою
Ён парус ў веях вецярка,
І чуе песню рыбака
Над ціхабруйнаю ракою.
Па хвалях невад раскідаў
І веславаў рыбак няспынна,
Да берага ён падплываў,
Да ўласнай згорбленай хаціны.
І бачыць добры князь Руслан:
Спакойна човен прыплывае;
А з цёмнай хаты выбягае
Насустрач дзева; стройны стан,
Каса распушчана нядбала,
Усмешка ціхая вачэй, —
Усё ў ёй проста чаравала;
Нічога не знайсці мілей!
Рыбак абняў сваю дзяўчыну.
Садзяцца там, дзе хваля б’е,
І час шчаслівага спачыну
Для іх з любоўю настае.
Але ў здзіўлёнасці маўклівай
Каго ж у рыбаку шчаслівым
Наш юны віцязь пазнае?
Хазарскі хан, абраны славай,
Ў каханні і ў вайне крывавай
Яго сапернік малады,
Ратмір, пра славу і Людмілу
Забыўся ў гушчары глухім
І здрадзіў ён навекі ім
Ў абдымках жонкі сваёй мілай.

Герой наблізіўся, і ўміг
Пустэльнік пазнае Руслана,
Ўстае, ляціць. Раздаўся крык…
І абдымае віцязь хана.
«Што бачу я? — спытаў герой, —
Чаму ты тут, чаму пакінуў
Трывогі долі баявой,
І меч, што ты ўслаўляў няспынна?» —
«Мой друг, — пачуу ён у адказ, —
Калі за славай у змаганні
Ганяўся я, мінуў той час.
Дай веры: дружнае гулянне,
Дубровы мірныя, каханне
Мілей за ўсё — у сотню раз —
Цяпер, згубіўшы прагу бою,
Не рызыкую галавою,
Здаволен верным шчасцем, брат.
Пра ўсё забыўся я, друг мілы,
І нават пра красу Людмілы». —
«Шаноўны хан, я вельмі рад! —
Сказаў Руслан, — яна са мною». —
«Ці праўда? Доляю якою?
Што чую? Руская княжна…
Яна з табою, дзе ж яна?
Дазволь… ды не, баюся здрады, —
Яна мне сэрца ўскалыхне;
Сяброўка мілая ў мяне,
Я падзяляю з ёю радасць.
Яна — жыццё мне, шчасце, слава!
Яна вярнула мне ізноў
Юнацтва згубленае нават,
І мір, і чыстую любоў.
Дарэмна шчасце абяцалі
Усмешкі вуснаў маладых;
Дванаццаць дзеў мяне кахалі:
Я для яе пакінуў іх;
Вясёлы церам іх пакінуў,
У пушчы з любаю зажыў;
Свой цяжкі меч і шлем закінуў
І славу й ворагаў забыў.
Пустэльнік мірны і нязнаны,
Застаўся ў ветлівай глушы,
З табой, друг мілы, друг адданы,
З табой, святло маёй душы!»

Пастушка мілая стаяла,
Лавіла гук размовы іх,
І ветлівых вачэй сваіх
На момант з хана не спускала.

Рыбак і князь на берагах
Да цёмнай ночы прасядзелі
З сяброўскай шчырасцю ў вачах —
Хвіліны хуткія ляцелі.
Чарнее лес, маўчыць гара;
Ўзыходзіць месяц — ціха стала;
Герою ўжо ў паход пара —
Напяўшы ціха пакрывала
На дзеву спячую, Руслан
Ідзе і на каня садзіцца;
Задумліва маўклівы хан
Душой услед яму імчыцца,
Руслану шчасця, перамог,
Кахання, славы ён жадае…
І ўзлёты юных дум, трывог
Міжвольным смуткам ажыўляе…

Чаму ж бы долі не паслаць,
Каб мог на ліры ў захапленні
Адно геройства я ўслаўляць
І з ім (якіх цяпер не стрэнеш)
Любові, дружбы даўні след?
Я, горкай ісціны паэт,
Чаму павінен для патомства
Злосць і заганы агаляць
І змрок падкопаў вераломства
Ў праўдзівых песнях выкрываць?

Фарлаф, Людмілы недастойны,
Які ўжо славы не шукаў,
Каго б ніхто і не пазнаў,
Ў пустыні дальняй і спакойнай
Сядзеў, Наіну ўсё чакаў.
І урачысты час настаў.
Прыйшла вядзьмарка і сказала:
«Ці знаеш ты мяне, герой?
Сядлай каня, ідзі за мной!»
І ведзьма кошкай раптам стала;
Конь пад сядлом, яна памчала;
Між змрочных дрэў па сцежках ён
За ёю скача наўздагон.

Даліна дрэмле, заціхае,
Ў начны адзетая туман,
Паціху месяц праплывае
Між хмар імглістых і курган
Халодным бляскам асвятляе.
Маўкліва перад ім Руслан
Сядзеў з звычайнаю журбою
Перад любімаю княжною.
Цяжкую думу думаў ён,
Ляцелі мары чарадою,
І непрыкметна веяў сон
Над ім халоднымі крыламі.
На дзеву смутнымі вачамі
Ў дрымоце ціхай ён зірнуў
І стомленаю галавою
Схіліўся да яе, заснуў.

І сніцца вешчы сон герою:
Ён бачыць, быццам бы княжна
Над страшнай прорвай, глыбінёю,
Стаіць у сполаху яна…
І ўміг Людміла прападае,
Адзін стаіць над прорвай ён…
Знаёмы кліч, прызыўны стогн
Ад жонкі любай далятае…
Руслан імчыцца ўслед за ёй;
Кулём ляціць у цьме глыбокай…
І раптам бачыць прад сабой:
Ўладзімір, ў цераме высокім.
Між блізкіх ветлівых людзей,
І між дванаццаццю сынамі,
З гурбой запрошаных гасцей
Сядзіць за поўнымі сталамі.
Князь ганарліва гнеў нясе,
Як і ў хвіліны расставання.
Сядзяць, маўчаць зацята ўсе,
Ніхто не абарве маўчання.
Заціх вясёлы шум гасцей,
Не ходзіць чаша кругавая…
І бачыць ён сярод гасцей
Ў баі забітага Рагдая:
Забіты, як жывы, сядзіць;
Ён прагна з пеністага збана
Вясёлы п’е і не глядзіць
На задзіўлёнага Руслана.
Князь бачыць маладога хана,
Сяброў і ворагаў… Тут ён
Раптоўна чуе гусляў звон
І голас вешчага Баяна,
Забаў, герояў песняра.
Фарлаф у церам тут заходзіць,
Людмілу за руку прыводзіць;
Сум не кідаў гаспадара,
Маўчыць ён, галаву схіляе,
Маўчыць князёў бліскучы рад,
Пачуцці ў душы хаваюць.
І знікла ўсё — санлівы чад
І холад князя абдымаюць.
Ў дрымоце цяжкай доўга ён
Лье слёзы жалю і пакуты,
Ён адчувае: гэта сон!
Але, праявай злой закуты,
Прачнуцца ўсё ж не ў сілах ён.

Ледзь месяц свеціць над гарою,
Гаі спавіты цемнатою,
Даліна ў мёртвай цішыні…
І здраднік едзе на кані.

Прад ім раскрылася паляна;
Ён бачыць хмурысты курган;
Ля ног Людмілы спіць Руслан,
І ходзіць конь вакол кургана.
Фарлаф спалохана глядзіць;
Ў тумане ведзьма прападае,
Замёрла сэрца ў ім, дрыжыць,
З рукі ён повад выпускае,
Крадзецца ціха, нібы звер,
Гатовы віцязя без бою
Рассекчы папалам цяпер…
Пад’ехаў блізка. Конь героя,
Пачуўшы ворага, ўскіпеў
І заіржаў. Але дарэмна!
Руслан не чуе, сон страшэнны
Заслонай па-над ім вісеў!..
Натхнёны ведзьмаю старою,
Тут здраднік подлаю рукою
Ўваткнуў герою ў грудзі сталь…
І мчыцца баязліва ўдаль
З сваёй здабычай дарагою.

Ўсю ноч без памяці Руслан
Ляжаў у змроку пад гарою.
Гадзіны беглі. Кроў ракою
Цякла з яго глыбокіх ран.
І толькі заўтра раніцою
Адплюшчыў крыху вочы ён,
Прыўзняўся, выдаў слабы стогн,
Зірнуў, схіліўшы галаву, —
І ўпаў без памяці ў траву.