Перайсці да зместу

Родныя зьявы (1914)/Бунт

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Адгукнуўся Бунт
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1914 год
Малады дубок
Іншыя публікацыі гэтага твора: Бунт (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Бунт.


I.

Нешта трывожнае і потаённае рабілася ў вёсцы. Мужыкі зьбіраліся ў кучкі, спорылі меш сабою і талкавалі. Як толькі паяўляўся старшына ў гэту кучку, яны змоўкалі, або пачыналі гаварыць аб чым небудзь другім.

Вечэрамі мужыкі зьбіраліся ў крайнюю хату дзеда Юркі. Гэта быў самы стары чэлавек у вёсцы, яе жывая кніжка. Дзед нікому не баяўся сказаць у вочы праўду; на усіх, навэт на земскаго начальніка казаў ён „ты“. Раз на судзе у валасным праўленьні земскі сказаў на дзеда, як дзед рэзнуў яму адну праўду:

— Гэта цябе не касаецца, стары бацук!

Гневам заблішчэлі старые вочы дзеда:

— А што, брат: не так баліць, як сьмярдзіць?

І памаўчаўшы, дабавіў з гневам, глянуўшы на вусы земскаго:

— Ой, падла, хрушч, жабіны начовачкі! — Плюнуў дзед і вышаў с канцылярыі.

Сабраўшыся ў хаці вось гэтаго Юркі і закурыўшы люлькі, мужыкі садзіліся каля стала, над каторым смутна блішчэла лямпа. Дзед сядзеў на лаўцы каля печы. У пячурцы лежаў яго капшук с тутуном і крэсіва. Вакруг дзеда круціліся ўнукі. Неколькі мінут у хаце панавала цішыня. Толькі дым ад люлек звісаў пад стольлю, хрыпеў часам чый-небудзь цыбук ды стукаў хто люлькаю аб кіпець, выбіваў з яе попел.

Гутарка йшла аб зямлі, аб цяперашнім уціску народу.

Сцёпка Ляўшун у гэтых справах быў самы дук ў ваўсім сяле. Гарою стаяў ён проці крыўды обчэства і на сходах быў першы праціўнік начальства. Ня любілі яго ні пісар, ні старшына. Нават сам земскі наводзіў часта спраўкі у старшыны пра Сцёпку Ляўшуна. Адным словам, гэта быў чэлавек „падазрыцельны“. І поп не раз казаў:

— Да, Ляўшын врэдны чэлавек. Ды і народ з яго ласкі стаў не такі, як быў раней: нядобрае ён нешта замышляе; пазірае ваўком і гаварыць с табою ня хочэ. Трэба пазіраць за ім.

— А вот у мяне ёсць свежы лісток, казаў той самы Сцёпка сабраўшымся мужыком і даставаў з-за пазухі праклямацію.

Мужыкі цесным кружком садзіліся каля Сцепана. Лямпу зьнімалі на стол і ставілі яе ў гаршчок. Лісток чыталі доўга. Многа было ў ім непанятнаго для мужыкоў. Былі там такіе словы, каторые яны ніколі ня чулі.

— А праўда! — казалі мужыкі, як лісток дачытываўся ўвесь: у нашай, напрыклад, воласьці шэсць обчэств, а каб памерыць нашу зямлю, то у нас яе будзе пэўне меней, як у дварэ:

— Меней! — смеяўся Сцепан: у нас усяго 3 тысячы маргоў, а у пана — 27 тысячаў! Гэта я добра ведаю.

— От ты і шукай праўды.

— Шукай — найдзеш!..

Далей мужыкі гаварылі аб тым, як цяпер трудна ім стала жыць; што дваровае поле, як падкова, акружылі іх благіе палеткі і што нема як і кроку ступіць, каб не папасьці ў панскіе лапы.

— Эгэ! — круціў стары Юрка сівою галавой, — а я, нябогі, ешчэ сам, як быў маладым хлопцам, пасьвіў быдла пад Дубамі. А ў затоках, што цяпер арэндуе старшына і царкоўны стараста, ўсё сяло лавіла рыбу. А рыбы, рыбы было!..

І дзед не раз гаварыў пра зямлю пад Дубамі, пра заплавы на рэчцы, каторые калісь-то належалі да мужыкоў.

Мужыкі слухалі, і злосьцю і зайздрасьцю гарэлі іх вочы.

II.

— На начлег сюды мы езьдзілі, — гаварыў стары Юрка, ходзячы раз у сьвята з мужыкамі па полю, — каней тут пасьвілі. Пад гэтымі старымі дубамі агонь калісь-то клалі. І дзед прыглядаўся на зямлю, якбы шукаў даўнейшаго вогнішча, каб патцьвярдзіла яно яго праўду. Але не было ніякаго знаку: пяцьдзесят панскіх ніў выраслі ўжо на гэтым полі.

— Сьмех і песьні хлопцаў і дзеўчат будзілі некалі ночны спакой гэтых палёў. Увесь кавалак аж да Сярэдніх Дарог засевалі нашы мужыкі… — даканчываў дзед сваю мову.

Мужыкі хадзілі с хмурнымі тварамі і мерылі шырокімі крокамі поле, каторае належала цяпер да двара. Яны астанаўляліся, радзіліся, шукалі спосаб вярнуць назад сваю зямліцу.

— А вы вось шчэ пахадзілі-б па полі, — сьмеяўся з іх дзед: можэ што і вы́хадзілі бы.

— А што-ж ты кажэш рабіць? — пыталіся мужыкі.

— Мне ня трэба зямлі. Я, брат, — у вырай скора; досі тапталі мае ногі сырую зямлю. Вунь гдзе мая земля! — і стары Юрка паказаў рукою на могілкі с трухлявымі крыжамі, што сіратамі стаялі ў полі, як і самі могілкі, абкопаные невысокім пешчаным валом.

Раз, ужо ў позную восень, грамада мужыкоў прываліла ў школу. Сцепана выбралі дэпутатам і атправілі яго да вучыцеля.

— Пане вучыцель, — пачаў Сцепан, прышоўшы на кватэру вучыцеля: мы маем да вас просьбу. Ніколі вы нам кепскаго не рабілі і кажыце нам адну толькі праўду. Напішыце вы нам пэтыцію (прашэньне) да пана. Самі мы малаграматные, а прасіць, апроч вас, німа каго: поп запужае нас пеклам, пісар — казакамі.

І Сцёпка расказаў, ў чым іх просьба.

— Вось паглядзіце на плян, калі не праўду мы гаворым.

Сцёпка, дастаў с-пад кажуха бляшаную качалку, ў каторай быў плян і ўсякіе дакумэнты.

— Праўда: па пляну — земля ваша, — сказаў вучыцель, — толькі, браце, ня ведаю, ці паможэ вам гэта пэтыція. Гэта выйдзе ні больш і ні меньш, як стрэляньне варэным гарохам у цэгляную сьцяну. А вы с панам нічога, не гаварылі аб гэтым?

— Як не гаварылі? гаварылі. Першы раз нам сказалі, што пана німа ў хаці, другі раз пан сказаў, каб прышлі іншым разам; а трэйці раз як прышлі, пан накрычаў, нашумеў — не баяўся: казакаў было повен двор — і, паказаўшы сваю панскую спіну, ён схаваўся ў пакоях. Вось і ўся наша гутарка с панам.

— Ну, то добра. Я напішу вам; прыходзьце вечарам — патпішыцеся.

— Дзякуем вам, пане вучыцель!

У вечар, як рой пчолаў, гудзелі мужыкі ў школі. Яны прышлі ўсім сялом паслухаць, што напісаў вучыцель, і патпісаць пэтыцію. Вось, коратка, гэта пэтыція:

„Вам (пану) павінна быць ведама, што робіцца цяпер у Расеі. Ліецца кроў, гараць панскіе палацы… Людзям німа куды дзевацца, німа чаго есьці, і яны пашлі адбіраць ад паноў тое, што паны адабралі ад іх. Мы ня хочэм грабіць і паліць, каб чужою крывёй і слязьмі купіць сабе шчасьце; ня хочэм браць чужога, а трэбуем ад вас таго, што вы ўсякімі канцылярскімі кручкамі адабралі ад нас: 1) вярнуць назад зямлю ў вурочышчы Дубы, каторая, як значыцца на пляні, належыць да нас; 2) вярнуць права карыстаць з рэчкі: лавіць рыбу, зьбіраць чарот і т. д.

Чэкаем скораго і пэўнаго атказу…“

— Добра напісана! — хвалілі мужыкі. І мазалістые рукі з вялікім трудом пісалі фаміліі сваіх уладзельцаў. Крывые потпісы мужыкоў занялі ўвесь ліст паперы.

— Як пазволіць пан лавіць рыбу, дык тагды панічу будзе рыбы, колькі паніч захочэ! — казалі мужыкі вучыцелю.

III.

Прачытаўшы пэтыцію, пан не дрэмаў. На тройцы каней панёсся ён у вуездны горад П. проста да маршалка. Ўсё начальства паднялося на ногі. Паклікалі паліц-мэйстра, спраўніка, земскаго начальніка, прыстава, казацкаго афіцэра. На гэтым ваенным савеці-радзе нашлі, што мужыкі бунтуюцца. Казацкі афіцэр навёў спраўкі, колькі ў вёсцы мужыкоў. Расчытаўшы, што адзін казак „у пяць мінут можэ забіць дваццаць пяць мужыкоў“, ён сказаў, што для „усмірэння“ мужыкоў досыць будзе дваццаці казакаў. Спраўнік паслаў у вёску выведаць, хто пісаў пэтыцію.

Нічога аб гэтым ня ведалі мужыкі і ўсё чэкалі ад пана атказу. А як пан атказу не пасылаў, то мужыкі, ўважаючы, што закон яны споўнілі, сабраліся ізноў і напісалі прыгавор лавіць рыбу ў тых затоках, каторые па пляну належалі да іх. Узваліўшы на сані невад, чалавек дванаццаць мужыкоў пад камандаю Леўшуна паехалі на рыбу. Як на грэх, лоў быў шчасьлівы. Пападаліся найбольш ліны і шчупакі… За высокім сухім чаротам нічога не бачылі рыбакі. Толькі што яны выбралі рыбу з апошняй тоні, бачуць — лятуць на іх казакі ў высокіх касматых шапках. У бедных „бунтароў“ і люлькі павыпадалі з зубоў на лёд, адна нават укінулася ў палонку.

— Кладзі невад на сані! — крыкнуў адзін казак.

Пакорна споўнілі мужыкі гэта прыказаньне, худая кабылка цягнула мокры невад і цэбар з рыбаю, а мужыкі, апусьціўшы галовы, ішлі за возам, падганяные казацкімі нагайкамі.

Бедных мужыкоў вялі церэз сяло. Дзеці галасілі на ўсю вуліцу; бабы прычытывалі, як па нябошчыках. На другіх санях, на абапал каторых ехалі конна казакі, сядзеў вучыцель. На ім было халоднае пальто і летняя шапка.

— Вось і рыбы налавілі, і на санях, як губэрнатары, пад ахранай павозімся, жартаваў вучыцель, каб разьвесяліць кампанію, а сам такі бледны, і горэ сьвяцілася у кожнай яго жылцы…

...............

...............

...............