Родная мова
Родная мова Публіцыстыка Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1914 Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 6, 7 лютаго 1914 г., б. 1 |
Родная мова.
Кожны народ гаворыць аб дабрэ і зле сваей мовай, і гэта яго право; бо мова—гэта плод географічных і гістарычных варункоў народу, яго звычаёў і абычаёў.
І болей: мова кожнага асобнага народа—гэта сумма перэжываньнёў, сумма душ яго жывых і даўно адыйшоўшых у вечнасць пакаленьнёў.
Родная мова—гэта мільёны жывых клетачак мозгу, унасьледаваных чэлавекам ад папярэдзіўшых яго пакаленьнёў, мільёны перажэваньнёў красы, дабра і зла, згукоў і форм; нешчысьлёнае багацьця душы, каторае аткрываецца толькі пад дотыкам тых самых згукоў, каторые нарадзілісь у душах далёкіх пакаленьнёў.
Родная мова—гэта музыка душы, каторай Навышні Стварыцель адарыў чэлавека, гэта натуральны фундамэнт на каторым чэлавек павінен будаваць дом сваей сілы духоўнай, свайго розуму, пачуцьця дабра і зла, справядлівасьці і крыўды, красы і брыдзі.
І горэ таму, хто паднімае руку проці законоў напісаных у кнізе Жывата, рукою Стварыцеля.
Падобен ён да таго неразумнаго чэлавека, каторы будуе дом свой на пяску: спадзе дождж і пацякуць воды і зрыюць яго будоўлю.
Будуйця дом сваей мудрасьці, палацы душы сваей на скале, катора ёсць родная мова.
Душа, бяз роднай мовы, гэта кветка без каранёў, — гэта разбітая скрыпка, пусты дом напоўнены трупамі.
Душа Жывога не павінна быць гробам пабеляным, каторы панадзен з верху, а ў сярэдзіне повен гнілі; але павінна быць домам радасьці, у каторым грае музыка напевоў калысных вашых матак і бабак і жыве сіла дзядоў і прашчуроў.
Родная мова чаруе душу і душа рвецца да яе, бо яна калыска душы, гордасць і імя народу.
Сыны Народу павінны любіць і шанаваць яе, бо адна яна жывая крыніца нашаго розуму, пачуцьцёў і семя душы нашай, яна чароўны лек і аружжэ проці сьмерці.
Толькі яе чароўная музыка мае сілу будзіць душы памершых нашых дзядоў, і аткрываць перэд намі безканечнасць перэжываньнёў тых, каторые радзілі нас і адыйшлі у вечнасць.
Іх душы жывуць у мільёнах нашых мазгавых клетак, у фібрах душы і ажываюць толькі пад гудзьбу згукоў роднае мовы.
Родная мова наша, для нас, гэта музыка ўсіх пачуцьцёў, якіе перэжываў народ наш: яго болесьцей і радасьцей, голас яго сэрца і сьвятло яго розуму.
Але якжэ аткрыецца перэд намі наша сэзамская скарбніца, калі ключ да яе, наша мова, або папсован, або загублен намі?
Якжэ мы дабудзем укрытые ў душы нашай скарбы, каторые сабіралі і акуплялі цаной жыцьця і жыцьцёвай практыкі нашы бацькі? Як дабудзем тые нешчысьлёные багацьця мысьлі, паэзіі і перэжываньнёў бацькоў нашых, калі мы забыліся, або сказілі слова, што выклікае іх?
І як мы выкажэм аздобнасць душы нашай, і скуль возьмем аружжэ і сілу ў змаганьні за жыцьцё народу, калі чароўная скрыпка, мова наша, папсована?
Мала, Сыном Народу, прызнаваць права на жыцьцё національнай душы—мовы.
Гэтаго не адмовяць нам і чужынцы.
Ад вас, Сыны Народу, вымагаецца болей: вы павінны быць лепшымі! вы павінны будзіць душу сваю і шукаць ключа да нешчысьлёных скарбоў, бо вы правые насьледнікі бацькоў вашых, а не байструкі і падкідышы.
Вы павінны вучыцца роднай мовы, старацца разумець усе адцені чароўнай яе музыкі, павінны ачышчаць яе ад злога зельля, каторае пасеяў на ніве нашай, благі чэлавек, калі работнікі, патомленые днеўнай працай, спалі у ночы.
Кожны беларус павінен, болей чым іншые народы, старацца ачышчаць родную мову ад чужых слоў і зваротоў, бо найміты цемры шукаюць душы нашай, каб забіць яе і затручаюць атрутай крыніцы, скуль пье душа наша.
Запраўды, хто перэсыпае родную мову сваю чужымі славамі—не мае права казаць, што ён любіць яе.
А хто не знае роднай мовы, ня годзен называцца Сынам Народу.
Юры Верэшчака.