Роднае карэнне (Гарэцкі)/IV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
III Роднае карэнне
IV
Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі
V
Крыніца: http://knihi.com/Maksim_Harecki/Litouski_chutarok.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Доўгі дзень прайшоў — і не ўгледзіць калі. Схадзіў Архіп у поле, пабыў у лесе, даведаўся дзе-каго з бліжэйшай радні, абгледзеў сад.

Увечары ён захацеў беспрыменна ісці начаваць у новую хату. Узяў кажух, табаку, падушку. Бацьку таксама пажадалася пайсці з сынам: пайшоў і ён.

Новая хата была ў канцы саду, недалёчка ад шляху і блізка к рэчцы. Пабудавана была добра; Архіп ладна зарабляў леташні год урокамі, у сябе грошы меў і яшчэ сабраў бацькам на хату.

Пайшлі, агледзеліся. Бацька паклаўся на халодненькай грубцы, а студэнт лёг на лаўцы каля акна. Дзверы ён запёр, а акно, дзе ляжаў, адчыніў для свежага паветра.

Пад акном шамацела лісце на яблыньках і дулях. На небе збіраліся хмары, недзе далёка-далёка бліскала малання.

Архіп закурыў, расшліпіў гузікі і адвярнуў каўнер кашулі, каб не было так

душна.

— Архіп, не забудзься ж акенца зачыніць.

— Добра, тата.

Бацька прывык уставаць рана, звечара хутка заснуць мог.

І цяпер скора захроп.

Архіп ляжаў, курыў і думаў…

«Як, у істоце, усё каля нас дзіўна, няясна… Навука? Што ж навука? Яна, скажам, дае малюпаценькія адказы, якім парадкам робіцца што у прыродзе. Ну і ўсё. Наўчоныя людзі падлічылі, колькі важыць зямля, ці далёка ад зямлі месяц, сонца; яны ведаюць, па якіх дарогах бегаюць планеты, а няхай дадуць яны адказ, хто пусціў іх у гэткі гарманічны ход, няхай яны знойдуць першапрычыну ўсякае істоты. Навука ведае, што за жывучкі, няўгледныя простым вокам, робяць хваробы, яна ведае, што ўжываюць клетачкі, з каторых складаюцца людзі, жывёла, расліны, але што ж? Як бы даў адказ, ён, Архіп, студэнт-медык, на пастаяннае пытанне ў „пісьменных“ людзей дзядзькі Якуба: „Чаму чалавек расце расце гадоў так да дваццацёх, а далі, як ты яго ні кармі, у росце не прыбаўляецца. Здаецца, і есць таксама, а другі і смачней, чымся змалку, а росту няма такога, як раней. Што за прычына?“ Эге ж. Наўчоныя ведаюць цяпер, як чалавек зараджаецца, з чаго ён складаецца, і многа чаго іншага ўцямілі. А няхай жа во яны самі набяруць з зямлі, чаго ім трэба, і створаць чалавека. Не, навука ніколі не дасць, бо не можа даць, адказу на праклятыя пытанні. Ды ў яе і цэль зусім іншая».

І Архіп успомніў, як ён з вялікім жарам і шчырай ахвотай пачынаў вучыцца, бо думаў, ды што думаў — крэпка верыў, што ў кніжках усё ёсць, кніжкі ўсё раскажуць, не толькі як яно, але і адкуль яно.

І вось ён «укусіў» ад кніжнае мудрасці… Папраўдзе, знайшоў такія і гэткія адказы, але ж — божа! — пэўнасці аніякай няма, няма. Хто даў гэтыя адказы?

Тыя ж людзі. Угу! Бог адзін, а вер колькі на зямельцы божай?

Архіпу было сумна і неяк трывожна.

«Мы не ведаем, што будзе пасля нашае смертухны, а на гэтым свеце на ўсё адгадкі знайсці не можна, шукай не шукай. І шчасліў той, хто мірыцца лёгка з гэткім будаваннем жыцця або хто бадай што не думае аб гэтых „шалёных“ пытаннях, ці ў беганні за кавалкам хлеба забывае аб іх, шчасліў ён. І гора, вялікае гора таму, хто захоча хоць а адзін момант, адным вокам зірнуць на той бок заслоны! Яму адзін шлях к разгадцы, шлях страшны і, галоўнае, няпэўны, няпэўны шлях, і гэты шлях — смерць».

Закурыў другую папяроску.

«І то яшчэ дзіва: няхай бы людзі далікатныя, чуткія, не запрацаваныя ад цяжкае працы, няхай бы яны гібелі ад гэткай мукі; дык не, дык жа народ просты, народ, каторага лаюць „цёмным“, чаго ён, гэты шэры, аднатонны народ, па глухіх кутках, у лясах сваіх, сярод балот і пнёў, чаму ён мучыўся і мучыцца ад той жа болькі?»

Архіп зачыніў акно. Яго пачынаў ужо марыць сон. А ўсё думалася: «Нічога не ведаем, не ведалі і ведаць не будзем… Сэрца пачне біцца дужэй і сціхне, а нешта чорнае, вялікае стане перад вачамі, нейкія ўзоры мітусяцца, і так добра, ладна ляжаць. Навука, чэрці, зданнё… Нічога не ведаем… Бог, чэрці, душы… Не ведаем…»

І Архіп заснуў.

І на дварэ глуха грукатаў гром і бліскала, то й глядзі, малання. Збіралася бура. Яблынькі галлём — шу-шу-шу — ціхенька шумелі.

Архіп спаў.