Роднае карэнне (Гарэцкі)/III
← II | Роднае карэнне III Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі |
IV → |
Крыніца: http://knihi.com/Maksim_Harecki/Litouski_chutarok.html |
Архіп спаў доўга і смачна. Ноччу сніў нешта, хто яго знае, якое, але, прачнуўшыся, нічагусенька не помніў. У хаце нікога не было, толькі чутна — у прысценку за дзвярмі матка ляпала ў качарэжніку вілкамі. Блінамі пахла… Сонейка гуляла снапамі святла па настольніку і па старэнькіх абразах. У куце гарэла лампадка. На вуліцы, чутна, гаманілі, седзячы на бярвенні, старыя і хлопцы.
«Ага, сягоння ж свята», — успомніў Архіп, пацягнуўся і сеў.
— Ці ўжо прачхнуўся? Паспаў бы ты, сынок, болей: з дарогі замарыўся, — гаварыла маці за сцяною.
— І так выспаўся, як пяньку прадаўшы, — вясёла адгукнуўся Архіп і пачаў адзявацца.
У галаве таўпесіліся думкі аб горадзе, таварышах, уроках, к ім падбаўлялася дзіваванне, што за зданнё ўчора было і якая чартаўня завялася ў новай хаце. На сэрцы было ўсё ж такі радасна і спакойна ад цёплае вясковае абставы.
— Ну і сібірнікі, расколы!.. На галаве пачынаюць хадзіць, — голасна і сурова загаманіў нехта на вуліцы, падышоўшы да кучы мужчын.
Архіп прыслухаўся.
— А што? Чаго ты? — запыталіся ў сердзюка.
— А што ж? Ну ці можа гэта быць? Семдзесят гадоў на свеце пражыў, а гэтакае пракуднае дый, папраўдзе, паскуднае з’явы не бачыў. Вы тут во седзіцё і нічога не ведаеце, а ў полі ноччу немаведама што парабілі арыштанты нейкія. Янка! Схадзі ў поле, пашукай барон сваіх… І ты, Самусь, і ты, Гаўрыла…
— А што? Якое там ліха шчэ з баронамі?
— А такое, што нейкія шэльмы іх ноччу спалілі. На вуліцы падняўся тлум, крык, гоман.
Архіп уцяміў.
«Дык вунь там якое полымя шугала? Добрае зданнё!»
Тым часам матка накрыла ўжо стол, палажыла бліны, паставіла скавараду з яечняю.
Прынёс бацька паўбутэлечку, і хоць не хацелася грашыцца старым (абедня яшчэ не адышла), але дзеля дарагога, любага сына і яны селі снедаць.
Пацякла бясконцая, прыемная гутарка аб тым, аб сім і аба ўсім.