Перайсці да зместу

Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе (Пакроўскі/Гарабурда)/Рабочы рух

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Народная рэволюцыя Рабочы рух
Аўтар: Міхаіл Пакроўскі
1927
Пераклад: Кастусь Гарабурда
Як і кім пісалася расійская гісторыя да марксыстых

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Рабочы рух.

Забойства Аляксандра II-га дорага каштавала «Народнай Волі». Жэлябов і Пероўская, самыя выдатныя па сіле волі і організацыйных талентах члены Выканаўчага камітэту, былі павешаны адразу пасьля 1-га сакавіка, як «царазабойцы», разам з галоўным тэхнікам тэрорыстычнай організацыі Кібальчычам, і рабочым Цімафеем Міхайлавым. Другі Міхайлов, Аляксандар, які, як організатар, ішоў навыперадкі з Жэлябавым, быў арыштаваны яшчэ раней. Члены партыі, што засталіся на волі, былі вельмі слабыя, каб паспрабаваць паўтарыць 1-га сакавіка над Аляксандрам III-м: прайшло 6 год перш, чым сабраўся для гэтае мэты гурток маладых людзей, з А. І. Ульлянавым на чале, але ім ня прышлося пайсьці далей спробы, якая каштавала жыцьця ім усім, а сын Аляксандра II-га застаўся цэлым.

Калі справа йшла толькі аб тым, каб напалохаць Аляксандра I-га, то гэта было дасягнута ў разьмерах, якіх толькі можна чакаць. Новы цар сеў на прастол зусім зьбянтэжаны,-ён плакаў, згаджаўся і з тымі, хто казаў, што трэба даць констытуцыю, і з тымі, хто пераконваў, што ад констытуцыі Расія загіне, даваў самым розным людзям самыя рознастайныя даручэньні, гэтак што бліжэйшыя да яго тады міністры падумалі на час адыйсьці ў бок і вычакаць, пакуль цар апамятаецца. Але ад царскага сполаху было таксама мала сэнсу, як у свой час, у пачатку кіраваньня Аляксандра II-га, ад царскай «добрасьці».

Аляксандар III-ці быў вельмі мала падрыхтаваны да таго, каб стаць на чале імпэрыі з 90-міліёнамі насяленьня. З маленства яго ня рыхтавалі на цара,-у яго быў старэйшы брат, які памёр ужо дарослым. Насьледаваўшы ад гэтага брата становішча «насьледніка», разам з яго нявестай (якая яшчэ цяпер жыве, Марыя Фёдараўна), Аляксандар ужо ня мог нагнаць страчанае на частцы падрыхтоўкі да будучай сваёй годнасьці. Аднак, пры яго здольнасьцях наўрад ці памагла-б і падрыхтоўка. Ад яго таксама застаўся дзеньнік, некалькі тоўстых томаў, дзе ён дзень у дзень апісвае, што ён еў, піў, калі клаўся спаць, у каго быў у госьцях, хто ў яго быў у госьцях. Калі-б яго фурман або лёкай вялі дзеньнікі, то яны, відаць, былі-б такія самыя, толькі іменьні былі-б другія. З дзеньніку відаць, паміж іншым, што Аляксандар II-гі глыбока ненавідзеў свайго сына і з сваёй політыкай зусім яго не знаёміў: ні аб дагаворы з Нямеччынай, ні аб сэкрэтнай згодзе з Аўстрыяй насьледнік нічога ня ведаў. Пад канец жыцьця, калі, заўдавеўшы, Аляксандар II-гі жаніўся на сваёй фаварытцы, княжне Доўгарукай, бацька і сын зусім адхіліліся адзін ад аднаго. Пакуль на бацьку палявала «Народная Воля», мы знаходзім сына штодня то ў балеце, то ў цыганоў, і вельмі часта ён прызнаецца ў сваім дзеньніку, што ён лёг спаць у 3-4 гадз. раніцы з цяжкою галавою. Прывычка піць не пакінула Аляксандра III-га і на прастоле, толькі ён сароміўся цяпер гуляць адкрыта, у кампаніі другіх вялікіх князёў і афіцэрства, як раней, а напіваўся адзін, «па-фельдфебельску» - або ў кампаніі свайго галоўнага ахоўцы, генэрала Чэрэвіна. Ад алькоголізму ён і памёр, нажыўшы сабе хронічную хваробу нырак, яшчэ маладым у 1894 г., не дажыўшы і да 50-ці год, ня гледзячы на свой асілкавы склад цела.

Толькі за Мікалаем II-м Расія даведалася, што на расійскім прастоле можа быць яшчэ большая нікчэмнасьць, чым Аляксандар III: раней здавалася, што ніжэй спусьціцца дынастыя «Романовых» ужо ня можа. А тымчасам панаваньне гэтага тупога, абмежаванага, п'янога чалавека «склала эпоху», як кажуць: «80-я гады» цёмным пасам перасеклі гісторыю расійскай інтэлігенцыі і расійскай культуры наогул. Нешта прыпынілася, нешта пераламалася. Нельга было прыдумаць лепшага доваду, як мала значыць асоба ў гісторыі, і на якім нібыта сапраўдным шляху стаялі нарадавольцы, трацячы лепшыя рэволюцыйныя сілы, палюючы на каранаванага зьвера. Пэўны адбітак часу Аляксандра ІІІ дала не яго асоба, а знадворныя аб'ектыўныя умовы, у якіх была тады Расія.

Тады была пара пералому ў расійскай народнай гаспадарцы, а разам з тым і ва ўсім народным жыцьці. З чаго складаўся гэты пералом? Для ўразуменьня гэтага трэба вярнуцца крыху назад.

Мы бачылі, што няўдачная спроба заваяваць замежныя рынкі для расійскай мануфактуры, якая закончылася Севастопальскай вайною (гл. стар. 83-84), не прыпыніла працы расійскай народнай гаспадаркі на заграніцу. Толькі на загранічны рынак ішла цяпер не продукцыя расійскіх фабрык, а продукты расійскага земляробства (гл. стар. 79-80). Расія зрабілася тым, аб чым марыў расійскі памешчык у першай чвэрці сталецьця: жытніцай Эўропы. Але гэта значыла, што добрабыт гэтага памешчыка, а разам з ім і гандлёвай буржуазіі, г. зн. усяго, што камандавала ў прыгоньніцкай дзяржаве, залежаў ад становішча на сусьветным збожжавым рынку. Пакуль былі «моцныя» цэны на збожжа, памешчык і купец адчувалі сябе вельмі добра; чуць паціскаўся фабрыкант, але прамысловая буржуазія пакуль-што магла і паціснуцца: не яе быў час. Але спачатку 70-х гадоў цана на сусьветным збожжавым рынку пачынае «слабнуць». У 1871 г. пуд расійскай пшаніцы пры вывозе заграніцу каштаваў 1 р. 44 к., а пуд жыта 78 к., а ў 1896 г. за пуд пшаніцы давалі ўжо толькі 74 к., а за пуд жыта 54 к.

У гэтых лічбах-уся «філёзофія гісторыі», эпохі Аляксандра ІІІ. У апошняй траціне 19-га веку паўтарыўся той «аграрны крызыс», пад знакам якога адбылося ўсё панаваньне Мікалая І. Але паўтарыўся пры абставінах, куды больш цяжкіх для расійскага сельска-гаспадарчага прадпрыемніцтва, бо ў імпэрыі Мікалая І абмен, гандаль гралі наогул куды меншую ролю, чым у імпэрыі яго ўнука. У 1840 г. Расія ня вывезла і 20 міліён. пудоў збожжа, а ў апошняе пяцігодзьдзе панаваньня Аляксандра ІІІ, яна вывозіла кожны год 440 міліён. пудоў, у 22 разы больш. Увесь «балянс»-прыток грошай з-заграніцы ў краіну-трымаўся цяпер на вывазе збожжа. Зьмяншэньне цаны на збожжа ўдвойчы (для самага дарагога віду збожжа, пшаніцы) значыла, што трэба або ўдвойчы павялічыць расійскі збожжавы вываз, або ўдвойчы скараціць патрэбы тых, у чые кішэні ішло замежнае золата, якое атрымлівалася за збожжа. Ці лёгка было згадзіцца на гэта расійскаму памешчыку і яго сябру-купцу,-зразумее кожны. Трэба было неяк выкручвацца.

Ужо ў 70-х гадох яшчэ ўрад Аляксандра ІІ пачаў прымаць энэргічныя крокі, каб штучна павялічыць прыток золата ў краіну і затрымаць яго адліў. У 1877 годзе пошліну за чужаземныя тавары, якія прывозіліся ў Расію, пачалі браць золатам, а не паперкамі, як раней. З тае прычыны, што курс папяровага рубля быў на ⅓ ніжэй номінальнай цаны, то гэта значыла павышэньне пошлін на ⅓. Расія зноў зварачалася да «протэктарскай сыстэмы», якую яна часткова пакінула ў 1857 годзе. Протэктарства «айчыннай» вытворчасьці дасягла двох мэтаў: па-першае, меней тавараў куплялася заграніцай-туды золата ня выходзіла: Англія ў 70-х гадох прывозіла да нас на 10 міліён. фунтаў стэрлінгаў (каля 100 міліён. залатых рублёу 1914 г.), а ў 80-х ужо толькі на 7¾. А, па-другое, вялікія барышы, забясьпечаныя, дзякуючы протэктарству расійскім прамыслоўцам, прываблівалі грошы з-заграніцы, ужо ў выглядзе капіталу, які ўкладаўся чужаземцамі ў расійскія прадпрыемствы. Да канца 19-га веку расійская прамысловасьць атрымала з-заграніцы, проста і ўскосна, каля паўтара міліярда залатых рублей. Але для дасягненьня гэтае мэты прышлося павялічыць мытныя пошліны на чыгун,-бяром для прыкладу, - з 5 да 45 кап. золатам. Толькі тады расійская прамысловасьць была даволі «абгароджана», каб францускія, бэльгійскія, ангельскія капіталістыя «пакахалі» Расію.

Хто-ж плаціў гэтыя павялічаныя пошліны? Зразумела, селянін: у кожнай падкове, у кожнай касе, у кожнай сякеры, якія ён купляў, была ўкладзена частка гэтай «протэктарскай» (не для селяніна) пошліны. Але гэтага мала: селянін плаціў ня толькі за сябе, а і за дзяржаву, і за памешчыка. Дзяржава давала заказы фабрыкам і плаціла іх даражэй, чым раней: а грошы браліся з падатку, з сялянскай кішэні. У той самы час сяляне пры вызваленьні атрымалі менш зямлі, чым было пад іх надзеламі за прыгонным правам. У чорназемных губэрнях, дзе зямля была дарагая, у сялян было адрэзана да 30 проц. надзельнай зямлі-бадай што 3-я частка. На так абцятым падзеле селянін гаспадарыць, зразумела, ня мог: яму прыходзілася заарандоўваць часта сваю-ж быўшую зямлю ў памешчыка. Апошні гэтымі адрэзкамі трымаў у мёртвай пятлі селяніна, тым больш, што адрэзаны былі з вялікай здольнасьцю, тыя іменна вучасткі, без якіх селяніну ніяк абыйсьціся было нельга: паша ці дарога на пашу, да вады, луг, лес і т. п. Словам, селянін павінен быў арандаваць сваю-ж быўшую зямлю ў быўшага пана на тых умовах, якія апошні захоча паставіць. Пан карыстаўся тэтым, перш за ўсё, каб здабыць сабе танныя рабочыя рукі: «адрэзкі» аддаваліся, галоўным чынам, за «адпрацоўку»,-за кожную дзесяціну арандаванай сенажаці, селянін павінен быў скасіць дзесяціну, а часамі і дзьве і тры, панскай сенажаці. Потым, узьнімаючы ўжо грашовую арэндную плату, памешчык узнагароджваў сябе за тую дарагоўлю, якую стварала «протэктарская сыстэма». Гэта асабліва практыкавалася на чарназеме, дзе селянін быў продуктатарам збожжа і даарандоўваў зямлю для пасеву: у Саратаўскай губерні, напрыклад, арэндная цана паднялася ў 8-10 разоў у 80-х гадох параўнаўча з 60-мі; нават у Смаленскай губ. яна павялічылася звыш чым у 1½ разы. І гэта пры цане на збожжа, якая зьменшылася: калі раней селянін за дзесяціну павінен быў аддаць пуд жыта, цяпер ён павінен быў аддаць за яе 3 пуды.

Такім чынах падіжэньне цаны на збожжа з усімі сваімі вышікамі значыла, перш за ўсё, іншае, надзвычайнае ўзмацненьне выплатнага ўціску для селяніна. Тое «ўсерасійскае згаленьне», якое зьвязвалі звычайна з неўраджаем і голадам 1891 г., сапраўды было падрыхтованым усім папярэднім дзесяцігодзьдзем. Ужо ў 1884 г. з 9 міліён. сялянскіх двароў Эўропэйскай Расіі 2½ міліёны ня мелі коняй; і гэтае абясконьваньне ішло далей, усё павялічвалася: сяляне Арлоўскай губ. за 11 год (1888-1899) страцілі 20 проц., пятую частку, свае рабочае жывёлы. Сялянская рэформа ўпарта хацела затрымаць пролетарызацыю селяніна і вельмі насілася з сваім «вызваленьнем з зямлёй» (гл. стар. 85); аграрны крызіс 80-х гадоў пачаў зьмяняць селяніна ў пролетарыя так хутка, што розныя законы, якія выдаваліся супроць яго, разьляцеліся, як павуціна. Гандлёвы капітал вельмі клапаціўся аб тым, каб захаваць «самастойнага» продуктатара, да якога ён прывык. І паслухмяны гандлёваму капіталу ўрад прыгоньніцкай дзяржавы, — Аляксандар ІІІ з гэтага боку нічым не адрозьніваўся ад сваіх папярэднікаў. - ужываў розныя захады, каб прывязаць селяніна да зямлі і папярэдзіць зьмену яго ў пролетарыя: перагледзілі і зьменшылі выкупныя выплаты (1881-1883 г.г.), скасавалі падушны падатак (1882-1883), абмежавалі да немагчымасьці сялянскія надзелы (1886), урэшце абвясьціла сялянскі надзел неадчужальным (1893). Нішто не дапамагло: разьмежаваньне вёскі на пролетарыят і дробную вясковую буржуазію, на «беднату» і «кулакоў», адбывалася няўпынна, і яго павінны былі прызнаць нават народніцкія пісьменьнікі, як ні няпрыемна ім было бачыць пранікненьне тройчы праклятага капіталізму ў вясковую грамаду. «Я доўга стаяў каля магілкаў, углядаючыся ў знадворны выгляд вёскі,-пісаў адзін з іх яшчэ ў 1880 годзе. -Якая рознастайнасьць, аднак! Тут куча хат, відочна, трухлявых, двухакенных, накрытых саломаю... Тут, насупроць, новыя трохакенныя хаты, з вялікімі завулкамі між імі, накрытыя гонтамі, паміж імі мільгалі нават зялёныя жалезныя стрэхі з флюгерамі на камінох».

К канцу 19-га веку Расія мела 10 міліённую армію чыстага пролетарыяту, г. зн. людзей, якія харчаваліся толькі з заработнай платы, - ня лічачы ўдвойчы большай колькасьці вясковай беднаты, якая, маючы яшчэ сякую-такую гаспадарку, ужо не магла-б існаваць, не зарабляючы на старане. Яшчэ за 10 год раней урад Аляксандра ІІ расчараваўся ў спробах захаваць «самастойнасьць» ахвяры гандлёвага капіталу шляхам розных экономічных патураньняў. Сярод іх было, паміж іншым, і ўтварэньне «сялянскага банку», якім скарысталася ў першую чаргу, зразумела, кулацтва; банк даваў сялянам пазыку на куплю зямлі, але не цалком, так што трэба было прыплачваць, і за вялізныя процанты. 7½-8½-словам, гэта было, відочна, не для беднаты: банк вельмі памог таму разьмежаваньню вёскі, якое вызначалася ўжо само па сабе, натуральным шляхам, і раней. А для сялянскай масы пад загадам начальства застаўся толькі адзін сродак-пазаэкономічная прынука. Аляксандар ІІІ часткова аднавіў прыгоннае права, падпарадкаваўшы сялян (1889 г.) бадай адвольнай уладзе земскага начальніка, які назначаўся па рекомендацыі мясцовых памешчыкаў з «патомсьцьвенных дваранаў». У селяніна иллер зноў быў «пая», у шмат якіх месцах «земскага» так проста і началі называць. Новы пан, як і стары, мог садзіць сялян у халодную на свой погляд, а лупіць цераз валасны суд, які быў падпарадкаван земскаму начальніку. Некаторыя пачалі лупіць так шчыра, што выклікалі сялянскія непарадкі і трапілі, урэшце, пад суд. Але наагул супраціўленьне новаму прыгоннаму праву ішло ня з вёскі.

Лібэральная буржуазія, якая моцна спалохалася пасьля 1-га сакавіка 1881 г. (яна памятала вынікі каракозаўскага стрэлу і чакала цяпер у дзесяць разоў горшага), паказвала від, што гэта аднаўленьне прыгоннага права было нейкім гвалтам і над ёю, буржуазіяй. Гэта быў, зразумела, адзін фальш: думка аб земскім начальніку была падказана ўраду іменна земствам, тагочасным месцам, дзе гуртаваўся розны лібэралізм, каханым дзіцём «Русских Ведомостей», «Вестника Европы» і іншых буржуазных лібэральных органаў. Калі Аляксандар III, які хоць і выдаў (29 красавіка 1881 г.) маніфэст аб непарушнасьці самадзяржаўя, але які ў пачатку свайго панаваньня ўвесь час тупаўся навакол ды каля чагосьці, накшталт «куцай канстытуцыі», даў права земствам выказацца аб рэформе мясцовага кіраўніцтва, то земствы аднагалосна адверглі думку аб «усястанавай воласьці» (г. зн. аб зьнішчэньні ў мясцовым кіраўніцтве ўсякіх прывілеяў для памешчыкаў) і вельмі згодна падтрымалі другую думку: аб патрэбнасьці «на чале валаснога кіраўніцтва паставіць асобу, якой надана значная ўлада, незалежную па сваім становішчы, якая прадстаўляе гарантыю неабходных моральных і разумовых якасьцяй, здольную даць абарону вясковаму насяленьню ад крыўды і прыгнечаньня і прыняць на сябе адказнасьць за парадак і супакой у воласьці». Міністар унутраных спраў Аляксандра III, вядомы граф Талстой (той самы непопулярны міністар народнай асьветы, якога Ларыс-Меліков у свой час зволіў, каб падлізацца да «грамадзтва»), прапанаваўшы земскага начальніка, ішоў насустрач земству, прыхільнікі якога дарма лілі потым кракадзілавыя сьлёзы.

Такім самым фальшывым было і абурэньне «земскіх лібералаў» наконт рэформы самога земства, праведзенай у 1890 г. Па ініцыятыве таго самага Талстога (сам ён не дажыў да выданьня новага «палажэньня»). Мы бачылі, што земства й раней было памешчыцкім, што выбары ў яго і раней былі заснованы на станавым цэнзе, толькі замаскаваным у маемасны, так што дваране-памешчыкі ў земстве рашуча пераважвалі (гл. стар. 106-107). У 1890 г. гэту маску зьнялі і, значыцца, дваране атрымалі права голасу ў земстве, як дваране, а не пад прыкрыцьцем «асабовага земляўладаньня», і перавага іх над іншымі станамі была яшчэ некалькі ўзмоцнена, галоўным чынам за лік сялян. Прыкладам можа служыць Багародзкі павет Маскоўскай губ.: згодна з «палажэньнем 1864 г.» там было 44 гласных, у тым ліку 19 ад сельскіх грамадаў, а згодна з «палажэньнем 1890 г.» засталося 16, у тым ліку ад «сельскіх грамадаў» усяго 4 (пазьней памешчыкі дабіліся 24 гласных, але пропорцыя засталася тая самая, ад «сельскіх грамадаў» толькі 6).

Побач з гэтым вялізным павялічэньнем улады памешчыкаў у земстве, абмежаваньні правоў самога земства, на якія маюць прывычку скардзіцца буржуазныя лібэралы, гаворачы аб рэакцыі Аляксандра III, ня маюць ніякага значэньня. Што, сапраўды, значыць, калі губарнатар меў чуць-чуць больш улады над пастановай земскіх служачых, чым да 1890 г., калі сяляне сапраўды зусім страцілі прадстаўніцтва ў земскіх установах: бо іх «прадстаўнікі», выбраныя пад вялізным ціскам земскага начальніка, зразумела, выбіраліся ў якасьці толькі кандыдатаў, а зацьвярджаў іх гласнымі (у колькасьці аднаго з трох) той самы губэрнатар. Вот гэта была, сапраўды, рэакцыя. З буржуазных колаў рэакцыя захапіла, па існасьці, толькі крайняе левае крыло, непасрэдна зьвязанае з рэволюцыйным рухам, - і вельмі, зразумела, малое па ліку. Сюды належыць закрыцьце часопісі «Отечественные записки», дзе пісаў Міхайлоўскі і, пад псэўдонімам, некаторыя «нелегальныя», ды звольненыя 2-3 унівэрсытэцкіх профэсары, больш левыя, настолькі, аднак, далёкія ад рэволюцыі, што самыя відныя з іх (Муромцев, напрыклад) зрабіліся потым аздобай кадэцкай партыі. Ды і тыя пацярцелі, галоўным чынам, на професыянальнай глебе - з-за спробаў барацьбы з новымі унівэрсытэцкімі павевамі, якія ажыцьцяўляліся ва увівэрсытэцкім статуце 1884 г.

Але сваім гострым бокам гэты статут быў накіраваны зусім ня супроць профэсуры, а супроць студэнцтва. Студэнты, і раней пазбытыя ўсякіх правоў, цяпер канчаткова былі зраўнаны з гімназыстымі, пачынаючы з мундыру, у які іх апранулі (каб зручней было сачыць за імі ў публічных месцах, начальства дагадалася, што мець дзьве пары вопраткі форменнай і няформеннай будзе для студэнта-бедняка не па кішэні, ды апошнюю і проста забаронена было насіць), і канчаючы наглядам за імі інспэктара, суб-інспэктараў і пэдэляў, якія мяшаліся, да самых нязначных падрабязнасьцяй, ва ўсё студэнцкае жыцьцё, якое адбывалася, апрача таго, пад неаслабным кантролем паліцыі, без дазволу якой студэнтам і нельга было зрабіцца. У выніку, пераходзячы з гімназіі ва унівэрсытэт, студэнт часта не бяз зьдзіўленьня заўважаў, што ў гімназіі было куды больш вольна і «лібэральна». Цікава, што профэсары, якія ў нашы дні адмовіліся прыняць ад Савецкай улады самы демократычны статут вышэйшай школы, які толькі быў калі-небудзь у сьвеце, паліцэйшчыну Аляксандра IIІ прынялі бяз усякага супраціўленьня: з прыстойнасьці мармыталі ў прыватных гутарках там, дзе трэба было пахваліцца лібэралізмам але, за паўтузінай выключэньняў, з студэнтамі самі пачалі абыходзіцца, як з гімназістымі.

Студэнцтва і было адзіным атрадам буржуазіі, буйнай і дробнай, з боку якога ўрад Аляксандра ІІ, перад канцом, пачаў натыкацца на супраціўленьне. З студэнцкіх колаў вышла адзіная тэрорыстычная спроба, ня зьвязаная з «Народнай Волей», замах А. І. Ульлянава і інш. (усе студэнты) на Аляксандра ІІІ 1-га сакавіка 1887 г. А восень гэтага году бачыла першыя вялікія «студэнцкія непарадкі», якія пачаліся ў Маскве з-за зусім недарэчнага паляваньня на студэнтаў інспэктарам Брызгалавым, але якія захапілі цэлы шэраг гарадоў. Ня толькі пэдэлі і субы былі бясьсільныя ў барацьбе з маскоўскімі «непарадкамі», але і гарадавых не хапала на гэту справу, і ўпяршыню на вуліцах Масквы пачаліся сапраўдныя баі студэнтаў з казакамі, выкліканымі для «ўсьмірэньня», - баі, якія адрозьніваліся ад будучых наступнага дзесяцігодзьдзя рабочых забастовак толькі тым, што ў студэнтаў яшчэ не стралялі, казакі ўжывалі больш бізуны, але часамі ужывалі і пікі і шаблі. Расправа не спалохала студэнтаў, і «непарадкі» з тых час паўтараліся, у Маскве і інш. гарадох, напрыклад, кожныя два гады-да канца 90-х гадоў, калі яны пачалі паўтарацца кожны год.

Інтэлігенцкая моладзь, якая паўставала супроць Аляксандра ІІІ і яго рэжыму, бачыла ў апошнім, зразумела, толькі яго політычны бок. Яна бачыла рэакцыю і деспотызм, бачыла, што адзіночныя спробы ісьці супроць дэспотызму канчаліся загубай тых, хто йшоў супроць,-і прыходзіла ў роспач. Таму «80-я годы» і засталіся ў памяці расійскай інтэлігенцыі такой цёмнай плямай, як мы ужо казалі. «Васьмідзесятнік»- гэта чалавек расчараваны, які нудна апусьціў рукі і пагрузіўся ў твань абыватальскага існаваньня. Гэты настрой у літаратуры знайшоў сабе адбітак у драмах Чэхава: Іванов, доктар Астров, дзядзя Ваня-усё гэта розныя тыпы «васьмідзесятнікаў». Тым часам, якраз эпоха Аляксандра ІII заклала моцны фундамант для расійскага рэволюцыйнага руху. Гэты рух, які апіраўся раней толькі на тонкі пласт дробна-буржуазнай інтэлігенцыі, які дарма шукаў сабе апоры ў сялянстве, з 80-х-90-х гадоў пачынае ўпяршыню адчуваць за сабою шырокія народныя масы ў асобе прамысловага пролетарыяту.

Разьвіцьцё прамысловасьці ў Расіі за Аляксандрам ІII, з надворнага выгляду, зьвязана з тым паваротам да «протэктарскай сыстэмы», які мы ужо бачылі, і ў аснове якога ляжаў аграрны крызіс, зьніжэньне цаны на збожжа на сусьветным рынку апошняй чвэрці XІX сталецьця. Сапраўды-ж сувязь прамысловага ўздыму і аграрнага крызісу 80-90-х гадоў больш глыбокая. Тут можна прасачыць, як адна і тая самая прычына розна ўплывае на розным роўні экономічнага разьвіцьця. За Мікалаем І аграрны крызіс затрымліваў пранікненьне буржуазных адносін на вёску, перашкаджаў ліквідацыі прыгоннага права, бо зьніжэньне цаны на збожжа проста скарачала расійскі збожжавы вываз, змяншала працу для рынку памешчышкага маёнтку. Цяпер, калі сялянства было «вызвалена», крызіс цаны па збожжа прымушаў яго ўсё больш і больш выкідаць хлеба на продаж, г. зн. павялічваў вытворчасьць для рынку. На працягу пяці год (1871-1875 г.г.) Расія вывозіла кожны год 193 мільёны пудоў збожжа, а ў 1896 годзе яна вывезла 516 мільёнаў пудоў. Але аддаючы рынку часта патрэбнае сабе, селянін павінен быў і болей купляць на гэтым рынку: прадаўшы ўвесь свой ураджай увосень, ён прымушан быў купляць збожжа ўвесну. Сялянская гаспадарка ўсё больш рабілася грашовай, і той распад вёскі, тое разьмежаваньне сялянства, аб якім мы казалі вышэй, яшчэ ўзмоцніла гэта імкненьне сялянскай гаспадаркі зрабіцца грашовай. Вывучаючы сялянскія бюджэты, г. зн. прыбыткі і выдаткі кожнага селяніна, статыстыка 80-х гадоў заўважыла, што якраз у самых бедных сялян, бясконных, і ў самых багатых, якія мелі больш 4-х штук рабочай жывёлы на сям'ю, большая частка прыбыткаў і выдаткаў была грашовая, г. зн., што яны больш прадавалі і куплялі на баку, чым выраблялі і спажывалі ў гаспадарцы ўласнай.

Зьбядненьне селяніна стварала ўнутраны рынак: да такога дзіўнага для народніка становішча прыводзіў ланцуг разгледжаных намі зьявішч. І гэты рост унутранога рынку ішоў так хутка ў апошняе 20-годзьдзе XІX веку, што расійская прамысловасьць магла вырасьці бадай у чатыры разы, не адчуваючы патрэбы ў замежных рынках: у 1877 г. ўся наша вытворчасьць цанілася ў 541 мільён мэталічных рублёў, а ў 1897 годзе ў 1816 мільёнаў. Нават за адно толькі дзесяцігодзьдзе 1887-1897 г.г. вытворчасьць расійскіх фабрык вырасла бадай утройчы для мэталюргіі (з 113 мільён. рублёў да 311 міл. руб.) і больш чым удвойчы для тэкстыльнай прамысловасьці (463 і 946 міл. руб.).

Адначасна-ж з прамысловасьцю рос, хоць і больш паволі, як і трэба было чакаць, прамысловы пролетарыят: у мэталюргіі ў 1887 г. было занята 103.000 рабочых, а у 1897 г - 153.000; у тэкстыльнай справе-309 тыс. у 1887 г. і 642 г. у 1897 г.

Адкуль набіралася гэтая армія? Агульны адказ мы ужо даліз сялянства, якое бяднела. Як у ХVІІ веку ў Англіі, так у канцы ХІХ веку ў Расіі, фабрыка была магнэсам, які прыцягваў да сябе вясковую беднату, які прыцягваў часамі здалёк; ужо каля 1880 г. на тэкстыльных фабрыках г. Масквы толькі меншасьць рабочых, каля ⅖, былі з Маскоўскай губ. (прычым з Маскоўскага павету ўсяго 29 чал. на тысячу): большасьць, бадай тры пятых, былі з суседніх губэрняў Калускай, Смаленскай і т. п. Большая іх частка яшчэ не парвала канчаткова з сялянствам, - захавала сваю гаспадарку на вёсцы, куды і хадзіла на летнія працы; але ўжо значная частка, больш чвэрткі (29 проц.), працавалі на фабрыках цэлы год. Зусім натуральна, што сярод гэтых «неадлучнікаў» першае месца займалі больш кваліфікаваныя рабочыя: сярод сьлесароў «неадлучнікаў» было 60 проц., сярод саматкачоў-43 проц., сярод разьбяроў - 41 проц.; наадварот, ручны ткач быў за ўсё бліжэй да селяніна: з ваўняных ткачоў цэлы год працавала на фабрыцы толькі 9 проц., сярод баваўняных-нават усяго толькі 4 проц. Зусім натуральна таксама, што гэтыя «неадлучнікі» былі самай адукаванай часткай фабрычнага пролетарыяту; сярэдні процант пісьменных быў для іх вышэй 50 (51,2), - большая палавіна іх былі пісьменныя, у той час як наагул пісьменных сярод рабочых было крыху больш трэцяй часткі (36,3 проц.), а сярод баваўняных ткачоў, якія былі больш моцна зьвязаны з вёскай, нават толькі адна пятая (21,3). Пісьменнасьць — першая ступень да сьвядомасьці: грамата — тэхнічны сродак для таго, каб зрабіцца сьвядомым. Больш чым трэцяя частка рабочых мужчын гэтым сродкам ужо ўладалі, — маглі пачытаць газэту, кніжку, маглі прачытаць і проклямацыю. Каля фабрыкі складаўся ўжо ў нас той пласт гарадзкога пісьменнага насяленьня, які быў апорай дэмократычнага руху ў Заходняй Эўропе. Да «пісьменнага сьвету беспардонных юнакоў», аб якім марыў колісь Бакунін, разьвіцьцё расійскага прамысловага капіталізму зрабіла вялікі дадатак.

Застаецца сказаць, што гэты пласт быў і даволі моцным: бадай у палавіны ўсіх маскоўскіх тэкстыльных рабочых к пачатку 80-х гадоў (у 42,8 проц.) і бацькі ўжо працавалі на фабрыках. Гэта былі, так сказаць «насьледныя пролетары». Наглядальнік, які гэта вынайшаў, які цалком знаходзіўся, магчыма, пад ураджаньнем звычайнага народніцкага забабону, што ў Расіі «капіталізму быць ня можа», а значыцца, яна застрахавана і ад «язвы пролетарыяту», сабраўшы ўсе вышэй паданыя намі факты, ня мог не зрабіць вываду, што «фабрычны пролетарыят у нас не за гарамі». Сапраўды-ж, фабрычны пролетарыят ужо быў. У якіх умовах жыў гэты новы для народніцкай Расіі грамадзкі пласт? Ды ў такіх самых, у якіх заўсёды жывуць рабочыя ў пэрыоды «першага росквіту» прамысловага капіталізму, калі прамысловая буржуазія сьвяткуе сваю «вясну». Увесну ў Расіі мокра і холадна, гразь і хлюпоты расійскай прамысловай «вясны» прыпадалі, зразумела, перш за ўсё на долю пролетара. Толькі найбольш каштоўныя для гаспадара, найбольш кваліфікаваныя рабочыя мелі, у пачатку 80-х гадоў, асаблівыя памяшканьні; шэрая рабочая маса спала там-жа, дзе працавала. На маскоўскіх ткацкіх фабрыках ткачы «бадай заўсёды» спалі ў майстэрнях, на сваіх ткацкіх варстатах. На такім варстаце, 2½ арш. даўжыні і 2-шырыні, спала цэлая сям'я. Падсьцілалася ўласная вопратка, або «нейкае бруднае рызьзë», кошмы, рагожы і т. п. Гаспадары пераконвалі доктара, які ўсё гэта апісаў, што рабочыя так «любяць» жыць, што ў асобны пакой рабочага нібыта і не забавіш[1]. Але, дзякуючы пылу, у ткацкіх было столькі блох, што нават церпялівы расійскі рабочы ня вытрымліваў і летам уцякаў спаць проста на двор. У іншых месцах, ратуючыся ад блох, рабочыя рабілі сабе нешта накшталт гняздаскрынкі пад стольлю, на тры аршыны ад падлогі, якія яны самі называлі «шпакоўніцамі».

Так жыла маса. Але і рабочая «арыстократыя», якая мела ня толькі асобную казарму, але і асобную каморку ў казарме для кожнай сям'і, была вельмі далёка ад буржуазнага існаваньня. У большай частцы фабрык Уладзімерскай губ., пісаў праз два гады той самы доктар, якому мы абавязаны весткамі аб жыцьці маскоўскіх тэкстыльнікаў 1880-х гадоу (ён зрабіўся цяпер фабрычным інспэктарам, - і гэта адбілася на тоне яго апісаньня), «гразь і дрэннае душнае паветра складаюць неабходную прыналежнасьць рабочых спальняй». А вось як ён-жа апісвае рабочую «каморку» тых дзён - адзін з двума, а часамі і з адным вакном пакой, у якім жыло дзьве сям'і; атрымаць цэлы пакой на сям'ю не маглі марыць нават «арыстократы»[2]. «Пры дзьвярах, з абодвых бакоў каля сьцен стаяць ложкі, засланыя фіранкамі, якія належадь двум сем'ям; далей, уздоўж сьцяны зроблены месцы дзе сьпяць дзеці кожнай сям'і, прычым часамі і апошнія маюць таксама ложкі, але большай часткай яны сьпяць на падлозе. У гэтых жа месцах звычайна вісяць і калыскі з малымі дзецьмі. Урэшце каля сьцяны, з абодвух бакоў вакна, у кожнай сям'і ёсьць свой стол, за якім яна палуднуе. У куткох, каля вакон вісіць звычайна некалькі абразоў, абавязкова з лямпадкай каля кожнага; а на сьценах-тандэтныя малюнкі, на якіх бадай заўсёды намаляваны члены царскай фаміліі; паміж гэтымі малюнкамі вісіць часамі танны насьценны гадзіньнік. У некаторых каморках ёсьць нават вазоны на вокнах і фіранкі».

Калі мы будзем потым чытаць, як рабочыя 9-га студзеня 1905 г. ішлі да Зімняга Палацу з абразамі гаварыць з царом, нам карысна будзе прыпамятаць гэтыя абставіны расійскага рабочага памяшканьня старога часу, з абразамі і царскімі портрэтамі. Гэты набожны і вернападданы пролетарыят і еў, зразумела, таксама дрэнна, як жыў. Скрозь у кухнях зазначаецца «нязвычайная гразь». У рабочых сталоўках было так цесна (часамі палуднавалі ў два шэрагі-каля самага стала, седзячы, дарослыя, а ззаду іх, стоячы, дзеці) і была такая густая пара і ад яды і ад тых, хто палуднаваў, што нельга было «нават разабраць адразу, што тут робіцца». У такіх абставінах рабочы, у тыя часы, калі жыцьцё было ў 4 разы таней, чым нават у 1914 годзе, да вайны, харчаваўся ня лепей, чым цяпер, пасьля імпэрыялістычнай вайны, сярод вайны дамовай і блёкады. Звычайную яго ежу складалі тараны, саланіна, часта гнілаватая, а калі сьвежае мяса, то ў выглядзе «гусака»-г. зн. вантробаў з зарэзанай жывёлы. Гэта ў тыя дні, калі фунт добрага чаркаскага мяса каштаваў у Маскве 10 кап. Пры тым усе гэтыя рабочыя павінны былі купляць не на «вольным рынку», а ў фабрычнай крамцы. Як бачым, буржуазія, якая цяпер так заядла абураецца на «недарэчную монополію на збожжа», на абмежаваньне «волі гандлю», у свой час, у сваіх інтарэсах умела наладжваць монополію на харчовыя продукты для сваіх рабочых. Толькі цяпер монополізаваныя продукты прадаюцца насяленьню па цьвёрдай цане куды таней, чым на вольным рынку, на Сухараўцы: а тады фабрычная монополія давала рабочаму харчовыя продукты па цане, якая была ў шмат разоў даражэй тагочаснай Сухараўкі. Так, у Каломне, на фабрыках аржаную муку прадавалі па 1 р. 10 к.-1 р. 20 к. пуд, а ў крамцы, у той самай Каломне, яна каштавала толькі 95 к. пуд; соль на 60-80 к. пуд, а ў колёніяльных крамах соль прадавалася за 45 кап., цукер па 28 кап. фунт, а ў краме ён каштаваў 22. А з тае прычыны, што рабочыя сталаваліся арцелямі, і на чале кожнай арцелі быў стараста, які, згодна адозвы фабрычных інспэктароў, зьяўляўся ліхвяром», то добрая частка рабочых грошай, 10-15 проц. з усяго, што куплялася, заставалася яшчэ і гэтаму старасьце.

Дрэнна харчуючыся, жывучы ў жудасных умовах, рабочы хварэў, зразумела, на розныя хваробы: на маскоўскіх тэкстыльных фабрыках сухоты ў жанчын-работніц даходзілі да 134 на тысячу. Але да гэтых хваробаў беднасьці далучалася яшчэ адна «эпідэмія», выключна пролетарская-траўматычная эпідэмія», як называлі часамі яе, сумна жартуючы, дактары, пошасная хвароба ранаў і калецтваў. Вот, згодна слоў фабрычнага інспэктара (які ўжо, зразумела, не стараўся «пакрыўдзіць» фабрыканта), малюнак быту тагочаснай фабрыкі, які тлумачыць нам гэту «эпідэмію». На Данілаўскай мануфактуры «ў апальні або палільні, паміж двох машын з мноствам зубкаватых колаў, якія круцяцца ў розных кірунках, ёсьць праход усяго, прыкладам, на тры чвэрткі аршына, цераз які на працягу сутак праходзяць, няма сумненьня, соткі рабочых і ў тым ліку падлеткі; самая нязначная неасьцярога, асабліва пры шуме і гарачыні, якая пануе ў гэтым аддзяленьні, адзін няпэўны крок або штуршок, - і чалавек у гэтым праходзе лёгка можа зачапіцца за тую ці іншую шасьцярню і быць скалечаным». Лепей за ўсё, што футаралы, каб закрываць небясьпечныя мэханізмы, былі на фабрыцы, але яны «ляжалі складзеныя на падлозе без ужываньня».

Для «траўматычнай эпідэміі» былі, такім чынам, самыя раскошныя ўмовы. У якім разьмеры панавала гэтая «эпідэмія», пакажуць наступныя лічбы, якія мы бяром з справаздачы другога фабрычнага інспэктара, не маскоўскага, а ўладзімерскага. На Сокалаўскай мануфактуры за два гады сярод ткачоў было 67 скалечаных на 1000 чалавек, сярод часальшчыкаў-250, сярод сьлесароў-535, сярод такароў-625 на тысячу. А сярод кацельшчыкаў лічба гэтая падымалася да 750; за два гады толькі адзін рабочы з 4-х быў непаранены. У сярэднім «найбольш цяжкім калецтвам - зломам - падпадала 4 чалавекі з 100 рабочых», «парваныя і колатыя раны» атрымалі 5 на сотку, псаваньне вачэй - 9 на 100 і г. д. Але далёка не на ўсіх фабрыках лёгка было дабрацца да такіх дакладных лічбаў. Гаспадары ня любілі, калі ім напаміналі аб гэтым адваротным баку «бліскучага разьвіцьця расійскай прамысловасьці», і ў больнічных ведамасьцях шмат якіх прадпрыемстваў нельга было знайсьці ніводнага выпадку профэсыянальнага, фабрычнага калецтва, - затое дзіўным чынам, сярод поўнай згоды (а рэволюцыяй яшчэ і ня пахла) знаходзіліся дзесяткі «ран ад агнястрэльнай і халоднай зброі». На Каломенскім машынным заводзе такіх «раненых» у мірны час за год знайшлося 677 чалавек.

Але гэтыя «мірныя раненыя» сьведчаць ня столькі аб далікатнай чульлівасьці фабрыканцкіх нэрваў, але аб сім-тым іншым. Як гэта, сапраўды, скалечанага гаспадарскай машынай рабочага можна запісаць у «раненыя агнястрэльнай зброяй»? Ён-жа паскардзіцца на гэта ў суд і будзе вымагаць убыткаў? Ён-жа вольны чалавек, ня прыгонны? Расійскія пролетары 80-х гадоў ня былі ўжо прыгоннымі, гэта праўда, але і вольнымі яны былі вельмі адносна, ува ўсякім выпадку ня ў тым сэнсе, у якім вольныя былі заходня-эўропэйскія рабочыя.

Той наглядальнік, які апісвае маскоўскія тэкстыльныя фабрыкі ў самым пачатку 80-х гадоў, калі ён ня быў яшчэ фабрычным інспэктарам, паказвае на вельмі дзіўныя адносіны маскоўскіх міравых судзьдзяў (мы памятаем, што яны былі ўсе з буржуазіі) да іскаў фабрычных на іх гаспадароў. Іскі гэтыя ў чатырох выпадках з пяці сустракалі адказ-і гэта ня гледзячы на тое, што «большасьць рабочых баялася ўсякіх судоў, а таму бадай безадказна падпарадкавалася сваволі сваіх гаспадароў», так што да суду даходзілі, зразумела, толькі самыя галосныя справы. Гэта, зразумела, бліскуча малюе дзейнасьць міравога суду, перад якім таксама расчуляліся расійскія буржуазныя лібэралы. Але адначасна гэта паказвае, што ўласна злоўжываньні буржуазных судзьдзяў толькі ў малым стопні абцяжалі ўдзел рабочага: у аснове гэты ўдзел тлумачыцца іменна тым, што рабочыя павінны былі «безадказна падлягаць сваволі» фабрыкантаў. А гэта тлумачыцца, у сваю чаргу, тым, што экономічна рабочы цалком залежаў ад міласьці або няміласьці свайго гаспадара. Перш за ўсё, гаспадар плаціў рабочаму яго заработную плату, калі хацеў. З агледжаных у 1882-1883 годзе маскоўскім фабрычных інспэктарам 181 прамысловай установы, толькі на 71 фабрыцы існавалі сякія-такія правілы наконт расплаты з рабочымі; «такім чынам,-кажа гэты фабрычны інспэктар, - застаецца больш ста фабрык, г.зн. значная большасьць, на якіх расплата зусім няпэўная і залежыць цалком ад волі і ад кішэні гаспадара». А другі фабрычны інспэктар, Уладзімерскі, сьведчыў у той самы час: «Вельмі часта здараецца, што рабочы, паступаючы на фабрыку, ня ведае нават, колькі гаспадар будзе плаціць яму за працу».

Ён часамі ня ведаў, колькі ён атрымае нават і скончыўшы гэту працу. Бо, ня лічачы сябе абавязаным плаціць рабочаму пэўную плату ў пэўныя тэрміны, гаспадар вымагаў з рабочага немагчымай акуратнасьці, бязьлітасна штрафуючы яго за кожны прамах. За прагул аднаго рабочага дня вылічалася два дні, а за адну траціну дня, як за цэлы дзень. За спыненьне працы да тэрміну найманьня вылічалася, пры разьліку, за 6, 12 дзён і нават за месяц (на пераважнай большасьці фабрык расплата была памесячная - з 181 маскоўскай фабрыкі, аб якіх мы казалі вышэй, толькі на трох існавала двухтыднёвая расплата, якая потым пашыралася скрозь).

«Прычыны да штрафаваньня вельмі шматлікія і значныя, і, значыцца, трапіць пад гэтую вялікую няўстойку (10 руб. золатам) для кожнага рабочага-справа вельмі магчымая», пісаў маскоўскі інспектар у сваёй справаздачы. «Так, напрыклад, адным рублём штрафу каралі тых рабочых, якія чаму-небудзь зьяўляліся ў кантору не на адным, а некалькі чалавек разам, а ў другі раз такія парушнікі звальняюцца нават зусім з фабрыкі, з вылікам адзначанай няўстойкі (г.-зн. па 10 руб.). На фабрыцы Міхеева (суконнай) да гэтага часу, як відаць, захаваўся цалком погляд на рабочых, як на прыгонных людзей: так, грошы на абедзьвюх фабрыках (Войта і Міхеева) выдаюцца толькі два разы ў год, але й пры гэтым толькі тыя, якія патрэбны на падатак (а рэшта патрэб задавальняецца фабрычнай крамай); выдаюцца яны, апрача таго, не на рукі рабочым, а пасылаюцца поштай, вясковым старастам і валасным праўленьням. Такім чынам, рабочыя цэлы год застаюцца бяз грошай, плацячы тымчасам па разьлікавых кніжках вялізныя штрафы на сваёй фабрыцы, якія будуць у іх вылічаны пры канчатковым разьліку ў канцы году». «Ня існуе, як відаць, мяжы для рознастайных прычын, па якіх на тэй або іншай фабрыцы бяруцца штрафы», піша той самы інспэктар у другім месцы і падае такія прыклады: на фабрыцы Пешкова можна было бачыць дзьве абвесткі; адна паведамляла: «хто застаўся на фабрыку, той ня мае права выхаду за вароты, за парушэньне правіла штраф 1 рубель»; другая: «з тае прычыны, што фабрычныя дазваляюць сабе турбаваць гаспадара -прасіць грошай, то папераджаю, выдача грошай бліжэй 20 лістапада ня будзе (а звычайна тэрмін мінуў 22 кастрычніка); той, хто адважыцца запытаць раней, будзе разьлічаны зусім». «Адзіная, мабыць, мяжа заключаецца ў вельмі моцным незадавальненьні рабочых, якое выражаецца там і сям сутычкамі, якія выклікаюць патрэбнасьць умешваньня мясцовай адміністрацыі». Дзе ня меў сілы буржуазны суд, які заўсёды знаходзіў іскі рабочых «недахватна ўгрунтованымі», там разьвязвала справу забастоўка. Забастоўка была жудасам для царскага ўраду з таго самага часу, як зьявілася ў Расіі буйная фабрычная прамысловасьць. Ужо ў 30-х гадох (мы памятаем, што гэта быў якраз пачатак разьвіцьця ў Расіі прамысловага капіталізму, гл. стар. 80-84) галоўны сябра і абаронца фабрыкантаў, міністар грашовых спраў Канкрын, павінен быў супакойваць цара Мікалая І, даводзячы яму, што ў Расіі ня можа быць рабочага руху, які тады шырока разьвінуўся ў Англіі і Францыі. Там, пісаў Канкрын, рабочыя людзі зусім бяздомныя, нічога ў іх, апрача заработнай платы, няма, таму, калі надыходзіць прамысловы крызіс і пачынаецца беспрацоўе, ім нічога не застаецца, як выйсьці на вуліцу-баставаць; у нас-жа рабочыя — тыя самыя сяляне, у кожнага свой кавалак зямлі, няма працы на фабрыцы або фабрыкант вельмі зьменшыць плату, рабочы проста пойдзе да сябе на вёску і зьменіцца з фабрычнага ў земляроба. Ня гледзячы на гэтыя развагі, забастоўкі былі вядомыя і фабрыкам мікалаеўскага часу. Праўда, прычыны рабочых „непарадкаў“ у нас былі мала падобныя на тое, што выклікала рабочы рух у Заходняй Эўропе. Так, у 1844 годзе адбыліся вялікія забурэньні на баваўнянай прадзільні Лепёшкіна, у Дзьмітраўскім павеце, Маскоўскай губэрні. Натоўп рабочых у некалькі сот чалавек пайшоў на Маскву, і патрэбен быў значны атрад войска, пяхоты і казакоў, каб яго прыпыніць у 12 вёрстах ад Маскоўскай заставы. Але расьсьледваньне справы паказала, што рабочыя, усе прыгонныя аднаго і таго самага памешчыка Дубровіна, які іх заняволіў Лепёшкіну на некалькі год, узяўшы заработную плату наперад сабе, паўсталі, уласна, ня супроць фабрыканта, а супроць свайго пана, які заняволіўшы іх, пачаў адбіраць ад іх сем’яў на вёсцы надзелы.

Гэта было, такім чынам, у існасьці сялянскае паўстаньне: але цікава, што выйшла яно ня з вёскі, а з фабрыкі, і на чале руху стаў фабрычны Ціт Дымітрыев. Відочна, што думка Канкрына наконт поўнай няшкоднасьці расійскага рабочага была перавялічана, і фабрыкантыя, якім ён дапамагаў, добра гэта ведалі. Маскоўскі тутунёвы фабрыкант 1840-х гадоў, Жуков, склаў падрабязную інструкцыю для свае фабрыкі, дзе ў яго рабочыя былі падпарадкаваны чыста вайсковай дысцыпліне, пад наглядам „убранага крыжамі і мэдалямі адстаўнога унтэр-афіцэра“. Рабочыя павінны былі шпіёніць адзін за адным і даносіць аб учынках адзін аднаго. Для гэтага ім не дазвалялася выходзіць з фабрыкі, у сьвяты па адным, але адначасна не дазвалялася хадзіць і вялікім натоўпам, каб „ня выклікаць у ім самай нязначнай думкі аб перавазе перад кім-бы то ні было у сіле фізычнай“. Затое з тае самае прычыны ў кантору фабрыкі рабочыя дапушчаліся ня йнакш, як па адным — звычай, які потым прышчапіўся і пашырыўся, як мы ведаем, на некаторых фабрыках у 1880-х гадох.

„Цар-вызваленец“, Аляксандр II, як мы бачым, меў усе падставы баяцца пролетарыяту ня менш, чым яго бацька. Гэтым страхам перад пролетарам прасякнута ўся „вялікая рэформа“ 19 лютага 1861 году. У адным з першых-жа распараджэньняў урад па сялянскай справе ў 1857 годзе сэкрэтна паведамляў губарнатара, што сялянам павінна быць пакінута іх сядзіба (аб «вызваленьні з зямлёй» тады яшчэ не адважваліся гаварыць, баючыся раздражніць памешчыкаў), «каб ухіліцца шкоднай рухавасьці і бадзяжніцтва ў вясковым насяленьні». Губарнатары павінны былі нават «зрабіць захады да магчымага забесьпячэньня аселасьці парабкоў», гэта знача, ня толькі не дапушчаць узьнікненьня новых пролетараў, але і па магчымасьці пасадзіць зноў на зямлю тых, хто ўжо раней пасьпеў зрабіцца пролетарам. Калі пазьней пад ціскам інтарэсаў гандлёвага кашталу ўзяў верх проект «вызваленьня з зямлёй», створаныя для правядзеньня гэтага проекту «рэдакцыйныя камісіі» білі сваіх супраціўнікаў, не па розуму праглых да зямлі памешчыкаў іменна гэтымі «высачайша паказанымі пачаткамі», якія не дазвалялі «ўтварэньня клясы вольных, але бяздомных, безьзямельных працаўнікоў». Утварэньне такой клясы, вучылі праглых земляўласьнікаў рэдакцыйныя камісіі»,-прывядзе да «нічым ня стрыманай барацьбы паміж двума станамі»: «урад, маючы на ўвазе гісторыю (чытай: пугачоўшчыну), і цяперашняе становішча рэчаў у другіх дзяржавах (г. зн. рабочы рух у Заходняй Эўропе), бяссумненна ня можа дапусьціць падобных вынікаў. «Ухіленьне ад паказанага высачайшай воляй шляху» можа давесьці да рэзультатаў самых пагібельных».

Але законы экономічнага разьвіцьця былі мацнейшыя за «высачайшую волю». Ня гледзячы на ўсе клопаты ўраду Аляксандра ІІ папярэдзіць узьнікненьне пролетарыяту, ужо перад канцом 60-х гадоў гэтаму самаму ўраду давялося мець справу з рабочым рухам у самым Пецярбургу. «У пачатку гэтага лета,-пісаў у 1870 годзе міністар унутраных спраў губарнатару, - вольна-нанятыя фабрычныя людзі, якія займаюцца працаю на адной з самых вялізных фабрык каля Пецярбургу, зрабілі забастоўку для таго, каб прымусіць гаспадароў фабрыкі павялічыць заработную плату. З гэтай прычыны было назначана сьледзтва, і потым справа была паслана на судовы разгляд, вырашэньне якой у свой час было апублікавана ў сталічных газэтах. Забастоўка рабочых Неўскай баваўняна-прадзільнай фабрыкі, як зьявішча зусім новае, якое да гэтага часу не зьяўлялася ў колах нашага рабочага насяленьня, зьвярнула на сябе высачайшую ўвагу, і гасудару імпэратару ўгодна было загадаць даручыць мне п.п. губернатарам, каб яны мелі самае строгае і няупыннае нагляданьне за фабрычным і заводзкім насяленьнем, і асабліва за ўсімі тымі няпэўнымі асобамі, якія могуць мець шкодны ўплыў на натоўп, бо, бяссумненна, узьнікненьне стачак паміж рабочымі павінна быць станоўча прыпісана ўплыву асоб, якія імкнуцца перанесьці гэтую чужую для расійскага народу форму выказваньня нездавальненьня на нашу глебу, з мэтай пасеяць смуту і рабіць непарадак і забурэньне». Але міністэрства памылілася, як адносна «навіны», «чужой для расійскага народу формы выказваньня незадавальненьня» на расійскай глебе, так і адносна прычын гэтага зьявішча. Яшчэ раней гэтага міністэрскага цыркуляру[3] маскоўскі губарнатар паведамляў маскоўскага генерал-губарнатара (г. зн. царскага намесьніка у Маскве), што рабочыя «непарадкі» мелі месца яшчэ ў 1869 годзе на фабрыцы Коншына, у Серпухове, і што прычынамі былі неакуратныя разьлікі, адвольныя штрафы, надмерна даўгі рабочы дзень і «абавязковы для рабочых забор харчовых прыпасаў з сьвірнаў самых фабрыкантаў, з павялічэньнем пры тым цаны супроць рыначнай на продукты, якія бяруцца». Царскія чыноўнікі, такім чынам, за 25 год да ўзьнікненьня масавага рабочага руху ў Расіі вельмі добра ведалі, кім гэты апошні можа быць выкліканы. Але яны былі бясьсільныя перад буржуазіяй. Каб ухіліць усе злоўжываньні і зьдзірствы прадпрыемцаў, якія маскоўскі губарнатар вельмі добра заўважаў, ён не знаходзіў другога сродку, як умаўляць гэтых прадпрыемцаў цераз гарадзкіх галоваў (якія былі заўсёды самі з буржуазіі, зразумела). «А Васька слушал, да ел».

У першай палавіне 70-х гадоў забастоўкі сустракаюцца намі ўсё часьцей і часьцей, па ўсіх куткох Расіі - і на Крэнгольмскай мануфактуры каля Нарвы, і ў Кастраме, і ў Маскве, і на поўдні Расіі, і ў Віленскай губерні. Асноўная прычына была адна й тая самая скрозь-барацьба за заработную плату, прычым рабочыя дамагаліся ня столькі павялічэньня гэтай платы, колькі за тое, каб ім наагул плацілі за іх працу, што некаторыя прадпрыемствы рабілі, як мы ведаем, вельмі неакуратна, ды яшчэ забіраючы сабе добрую долю запрацаванага іх рабочымі ў выглядзе штрафаў. Протэст супроць штрафаў і сустракаецца намі таму абавязкова пры ўсіх забастоўках да сярэдзіны 80-х гадоў. Усяго па газэтах можна лічыць за час з 1865 па 1875 год каля 20 тысяч баставаўшых рабочых,-сапраўды іх было, зразумела, куды больш, бо ў правінцыі газэты ня мелі права друкаваць аб забастоўках, а сталічны друк яшчэ ня ўсвоіў думкі, што «ў Расіі забастоўка ёсьць факт політычны». Але цяжкое становішча рабочых было добра вядома ў колах тагочасных рэволюцыянэраў-народнікаў, і, ня гледзячы на тое, што ім яшчэ ня прыходзіла ў галаву думка аб рабочай рэволюцыі, як такой, рабочы быў для іх адной з галоўных надзей агульнанароднага рэволюцыйнага руху. Зразумела, галоўнай апорай рэволюцыі будзе селянін, думалі народнікі, але рабочага лягчэй узьняць, лягчэй узварушыць, і мы заўсёды знаходзім тагочасных «пропагандыстых» і «бунтароў» сярод рабочых. У «чайкоўцаў» і ў «дангушынкаў» былі рабочыя гурткі-у першых сярод ткачоў і металістых Пецярбургу.

Асабліва энэргічна працаваў там П. А. Крапоткін. У 1875 годзе цэлы гурток маладых інтэлігентных дзяўчын, якія раней вучыліся ў швэйцарскіх унівэрсытэтах (Бардзіна, Любатовіч, сёстры Фігнэр, Камінская ды інш.). засталіся на маскоўскія фабрыкі ў якасьці работніц і павялі там дзейную пропаганду паміж ткачамі. Як і большасьць рэволюцыянэраў гэтай пары, яны былі хутка арыштаваны і адданы пад суд разам з рабочымі, якіх ім удалося распропагандаваць (так званая «справа 50», якая разглядалася ў «асаблівым прысуцтве сэнату ў 1877 годзе»). Тут якраз адзін з рабочых, ткач Пётра Аляксеев, і выказаў свае вядомыя словы, якія зрабіліся бадай пагаворкай: «Падымецца мускулістая рука мільёнаў рабочага люду і ярмо дэспотызму, агароджанае салдацкімі штыхамі, рассыплецца ў парахно».

Калі царскае самадзяржаўе пачула гэтую пагрозу ад рабочага, а не рэволюцыянэра-інтэлігента, - то першая політычная рабочая маніфэстацыя ўжо адбылася. У Пецярбургу рэволюцыянэраў рабочых было так многа, што яны пастанавілі выйсьці на вуліцу і зрабіць нібы агляд сваіх сіл. Так атрымалася дэмонстрацыя каля Казанскага сабору 6 сьнежня 1876 году. Рабочыя - а разам з імі і пецярбурскія «бунтары», разьлічалі сабраць каля 2 тысяч чалавек: сапраўды-ж сабралася ня больш 200-250 рабочых (з аднаго заводу прыйшла цэлая майстэрня, 40-45 чалавек). Плеханов, тады малады студэнт, сказаў прамову, быў разьвінуты чырвоны сьцяг, але тут падыйшла поліцыя, і маленькі гурток рэволюцыянэраў быў разагнаны. Аб тым, каб супраціўляцца, ніхто, зразумела, і ня думаў - ды і ня 200 чалавекам было скінуць царскую ўладу: першыя рабочыя рэволюцыянэры на былі такія простадушныя, каб аб гэтым думаць. Паўстаньне «мільёну рабочага люду» было яшчэ далёка наперадзе. Але тое, аб чым рэволюцыянэры-інтэлігенты 60-х гадоў толькі гаварылі (у «Маладой Расіі, гл. стар. 137-138), у руках пецярбурскіх рабочых наступнага дзесяцігодзьдзя зрабілася справай: чырвоны сьцяг соцыялістычнай рэспублікі быў разьвінуты на вуліцах расійскай сталіцы. Рэволюцыйныя настроі сярод рабочых былі ня толькі ў Маскве і ў Пецярбургу. У тым самым 1877 годзе харкаўскі губарнатар даводзіў цару, што «ніжэйшая кляса гарадзкога насяленьня», «якая падкопваецца соцыяльнай навукай (губарнатар хацеў сказаць «навукай соцыялізму»), у шмат чым утраціла «ранейшую недатыкальнасьць рэлігійных поглядаў і патрыархальнасьць сямейных адносін». «Кляса фабрычных рабочых... вымагае ўзмоцненага нагляду, і няма зарукі, што яна устоіць супроць пашырэньня новых навук,-пісаў губарнатар-У колах гэтага насяленьня рэволюцыйная пропаганда сустракае заўсёднае спачуцьцё і на выпадак якога-небудзь руху, у сэнсе пераходу ад тэорый да дзеяньня, кляса харкаўскіх рабочых, у вялізнай сваёй большасьці, ня дасьць адпору бунтаром. З гэтага боку заслугоўваюць асаблівай увагі гутаркі, якія падслухаў агент паліцыі ў колах фабрычнага насяленьня, аб цяжары падаткаў, аб невядомасьці, куды й на што выдаюцца грошы. якія зьбіраюцца з народу, аб бескантрольнасьці ўраду і т. п. разважаньні, якіх ня чуваць было ў простым народзе яшчэ некалькі год таму назад».

Такія «разважаньні» былі агульныя для ўсіх тагочасных рэволюцыянэраў, - тут яшчэ нічога новага ня было. Але рабочыя ўжо ў 70-х гадох умелі надаць руху нешта новае, сваё.

З 1878 году забастовачны рух у Пецярбургу разросься асабліва шырока. Баставаў цэлы шэраг фабрык і заводаў[4], асабліва шмат шуму нарабіла забастоўка на Новай баваўнянай прадзільні (тэй самай, якая ўжо ў 1870 годзе так напалохала начальства), вельмі вялікай, асабліва для таго часу, фабрыцы-з дзьвюма тысячамі рабочых. Гэта былі ўсё людзі, якія нядаўна прышлі з вёсак, поўсяляне, мала сьвядомыя: аднак і на гэтай фабрыцы быў ужо рэволюцыйны гурток. Які быў ровень тае масы, да якой гэтым рэволюцыянэрам прыходзілася зварачацца, відаць з заключнага акту забастоўкі: яна кончылася тым, што хто баставаў, пайшлі з просьбай да «насьледніка» - будучага імпэратара Аляксандра Аляксандравіча. З гэтай просьбы нічога ня вышла, зразумела,-будучы Аляксандар III не захацеў умешвацца ў далікатнае пытаньне аб адносінах рабочых да іх гаспадароў, але ўсё-ткі, трэба сказаць, чалабітнікаў рабочых і не расстралялі, як гэта здарылася пазьней 9 студзеня 1905 году, з другімі такімі самымі чалабітнікамі. Мікалай і тут здолеў абагнаць свайго бацьку. Але, калі забастоўка не зрабіла відочнага ўплыву на ўрад (мы скора угледзім, што ён пад шумок вельмі і вельмі браў пад увагу вымаганьні рабочых), то яна ня мінулася дарма для расійската рабочага руху: пад уплывам пецярбурскай хвалі забастовак 1878-1879 г.г. узьнікала ў Расіі першая рэволюцыйная пролетарская організацыя Паўночна-расійскі рабочы саюз.

Політычныя аб'яднаньні рабочых сустракаюцца і раней; адным з самых значных быў «Паўднёва-Расійскі Саюз Рабочых», у Одэсе, Роставе і Керчы, у палавіне 1870-х гадоў. І ўжо ў яго мэтах і задачах мы сустракаем тое-сëе новае: саюз ставіў сабе за мету: а) «пропаганду ідэі вызваленьня рабочых з-пад уціску капіталу і прывілейных кляс і б) аб'яднаньне рабочых паўднёва-расійскага краю для будучай барацьбы з экономічнымі і політычнымі парадкамі, якія ўсталяваліся». Саюз, такім чынам, злучаў пропаганду і організацыю - два бакі справы, якія у рэволюцыянэраў-народікаў стаялі паасобку. Пропагандай яны займаліся дзеля пашырэньня сваіх ідэй, а організавалі яны змовы. Спроба організаваць масы мы ў іх бадай не сустракаем. І гэта таму што яны, як мы ведаем, прыпісвалі масе стыхійную рэволюцыйную сілу, якую трэба толькі абудзіць, а потым ужо само пойдзе. Змову-ж яны ўжывалі, толькі расчараваўшыся ў гэтай сіле, і тады маса рабілася для іх толькі запасным складам, адкуль яны бралі чалавечую сілу для змовы. Што прыладай перавароту павінна зрабіцца організаваная маса, гэта для 70-х гадоў было вельмі сьвежай думкай, навеянай, бясспрэчна, працай сярод пролетарыяту, але вышла гэтая думка з інтэлігенцкай галавы, статут напісаны дваранінам Заслаўскім, (якога за ўдзел ва ўтварэньні саюзу саслалі на катаргу).

«Паўночны Саюз Расійскіх Рабочых» (1878-1879 г. г.) каштоўны іменна тым, што яго програма і яго статут вышлі цалкам з пролетарскіх колаў-пры відочных адмоўных да іх адносінах тагочаснай пецярбурскай рэволюцыйнай інтэлігенцыі. Заснавальнік саюзу, сталяр Сьцяпан Халтурын, з вяцкіх сялян, у сваю чаргу доўгі час відочна іронічна адносіўся да працы гэтай інтэлігенцыі, якая толькі «свайго брата, чынарэй (г. зн. чыноўнікаў), уцягвае» і тым перашкаджае рабочым організавацца. «Чыстая бяда. - казаў Халтурын, толькі што наладзіцца ў нас справа-бах, шарахнула каго-небудзь інтэлігенцыя, і зноў правалы. Хоць крыху-б далі яны нам замацавацца». Гэта зусім ня значыла, што Халтурын быў «мірным асьветнікам», хоць на асьвету ён нічуць не запамінаў: адным з галоўных яго клопатаў было зьбіраньне кніг і пашырэньне іх паміж рабочымі: між іншым, «Паўночнаму саюзу» належыць гонар адчыненьня першай у Расіі бібліотэчнай сеткі, згодна пляну, аб якім цяпер так многа гавораць. Раённыя бібліотэчкі «Саюзу» (само па сабе зразумела, нелегальныя) абменьваліся кнігамі: якой не хапала ў адным раёне, прыносілі з другога. Але гэтыя асьветныя клопаты ані не перашкаджалі Халтурьну марыць аб рэволюцыйным перавароце. Толькі ён уяўляў сабе гэты пераварот ня так, як малявалі сабе яго інтэлігенты-народавольцы, у выглядзе «стыхійнага выбуху» пасьля якога-небудзь асабліва эфэктоўнага тэрорыстычнага акту, а ў форме усеагульнай забастоўкі, гэта знача, у тэй іменна форме, у якой пераварот сапраўды адбыўся ў кастрычніку месяцы 1905 году. Халтурын у сваіх уяўленьнях аб рэволюцыі йшоў на чвэртку сталецьця паперадзе свайго часу.

Але яшчэ да большага гонару Халтурына, ён вельмі добра разумеў, што для яго часу, для 1870-х гадоў, усеагульная забастоўка была яшчэ марай. І тое, чаго ён сапраўды дабіваўся ў бліжэйшы час, была яшчэ не ўсеагульная забастоўка ўсіх рабочых, а толькі аб'яднаньне, організацыя найбольш перадавога пласту. Да гэтай мэты і імкнуўся «Паўночны саюз». Мэты гэтай організацыі былі політычна-рэволюцыйныя: у гэтым была сувязь Халтурына з рэволюцыйна-інтэлігенцкімі коламі, якія яго вельмі цанілі. У гэтай-жа інтэлігенцыі «Саюз» узяў і азначэньне бліжэйшай задачы на другі Дзень пасьля перавароту: «заснаваньне свабоднай народнай фэдэрацыі грамад, заснованай на поўнай політычнай роўнасьці і з поўным унутраным самакіраваньнем на пачатках расійскага звычайнага права». Але гэта усё, што засталося ў програме саюзу «ад Бакуніна». І да гэтай бакунінскай галавы даволі дрэнна прычэплен даўгі хвост, цалком складзены Халтурыным і яго таварышамі, бо аб усім гэтым рэволюцыянэры-інтэлігенты ня толькі не гаварылі, але й гаварыць лічылі за сорам. Тут былі і «свабода слова, друку, права сходаў і сходак», і замена арміі народным узбраеньнем, і скасаваньне ўскосных падаткаў, і ўстанаўленьне простага згодна з даходам і насьледзтвам, і фабрычнага законадаўства, словам, у грубых рысах тое, што потым у соцыял-демократаў атрымала назву «програмы-мінімум». Для складаньня гэтага нарысу Халтурын займаўся справай зусім пустой у вачох тагочаснай рэволюцыйнай інтэлігенцыі, вывучэньнем эўропэйскай констытуцыі. Сам Халтурын, у сваю чаргу, лічыў пустым заняткам спрэчкі аб лёсах расійскай пазямельнай грамады, якімі займалася тады гэтая інтэлігенцыя. «Няўжо-ж гэта сапраўды так важна?» - пытаўся ён Плеханава.

Але «Паўночнаму Саюзу» прышлося спрабаваць на сабе і адваротны бок масавай працы ва ўмовах тагочаснай Расіі. Саюз налічаў сваіх членаў яшчэ толькі соткамі, а ўжо ў яго кола прабраліся провакатары і цераз некалькі месяцаў пасьля ўзьнікненьня саюзу выбухнуў правал. Халтурын ня быў ім захоплен, ня быў арыштаваны, але разбурэньне каханай справы зрабіла на яго вялізнае ўражаньне. Ён перажыў расчараваньне, вельмі падобнае на расчараваньне, якое вынесьлі інтэлігенты з свайго «хаджэньня у народ». і, як і тыя, пад уплывам гэтага расчараваньня, ён зрабіўся сам тэрорыстым. Яму належыць адна з самых вялікіх спраў «Народнай Волі»-спроба разбурыць Зімні палац 5 лютага 1880 году. Дзякуючы свайму «рабочаму званію», ён прышоў у палац у якасьці сталяра і пражыў там некалькі месяцаў, па жменьках носячы к сабе ў пакой дынаміт, які ён хаваў у сваёй пасьцелі. Паліцыя тое-сëе пранюхала, і небясьпека, што ўсё выкрыецца, прымусіла прысьпешыць узрыў, калі, па думцы Халтурына, далёка ня ўсё яшчэ было гатова. Даведаўшыся, што Аляксандар ІІ застаўся цэлы, Халтурын захварэў з гора, але гэтае новае расчараваньне ня прымусіла яго пакінуць тэрор. Як тэрорысты, ён і загінуў на шыбеніцы, у 1882 годзе, пасьля забойства кіеўскага пракурора Стрэльнікава - аднаго з галоўных царскіх шпікаў на поўдні Расіі.

Але паліцыя магла колькі хаця затрымліваць утварэньне рабочых організацый (пасьля гібелі «Паўночнага Саюзу» на поўдні паўстала яшчэ адна, анархіцкая, якая мела бурны, але вельмі кароткачасовы посьпех; яе, аднак, цяжка назваць «організацыяй»; галоўным сродкам барацьбы для яе быў фабрычны тэрор), стыхійны забастовачны рух паліцыя магла тым менш прыпыніць, што прамысловы крызіс, які загастрыўся пасьля кароткага перапынку (1878-1879 г.г.-дзякуючы вайсковым заказам), даваў фабрыкантам магчымасьць так прыціскаць рабочых, як гэта яны не маглі рабіць раней нават у Расіі. Скарачэньне вытворчасьці пад уплывам крызісу рабіла прадпрыемца самаўладцам над жыцьцём тысяч людзей: «ня хочаш працаваць на маіх умовах, - ідзі, куды ведаеш, у мяне рабочых і так болей, чым трэба». Беспрацоўе, як заўсёды, ішло адразу за крызісам. «Першай справай зойдзеш на які-небудзь завод або фабрыку, скрозь толькі чуеш, што разьлічаюць, - пісала «Рабочая Газэта» народавольцаў у канцы 1880 г. Напрыклад, у Голубева, у Лесьнэра разьлічылі чацьвертую частку ўсіх рабочых; у Пуцілава, у Нобэля, на Бальтыцкім - трэцюю частку; у Расьцераева, на патронным, у Пятрова-палавіну; завод Берда зусім спыніўся, а было ў ім 1500 рабочых. Тое самае і на фабрыках. Выходзіць, значыцца, што і пастаянным піцерскім рабочым няма куды дзецца, а тут на няшчасьце неўраджай нагнаў з провінцыі нямала рабочага люду. Як цяпер паглядзім на ўсё гэта, дык табе і зробіцца відаць, чаму на некаторых вуліцах няма праходу ад жабракоў, чаму паліцыя, хоць і высылае тысячамі жабракоў з гораду, усё-ткі ня можа ачысьціць вуліцу ад іх».

Крызіс захапіў усю першую палавіну 1880-х гадоў і за 6 год (1881-1886) гісторыкі расійскага рабочага руху налічваюць 48 вялікіх забастовак, у якіх прымала ўдзел больш 80 тысяч рабочых. Самай слыннай з іх засталася вядомая «Марозаўская забастоўка» - забастоўка ў студзені 1885 году на фабрыцы Цімафея Марозава ў Орэхава-Зуеве, фактычны першы посьпех расійскага рабочага руху, як угледзім ніжэй, хоць скончылася яна нібы перамогай фабрыканта. У Марозава, як і скрозь, карыстаючыся крызісам, рэзка зьменшылі заработную плату (адразу на 25 проц.); адначасна адміністрацыя фабрыкі атрымала ад гаспадара загад так нялітасна штрафаваць рабочых, што з кожнага рубля яшчэ 25 проц. заставалася у гаспадарскай скарбніцы ўжо ў выглядзе штрафу. Штрафавалі за ўсё: за курэньне быў вызначаны штраф ад 3 да 5 рублёў, за 1 прагульны дзень вылічалі 3-дзённы заработак і г. д. Для зьдзельнай працы паставілі такія ўмовы, што, як прызнаўся сам гаспадар на судзе, іншы ткач зарабляў ня больш 2 р. 50 к. у месяц. Апрача таго яшчэ вылічалі за ўсё: і за баню, і за асьвятленьне каморак, і за вугольлі для самавару. З жыхароў каморак бралі плату з усіх чыста, так што за кожнае дзіця ў сям'і прыходзілася плаціць.

Пры такіх умовах забастоўка павінна была выбухнуць стыхійна, сама па сабе - тым больш, што ў Цімафея Марозава, жорсткага эксплёататара, рабочыя, можна сказаць, прывыклі баставаць: першая забастоўка ў яго на фабрыцы была яшчэ ў 1865 годзе. Але асаблівай рысай марозаўскай забастоўкі 1885 году было іменна тое, што яна ня была стыхійнай. На чале яе стаялі сьвядомыя рабочыя, Мосеенак і Волков; першы быў старым барацьбітом пецярбурскага рабочага руху канца 70-х гадоў і за ўдзел у пецярбурскіх забастоўках быў у ссылцы, ва Ўсходняй Сібіры. Волков, як угледзім ніжэй, здолеў так добра перадаць вымаганьні рабочых, што з волкаўскай «цятрадзі» сёе-тое проста перайшло ў расійскія фабрычныя законы 1880-х гадоў. Забастоўка была праведзена з вялікай вытрыманасьцю і наможлівасьцю; ткачы, якія пачалі забастоўку, здолелі зьняць з працы спачатку ткачых, потым прадзільнікаў, потым фарбавальнікаў; усё прадпрыемства стала. Масеенак і Волков умаўлялі таварышоў не рабіць ніякіх гвалтаў, але злосьць пролетарскай масы супроць адміністрацыі была вельмі вялікая, і памяшканьням галоўных падручных Марозава добра-ткі дасталася. Рух быў настолькі грозны, што ўладзімерскі губарнатар выклікаў на месца два батальёны пяхоты і полк казакаў (рабочых баставала каля 8 тысяч чалавек). Але рабочыя і перад войскам не пашлі на ўмовы фабрыканта (Марозов пачаў здавацца, угледзіўшы згодны націск рабочых). 11 студзеня (забастоўка пачалася 7-га) яны пайшлі з чырвоным сьцягам, а калі ўпаўнаважаныя рабочых пасьля гэтага былі заарыштаваны, адбілі іх ад арышту. Толькі пасьля шэрагу боек з казакамі і пяхотай і арышту 600 чалавек, геройскае супраціўленьне забастоўшчыкаў было зломана. Праца пачалася 14 студзеня, але да яе прыступіла толькі 800 чалавек з 8 тысяч.

Ад такіх здарэньняў вельмі пахла рабочай рэволюцыяй, каб урад Аляксандра ІІІ, які наагул браў ня столькі адвагай, колькі хітрыкамі, не занепакоіўся. У лютым таго самага 1885 году, г.-зн. пад непасрэдным уражаньнем іменна марозаўскай забастоўкі, міністэрства ўнутраных спраў пісала міністру фінансаў (які загадваў тады і фабрыкамі: міністэрства гандлю і прамысловасьці ўтворана было куды пазьней гэтага часу): «Дасьледзіны мясцовай уладай прычын забастовак рабочых паказалі, што яны (забастоўкі) пагражалі набыць разьмеры сур'ёзных забурэньняў і адбыліся, галоўным чынам, з прычыны адсутнасьці ў нашым законадаўстве агульных пастаноў, на аснове якіх маглі-б вызначацца ўзаемныя адносіны фабрыкантаў і рабочых». Далей ішлі гутаркі аб рэчах, добра нам знаёмых: аб «надмерна вялікіх штрафах», якія «часта служылі ў руках фабрыкантаў спосабам штучнага зьніжэньня заработнай платы» (тут толькі імя Цімафея Марозава не хапала), і «высокай цаны ў фабрычных крамах», і недахваце дакладнасьці пры складаньні ўмоваў» і г. д., усё вельмі добра знаёмае ня толькі нам, але й царскаму ўраду яшчэ з 1870 году, як мы бачылі. Цяпер, пасьля хвалі забастовак канца 1870 і пачатку 1880 г.г., бяспраўнасьць рабочых пачынала быць небясьнечная для самога ўраду; каб Аляксандар ІІІ адчуваў сябе больш бясьпечна на прастоле, трэба было даць якія-небудзь «правы» рабочым.

На шлях фабрычнага законадаўства ўрад Аляксандра ІІІ стаў яшчэ ў 1882 годзе, але першы крок яго быў такі нясьмелы, што з боку фабрыкантаў ён нічога ня выклікаў, апрача пагарды. Законам 3 ліпня гэтага году была абмежавана эксплёатацыя малалеткаў на фабрыках і для нагляду за выкананьнем закону была організавана інспэкцыя. Але, папершае, закон адважыліся ажыцьцявіць толькі цераз два гады, з 1 траўня 1884 году. Падругое, фабрычнаму інспэктару ніякай улады не далі; ён мог толькі езьдзіць, глядзець ды складаць пратаколы, з якіх нічога ня выходзіла (мы памятаем, што міравыя судзьдзі былі на баку фабрыкантаў). Ня дзіва, што калі зьяўляўся інспэктар, то на іншых фабрыках яму нядбайна адказвалі, што ні аб якім законе нічога ня ведаюць. Адзін-жа маскоўскі фабрыкант не хацеў нават і слухаць інспэктара, перапыніўшы яго словамі: «Вы мяне прабачайце, пан, мне пара ў горад у сьвіран ехаць, а вы раскажэце якому-небудзь падручнаму канторы; яны мне потым усё скажуць, будзьце спакойны». Страх за ўласную скуру прымусіў Аляксандра ІІІ ды яго міністраў падыйсьці да фабрыкантаў больш адважна: упяршыню замахнуліся на адносіны гаспадароў не да дзяцей (там начальніцкую апеку можна было вытлумачыць маленствам тых, над кім апекаваліся), а да дарослых рабочых. Закон 3 чэрвеня 1885 году забараніў начную працу для жанчым, а якраз цераз год ахова закранула працу ўсіх рабочых, усякага полу і ўзросту. Галоўная істота закону складалася з абмежаваньня гаспадарскай сваволі на частцы расплаты, штрафаў і г. д., гэта знача таго, на што заўсёды скардзіліся рабочыя пры кожнай забастоўцы, якая зварачала на іх увагу начальства. Робячы параўнаньне асобных артыкулаў закону з вымаганьнем марозаўскіх рабочых у студзені 1885 году, мы яшчэ раз пераконваемся, які моцны ўплыў зрабіла гэта забастоўка на начальства, - цэлы шэраг вымаганьняў цалком перайшоў у закон: расплата кожныя два тыдні, папярэджаньне аб разьліку за два тыдні, задавальненьне рабочага «асаблівай узнагародай» за няправільны і несваечасовы разьлік, скарачэньне штрафаў да такога разьмеру, каб яны ніяк ня бралі больш пяці процантаў заработнай платы (замест 25, якія практыкаваліся ў Марозава) і г. д.

Але калі фабрыканты ў першую мінуту і занепакоіліся ад замаху на іх «правы», то яны павінны былі скора супакоіцца. Папершае, інспэктары былі назначаны ў такой колькасьці (у маскоўскай, напрыклад, губэрні двое, інспэктар з памоцнікам, на 2 тысячы фабрык), што наглядаць за фабрыкантам сур'ёзна яны, зразумела, не маглі. Потым над інспэктарам былі пастаўлены фабрычныя прысутніцтвы, дзе былі прадстаўлены фабрыканты, а «рабочых, зразумела, ня было» (дакладныя словы іспэктара Маскоўскай губэрні Янжула) і дзе пераважнае значэньне мелі галасы обэр-паліцмэйстэра і жандарскага генэрала. Яшчэ дзякуй, што апошняму міністэрства ўнутраных спраў (мы памятаем, што пачатак фабрычнага законадаўства Аляксандра I належаў іменна гэтаму міністэрству) прадпісала падтрымліваць рабочых, - так у асобе жандара фабрычны інспэктар знаходзіў сякую-такую апору. Але затое хутка, калі назначылі міністрам фінансаў біржавіка Вышнеградзкага, інспэктара пакінула падтрымліваць яго ўласнае ведамства. Вышнеградзкі проста абяцаў фабрыкантам, што ён зробіць фабрычных інспэктароў «станавымі прыставамі», г. зн. дробнымі паліцэйскімі чыноўнікамі, абавязанымі дапамагаць гаспадару, глядзець на фабрыцы за парадкам. Пры гэтым становішча рабочага з боку адносін да дзяржавы засталося ранейшым: рабочы, як раней, быў бяспраўным, як і ўсе падданыя Аляксандра І, як раней ён быў пазбыты права коаліцыі, на мог утвараць саюзаў, як раней забастоўка заставалася прастункам, за які па суду садзілі ў турму, а ў адміністрацыйным парадку высылалі ў Сібір. Нават скромнае права мець сваіх прадстаўнікоў, рабочых «старастаў»,- чаго дамагаліся, між іншым, забастоўшчыкі 80-х гадоў,-было «даравана» пасьля таго ўжо, як рабочы рух даўно перарос падобныя скромныя вымаганьні: у 1880 г. нават і аб гэтым рабочыя ў Расіі «ня сьмелі і думаць». Урад Аляксандра III выяўляў вельмі наіўны «экономічны матэрыялізм», выабражаючы, што калі ён чуць-чуць (і то на паперы) палепшыў чыста матэрыяльнае становішча рабочага, у самым сьціслым разуменьні гэтага слова, то ніякія «соцыяльныя навукі» ўжо больш рабочага не спакусяць. Ён павінен быў вельмі хутка расчаравацца: к пачатку 90-х гадоў забастовачны рух ня толькі не аслабеў, а, наадварот, зрабіўся куды шырэйшым і яскравым.

К гэтаму часу якраз у поўнай меры адбіліся вынікі тэй мытнай політыкі ўраду, аб якой пісалася ў пачатку гэтага разьдзелу (гл. стар. 159). Загароджаная казачнымі пошлінамі ад чужаземнай конкурэнцыі, наша прамысловасьць выявіла казачную здольнасьць росту. У 1885 годзе ў Расіі было здабыта толькі 31 міл. пудоў чыгуну, у 1895 - ужо 87 міл., а ў 1898 - ужо 136 міл. Спажываньне бавоўны расійскімі фабрыкамі складала 8 мільёнаў пудоў у 1888 годзе і 17 мільёнаў у 1898 годзе. У пачатку 1880-х гадоў старыя пецярбурскія мэталічныя заводы ня ведалі, што рабіць, і распускалі рабочых, а з канца таго самага дзесяцігодзьдзя быў зусім іншы малюнак. «Да 1887 году на поўдні Расіі працавала толькі два заводы, якія выраблялі жалеза - Юза і Пастухова. З гэтага году заводы пачынаюць расьці як грыбы. За кароткі час узьнік цэлы шэраг вялізных заводаў, якія вырабляюць чыгун: Аляксандраўскі, Каменскі, Данцэўскі, Друшкоўскі, Пятроўскі, Марыупальскі, Данецка-Юраўскі, Таганрогскі ды інш. Лік рабочых на заводзе Юза, які вырабляў чыгун, каля 10 тысяч, на іншых крыху меней. У 1899 годзе на поўдні было 17 вялікіх заводаў, што выплаўлялі чыгун, з 29 дзейнымі доменнымі печамі і 12 яшчэ будавалася. Так малюе справу адзін сучасны наглядальнік.

Калі спыніўся крызіс, то спынілася, зразумела, і беспрацоўе. Але мы вельмі памыліліся-б, калі-б выабразілі, што прадпрыемцы, пачаўшы зноў «зарабляць» добрыя грошы, адразу падабрэлі і паднялі, па ўласнай добрасьці, заработную плату сваіх рабочых. Hічога падобнага. Заработная плата, праўда, у другой палавіне 1890-х гадоў паднялася значна: на маскоўскай фабрыцы Цындзеля сярэдні гадавы заработак мужчыны ў 1886 годзе складаў 235 рублёў, а ў 1896 годзе-270 рублёў (пры зьніжанай цане збожжа, г.-зн., што, рэальная, сапраўдная заработная плата паднялася вышэй, чым номінальная: за тую самую колькасьць рублёў цяпер можна было купіць болей). На Юзаўскім заводзе Кацярынаслаўскай губ. самая меншая заработная плата (для чорнарабочага) была ў 1884-1885 г.г. 40 кап. у дзень, а ў 1897-70 кап. Самая большая плата ў 80-х гадох складала 3 рублі 70 кап. у дзень, а ў 1897 годзе-6 руб. Але гэты посьпех быў дасягнуты толькі дзякуючы надзвычайна энэргічнай забастовачнай барацьбе, якую вялі рабочыя на працягу ўсяго апошняга дзесяцігодзьдзя XІX веку, калі ў пачатку 80-х гадоў за 5 год можна было налічыць 80 тысяч забастоўшчыкаў, то ў адным 1895 годзе баставала 48 тысяч чалавек, а за 5 год, 1895-1899 г.г.. іх лік дасяг бадай поўмільёна (434 тысячы чалавека).

А роўналежна з экономічным, забастовачным разьвіваўся і рэволюцыйны рух сярод рабочай клясы, разьвіваўся больш паволі, чым экономічны: масавыя політычныя забастоўкі ўгледзеў толькі ХХ век, але ўсё-ткі куды больш жвава, чым калі-б то ні было за ўсе папярэднія пэрыоды рэволюцыйнага руху ў Расіі. У першай палавіне 70-х гадоў былі асобныя рабочыя рэволюцыянэры і асобныя рэволюцыйныя рабочыя гурткі; у другой палавіне гэтага дзесяцігодзьдзя былі ўжо рабочыя організіцыі, якія ставілі сабе політычныя задачы. У 90-х гадох гурткі кішэлі на ўсіх прамысловых цэнтрах Расіі, а організацыі складаліся у політычную партыю пролетарыяту. Аб утварэньні гэтай партыі прыдзецца больш падрабязна гаварыць у наступным разьдзеле гэтага «Нарысу»-наконт падрыхтоўкі першай рабочай рэволюцыі ў Расіі, 1905-1907 г.г. Але нарыс рабочага руху да гэтага моманту быў-бы ня поўны, калі-б мы не сказалі, што к 90-м гадом рабочая кляса ня толькі вяла барацьбу ў шмат разоў больш энэргічна, чым раней, але і што яна магла яе весьці цяпер не сьляпцом, а зусім сьвядома: к 90-м гадом у нас ужо была выпрацавана і распрацавана тэорыя клясавай барацьбы пролетарыяту, існаваў расійскі марксызм.

Імя Маркса даўно і добра было знаёма ў Расіі. Першы том «Капіталу» быў перакладзены на расійскую мову раней, чым на якую-небудзь іншую. Шмат якія рэволюцыянэры-народавольцы ведалі Маркса асабіста, перапісваліся з ім; але яго ідэі, якія яны вельмі цанілі і паважалі, былі для іх чыстай «тэорыяй», г.-зн. нечым такім, што да расійскай сапраўднасьці ня можа быць дастасавана, к нам, расійцам, адносін ня мае. Сапраўды, бач, у нас няма капіталізму. У нас соцыялізм пойдзе не ад фабрыкі, а ад сельскай грамады. І народнікі паўтаралі гэта так упарта, што сам Маркс на мінуту завагаўся, і калі ня прызнаў, што з расійскай грамады выйдае соцыялізм (як пераконвалі народнікі, старонна тлумачачы адно пісьмо Маркса), то ўсё-ткі не даволі рашуча выказаўся супроць гэтай недарэчнасьці. Праўда, што расійскую грамаду Маркс ведаў толькі такой, якой яе паказвалі народнікі, а тут яна была падобна да чаго хаця, толькі не да сапраўднай расійскай грамады.

Тым часам народніцкі рух трапіў зусім у тупік. Да сярэдзіны 70-х гадоў ён усе надзеі пакладаў на селяніна, - той іх не апраўдаў. Пераход да тэрору, па існасьці, дапушчаў надзеі на буржуазію, якая павінна была падтрымліваць тэрорыстых. Але буржуазія пахавалася ў кусты бадай уся чыста пасьля 1 сакавіка. Ніякай грамадзкай клясы, здольнай падтрымаць рэволюцыю, народнікі, з іх пункту погляду, болей ня бачылі. Праўда, Халтурына і яго таварышоў нельга было ня бачыць, але што-ж з гэтага! Капіталізму ў Расіі няма, пролетарыяту быць ня можа, што можа даць рэволюцыі рабочы?

Відочна, што трэба было ўзяць быка за рогі і пераглядзець пытаньне - ці сапраўды ў Расіі капіталізму няма і пролетарыяту быць ня можа? Адважным чалавекам, які ўзяўся за гэты асноўны камень народніцтва і паспрабаваў яго перавярнуць, быў Георг Валенцінавіч Плеханов (1857-1918).

Знаёмы нам прамоўца на Казанскай плошчы 6 сьнежня 1876 г., потым рэдактар органу рэволюцыйнага народніцтва «Зямлі і Волі» Плеханов не пайшоу за тэрорыстычнай меншасьцю зямлявольцаў, і пасьля Варонескага зьезду організаваў «Чорны Перадзел» (гл. стар. 154). Прапагандысты ўжо тады быў у ім, больш дужы, чым рэволюцыянер-баец; пазьней, у часе рэволюцыі 1905 году, гэта выявілася яшчэ больш яскрава. Але пропагандысты Плеханов быў выключнай сілы: гэта быў самы разумны, самы адукаваны і самы таленавіты расійскі публіцысты канца ХІХ-га веку. Няўдача «Чорнага перадзелу»,-пропаганда якога сярод сялянства мела яшчэ меней посьпеху, як «хаджэньне ў народ» на дзесяць год раней, прывяла к таму, што Плеханов паехаў заграніцу. Тут ён тварам к твару ўбачыў эўропэйскі рабочы рух. Вот яна дзе, тая маса, на якую можа аперціся політычная рэволюцыя! Але, кажуць, у нас нічога падобнага няма і быць ня можа. Ці праўда гэта? Успаміны, - Плеханов быў адзін з самых актыўных працаўнікоў пецярбурскага пролетарыяту сярэдзіны 70-х гадоў, - падказвалі нібы іншае. І ўжо тады, як ён сам піша ў сваіх успамнах аб пецярбурскім рабочым руху, у яго ўзьнікла сумненьне наконт грамады. Блізкае знаёмства з марксыцкай літаратурай у аўтэнтыку, на месцы, яшчэ больш узмацніла гэтае сумненьне. Плеханов сабраў увесь статыстычны матэрыял, які тады быў, падышоў да яго з сапраўдным, навуковым марксыцкім мэтодам і прышоў да перакананьня, што капіталізм можа зрабіцца і зробіцца поўнаўладным гаспадаром Расіі». Дасьледзіў таксама грамаду - і знайшоў, што «спадзявацца на яе далейшае самастойнае разьвіцьцё таксама дзіўна, як дзіўна спадзявацца на доўгавечнасьць і далейшае расплоджаньне выцягнутай на бераг рыбы. Справа ня ў тым, на які кручок насаджана рыба, а ў тым, ці дастасавана яе дыхніца да атмосфэры, што яе акружае. Атмосфэра сучаснай грашовай гаспадаркі забівае нашую архаічную (застарэлую) форму зямляўладаньня, падкопвае яе ў самым корані».

Вынік быў ясны. Расія - такі самы край, як і другія эўропэйскія краі, толькі больш адсталы, але які хутка даганяе суседак, што яго аперадзілі. «Надзеннасьцю зьяўляецца ў нас капіталістычная вытворчасьць». Але «фабрыканта нельга мысьліць без рабочага... разьвіцьцё буржуазіі дапушчае разьвіцьцё рабочай клясы; гістарычны рост капіталізму прадстаўляе сабою двубочны процэс, прычым на кожным з яго бакоў групуецца адпаведная грамадзкая кляса». Чым больш у Расіі фабрык, тым больш у ёй пролетараў: і на гэтую вось клясу, клясу расійскай будучыны, і павінна абаперціся расійская рэволюцыя. Адна толькі рабочая партыя здольна разьвязаць усе тыя супярэчнасьці, якія асуджаюць цяпер нашу інтэлігенцыю за тэорытычнае і практычнае бясьсільле». «Пакуль у нас няма рабочай партыі, гарадзкія рэволюцыяцэры хоцькі-ня-хоцькі зварачаюцца да «грамадзтва», і такім чынам фактычна зьяўляюцца яго рэволюцыйнымі прадстаўнікамі. Народ адсуваецца на задні плян»... Ад гэтага грызьня і звадкі паміж «вясковымі» і «гарадзкімі» рэволюцыянэрамі, г. зн. паміж «дзеравеншчыкамі» і тэрорыстымі (гл. стар. 153-154). Ня тое было-б, калі-б політычная барацьба ў гарадох набыла, галоўным чынам, рабочы характар. Тады гарадзкія і сельскія рэволюцыянэры адрозьніваліся-б паміж сабою толькі па месцы, а зусім не на існасьці сваёй дзейнасьці, і тыя і другія былі-б прадстаўнікамі народнага руху, у розных яго выглядах, і соцыялістым ня было-б патрэбы афераваць сваім жыцьцём у інтарэсах чужога да іх поглядаў «грамадзтва» (г. зн. буржуазіі).

Вось, у самай, зразумела, сьціслай форме тыя погляды, якія разьвіваў Плеханов у сваёй кнізе «Наши разногласия»(вышла заграніцай у 1884 годзе), падагульняючы свае спрэчкі, як з пропагандыстымі-народнікамі, так і з тэрорыстымі з «Народнай волі». Сапраўды, ён быў цяпер па той бок вадападзелу між «Народнай Воляй» і «Чорным Перадзелам», на зусім новай глебе, на якую яшчэ ня ступала нага расійскага рэволюцыянэра, але па якой потым расійская рэволюцыя дайшла да кастрычніка 1917 году. У «Наших разногласиях» даны ужо ўсе бадай асноўныя ідэі, якімі харчавалася расійская марксыцкая літаратура да самага канца XІX веку: Струвэ, Булгаков, Туган-Бараноўскі ды іншыя, у якіх наіўная моладзь 90-х гадоў бачыла апосталаў марксызму, сапраўды толькі пераказвалі і перажоўвалі Плеханава, няпрыступнага для гэтай моладзі ў аўтэнтыку («Разногласия» былі выданы легальна у Расіі толькі ў 1905 годзе). Толькі «Іскра», ужо ў XX веку, пайшла далей.

Яшчэ годам раней выхаду ў сьвет «Разногласий», у 1883 годзе каля Плеханава згуртаваўся невялікі гурток эмігрантаў рэволюцыянэраў, на большай частцы літаратараў, які ўтварыў на аснове плеханоўскіх ідэй «Группу Освобождения Труда», першую марксыцкую рэволюцыйную організацыю расійскіх людзей, хоць і не ў Расіі. Да «Группы», апрача самога Плеханова, належалі Дэйч, Аксэльрод і Вера Засуліч (пяты член «Группы» Ігнатов хутка памёр). Але выданьні «Группы Освобождение Труда», - яна магла дзейнічаць з заграніцы толькі літаратурна, - бадай не праходзілі ў Расію. За спробу прывезьці гэтыя выданьні ў больш-менш значнай масе Дэйч быў сасланы ў Сібір. На радзіму траплялі асобныя экзэмпляры, якія не асабліва дружацка сустракалі старыя народавольцы; яны вельмі ўпарта спрабавалі разьдзьмухаць астачы руху, якія ледзь-ледзь цьмелі, які пайшоў на спад ужо адразу пасьля 1 сакавіка. («Больш як тры гады, што прайшлі з часу справы 1 сакавіка, характарызуюцца заняпадам рэволюцыйнай энэргіі ў Расіі», піcаў Плеханов Лаўрову ў ліпні 1884 г.). Правал у гэтым самым апошняга складу Выканаўчага камітэту канчаткова раздушыў рух; засталіся асобныя гурткі народавольцаў, якія дажылі да сярэдзіны 90-х гадоў, і паволі складаліся, на фоне рабочага руху, марксыцкія гурткі, ня столькі над уплывам Группы Освобождения Труда» (хоць ужо ў 1885-1886 г. г. пецярбурская «Группа» рабочых знаходзілася ў непасрэднай сувязі з Плеханавым, які прымаў удзел у газэце, што выдавала група), сколькі вобмацкам трапляючы на тыя самыя ідэі, пад уплывам капіталістычнай сапраўднасьці, якія гаварылі галасьней за кожную пропаганду. Толькі гадоў цераз 10 пасьля ўтварэньня «Группы Освобождения Труда» ўтвараюцца бадай адначасна, у Пецярбургу, Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Адэсе і г. д., першыя соцыял-дэмакратычныя організацыі. Назва «соцыял-демократычны», якая тады выразна падкрэсьлівала марксыцкі характар новага руху,-бо офіцыяльна з усіх соцыялістычных партый сьвету толькі нямецкая соцыял-дэмократыя ўзяла за аснову сваёй програмы навуку Маркса,-пачала ўжывацца не адразу. Першы час яе сьвядома апускалі, каб не «адпалохаць несьвядомую масу». Так глыбока каранілася народніцтва ў рэволюцыянэраў нават яшчэ пачатку 90-х гадоў. Бо «соцыял-демократыя» значыла тады злучэньне соцыялізму і політычнай барацьбы (на гэту тэму была напісана першая брошура Плеханава марксыцкага пэрыоду-«Социализм и политическая борьба»), а соцыялістыя 70-х гадоў лічылі ўдзел у політычнай барацьбе сьмяротным грахом, вартным толькі буржуазіі. Адзінай мэтай, вартнай яго, народнік-рэволюцыянэр лічыў безадкладную соцыялістычную рэволюцыю. Гаварыць аб дэмократычнай рэспубліцы, аб усеагульным выбарным праве і т. п., чым запоўнена была програма-мінімум нямецкай соцыял-дэмократыі, лічылася сорамна. Толькі «Народная Воля» кіпула гэты забабон, але затое Народная Воля, бадай згарнула соцыялістычны сьцяг (гл. вышэй стар. 156), як мы бачылі, лішні раз даказваючы гэтым, як нязлучальныя былі соцыялізм і політычная барацьба для рэволюцыянэраў народніцкага пэрыоду.

І першыя соцыял-дэмократы, якія выступалі сярод расійскага пролетарыяту, мелі крыху рацыю, калі не высувалі на першы плян свае марксыцкія лёзунгі. Бо нават першыя рабочыя марксыстыя падыходзілі да пропаганды новых ідэй з чыста-народніцкімі спосабамі. «Адзін марксысты ў Н.-Ноўгарадзе казаў, што ня можа рабочага лічыць соцыял-демократам раней, чым ён ня вывучыць усяго Маркса», піша адзін гісторык і бліжэйшы ўдзельнік першых крокаў пролетарскага руху ў цэнтральнай Расіі. «На брошуры, а тым больш на лісткі, ён пазіраў з пагардай і лічыў іх ня толькі некарыснымі, але нават шкоднымі; проста, усе рабочыя павінны чытаць «Капітал». Ход разьвіцьця рабочага руху ён уяўляў так, што паступова будзе павялічацца лік рабочых, якія вывучылі Маркса; яны будуць прыцягваць да гэтага вывучэньня ўсіх новых членаў; з часам уся Расія пакрыецца такімі гурткамі, і ў нас утворыцца рабочая партыя».

Мы бачым, якой жывучай была тэорыя, «асоб, якія крытычна мысьляць»: бач, наш «марксысты» пачатку 90-х гадоў быў проста «лаўрыстым» (Гл. стар. 140-141). Да слова сказаць, і сам Лаўров ведаў першы том «Капіталу» амаль што ні напамяць. Рабочыя рэволюцыянеры, менш начытаныя, проста не разьбіраліся на першых часах у спрэчцы паміж народнікамі і марксыстымі. «Калі ў адзін і той самы гурток протэстанцка-накіраваных рабочых прыходзілі прадстаўнікі, члены двух кірункаў, то рабочыя ставілі сабе пытаньне, чаму гэта тыя і другія нібы хочуць зрабіць усё як найменей, а тымчасам і ў іх самых адчуваецца нейкая нязгоднасьць», - піша ў сваіх успамінах адзін з членаў тагочасных гурткоў. «Для рабочых інтэлігент або студэнт прадстаўляліся нейкай бясспрэчнай ісьцінай. І калі рабочы чуў, што адзін пачынае сьпірацца тым, што казаў другі, то ён станавіўся ў нейкі тупік, і некаторыя з маладых рабочых проста адыходзілі ў бок, кажучы: ды й яны самі ня ведаюць, што трэба рабіць. Больш-жа азначаныя рабочыя, зразумела, не адыходзілі ў бок, але пад уплывам гэтых спрэчак пачалі ставіць пытаньне, як-бы зрабіць так, каб ня было разгалосься. З гэтай мэтай некаторыя асобныя рабочыя рабілі простадушныя спробы ўмовіць інтэлігентаў ня сьпірацца паміж сабою, бо гэта шкодзіць агульнай справе абуджэньня рабочых. Пераканаўшыся-ж, што з гэтага нічога ня выйдзе, пастанавілі заклікаць тых і другіх для таго, каб пачуць, у чым складаецца розьніца поглядаў, як аднэй групы інтэлігенцыі, так і другой. З гэтай мэтай у сьнежні 1893 году на маёй кватэры быў організаваны дыспут... нам вылажылі погляды як народавольцаў, так і соцыял-демократаў. Розьніцу мы ўгледзелі толькі ў тым, што народавольцы хочуць безадкладна весьці агітацыю, як нам здалося, за неадкладны пераварот, а соцыял-демократы казалі, што трэба сьпярша весьці больш глыбокую пропаганду». Прьшлося склікаць другі сход, каб рабочыя зразумелі розьніцу. На гэтым другім сходзе выясьнілася, што ўсе рабочыя, якія былі, за выключэньнем аднаго, згаджаліся з соцыял-дэмократамі, дзеля гэтага мы прышлі да выніку, каб народавольцы ў гурткох вялі соцыял-дэмократычную пропаганду». Гэтае, на першы погляд дзіўнае, вымаганьне мела зусім нечаканы вынік: лепшыя з народавольцаў пачалі пісаць проклямацыі, якія зусім задавальнялі марксыстых, а потым і зусім зьліліся з апошнімі ў адну групу. Так об'ектыўная сіла пролетарскага руху (бо, зразумела, тут справа была ня ў тым, што рабочыя «загадалі», а ў тым, што інтэлігенты жадалі, каб іх рабочныя разумелі) выпрастала ўсе крывулькі інтэлігенцкага мысьленьня, пракладаючы дарогу пролетарскаму сьветагляду праз самы гушчар народніцкіх «забабонаў». Але, зразумела, што пры такім роўні пават рабочых протэстантаў, гэта знача рэволюцыянэраў, да шэрай масы прыходзілася падыходзіць надзвычайна асьцярожна. Што на сьценах памяшканьняў гэтай шэрай масы вісяць абразы і царскія портрэты, гэта ведалі ня толькі фабрычныя інспэктары,-пропагандыстыя ведалі гэта яшчэ лепей. Пачынаць таму прыходзілася з экономічнай агітацыі. Да такой агітацыі даваў прычыну кожны выпадак уцісканьня рабочага на фабрыцы; гэтых выпадкаў ня прыходзілася шукаць днём з агнём, як мы ведаем: асабліва-ж энэргічна быў выкарыстаны першымі расійскімі соцыял-дэмократамі той забастовачны рух, аб якім пісалася вышэй. У Пецярбургу кожная вялікая забастоўка давала прычыну да зьяўленьня лістка, груба надрукаванага за дапамогай гектографу, напісанага сумысна друкаванымі літарамі, каб нават малапісьменны рабочы мог прачытаць. Часамі на фабрыку трапляла ўсяго два экзэмпляры такога лістка, рэшту пасьпявалі падабраць вартаўнікі і гарадавыя, але і гэта лічылася ўжо посьпехам і для фабрыкі ня прыходзілася дарма. Лісткі пісаліся лепшымі, потым, публіцыстымі соцыял-дэмократычнай партыі; асаблівы посьпех меў майскі лісток 1896 году, напісаны Н. Леніным: гэтаму лістку шмат якія рабочыя прыпісвалі посьпех вялізных, для таго часу, забастовак у чэрвені гэтага году на пецярбурскіх тэкстыльных фабрыках, калі баставала каля 30 тысяч рабочых адразу, - пасьля чаго ўрад павінен быў пайсьці на новую ўступку, выдаўшы закон 1897 году аб скарачэньні працоўнага дня.

Але «экономічны» характар гэтай агітацыі зусім ня значыў, што марксыстыя адмовіліся ад злучэньня соцыялізму і політычнай барацьбы. Наадварот, тыя захады, за дапамогай якіх начальства змагалася з забастовачным рухам, стваралі глебу, па якой экономічны рух пераходзіў на політычную глебу. За экономічныя лісткі садзілі ў турму і ссылалі ня горш, чым за любую народавольскую проклямацыю. Н. Ленін толькі-што адзначаны майскі сток пісаў у турме, там-жа ён напісаў малаком цэлую брошуру аб забастоўках. Рабочых, якія непасрэдна кіравалі забастоўкамі, высылалі на «радзіму» пад нагляд паліцыі з воўчым пашпартам, ато і ссылалі ў Сібір. І забастовачны рух даваў вельмі добрую прычыну вытлумачыць масе, што змагаюцца рэволюцыянэры з самадзяржаўем. Лісток, напісаны пецярбурскім рабочым Бабушкіным, так тлумачыў таварышом-рабочым «што такое соцыялізм і політычны злачынец»: «Нас рабуе гаспадар, за якога стаіць урад. Соцыялістыя, гэта тыя людзі, якія імкнуцца да вызваленьня прыгнечанага народу з-пад ярма капіталістых-гаспадароў. Называюць-жа іх політычнымі злачынцамі таму, што яны йдуць супроць мэтаў нашага барбарскага ўраду, які абараняе інтарэсы фабрыкантаў». Як сьведчыць гісторык, з якога мы падавалі выняткі вышэй, і ўдзельнік маскоўскага руху, такая «экономічная» агітацыя прыводзіла ня толькі да таго, што рабочыя пачыналі «выказваць самым рэзкім чынам рэспубліканскія погляды», але пачыналі нават і разумець, чаму бога няма...

К палавіне 90-х гадоў у Пецярбургу, а потым у Маскве ды іншых гарадох пачынаюць складацца «Саюзы барацьбы за вызваленьне рабочай клясы», організацыі інтэлігенцкія сваім асноўным складам, але моцна зьвязаныя з рабочай масай. Пэрыод, калі ў рэволюцыйных гурткох былі асобныя рабочыя, а сярод рабочых - асобныя, там і сям раскіданыя, гурткі, быў ззаду. Пецярбурскі «Саюз барацьбы», на чале якога тады побач стаялі Н. Ленін і Л. Мартов, зьявіўся зародкам, з якога разьвілася расійская соцыял-демократычная рабочая партыя - і пры тым хутчэй бальшавіцкая яе палавіна, бо Ленін і тады быў бальшавіком, адзіны з нелегальных марксыцкіх публіцыстых, выразна адмяжоўваючыся ад «легальнага» марксызму Струвэ і К-о, чаго не знаходзіў магчымым рабіць нават Плеханов. Для Леніна і тады рабочы рух быў пачаткам рабочай рэволюцыі. «Цяпер расійскі рэволюцыянэр апіраючыся на клясу, якая стыхійна абуджаецца, можа, урэшце, стаць ва ўвесь рост і разьвінуць сваю сілу асілка»,-пісаў у тыя дні Ленін.

Рабочая рэволюцыя, якая пачалася фактычна з першых год XX веку і не закончылася цяпер, складзе зьмест трэцяй і апошняй часткі гэтага нарысу.

Канек 2-й часткі.

  1. Каб чытач не падумаў дрэнна пра маскоўскіх фабрыкантаў 80-х гадоў. напомнім, што яшчэ ў 1919 годзе профэсары маскоўскага унівэрсытэту, калі іх пыталі, чаму ніжэйшыя служачыя туляцца ў сырых, цěмных сутарэньнях, а самі яны, профэсары, жывуць у прасторных, сьветлых і сухіх кватэрах, адказалі, што ніжэйшыя служачыя, "самі ня йдуць" з сутарэньня.
  2. Можна зразумець абурэньне маскоўскай буржуазіі нашых часоў, якую "ўплатнялі" да аднаго чалавека на адзін пакой. Падумайце, гэта-ж усяго ў пяць разоў больш прасторна, чым жыў расійскі рабочы 40 г. назад.
  3. Цыркулярам (літаральна "акруговае пасланьне") называецца якоенебудзь распараджэньне центральнай улады, што рассылаецца ўсім мясцовым уладам.
  4. Усяго за 1878-1880 г. г. гісторыкі рабочага руху налічваюць па Расіі 29 забастовак, у якіх прымала ўдзел 30-35 тысяч рабочых.