Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе (Пакроўскі/Гарабурда)/Народніцкая рэволюцыя
← Рэволюцыйная буржуазія | Народная рэволюцыя Аўтар: Міхаіл Пакроўскі 1927 Пераклад: Кастусь Гарабурда |
Рабочы рух → |
Народная рэволюцыя.
Няўдача дзекабрыстых на розныя пакаленьні сучаснай гэтаму здарэньню расійскай інтэлігенцыі зрабіла розны ўплыў. Старэйшае пакаленьне або трапіла ў поўнае халопства, як Сперанскі, які ўдзелам на судзе над дзекабрыстымі сьпяшаўся акупіць сваю «віну»: тое, што яго (без яго ведама) змоўнікі запісалі ў склад членаў «часовага ўраду»,-або аддалося мрочнаму роспачу, як сябра Пушкіна, Чаадаев, які напісаў сваё вядомае «Філософічэское пісьмо», у якім ён даводзіў, што ў Расіі няма будучыны, што яна адкалолася ад Заходняй Эўропы і засуджана на невуцтва і адзічаньне. За гэтае пісьмо Мікалай загадаў абвясьціць Чаадаева шалёным. Інакш аднеслася да здарэньня малодшае пакаленьне, тыя, што былі дзяцьмі ці падлеткамі ў той год, калі Мікалай пачаў сваё панаваньне пяцьма шыбельніцамі. Першым іх пачуцьцём была ненавісьць да гэтых шыбельных парадкаў і да цара-вешацеля.
Па меры таго, як адбывалася гэтае панаваньне, ненавісьць павінна была павялічацца. Мы ужо бачылі часткова, у якое становішча паставіў Мікалай інтэлігенцыю (гл. вышэй стар. 97-98). І раней была паліцэйская выведка, і раней былі розныя сэкрэтныя прыказы канцылярыі ды экспэдыцыі, але да Мікалая ўсяго гэтага цары ды іх сьвіта нібы крыху сароміліся. Адзін Пётра «працаваў» асабіста «засьценку» але гэта была, пасвойму, рэволюцыйная эпоха, ды Пётра і за ўсё браўся асабіста: сам і караблі рабіў, і зубы рваў, «сам ружьем солдатским правил, сам и пушку заряжал», як сьпяваецца ў вядомай песьні. Мікалай «сам» займаўся толькі дзьвюма рэчамі: муштрамі салдатаў (умеў рабіць стрэльбавыя хваты «як лепшы ефрэйтар», згодна адозвы аднаго паклоньнніка) і паліцэйскім адшуканьнем. Сэкрэтная экспэдыцыя зрабілася пры ім трэцім аддзяленьнем уласнай яго вялікасьці канцылярыі. Яго начальнік, шэф жандараў, гэта знача, галоўны начальнік усіх політычных шпіёнаў, быў аднэй з першых асоб у дзяржаве: на гэтую пасаду назначаліся самыя блізкія да цара асобы. Па ўсіх вялікіх гарадох былі афіцэры «корпуса жандараў», якія пільна сачылі за ўсім грамадзкім жыцьцём. Каб падаць вагі гэтым шпіёнам у вачох грамадзтва, ім далі вайсковыя чыны і вайсковы мундзір. Гэта было добра ў тых адносінах, што той, «пал да мундзіра», аб якім піша Чацкі ў «Горе от ума» і які разьвіўся пад уплывам вайны 1812 году, калі у кожным, хто насіў мундзір, бачылі «абаронцу айчыны», хутка пагас, і ў моладзі, напрыклад, 60-х гадоў зьмяніўся зусім супроцьлеглым пачуцьцëм, так што людзі вельмі паважаныя пакутавалі ад моладзі толькі за тое, што на іх быў вайсковы мундзір. Але якая была бессаромнасьць самаўладзтва і прыгнечанасьць так званага адукаванага грамадзтва, калі царскія шпіёны маглі гуляць сярод гэтага грамадзтва зусім відочна, у асаблівым мундзіры, які адрозьніваў іх ад усіх, і не рызыкаваць, што іх прагоняць з сходу, паб'юць, заплююць і т. п.?
Прадметам нагляданьня «корпуса жандараў», была, зразумела, усё так самая інтэлігенцыя: з купцамі ці памешчыкамі жандарам ня было чаго рабіць. Да купцоў, аднак, яны часамі дабіраліся, але выключна з боку іх кішэні. У вачох-жа інтэлігенцыі жандарскі мундзір нібы ажыцьцявіў сабою ўсё мікалаеўскае панаваньне. Гэта добра адбілася ў вядомым вершы Лермантава: «Прощай, немытая Россия, страна рабов, страна господ. И вы, мундиры голубые, и ты, им преданный народ». (Жандарскі мундзір толькі пазьней зрабіўся сіні, спачатку ён быў блакітны, больш яскравы). А Лермонтов яшчэ зусім ня быў рэволюцыянэрам, і калі трапіў на Каўказ (выяжджаючы туды ён і напісаў гэты верш), то проста за вельмі «вольныя» вершы, якія тычыліся, між іншым, сьмерці Пушкіна: пры вядомых нам звычках Мікалая, гэта быў сюжэт дражлівы. Зразумела, што людзі, якія былі лявей Лермантава, куды мацней адчувалі на сябе цяжар мікалаеўшчыны, і чым далей, тым яна была больш цяжкой.
Асабліва яскрава гэта адбілася на справе петрашэўцаў, якая адбылася ў апошняе дзесяцігодзьдзе мікалаеўскага панаваньня, у канцы 40-х гадоў. Буташэвіч-Петрашэўскі быў малады літаратар, вельмі адукаваны і жвавы, кватэра якога зрабілася нечым накшталт клюбу, дзе зьбіралася ўсё, што было больш жвавым сярод пецярбурскай моладзі. На «пятніцах» Петрашэўскага гаварылі аб розных грамадзянскіх пытаньнях, між іншым, аб вызваленьні сялян, аб чым увесь час у пустую гутарылі ў Мікалаеўскіх «сакрэтных камітэтах», і аб судовай рэформе (проекты якой якраз у гэты час выпрацоўваліся і міністрамі Мікалая). Але болей за ўсё госьці Петрашэўскага захапляліся моднай тады навукай Фур'е, францускага ўтопістага, г. зн. мірнага, нерэволюцыйнага соцыялістага, які спадзяваўся давесьці сьвету карысьць соцыялізму шляхам пераконаньня і прыкладу. Мікалаеўскія шпіёны (зразумела, бяз мундзіраў) хадзілі на гэтыя «пятніцы», але, як яны ні стараліся, ніякага бунту ці патрыхтоўкі да бунту ня ўгледзелі. Тым ня менш, адзін раз уночы ўсе госьці на «пятніцах» былі арыштаваны і адданы пад суд. Здавалася-б, што тут-то ужо з поўнай разумнай падставай можна было чакаць якой-небудзь мяккай «кары»: звальненьня «ненадзейных» са службы або высланьне з Пецярбургу, каб «зараза» не пашыралася ў сталіцы. Мікалай загадаў прыгаварыць іх да сьмяротнай кары; іх вывелі на пляц, апранулі на іх сьмяротныя халаты, прывязалі да сталбоў, і нотым «памілавалі», замяніўшы сьмерць катаргаю. Катарга за простыя размовы-гэта было за вельмі нават для мікалаеўскага грамадзтва, якое прывыкла да ўсяго. Пасьля справы петрашэўцаў Мікалая зьненавідзела нават сярод буржуазіі ўсё, незахопленае выключна прагай нажывы або імкненьнем набыць міласьць начальства.
Пасьля сьмерці Мікалая ўва ўсіх, як камень з душы зваліўся. Буржуазія была зусім задаволена скромнымі «вялікімі рэформамі». Самыя адважныя ў буржуазных колах адважваліся толькі прасіць аб «увенчаніі зданія», г. зн. аб констытуцыі, але не аддаваліся роспачы, калі прыгоньніцкая дзяржава на гэта не пайшла. Іншым было становішча інтэлігенцыі. Ёй пасьля сьмерці Мікалая зрабілася крыху лепей. Цэнзура існавала, праўда, старыя расійскія ўзоры былі заменены ўдасканаленымі францускімі спосабамі. замест простага чырвонага алоўка цэнзары газет і журналаў закідалі «перасьцярогамі» і «перапынкамі», аб сім аб тым можна было пісаць, аб чым пры Мікалаі і ўспамянуць было нельга, але, дзякуючы іменна «рэформам» на сьвет боскі выплыла столькі новых і цікавых пытаньняў, што поўуступак было мала і сьцісканьне адчувалася ледзь на больш, чым раней. Арышты адбываліся за арыштамі. Самы выдатны публіцысты таго часу, Чэрнышэўскі, сядзеў у турме і хутка пашоў на катаргу; самы популярны пісьменьнік тых дзён, Герцан, не адважыўся паказацца ў Расіі і жыў у Лёндане, высылалі за адно знаёмства з ім; другі вядомы публіцысты і крытык, які пачынаў пісаць, Пісарев пісаў свае артыкулы ў Петрапаўлаўскай крэпасьці. Усё гэта стварала злосьць і заядласьць, да якой далёка было і большасьці дзекабрыстых. Зьвяржэньне самаўладзтва было для ўсіх самым істотным пытаньнем, а ўступкі, на якія пайшла прыгоньніцкая дзяржава, забурэньні, якімі адказала сялянства на «вызваленьне», давалі бадзёрасьць, давалі надзею, што мэта блізкая. Пад якім-бы сьцягам не выступала тагочасная інтэлігенцыя, - дэмократычным, соцыялістычным, анархічным, - задача ў яе па існасьці была адна: паваліць царызм.
Але гэта была па складу ўжо ня тая інтэлігенцыя, якая была ў 1825 годзе. Тая была па профэсіі бадай выключна вайсковая, пахаджэньнем бадай выключна дваранская. У гэтай былі і вайсковыя і дваране, але й тыя і другія траціліся ў масе новых людзей, якіх у тагочаснай літаратуры называлі «розначынцамі». Упяршыню гэты новы пласт даў сябе адчуць у справе Петрашэўскага, аб якой мы гаварылі вышэй. Тут, як даносілі макалаеўскія шпіёны, «з гвардзейскімі афіцэрамі і чыноўнікамі міністэрства чужаземных спраў побач знаходзіліся студэнты, якія ня кончылі курсу, дробныя мастакі, купцы, мяшчане, нават крамнікі, якія гандлявалі тутуном». У другім месцы шпіёнскі данос адзначае дваранаў, мяшчанаў, рамесьнікаў, салдат, пераважна-ж «настаўнікаў, студэнтаў і вучняў розных станаў». Гэта потым паўтаралася і ў процэсах 60-70 гадоў. Калі мы прыгледзімся да пахаджэньня гэтай стракатай масы, то мы часьцей за ўсё знойдзем дзяцей духавенства, папоў і дыяканаў, чыноўніцтва, асабліва провінцыяльнага, ніжэйшых афіцэраў, незаможных памешчыкаў і т. п. Вясковы поп, які ўладаў вучасткам зямлі, павятовы чыноўнік, у якога свая хатка ў павятовым горадзе, памешчык, уласьнік дзесяткаў дзесяцін-усё гэта ўласьнікі, буржуазія, але буржуазія дробная. Правільна, навукова кажучы, «розначынец ёсьць дробны буржуа або выходца з шэрагаў дробнай буржуазіі.
Рэволюцыйны рух 60-70 гадоў ёсьць, такім чынам, рух дробнабуржуазнай інтэлігенцыі. Іменна інтэлігентнасьць рабіла яго рэволюцыйным. Дробная буржуазія, якая па меры разьвіцьця капіталізму галее, зьмяняецца ў пролетарыят (рэформа 19 лютага зруйнавала, паміж іншым, якраз дробных памешчыкаў, уласьнікаў дзесяткаў душ, якім выкупная сума не дала капіталу на абсталяваньне новай гаспадаркі, і толькі іх), звычайна незадаволена, раздражнена, мармыча, бурчыць, але яе раздражненьне не заўсёды накіроўваецца патрэбным шляхам. Яе можна нацкаваць і на яўрэя, выставіўшы яго вінавайцам няшчасьцяў дробнай буржуазіі,-так робяць у нас у паўднёвай Расіі; і на немца, - так з посьпехам рабіла капіталістычная буржуазія ў Францыі. Тады яна будзе не рэволюцыйнай, а рэакцыйнай сілай. Але калі дробны буржуа даволі адукаваны, яго ня так лёгка абмануць, і ён добра бачыць, у кожным разе, свайго бліжэйшага ворага, ад якога ён, вот іменна дробны буржуа, пакутуе больш за ўсё. Для дробна-буржуазнай інтэлігенцыі ў Расіі з часоў «вялікіх рэформаў» такім бліжэйшым ворагам была прыгоньніцкая дзяржава.
У Францыі канца XVIIІ веку такая самая дробная буржуазія запатрабавала перш за ўсё «політычнага» перавароту. З абвашчэньнем рэспублікі яна пачала расколвацца, і людзі, якія марылі йсьці далей політычнай волі і грамадзянскай роўнасьці, загінулі ад рукі рэволюцыйных дробных буржуа, якія рашчысьцілі тым дарогу рэакцыйнай буйнай буржуазіі. У нас, у Расіі, было інакш. Дробна-буржуазныя дэмократы, пажаданьні якіх ня йшлі далей устаноўчага сойму, былі і ў нас. Іх ідэі адбіліся ў лістку «Велікорусс», які выдаваўся (сэкрэтна, нелегальна, зразумела) у Пецярбургу ў 1861 годзе. Каля «Велікорусса» гуртавалася больш заможная частка дробна-буржуазнай інтэлігенцыі, блізкая да сапраўднай буржуазіі. «Велікорусс» пагражаў узброеным паўстаньнем, але, па існасьці, з куды большым здавальненьнем абышоўся-б больш мірнымі сродкамі, падаўшы, напрыклад, адрас цару аб скліканьні народных прадстаўнікоў. На моладзь і больш бедных «розначынцаў» гэта мела малы ўплыў, і сапраўдная політычная дробнабуржуазная рэволюцыя выбухла ў пачатку 60-х гадоў не ў самай Расіі.
У Польшчы абурэньне ціскам самадзяржаўя ўзмацнялася ўсёй сілай нацыянальнай ненавісьці прыгнечанага народу да чужаземнага ўраду, які ўціскаў яго. Польшча, як катаржнік, прыкаваны ланцугом да другога катаржніка, хоцькі-ня-хоцькі падзяляла ўсе лёсы Расіі, аж да імпэрыялістычнай вайны 1914 году, калі яна вынесла больш за ўсіх. Разгром дзекабрыстых закрануў і яе: у палякоў былі свае сэкрэтныя таварыствы, зьвязаныя з расійскімі. Але ў Польшчы тады была яшчэ констытуцыя, і Мікалай ня мог распраўляцца ў Варшаве так вольна, як у Пецярбургу. У Польшчы не удалося вырваць афіцэрскую рэволюцыю да кораня, сëе-тое засталося, і ў спрыяльную мінуту ўтварылася новая змова. Намесьнік Мікалая, цэсарэвіч Канстантын, больш за ўсё заняты дзікімі муштрамі салдат, не заўважыў гэтай змовы, прагледзеў. У лістападзе 1830 году і ён, і расійскі гарнізон Варшавы былі акружаны паўстаўшай польскай арміяй (мы памятаем, што Польшча была яшчэ асаблівай дзяржавай, з сваёй арміяй). Канстантын павінен быў здацца на капітуляцыю. Палякі дазволілі яму і яго войску йсьці ў Расію. У Варшаве было абвешчана зьвяржэньне Раманавых. Польшча зноў зрабілася вольным краем. Мікалай, зразумела, не пагадзіўся з гэтым і адразу-ж паслаў супроць палякаў усе вайсковыя сілы, якія ў яго былі пад рукой. Але невялікая польская армія, ахопленая рэволюцыйным энтузіязмам, пад камандай афіцэраў, якія вышлі са школы Наполеона І, была небясьпечным супраціўнікам. Першае наступленьне расійскага войска на Варшаву кончылася няўдачна. Толькі за дапамогай прусакоў, якія забесьпячалі расійскую армію порахам, харчамі, перавознымі сродкамі, удалося Мікалаю саўладаць з польскай рэволюцыяй пасьля 8-месячнай барацьбы.
Заўладаўшы Варшавай (у жніўні 1831 году), Мікалай зьнішчыў польскую констытуцыю, намесьнікам з неабмежаванымі поўнаноцтвамі зрабіўся новы заваявальнік Польшчы, фэльдмаршал Паскевіч. У Польшчы пачалі пашыраць праваслаўе, самадзяржаўе і народнасьць (зразумела, расійскую). Для гэтага аддавалі сконфіскаваныя ў палякоў маёнткі расійскім афіцэрам, гвалтам абарачалі ў праваслаўе вуніятаў, якія яшчэ засталіся ў Польшчы ад ХVІІ веку (гл. вышэй стар. 64), гвалтам навучалі ў школах расійскай мове і г. д. Усім цяжарам гэта навалілася іменна на дробную буржуазію. Вялікія паны-земляўласьнікі або выехалі заграніцу, карыстаючыся тым, што Польшча была падзелена паміж трыма дзяржавамі, і ў шмат якіх багатых памешчыкаў былі маёнткі адразу і ў Расіі, і ў Аўстрыі, і ў Прусіі; або зрабіліся прыдворнымі Мікалая, заняўшы ў Пецярбургу важныя пасады на царскай службе. Але дробнай «шляхце», дробным памешчыкам, незаможным гарадзянам ня было куды дзецца ад Паскевіча і яго казакоў ды жандараў. Адначасна экономічна Польшча хутка разьвівалася, дзякуючы іменна сувязі з Расіяй, больш дакладна, з тымі заходнярасійскімі губэрнямі, якія ўтвараліся з руінаў быўшай Польска-Літоўскай дзяржавы; гэтыя губэрні былі вельмі добрымі рынкамі для фабрык «царства Польскага». Як ні стараўся Паскевіч зрабіць непраходную мяжу паміж Расійскай Польшчай і Заходня-Эўропэйскімі краямі, якія яе акружалі, гэта было немагчыма проста па географічных умовах: «царства» клінам уціналася паміж Прусіяй і Аўстрыяй, пагранічныя краіны якіх былі заселены часткова тымі самымі палякамі. Пры такіх умовах зносіны цераз граніцу адбываліся штодзенна, і польскія «эмісары» з заграніцы заўсёды праходзілі ў межы «царства». Рэволюцыйны рух, які замёр у Расіі, у Польшчы і ня спыняўся ні на мінуту.
Севастопальскае паражэньне Мікалая, якому нават у Расіі, як мы памятаем, шмат хто цішком радаваўся, паляком павінна было здацца зарою вызваленьня. У Польшчы ведалі, што пераможнік Расіі, францускі імпэратар Наполеон ІІІ, марыў аб аднаўленьні імпэрыі свайго дзядзькі, Наполеона І. Але ў гэту імпэрыю калісьці ўходзіла і «герцогства Варшаўскае». Яно было ў ня меншым заневальненьні Наполеона І, чым пазьней «констытуцыйная» Польшча ў Аляксандра І. Але гэта ўжо ўсё запомнілася: пасьля Мікалая і Паскевіча эпоха Наполеона здавалася залатым векам. Калі дадаць, што Наполеон ІІІ сапраўды праяўляў інтарэс да палякаў, гаварыў аб іх і ў час перамаўленьняў аб Парыскай згодзе (гл. стар. 84) і пры асабістых спатканьнях з Аляксандрам ІІ, што ў гэты самы час адбываўся моцны нацыянальны рух у суседняй Нямеччыне ды ў Італіі, дзе ў гэты час з некалькіх дробных дзяржаваў складалася адзінае Італьлянскае каралеўства, пры тым за дапамогай іменна Наполеона ІІІ, то надзеі дробна-буржуазнай польскай масы за дапамогай Францыі дамагчыся зьвяржэньня расійскага ўціску будуць зусім зразумелыя.
Аляксандар ІІ ані ня думаў уступаць паляком. Бачачы, як узьняў супроць сябе Мікалай усіх сваім палачным кіраўніцтвам, сваёй грубасьцю, яго сын, чалавек ня дурны, сьцяміў, як некалі Аляксандар І пасьля Паўла І, што трэба падлізацца да грамадзтва. Ён стараўся быць ласкавым і ветлівым у абыходжаньні, усім стараўся сказаць што-небудзь прыемнае, стараўся паказаць, што ўсё ў Расіі залежыць ад яго. Так, вызваленьне сялян малявалася, як справа выключна царскай міласьці, хоць сам-жа Аляксандар добра разумеў, што сялянам даюць ня тое, што ім трэба, што іх абманваюць, і, падрыхтоўваючы ўсеміласьцівейшы маніфест, адначасна падрыхтоўваў усё на выпадак заспакаеньня няўхільнага, паводле яго ўласнай думкі, бунту абманутых сялян. Якраз таксама адносіўся ён і да палякоў. Рэжым Паскевіча быў паслаблены, улада намесьніка крыху абмяжована (Паскевіч ужо памёр да гэтага часу і намесьнікам быў другі генэрал Горчаков), адначасна Аляксандар і думкі не дапускаў, што яго ўлада ў Польшчы або ў Расіі можа быць абмежавана. На пачцівыя просьбы расійскай буржуазії аб констытуцыі ён даваў даволі ветлівы адказ, часамі, аднак, высылаючы занадта дакучлівых прасіцеляў. Але калі польская дробная буржуазія пачала рэволюцыйныя маніфэстацыі, яго адказ быў кароткі: першая маніфэстацыя была расстрэлена. Гэта здарылася бадай адначасна з выданьнем маніфэсту 19 лютага 1861 году, і, як абухом па лобе, стукнула тых наіўных людзей, якія давалі веры дабраце Аляксандра ІІ. У іх ліку быў і Герцэн, які шчыра верыў да тых час, што Аляксандар можа зрабіцца сапраўдным, а ня ў дужках, вызваленцам Расіі, і які зварачаўся да яго з адпаведнымі пісьмамі. Можна сабе ўявіць, што сказаў-бы Герцэн, калі-б ведаў сэкрэтны загад «добрага цара» бомбардаваць Варшаву на выпадак паўтарэньня «непарадкаў». Усьміраць паўстаньне за дапамогай бомбардоўкі гарадоў, ні разьбіраючы вінаватага і невінаватага, гэты спосаб вынайдзен зусім не маскоўскім генерал-губарнатарам Дубасавым, які ў 1905 годзе бомбардаваў Прэсьню, а самым «царом-вызваленцам»; толькі апошні ня меў выпадку ажыцьцявіць пагрозу.
Пры нежаданьні цара аслабляць самаўладзтва ў Польшчы і аслабленай адначасна ўладзе яго агента, намесьніка, атрымлівалася нешта накшталт провокацыі: польскае грамадзтва хвалявалася ўсё больш і больш і то там то тут натыкалася на расійскія штыхі і бізуны. Аляксандар, зразумела, і самому сабе не прызнаваўся, што ён провокуе палякоў фальшывымі ўступкамі. Яму польскі рух здаваўся справай злоўмысных агітатараў. Каб вылавіць гэтых апошніх, ён і падумаў, разам з сваім братам Канстантынам Мікалаевічам, якога ён назначыў намесьнікам замест Горчакова, меру ўжо зусім провокацыйную. Тады ня было яшчэ ўсеагульнай вайсковай павіннасьці, а час ад часу рабіліся рэкруцкія наборы. Дык вот, на 1 студзеня 1863 году ў Польшчы быў абвешчан рэкруцкі набор, прычым заўчасна было ўхвалена «забрыць лоб» усім маладым людзям, якія вылучыліся сваім рэволюцыйным настроем. На шчасьце гэтых маладых людзей, пляны «добрага» цара сталі вядомы раней часу. Рэволюцыйная моладзь, пастаўленая перад выбарам-ці быць замурованым у расійскія казармы, ці ўзяцца за зброю ў якасьці польскіх салдат, выбрала апошняе. Прызначаныя ў набор маладыя людзі ўцякалі ў лясы і ўтваралі там узброеныя атрады. Так пачалася другая польская рэволюцыя.
На першы погляд яна была яшчэ больш безнадзейнай, чым першая. Цяпер у палякоў ня было сваёй рэгулярнай арміі, увесь край быў заняты расійскім войскам. Польскія атрады, разрозьненыя, дрэнна узброеныя, маглі весьці толькі партызанскую барацьбу, але, папершае, само расійскае войска было ня так ужо бязумоўна надзейным: цэлы шэраг афіцэраў, абураных дваістай політыкай Аляксандра, выказваў спачуцьцё паляком, некаторых з іх расстралялі, каб падтрымаць дысцыпліну, затое другія, асабліва палякі пахаджэньнем, зьбеглі ў атрады паўстаўшых і зрабіліся іх камандзірамі. А потым павядзеньне Наполеона ІІІ, які формальна, быў у гэты час у саюзе з Аляксандрам, рабілася ўсё больш падазроным, ён і далей прасіў за палякоў і падбіваў на тое сваіх ранейшых саюзьнікаў-Англію і Аўстрыю. Царскі ўрад пачынаў баяцца; яму ўжо здавалася паўстаньне тэй коаліцыі, якая прымусіла яго пакласьці зброю пад Севастопалем, і ён рыхтаваўся пайсьці на ўступкі. Міколі яшчэ расійская буржуазія ня была так блізка да жаданай констытуцыі, як у гэту мінуту. Міністру Валуеву было загадана распрацаваць плян прыцягненьня да прац дзяржаўнай рады гласных толькі што ўведзеных земскіх сабраньняў.
Страх быў заўчасным. У расійскай арміі «революцыйная зараза» (на якую вельмі разьлічалі і палякі) не пайшла далей некаторай часткі афіцэрства. Салдаты пазіралі на палякоў, як на кожнага іншага ворага, і сумленна ўзяліся зьнішчаць «драпежнікаў», як называлі яны польскія партызанскія атрады. Англія і Аўстрыя вельмі дрэнна паддаваліся ўмаўленьням Наполеона ІІ і далей «дыплëматычнага», гэта знача папяровага і слоўкага, умешваньня ня йшлі. Наадварот, Прусія, як раней зацікаўленая ў тым, каб Польшча не паўстала, перайшла на бок Аляксандра яшчэ больш рашуча, чым гэта было ў 1831 г. Яна прапанавала цяпер Расіі ўжо ня ўскосную дапамогу прыпасамі і т. п., як тады, а зусім простую і непасрэдную, - прапанавала сваю армію для засьмірэньня польскай рэволюцыі. Гэта перш за ўсё так напалохала Аўстрыю, што тая зусім адмовілася ад дапамогі Наполеона ІІІ. Аляксандру-ж гэта прыдало такой бадзёрасьці, што ён кінуў усякую думку аб уступках. «Мяцеж» пастанавілі задушыць самымі жорсткімі мерамі. Пасьля ня менш фальшывай, чым усе папярэднія міласьці, амністыі, да паўстаўшых пачалі няшчадна ўжываць кару сьмерці. У Вільно быў пасланы адзін з самых рэакцыйных памочнікаў Мікалая І-Мураўёв-яшчэ да гэтага празваны «вешальнікам». Ён цалком апраўдаў гэту даную яму наперад мянюшку, але і ў Варшаве, дзе камандаваў генерал не з такой вялікай рэпутацыяй, вешалі ня меней. Польшча і суседнія з ёю быўшыя польскія губэрні былі запоўнены расійскім войскам, і хутка на кожнага «мяцежніка», узброенага паляўнічай стрэльбай, прыходзілася тры расійскіх салдаты з добрымі стрэльбамі. Калі пры гэтым з паўстаньнем вазіліся ўсё-ткі больш году, то ў гэтым вінавата была «ненадзейнасьць» расійскага каманднага складу, але цяпер ужо зусім з іншых мотываў: шмат каму было спакусна зрабіць сабе кар'еру ў гэтай лёгкай вайне, і яны знарок не «дабівалі» польскіх партызанаў, пакідаючы сотку-другую на развод; тыя зьяўляліся кадрам для новага атраду, і гульня пачыналася нанава.
Другая польская рэволюцыя была ўрэшце задушана, і ў Польшчы пачалася дзікая рэакцыя. Кіраўніцтва Паскевіча здавалася паляком раем, параўнаўча з тым, што надышло цяпер. Раней польскіх дзяцей гвалтоўна вучылі расійскай мове, цяпер польскім дзецям забаранялі гаварыць паміж сабою папольску. Польскай школы быць не магло, была толькі расійская школа, а ў расійскім скарбовым будынку нельга было гаварыць на крамольнай польскай мове. Тысячы чыноўнікаў-хабарнікаў, прагнаных з Расіі, зьявіліся цяпер у Польшчы і заняліся «абрусеньнем». Палякі, якія і раней ненавідзелі расійцаў, цяпер пачалі яшчэ і пагарджаць імі, ім пачынала здавацца, што ўсе расійцы прадажныя душы, якія за грошы гатовы на ўсё. Але абуржуажаны ўрад Аляксандра ІІ ўсё-ткі і паразумнеў, параўнаўча з мікалаеўскімі часамі. Мікалай пакладаўся выключна на бізун і штых.-яго сын павёў больш хітрую політыку. Ён папрабаваў раскалоць польскую народную масу, падкупіўшы міласьцямі сялянства. У «царстве» сяляне былі вольнымі яшчэ з часу Наполеона І, але зямлі яны тады не атрымалі; цяпер ім далі зямлю, адабраную ад памешчыкаў, прычым выдаткі на «выкуп» узяла на сябе дзяржава. У заходніх губэрнях, закранутых рэволюцыяй, дзе сяляне былі вызвалены ў 1861 годзе, але па агульнарасійскім спосабе, гэта знача з вялікім іх абрабаваньнем, «устаўныя граматы» былі перагледжаны і моцна зьменены на карысыць сялян. Надзеі Аляксандра зрабіць такім шляхам польскага халопа надзейным халопам расійскага цара ня мелі посьпеху, пераход значнай часткі зямлі ў рукі сялян толькі даў лішні штыршок экономічнаму разьвіцьцю Польшчы, і яна ўсё-ткі засталася самай рэволюцыйнай акраінай імпэрыі цароў. Але ўся спроба паказала, што Аляксандар з лёгкай рукі 19 лютага ўсё больш і больш уваходзіў у смак дэмагогіі і ў самой Расіі гэта царская дэмагогія мела болей посьпеху.
У самой Расіі шырокая публіка ня была, зразумела, пасьвечана ў перагаворы царскай дыплёматыі з Францыяй, Аўстрыяй, Прусіяй і г. д. Гэта публіка чытала ў газэтах грозныя, як ёй здавалася, ноты Наполеона ІІІ, ангельскага міністра Россэля ды іншых, бачыла вайсковыя падрыхтаваньні, ад сябе дадавала тысячу баек; як усіх абываталяй, ня лёгка можна было пераканаць, што на Расію рыхтуецца новая навала «двунадзесяці языков», як у 1812 годзе. і калі навала не адбылася, а польскае паўстаньне было задушана, нас лёгка было пераканаць, што ўсяму гэтаму прычынай мудрасьць і цьвёрдасьць цара Аляксандра і яго міністраў. Барацьбу з няшчаснымі польскімі партызанамі выстаўлялі, як вайну з якой-небудзь вялікай дзяржавай. У газэтах штодзень друкаваліся вайсковыя сводкі, у якіх важна паведамлялася аб бітвах, у якіх з расійскага боку быў забіты адзін казак і т. п. У дробнай буржуазіі вельмі моцны абароньніцкі патрыотызм, і гэта зразумела: дробны ўласьнік шмат церпіць ад непрыяцельскай навалы, вайна выганяе яго з яго маленькага кутка, непрыяцель спаліць хату, зарэжа карову, абрабуе, адным словам. У дробнабуржуазных краінах абароньніцтва заўсёды красуе, прыклад-Францыя: і на гэту вудачку дробнага буржуа лягчэй за ўсё злавіць. Царскія публіцыстыя (цяпер і самадзяржаўю публіцыстыя патрэбны былі) вельмі добра умелі йграць на гэтай струне рускага дробнага буржуа. Асабліва адрозьніваўся Катков, рэдактар і выдавец «Московских Ведоностей», які тады толькі пачынаў сваю кар'еру першага чорнасоценнага публіцыстага ў Расіі. У 1863 годзе ён яшчэ ўмеў злучаць патрыотызм і лібералізм, што асабліва прыцягвала тагочаснага чытача, які яшчэ марыў тайком аб констытуцыі і які ганараваўся «вялікімі рэформамі» і адначасна карожыўся, што мы не дамо сябе паляком у крыўду: патрэбна будзе, усю Эўропу шапкамі закідаем. І вот, Герцэн страціў тры часткі сваёй популярнасьці затое, што заступаўся за палякоў, а Катков гэту популярнасьць набыў. Той, хто захапляўся толькі політычным рухам,-публіка «Велікоруса»,у патрыотычным чадзе запомніў на час нават аб констытуцыі, успомніў толькі пазьней. А на рэволюцыйных позыцыях засталася толькі тая частка дробнай буржуазіі, якая ўжо тады ўсвоіла сабе ідэал соцыялізму.
Дробна-буржуазны соцыялізм родзіцца на тэй глебе прыгнечаньня і абгаленьня дробнаўласьніка вялікім капіталам, аб якой гаварылася вышэй, якая ляжыць у падставе ўсёй дробна-буржуазнай рэволюцыйнасьці. Дробны буржуа ненавідзіць капітал і каліталістага часамі ня менш, чым рабочы, але ненавідзіць інакш. Рабочы імкнецца стварыць грамадзкі лад, які-б адпавядаў буйнай вытворчасьці, створанай капіталізмам. Працуюць усе супольна, і ўласнасьць павінна быць супольная; але аб звароце да дробнай вытворчасьці, да тых часоў, калі кожны працаваў паасобку, рабочы ня марыць. Дробны буржуа марыць іменна аб гэтым-аб тых добрых часох, калі ў кожнага была свая хатка, свая кароўка, свае курачкі і качачкі; для яго выгодна зьнішчыць капіталізм, а пад капіталізмам ён цьмяна разумее іменна буйную вытворчасьць. Тое, на чым рабочы спадзяецца заснаваць соцыялізм, для дробнага буржуа-пудзіла; гэту бяду-буйную капіталістычную вытворчасьць-ён спадзяецца як-небудзь пазбыць; дробна-буржуазная соцыялістычная літаратура ў Расіі запоўнена сьмешнымі спрэчкамі аб тым, будзе ў нас капіталізм, ці не. І кожны добры дробна-буржуазны капіталісты павінен быў верыць, што ў нас капіталізму быць ня можа. Фабрыка-вогнішча пролетарскага соцыялізму - здавалася яму жахлівым месцам, якое губіць здароўе і жыцьцё насяленьня. А ідэалам яго была ў Расіі сельская грамада.
Сельская грамада існавала скрозь на Эўропе ў сярэднія вякі, г. зн. год 500-600 назад, і зьяўляецца астачай першабытнага, бадзяжнага, лесавага земляробства. Ворань «выдзіралі» з-пад лесу супольна; натуральна, што ўся «дзярэўня» і ўладала ачышчанай зямлëй супольна. З тае прычыны, што ўгнаеньне плодапераменнай сыстэмы і т. н. не ісвавала, усе апрацоўвалі зямлю аднолькава, сеялі адно й тое самае, жалі ў адзін і той самы час, то першабытную вёску лёгка было падзяліць на роўныя долі. Потым пераходзілі на новую «дзярэўню». Там паўтаралася тое самае. Як усталяваўся фэўдальны лад (гл. стар. 28 і наст.), памешчык выціскаў дадатковы продукт адразу з усяе дзярэўні; гэта яму было выгадна, і ён падтрымліваў грамадзкія парадкі ўжо штучна і пасьля таго, як бадзяжнае земляробства зьмянілася пакрысе аселым. Потым памешчыку здавалася, што гэта яны і выдумалі грамадзкае земляробства, і гэты пункт погляду прайшоў у навуку. У 60-х гадох профэсары з памешчыкаў даводзілі, што сельская грамада ў Расіі паўстала у ХVІ-XVІІ вякох пад ціскам начальства. Гэта, зразумела, няпраўда, глупства, грамада ў нас, як і ў Заходняй Эўропе. (Англіі, Нямеччыне, Швэйцарыі; у апошняй астачы яе дажылі таксама да нашых дзён), астача глыбокай старыны. Але з соцыялізмам або комунізмам яна ня мае нічога супольнага, - гэта відаць з першага погляду. Комунізм організуе вытворчасьць. У сельскай грамадзе ніякай супольнай вытворчасьці няма і ніколі ня было. Кожны селянін працуе на сваім шнуры самастойна, тое, што ён зьбярэ, належыць яму, а ня йдзе ў агульны кацёл. Нават роўнасьць надзелу не абавязковая. У руках адной сялянскай сям'і магло сабрацца некалькі шнуроў. Але гэтыя шнуры не належалі ёй назаўсёды: зямлю маглі перадзяліць, і яе шнуры маглі дастацца другім, а яна атрымае новыя.
Вось гэтая адсутнасьць асабістай і прыватнай сталай уласнасьці на зямлю, гэтыя перадзелы зямлі ў вачох дробнабуржуазнай інтэлігенцыі былі парукай, што з грамады можа разьвіцца соцыялізм. У сваім разуменьні соцыялізму інтэлігенцыя йшла не ад вытворчасьці, а ад разьмеркаваньня ўласнасьці. Але разьмеркаваньне ўласнасьці ёсьць другарадная адзнака, гэтае разьмеркаваные залежыць ад організацыі вытворчасьці. Мы толькі-што бачылі, што і грамадзкае земляробства паўстала на аснове лесавага, лядавага земляробства (астачы самай старажытнай дафэўдальнай грамады і знойдзены былі ў нас там, дзе гэтае земляробства ўтрымалася да нашых дзён, у Архангельскай губ. і ў Сібіры), г. зн. на падставе пэўнай вытворчасьці. Соцыялістыя 60-70 гадоў, зразумела, ня марылі аб аднаўленьні лядавага земляробства, гэта было-б занадта дзіўна. Проста, яны не разумелі, што паміж грамадой і першабытнымі формамі земляробства можа быць якая-небудзь сувязь.
На існаваньне грамадзкага земляробства ў Расіі, як на факт вельмі важны, які адрозьніваў Расію ад іншых эўропэйскіх краін, зьвярнулі ўвагу ўпяршыню ў 40-х гадох, пад уплывам заходня-эўропэйскіх дасьлядоўцаў: дробнабуржуазны соцыялізм у Заходняй Эўропе, які хаваўся за астачы грамады, якія захаваліся яшчэ ў некаторых месцах, бачачы ў іх заруку якогасьці вялікага будучага. Ална эўропэйская краіна хвалілася гэтымі астачамі перад другімі. У германскіх краёх іх было больш, чым у Францыі, радзіме соцыялізму, і вот немцы з гонарам глядзелі на французаў, тыя, бач, толькі бэйсаць умеюць аб соцыялізьме, а ў нас-то ён ужо ёсьць. Але калі адзін нямецкі падарожнік Гакстгаўзен, заехаў у Расію, то ён убачыў, што тут ня толькі астачы грамады захаваліся, але яна проста пануе па ўсёй Велікарусі. Ён зьвярнуў на гэта ўвагу сваіх маскоўскіх знаёмых. Тыя прышлі ў захапленьне: вось яна дзе, абяцаная зямля соцыялізму. Расіі прызначана абнавіць сьвет. Адных гэта напоўніла нязвычайным нацыянальным гонарам, яны пачалі пазіраць на Расію і на славянскія краі наагул (там скрозь астач грамады было больш, бо яны перажылі пэрыод бадзяжнага земляробства, параўнаўча, менш даўна), як на нейкіх выбраньнікаў, ад якіх пойдзе выратаваньне «згнілога» Захаду (да ліку «ранаў» апошняга яны залічалі і «пролетарыяцтва»). Прычым у гэтым асьвятленьні Расія паказалася ім вельмі добрай з усіх бакоў, і расійская простанародная вопратка, і тое, што расійскі селянін ня голіць барады і г. д. Словам, усё, апрача самадзяржаўя Мікалая, а іншыя згаджаліся нават і з ім. І ўва ўсякім выпадку ўсе згаджаліся з царскай уладай наагул. Гэты кірунак у расійскай літаратуры атрымаў назву славянафільства («славяналюбства»). Гэтыя былі пераконаны, што Расіі революцыі ніякай ня трэба,-яна й так добрая. Але для другіх, больш рэволюцыйна настроеных, грамада зьяўлялася довадам, што ў Расіі соцыялістычная рэволюцыя больш магчымая і больш блізкая, чым дзе-б то ні было. Да гэтага кірунку належаў перш за ўсё Герцэн.
Герцэн, як на Захадзе Маркс і Энгельс, а ў нас пазьней Плеханов, зьяўляецца довадам, што зусім ня трэба пахаджэньнем належаць да тае ці іншае грамадзкае клясы, каб зрабіцца выказьнікам імкненьняў і надзей гэтае клясы. І Маркс і Энгельс нарадзіліся ў буржуазных сем'ях, што не перашкаджала ім зрабіцца заснавальлікамі пролетарскага соцыялізму. Плеханов быў сын памешчыка, што не перашкодзіла яму зрабіцца роданачальнікам рабочага соцыялізму ў Расіі. Для пашырэньня якой-небудзь ідэі важна, у якіх колах яна пашыраецца, хто зьяўляецца яе пасьлядоўцам, а ня тое, у чыёй галаве яна зарадзілася. І Маркс, і Энгельс, і Плеханов ня былі рабочымі, але ўплыў мелі толькі на рабочых, буржуазія іх навукі ня прыняла. Герцэн быў сын багатага памешчыка і сам багаты чалавек; гэта адбілася на шмат якіх яго поглядах, тлумачыць шмат якія яго памылкі. У час сялянскай рэформы, напрыклад, ён, як адзначалася, наіўна верыў у сумленнасьць Аляксандра ІІ і яго супрацоўнікаў. Верыў, што тыя сапраўды хочуць вызваліць сялян ня ў дужках. Ён пісаў Аляксандру і яго жонцы пісьмы наконт гэтага і выабражаў, што гэтыя пісьмы маюць нейкі ўплыў. Але ён быу жвавы і чулы чалавек. У 1848 годзе ён быў у Парыжы; малюнак барацьбы францускага пролетарыяту з капіталам, асабліва расстрэл парыскіх рабочых у чэрвені гэтага году зрабілі на яго незапомнае ўражаньне. За такія мінуты ненавідзяць дзесяць год, помсьцяць усё жыцьцё,-пісаў Герцэн аб чэрвенскіх расстрэлах.-Гора тым, хто даруе такія мінуты». Гэтыя мінуты і зрабілі яго соцыялістым, але соцыялізм пролетарыяту, рэволюцыйны комунізм быў занадта далёкі і чужы для гэтага заможнага пана. Дробна-буржуазны соцыялізм быў усё-ткі бліжэй і больш зразумелы. Герцэн і зрабіўся прарокам дробна-буржуазнага соцыялізму ў Расіі.
«Жыцьцё расійскага народу да гэтых час абмяжоўвалася грамадой; толькі з боку адносін да грамады і яе членаў прызнае ён за сабою правы і абавязкі, - пісау Герцэн францускаму гісторыку Мішле ў 1851 г.-Па-за грамадой усё яму (расійскаму народу) здаецца заснаваным на гвалце». «Грамадніцкая організацыя, хоць і моцна пахіснутая, утрымалася супроць умяшаньня ўлады; яна шчасьліва дажыла да разьвіцьця соцыялізму ў Эўропе. Гэта акалічнасьць вельмі важная для Расіі». «З усяго гэтага вы бачыце, якое шчасьце для Расіі, што сельская грамада не загінула, што асабістая ўласнасьць не раздушыла ўласнасьці грамадзкай; якое гэта шчасьце для расійскага народу, што ён застаўся па-за рознымі політычнымі рухамі, па-за эуропэйскай цывілізацыяй, якая, бяссумненна, падкапала-б грамаду і якая цяпер сама дайшла ў соцыялізьме да самаадмаўленьня. Мы, расійцы, якія прайшлі цераз заходнюю цывілізацыю (г.-зн. расійская інтэлігенцыя, хоча сказаць Герцэн), мы ня больш, як сродак, закваска, як пасярэднікі наміж расійскім народам і рэволюцыйнай Эўропай. Чалавек будучыны ў Расіі-мужык, якраз таксама, як у Францыі - работнік».
Гэтая думка, ўпяршыню выказаная Герцэнам, што расійская грамада ёсьць не гарантыя ад рэволюцыі ў Расіі, як думалі славянафілы, а, наадварот, довад таго, што іменна ў Расіі павінна пачацца соцыялістычная рэволюцыя, моцна асела ў сьвядомасьці расійскай інтэлігенцыі 60-70 гадоў. Выдатны публіцысты наступнага за Герцэнам пакаленьня, Чарнышэўскі, які сам належаў ужо да дробна-буржуазнай інтэлігенцыі (ён быў сын сьвяшчэньніка ў г. Саратаве), спрабаваў давесьці яе навуковымі і філёзофскімі довадамі. Пачатак разьвіцьця і канец, гаварыў ён, заўсёды бываюць падобныя адзін да аднаго: чалавецкае грамадзтва пачалося комунізмам і павінна да комунізму прысьці. У Расіі гэты пачатак, з прычыны павольнасьці яе разьвіцьця, затрымаўся да XІX веку, але гэта зусім ня значыць, што нам ня прызначана ўбачыць канца. Наадварот, мы яго ўбачым скарэй: гісторыя, як бабулька, вельмі любіць маладзейшых унукаў». Гэта нічога, што мы не перажылі прамежнага пэрыоду паміж першабытнай грамадой і соцыялістычнай комунай, што ў нас ня было капіталізму, як у Заходняй Эўропе (Чарнышэўскі і яго сучасьнікі блыталі капіталізм з прамысловым капіталізмам, г.-зн. частку прымалі за цэлае; дзеля таго, што прамысловы капіталізм у сярэдзіне XІX веку быў яшчэ ня вельмі ў нас прыметным, то ім і здавалася, што пэрыод капіталізму ў Расіі яшчэ не пачаўся, а што ў нас ужо 200 год існуе капіталізм гандлёвы, гэтага яны не заўважылі). Краі, якія пазьней другіх пачынаюць сваё экономічвае разьвіцьцё, прабягаюць затое ўвесь шлях разьвіцьця куды хутчэй, пераскокваючы, так сказаць, цераз цэлыя пэрыоды. Так і Расія можа пераскочыць капіталістычны пэрыод і трапіць адразу ў соцыялістычны.
Чарнышэўскі ўяўляў сабе гэту соцыялістычную рэволюцыю Расіі даволі яшчэ выдаленай. На практыцы, а ня ў тэорыі, ён схіляўся больш да політычнай дэмократыі,-ён стаяў у цэнтры «велікарусцаў», а «Велікарус» зварачаўся да «адукаваных кляс» і марыў аб устаноўчым сойме. Пасьля сялянскіх забурэньняў 1861 году сам Чарнышэўскі знаходзіў магчымым зварачацца да сялян; ён склаў для апошніх проклямацыю (адну з першых у Расіі, калі ня лічыць пугачоўскіх маніфэстаў), якую яму не ўдалося пашырыць. Ня гледзячы на гэта, за гэту прокламацыю Чарнышэўскага выслалі на катаргу. А з тае прычыны, што на судзе доказаў, што проклямацыю напісаў іменна Чарнышэўскі, было мала, ужылі падлог і ману. Аляксандар І аб усім гэтым добра ведаў, і, тым ня менш, прыгавор зацьвердзіў. У гэтай прокламацыі Чарнышэўскі не заклікаў сялянства да безадкладнага бунту: што добрага, пісаў ён, у адным сяле бунт падняць, калі ў другіх яшчэ не гатовыя. Ён радзіў сялянам толькі організавацца, рыхтуючыся да паўстаньня ў будучыне ў добрую мінуту. Але сярод яго пасьлядоўцаў знайшліся людзі, якія не маглі і не хацелі чакаць; яны выпусьцілі адозву, куды больш рэволюцыйную, чым «Да сялян» Чарнышэўскага, і якая йшла пры тым сваімі лёзунгамі куды далей.
Гэта былі аўтары прокламацыі «Да маладой Расіі», якія вышлі з шэрагаў тагочаснага студэнцтва. Тагочаснае студэнцтва на было такога складу, як цяперашняе. Буржуазных сынкоў у ім было мала, бо купцы яшчэ ня бачылі патрэбы аддаваць дзяцей ва унівэрсытэт, а дваранскія дзеці яшчэ аддавалі перавагу вайсковай службе. Галоўную масу студэнцтва складалі дзеці другараднага чыноўніцтва, а самай дзейнай і працаздольнай часткай былі сэмінарыстыя, дзеці вясковых папоў, дыяканаў, часамі і дзякоў, якія праходзілі духоўную школу, семінарыю, але замест таго, каб самым зрабіцца папамі і дыяканамі, пайшлі ва унівэрсытэт. Гэта была моладзь бадай жабрацкая,-шмат якія семінарыстыя прыходзілі ў Маскву трымаць акзаміны пехатою за соткі вёрст,-энэргічная, працавітая, і вельмі раззлаваная. Баючыся вынікаў уласных «рэформ», баючыся тато, што яны занадта демократызуюць грамадзтва, зьмяшаюць усе станы, урад Аляксандра ІІ штучна стараўся замацаваць унівэрсытэт за прывілейнымі клясамі, ня ніжэй сярэдняга чыноўніцтва; для гэтага ён павялічыў плату за вучэньне і зьменшыў лік стыпендый, якія раней іменна бедным і давалі магчымасьць вучыцца. На гэтай глебе пачаліся ў Маскве, і, асабліва, у Пецярбургу студэнцкія непарадкі, якія канчаліся арыштамі і ссылкамі. Гэта давяршыла ўтварэньне ў студэнцкіх колах рэволюцыйнага настрою.
З студэнцкага гуртка і вышла проклямацыя «Маладая Расія». Яе галоўнай рысай, якая больш за ўсё напалохала сучасьнікаў, нават такіх, як Герцэн, было вымаганьне «неадкладнай рэволюцыі, рэволоцыі крывавай і няўмольнай, рэволюцыі, якая павінна зьмяніць радыкальна ўсё без выключэньня, асновы сучаснага грамадзтва і зьнішчыць прыхільнікаў цяперашняга парадку». Проклямацыя канчалася заклікам: «Няхай жыве соцыяльная і дэмократычная рэспубліка расійская». Герцэн супакоіў сваіх чытачоў, што пачуўшы гэтыя словы, расійскі народ і не падумае «схапіцца за сякеру». Што цераз 50 год народ схопіцца пры гэтым лëзунгу за стрэльбы і кулямёт і зробіць з прыхільнікамі цяперашняга парадку», г.-эн. буржуазнага ладу, іменна тую расправу, якой пагражала «Маладая Расія», гэтага Герцэн не прадбачыў. Але апрача прарочага прадказаньня формы будучага перевароту і яго м з ты, проклямацыя цікава яшчэ тым, што яна таксама правільна прадбачвае і шмат якія паасобныя меры РСФСР. Так, «Маладая Расія» вымагае дарэмнага навучаньня у школах усіх ступеней, поунага і бязумоўнага роўнапраўства жанчын. соцыялізацыі зямлі. зьнішчэньна прыватнага гандлю, «гэтага узаконенага зладзейства» і організацыі грамадзкіх крамак. Усё гэта. аж да прызнаньня гандлю супроцьграмадзкай спекуляцыяй, адгадана вельмі правільна: аб нацыяналізацыі прамысловасьці проклямацыя ня кажа, бо яе аўтары, як відаць, падзялялі агульную тады памылку, што ў нас няма яшчэ буйнай капіталістычнай прамысловасьці. Але, наагул, «Маладая Расія» у шмат чым зьяўляецца выдатным праракаваньнем, тым больш выдатным, што яе аўтарам, як відаць, зусім невядома была заходня-эўропейская комуністычная літаратура тых дзён,-нават «Комуністычнага маніфэсту» яны ня ведалі.
Але з студэнцкага гуртка вышла ня толькі першая соцыяльна-рэволюцыйная адозва: з такога самага гуртка вышаў і першы соцыяльна-рэволюцыйны вялікі ўчынак, першая справа расійскай рэволюцый 60-х гадоў. Пасьля 14 сьнежня інтэлігенцыя ў Расіі ні разу не бунтавала практычна, увесь яе бунт быў на словах і на паперы. Бунтаваў селянін, на гэтым сялянскім бунце засноўваліся падзеі інтэлігенцыі, але як яна экономічна жыла працай сялянскіх рук, так і політычна яна разьлічала ў барацьбе з самадзяржаўем на мужыцкую сякеру. Рэволюцыйнае студэнцтва 60-х гадоў першае парвала з гэтай панскай прывычкай. Гурток, які ўтварыўся ў Маскве каля Каракозава, спачатку таксама абмяжоўваўся непасрэдна соцыялістычнымі марамі, - аб організацыі грамадзкіх фабрык, майстэрняў і т. п. Але яго правадыр хацеў якой-небудзь сапраўднай рэволююцыйнай справы. Як і Пэстэль, ён разумеў, што зьвяржэньне самадзяржаўя неадлучна ад пагібелі самадзержцы. Толькі ў Пэстэля пагібель Аляксандра І і ўсіх Романавых складала частку вялізнага рэволюцыйнага пляну, які ён спадзяваўся выканаць з 40 тысячамі салдат; Каракозаву-ж прышлося гэтай часткай і абмежавацца, бо ў яго, апрача пары ўласных рук, ніякай сілы пад загадам ня было. 4 красавіка 1866 году ён страляў у Аляксандра ў Пецярбургу, у летнім садзе, але няўдачна: цар застаўся цэлы. Каракозов быў, як казалі тады, катаваны, засуджаны і забіты.
Няўдачны замах Каракозава даў багаты матэрыял для царскай дэмагогіі. Каракозов быў дваранін, а чалавек, які хваліўся, што ён прыпыніў руку «царазабойцы», і, у кожным выпадку, памагаў арыштаваць Каракозава, быў селянін. Адразу скрозь затрубілі, што паны, каб упомсьціцца за вызваленьне сялян, хацелі забіць цара, а вызвалены царом селянін яго выратаваў. З усіх бакоў пасыпаліся прывітальныя адрасы, якія на ўсе лады захапляліся «цудоўным выратаваньнем». А пад шум «народнага абурэньня», пачаўся шалёны белы тэрор. Людзей пачалі заарыштоўваць і высылаць такімі масамі, як ні было з часоў змовы дзкабрыстых. Жорсткі «вешальнік» Мураўёв быў назначан пецярбурскім дыктатарам. Тое, што засталося яшчэ ад дробна-буржуазнага політычнага руху, было цяпер дабіта, невялікі лік часопісаў, якія яшчэ не абарвалі заветы Чарнышэўскага, былі забаронены; высылаліся людзі ў ссылку, якія ня мелі нічога агульнага ня толькі з рэволюцыйным соцыялізмам, але і з «Велікарусам», людзі проста парадачныя, якія ня крычалі «ура», калі расстрэльвалі і вешалі палякоў, і якія не захапляліся халопска кожнай «рэформай», міласьціва падаранай свайму народу Аляксандрам ІІ. У ліку гэтых людзей быў профэсар вайсковай акадэміі палкоўнік Лаўров, які тады ціха займаўся філëзофіяй і матэматыкай. Ссылка яго скалыхнула, прымусіла задумацца над грамадзкімі пытаньнямі і зрабіла пакрысе з спакойнага матэматыка самага ўплывовага расійскага публіцыстага пасьля Чарнышэўскага, самага вялікага прадстаўніка расійскага дробна-буржуазнага соцыялізму, які Лаўров, можна сказаць, стварыў, як цэлую зграбную сыстэму. Праўда, з тае прычыны, што Лаўрову вельмі хутка прышлося перайсьці на становішча Герцэна, уцякаць заграніцу, яго творы ў поўным выглядзе зрабіліся даступны шырокаму колу чытача толькі пасьля яго сьмерці (у 1900 г.). Але, папершае, гурткі перадавой моладзі ўмелі даставаць і нелегальную загранічную літаратуру. А, па-другое, асноўныя думкі Лаурова, на колькі іх можна было падаваць «цэнзурна», здолеў пашырыць пасьлядоўца Лаўрова вельмі таленавіты крытык і публіцысты Міхайлоўскі.
Першы свой твор, аднак, Лаўров пасьпеў выдаць яшчэ ў Расіі. Гэта былі «Исторические письма», артыкулы, якія здаваліся сухімі, навуковымі і тэорытычнымі: дзеля таго, што пры гэтым пад ім» ня было подпісу Лаўрова, цэнзура іх прапусьціла. Тым часам моладзь чытала іх з прагай, для яе яны зрабіліся свайго роду эвангельлем. Чаму-ж яна навучылася з гэтых пісьмаў?
Лягчэй за ўсё гэта зразумець параўнаўшы «лаўрызм» з «марксызмам». Для марксыстага ў аснове ўсёй гісторыі ляжаць, усю гісторыю робяць народныя масы, працоўныя масы, рабочыя, сяляне. Робяць яны гісторыю сваёй фізычнай, вытворчай працай. Вытворчая праца і ёсьць той фундамант, на якім будуецца ўся рэшта-дзяржава, літаратура, навука, мастацтва і г. д. Ад таго, як організавана вытворчасьць, з чаго і як зроблен фундамант, залежыць уся будова: у фэўдальнага грамадзтва, у аснове якога ляжыць дробная вытворчасьць, - адна форма дзяржавы, адна навука, адно мастацтва; у прамыслова-капіталістычнага грамадзтва-усë гэта іншае. Для Лаўрова ў аснове ляжыць тое, што думаюць ня масы, а «асобы, якія крытычна мысьляць», г. зн. інтэлігенцыя. Гісторыя для яго сама па сабе ніякага сэнсу ня мае. Сэнсу ёй надае той, хто яе вывучае,-сам гісторык. Ад таго, якія мэты ён сабе ставіць, які яго ідэал, залежыць і яго разуменьне гісторыі. «Калі мысьліцель верыць у сучаснае ці будучае рэальнае ажыцьцяўленьне свайго моральнага ідэалу, то ўся гісторыя для яго грудуецца каля здарэньняў, якія падрыхтоўваюць для яго гэтае ажыцьцяўленьне», кажа Лаўров.
Само па сабе зразумела, што калі гэты «мысьліцель» - жывы чалавек, а ня сухое паленца, ён ня можа абмежавацца адным разважаньнем над гісторыяй, ён пастараецца надаць ёй свой ідэал, г.-зн. зрабіць уплыў на ход гісторыі. Вот як уяўляе сабе Лаўров гэты ўплыў: «ідэал зараджаецца ў мазгох асобы, потым пераходзіць з гэтых мазгоў у мазгі іншых асоб, разрастаецца якасна ў павялічэньні разумовай і моральнай вартасьці гэтых асоб, колькасна ў павялічэньні іх ліку, і робіцца грамадзкай сілай, калі гэтыя асобы ўсьвядомліваюць сваю аднамыснасьць і адважваюцца на аднадушнае дзеяньне. Такім чынам нязначная меншасьць робіць гісторыю. А масы, а большасьць? «Большасьць была ахвяравана на аднастайную, утомную і нясупынную мірную працу на чужую карысьць, ня маючы часу для працы думкі, і таму заставалася няздольнай да ўжываньня сваіх вялізных сіл, для заваяваньня сабе права на разьвіцьцё, на сапраўдна-чалавецкае жыцьцё».
Ня масы робяць гісторыю - яны толькі ўгнаеньне для гісторыі. На гэтым тлустым угнаеньні вырастае ўраджай «асоб, якія крытычна мысьляць». Але гэтае ўгнаеньне жывое, і «асоба, якая крытычна мысьліць», ня можа гэтага не ўсьвядомліваць. «Член невялікай групы меншасьці» павінен сабе сказаць: «Кожная выгада жыцьця, якой я карыстаюся, кожная думка, якую я меў час набыць ці выпрацаваць, куплена крывёй, пакутамі або працай мільёнаў. Мінулае я выправіць не магу, і як ня дорага аплачана маё разьвіцьцё, я ад яго адмовіцца не магу». Зло трэба выправіць, на колькі можна, а гэта можна зрабіць толькі ў жыцьці. Зло трэба зажыць. Я здыму з сябе адказнасьць за крывавую цану свайго разьвіцьця, калі ўжыву гэтае самае разьвіцьцё на тое, каб паменшыць зло ў цяперашнім і ў будучыне. Калі я разьвіты чалавек, дык я абавязан гэта зрабіць».
Такое разуменьне гісторыі атрымала ў нашай літаратуры назву «народніцтва». Сапраўды, народу тут вызначалася апошняе месца: ён пакутуе, ён працуе, а думаюць за яго і выратоўваюць яго «асобы, якія крытычна мысьляць». Гэта разуменьне гісторыі іменна буржуазнае, і ад таго буржуазнага разуменьня гісторыі, аб якім мы казалі ва ўводзінах да гэтай кніжкі, яно адрозьніваецца толькі тым, што вялікая прадпрыемчая буржуазія нахабна карыстаецца працай і пакутамі мас, знаходзячы іх зусім «натуральнымі», а «асоб, якія крытычна мысьляць» вялічаюць «падбухторнікамі» і «злонамернымі агітатарамі», у той час, як Лаўров і народным масам і гэтым асобам спачувае. Гэта паказвае, што народніцтва ёсьць навука, якая паўстала не сярод клясы прадпрыемцаў, а сярод клясы, якая адчувае на сабе ўціск прадпрыемцаў, але ад прадпрыемчага спосабу думак адмовіцца ня можа. Народніцтва ёсьць грамадзкі съветапагляд дробна-буржуазнай інтэлігенцыі, - сьветапагляд «грамацея-дзесятніка», які не запомніў мужыцкай хаты, дзе ён вырас, які ўсьвядомлівае сваю віну і свой абавязак перад народам, але які ўсё-ткі камандуе гэтым народам і пазірае на народ з гары ўніз.
Народніцкі сьветапагляд афарбоўвае ўвесь рэволюцыйны рух семідзесятых-васьмідзесятых гадоў, а ў дзевяностых ён робіцца асновай програмы аднэй з двох вялікіх рэволюцыйных партый - партыі соцыялістых-рэволюцыянэраў. Патрэбен быў кастрычнік 1917 году, каб усе зразумелі, што соцыялісты-рэволюцыянэры-таксама буржуазная партыя, ня гледзячы на ўсю сваю рэволюцыйнасьць. Але «Исторические письма» Лаврова сказалі аб гэтым даўным-даўно. Вось чаму «народніцтва» так мала захапляла народ, рабочых і сялян. А калі яно прайшло, урэшце, на вёску, то лепей за ўсіх зразумеў яго там кулак-вясковы дробны буржуа. Усё гэта цяпер ясна ўсім. Але калі вышлі «Исторические письма», гэтага не разумеў ніхто. Марксызму тады ў Расіі зусім не ўпаміналі: Соцыялістымі людзі рабіліся не таму, што ім была відочна гістарычная няўхільнасьць соцыялізму, а таму, што ім было сорамна эксплёатаваць чужую працу, рабіліся пад уплывам асабістага моральнага перакананьня. Такім людзям тэорыя «асоб, якія крытычна мысьляць», вельмі добра тлумачыла ўсю справу.
Але калі тэорыі Лаўрова леглі ў васнову народніцкай програмы на доўгія гады, то тактыка народніцкай рэволюцыі была выпрацавана не Лаўровым. Апошні, ня гледзячы на тое, што царскі урад знайшоў яго вартым ссылкі, забараняў яго творы і г. д., быў у жыцьці самым мірным і скромным габінэтным вучоным. Рэволюцыйная дзейнасьць малявалася яму ў выглядзе выключна пропаганды. Асобы, якія крытычна мысьляць, што шляхам навучаньня і прыкладу плодзяць другіх асоб, якія крытычна мысьляць, усё ў большым і большым ліку, усё ў больш шырокіх колах народнай масы,-вот як разумеў Лаўров дзейнасьць рэволюцыянэра. Пад уплывам яго кніг і ўзьнікаюць пакрысе ў Пецярбургу і провінцыі гурткі пропаганды: гурток Чайкоўскага (нядаўняй галавы «Архангельскага ўраду»), гурток Долгушына і інш. Пра першы з іх яго сапраўдны правадыр, выдатны потым анархісты кн. Крапоткін, кажа, што спачатку гэты гурток ня меў у сабе нічога рэволюцыйнага». Даўгушынцы заклікалі «давесьці, што мы шчырыя, што наша вера гарачая і наш прыклад зьменіць твар зямлі». Усё гэта перад тварам тэй грубай сапраўднасьці, якую прадстаўляла сабою рэакцыя, што панавала пасьля 1866 году, падобна было больш да казані першых хрысьціян перад рымскай імпэрыяй, чым на рэволюцыйны народны рух. Рэволюцыйнай моладзі патрэбна было ня гэта, і калі яе настаўнікамі ў тым, як трэба разумець жыцьцё, былі Лаўров і Міхайлоўскі, то настаўнікамі таго, што трэба рабіць, як дзейнічаць, былі іншыя людзі, перш за усё быў Бакунін.
Бакунін, з моладу артылерыйскі афіцэр, які зрабіўся эмігрантам яшчэ задоўга да сьмерці Мікалая І (раней Герцэна), які заграніцай быў адным з правадыроў нямецкай рэволюцыі 1848 году, які трапіў потым у аўстрыйскую турму і які быў выданы Аўстрыяй Расіі, дзе Мікалай пасадзіў яго ў Шлісэльбург, а Аляксандар другі саслаў у Сібір, адтуль Бакуніну ўдалося ўцячы ў 1861 годзе, некаторы час падзяляў надзеі шмат якіх тагочасных інтэлігентаў, што ў Расіі воля можа прысьці з «гары». Расправа Аляксандра II з палякамі ў 1863 годзе вылечыла яго ад гэтых ілюзій. А ўдзел у заходня-эўропэйскім рабочым руху- пераважна італьлянскім і швэйцарскім, канчаткова павярнуў яго на шлях рэволюцыі, дзе ён быў ужо ў 1848 годзе. Натураю ён быў, аднак, рэволюцыянэрам, заўсёды, якія-б ілюзіі ім ме уладалі. Бакунін быў народнік у больш простым сэнсе, чым Лаўров: для яго народ, народная маса былі простай крыніцай рэволюцыі. Народу ня трэба ніякіх асоб, якія крытычна мысьляць. «Вучань народ?-пытаўся Бакунін,-гэта было-б вялікім глупствам. Народ і сам лепей нас ведае, што яму трэба. Наадварот, мы павінны ў яго павучыцца і зразумець сэкрэт яго жыцьця і сілы, — сэкрэты, ня мудрыя, праўда, але недасяжныя для ўсіх, хто жыве ў так званым адукаваным грамадзтве».
Значыцца, пропаганда не патрэбна. «Ня вучыць мы павінны народ, а бунтаваць. Але народ бунтаваў заўсёды. Бунтаваў дрэнна, паасобку, няплённа. Трэба зрабіць так, каб бунты ў яго ўдаваліся, трэба ўнесьці ў неўпарадкаванае бунтарства плян, сыстэму, організацыю». Тут асобы, якія крытычна мысьляць, толькі-што прагнаныя ў дзьверы, зварочаюцца ў вакно. Хто-ж гэта будзе організаваць рэволюцыю? Зразумела, інтэлігенты, «адданыя, энэргічныя інтэлігентныя асобы, асабліва шчырыя, неганарлівыя і не марнаслаўныя сябры народу, здольныя служыць, пасярэднікамі паміж рэволюцыйнай ідэяй і народніцкімі інстынктамі». Гэтыя асобы, праўда, павінны складаць «ня армію рэволюцыі,-арміяй павінен быць заўсёды народ,-а нешта накшталт революцыйнага галоўнага штабу». Але-ж штаб кіруе арміяй. Спэцыялістыя рэволюцыі-профэсыянальныя рэволюцыянеры і павінны былі даць «камандны склад» рэволюцыйнага народу. Скуль возьмуцца гэтыя спэцыялістыя? У Заходняй Эўропе яны існавалі ўжо цэлымі пакаленьнямі, галоўным чынам у італьлянскіх, часткова і францускіх, па тайных таварыствах. У Расіі Бакунін больш за ўсё разьлічаў на «пісьменны сьвет беспардонных юнакоў», гэта знача, проста кажучы, на студэнцтва. І ў гэтым яго была праўда.
Студэнцтва хвалявалася і пасьля 1866 году; матэрыяльныя ўмовы яго існаваньня нічуць не зьмяніліся. Што ні год, то адбываліся «унівэрсытэцкія непарадкі» з-за організацыі грамадзкай сталоўкі, бібліотэкі, касы ўзаемадапамогі і т. п. Але рэволюцыйныя цэнтры, падобныя да каракозаўскага гуртка, утвараліся сярод усеагульнай запалоханасьці і разброду з вялікай труднасьцю. Найбольш энэргічная частка моладзі выяжджала заграніцу, дзе адчувалася лягчэй, іншыя мімаволі, напрыклад, жанчыны, якіх ня пускалі ў расійскія унівэрсытэты. Тут, у Швэйцарыі, у Цурыху, Бэрне, потым Жэневе яны ня толькі знаходзілі вольна лаўрыцкую і бакуніцкую літаратуру, але маглі ўваходзіць у непасрэдныя зносіны з правадырамі, слухаць лекцыі Лаўрова, быць на сходах, дзе гаварыў Бакунін. Паміж «лаўрыстымі» і «бакуністымі» адбываліся заядлыя спрэчкі, якія раз дайшлі да грудак, і перамагалі, як відаць, бакуністыя. Паветра тагочаснай Эўропы было насычана рэволюцыяй.
Рабочы рух 60-х гадоў, які паслужыў глебай для першага інтэрнацыяналу, падаваў вялізныя надзеі. У Францыі «другая імпэрыя» трэскала па ўсіх швох; Наполеон III ішоў на ўступкі, але яны ўжо нікога не задавальнялі. Зямля скрозь трэслася, адчувалася набліжэньне чагосьці вялізнага. Здарэньні набывалі характар, які крыху напамінае 1914 год і наступныя гады, толькі куды ў меншых разьмерах. Улетку 1870 году справа дайшла да вайны паміж Францыяй і Прусіяй,-вайны, распачатай пад рознымі прычынамі, але якая па сутнасьці ішла з-за таго самага Саарскага вугольнага раёну, аб якім усе цяпер ведаюць, дзякуючы вэрсальскай згодзе. І старая прамысловасьць Францыі, ні маладая прамысловасьць Нямеччыны, якая толькі што пачала разьвівацца, не маглі абыйсьціся без саарскага вугля. Францыя была разьбіта. Сам Наполеон ІІІ трапіў у палон да немцаў, Парыж быў абложаны і захоплены, і сярод парыскага насяленьня, зморанага голадам і недахватамі, раззлаванага подлай прагласьцо буржуазіі, якая пачала вымагаць з беднякоў прасрочаныя пазыкі, кватэрную плату і г. д., ледзь змоўклі стрэлы,-выбухнула паўстаньне, гадавіну якога мы ўжо цяпер сьвяткуем (18 сакавіка 1871 году). Парыская камуна пражыла толькі два месяцы. Але гэтыя два месяцы кіраўніцтва сапраўднага народу, рабочых, рамесьнікаў, дробнай інтэлігенцыі, пасьля звыш дваццацігадовай (з 1848) дыктатуры буржуазіі, былі сапраўднай вясною эўропэйскага рэволюцыйнага руху.
На расійскую рэволюцыйную моладзь 70-х гадоў Парыская Камуна зрабіла незапомнае ўражаныне. Яна, гэта моладзь, лічыла сябе простымі наступнікамі парыскіх барыкад. «Мы працуем на сваёй радзіме для тае самае вялікае мэты, для дасягненьня якой загінула ў 1871 годзе на барыкадах Парыжа столькі вашых братоў, сёстраў, бацькоў, сыноў, дочак і сяброў», - чытаем мы ў адрасе, пасланым у 1871 годзе ад імя одэскіх рабочых францускім рабочым. - «Ваша праўда была, калі ў 1871 годзе вы гаварылі, што б'ецеся за ўсё чалавецтва». Што парыская рэволюцыя была разьбіта, гэта нічуць не палохала: страшыдла капіталізму адразу не паваліш. Пры тым рэволюцыя павінна была перамагчы не на Захадзе Эўропы, а іменна ў Расіі: наконт гэтага ў Бакуніна даўно ўжо было гатова тлумачэньне. Рабочыя Эўропы, згодна яго думкі, занадта абуржуазіліся з прычыны добрага заработку і сякой-такой адукацыі: тут «рабочы люд адрозьніваецца ад буржуазнага люду толькі становішчам, нічуць ня кірункам. Што кірунак азначаецца іменна становішчам, што рабочую клясу робяць рэволюцыйнай іменна об'ектыўныя ўмовы яе існаваньня, гэтага Бакунін, як і ўсе дробна-буржуазныя соцыялістыя, ня бачыў. Для яго, наадварот, расійскі селянін, жабрак, цёмны і невук, зьяўляецца ўроджаным рэволюцыянэрам, уроджаным соцыялістым. Ён бунтуе заўсёды; адбіткам гэтага мужыцкага бунту зьяўляецца разбой, які трэба толькі ўмець выкарыстаць для рэволюцыі. «Калі абодва бунты, разбойніцкі і сялянскі, зьліваюцца, нараджаецца народная рэволюцыя. Гэткія былі рухі Сьценькі Разіна і Пугачова».
Надзеі на аднаўленьне разіншчыны і пугачоўшчыны і пасунулі ў «народ» масы моладзі, якая зьбіралася па-крысе ва унівэрсытэцкіх гарадох, і якой не сядзелася ў пропагандыцкіх гурткох. Гэты вялізны, для свайго часу, рух «у народ», які ахапіў тысячы маладых людзей, быў пачаткам новага рэволюцыйнага ўздыму, аддзеленага шасьці-сямігадовым прамежкам ад разбурэньня каракозаўшчыны і які дасяг свайго росквіту ў «Зямлі і Волі» і ў «народнай волі»-двох рэволюцыйных таварыствах канца 70-х гадоў. На чале ішлі непасрэдныя вучні Бакуніна, якія якраз к гэтаму часу вярнуліся з заграніцы: урад забараніў ім вучыцца ў Швайцарыі, і, гвалтоўна вярнуўшы іх на радзіму, тым самым узмацніў, зразумела, кадры пропагандыстых і «бунтароў».
Бунтарскі рух быў накіраваны непасрэдна ня супроць ураду, а супроць буржуазнага ладу наагул, прычым, няма патрэбы казаць, лад гэты ўяўляўся маладым рэволюцыянэрам ня больш ясна, чым Бакуніну рабочы рух. Пад буржуазіяй разумеліся наагул эксплёататары - рознае начальства і розныя гаспадары. Уяўленьне аб соцыяльных ворагах рэволюцыі, якіх тады мысьлілі, добра адбілася ў вядомай песні-«Отречемся от старого мира» (якая паўстала якраз у канцы таго пэрыоду), дзе ў вадну кучу сабраны і «царь-вампир», і дваране, і багатыя купцы. Усё гэта «зладзеі праклятыя». Політыкай, ва ўласным сэнсе гэта слова, моладзь займалася меней за ўсё,-магчымыя політычныя вынікі рэволюцыі, констытуцыя, парлямант і т. п. прызнаваліся ёю справай проста шкоднай. Гэта-ж набліжала Расію да буржуазнай Эўропы, а тая была мала рэволюцыйна, як мы бачылі, іменна з прычын свае буржуазнасьці.
«Бунтары» брэдзілі прыкладамі Разіна і Пугачова, нават накіроўваліся знарок у тыя месцы, дзе прайшла разіншчына і пугачоўшчына, але рэволюцыя, якую яны несьлі ў народ, вельмі адрозьнівалася ад гэтых народных рэволюцый старога часу. Тыя былі вельмі вузкія па сваіх задачах, але іменна дзякуючы гэтай вузасьці вельмі азначаныя; яны, асабліва пугачоўшчына, былі накіраваны да аднае мэты, зьнішчэньня памешчыка. «Бунтары» не зрабілі ні аднэй спробы накіраваць рух супроць якога-небудзь азначанага ворага. Яны гаварылі аб несправядлівасьці буржуазнага ладу наагул, аб прагласьці і жорсткасьці эксплёататараў; народ слухаў іх з цікавасьцю, але чакаў,-што-ж далей? Што трэба рабіць? На гэтае «бунтары» не давалі пэўнага адказу. Яны ўсё чакалі «стыхійнага руху», не разумеючы таго, што «стыхійнымі», гэта знача сьляпымі, несьвядомымі, як стыхія, як вада, як агонь, як вецер, назвала народныя рэволюцыі буржуазія, каб іх аславіць. Сапраўды-ж, іменна народныя рухі ніколі ня бываюць сьляпымі. народу патрэбен ясны, выразны, добра зразумелы, лëзунг. Такога лёзунгу «бунтары» ня здолелі адшукаць. Лёзунг «зямля і воля» мала закранаў селяніна, бо яму здавалася, што волю яму ў 1861 годзе ўсё-ткі далі. А зямлю можна было толькі адабраць ад памешчыка, але напасьці на памешчыкаў «бунтары» не адважыліся заклікаць народ. Не адважыліся, бо яны самі былі вельмі блізкія да гэтай клясы: шмат хто з яе паходзіў, другія знаходзілі сабе прытулак у сядзібах ліберальных памешчыкаў і ўсё пакладалі на «лібэралаў» цьмяныя надзеі, хоць усяляк пагарджалі лібэралаў за іх не рэволюцыйнасьць.
Пры такіх умовах казань «бунтароў» ні дала-б вялікіх вынікаў, нават калі-б час быў абраны для яе больш спагадны. Сапраўды-ж, цяпер нават і пугачоўшчына ня здолела-б разварушыць сялянства, бо становішча сялянства ў гэтыя гады не пагоршылася, а наадварот, палепшылася. Як ня быў абрабаваны селянін пры «вызваленьні», скасаваньне паншчыны вельмі адбілася на вытворчасьці яго працы: продукцыя збожжа на душу насяленьня чорназёмных губэрняў павялічылася больш чым у паўтара разы (з двух чвэртак, да трох з палавінаю) для губэрняў стэпавых і паволскіх (куды іменна і хадзілі «бунтары», якіх цягнулі ўспаміны аб Разіне і Пугачове), і нават на высіленым чорназëме Разанскай, Тамбоўскай і т. п. губэрняў да пачатку 80-х гадоў вытворчасьць земляробскай працы працягвала павялічацца. А крыўда, зробленая сялянам 19 лютага, пачала ўжо запамінацца, ды якраз у шмат зямельных усходніх губэрнях, дзе чакалі пугачоўшчыны, адчувалася меней. Простай адозвай да нападу на памешчыкаў і кулакоў, магчыма, удалося-б выклікаць мясцовыя бунты («бунтаром» не удалося выклікаць ні аднаго), але ня было ніякай пэўнасьці, каб у 70-х гадох гэтыя бунты зьліліся ўва ўсерасійскую рэволюцыю.
Даўшы нязначныя вынікі ў тэй масе, якая складалася нібы-та з «уроджаных соцыялістых», «рэволюцыянэраў па прыродзе», хаджэньня ў народ дало зусім нечаканы вынік, выклікаўшы забурэньне сярод буржуазнай інтэлігенцыі. «Хаджэньне ў народ» скончылася масавымі арыштамі і такімі вялізнымі судовымі процэсамі, якіх яшчэ ніколі ня было ў Расіі. Па самым вялізным з іх на лаву падсудных зьявілася 193 чалавекі. Калі-б гэта былі 193 рабочых ці сялян, на гэта яшчэ, магчыма, не зьвярнулі-б увагі: народ, бач, заўсёды ходзіць натоўпамі. Але 193 маладых людзей, якія прадстаўлялі сабой красу тагочаснай маладой інтэлігенцыі, у кожнага з якіх былі таварышы, паклоньнікі, родныя, знаёмыя, гэта павінна было зварухнуць зьверху да нізу ўсё адукаванае грамадзтва. А гэта быў не адзін такі процэс: у Маскве быў процэс «50», былі і другія. У дадатак начальства, наіўна пераконанае, што інтэлігенцыя пасьля 1863-1866 г.г. канчаткова запалохана, наладзіла гэтыя процэсы публічна, спадзяючыся адразу і паказаць сваю бесстароннасьць, і яшчэ раз напалохаць буржуазію тэорыямі «бунтароў». Але яно павінна было вельмі хутка пераканацца, што грамадзкая думка гэтай буржуазіі іменна на баку «бунтароў», а ні ў якім разе не на баку начальства.
Прамысловы капіталізм у 1861 годзе, як мы памятаем, не атрымаў пэўнае перамогі: ён павінен быў пайсьці на компроміс, на згоду з прыгоньніцкай дзяржавай. Ён не атрымаў зусім вольнага рабочага, не атрымаў поўнай волі і для сябе. Організацыя дзяржавы, у тым ліку організацыя ўсяе народнае гаспадаркі заставаласа ў руках чыноўніцтва-стварэньня і вернага сябры і саюзьніка гандлёвага капіталу. У першую мінуту, асабліва пад уплывам 1863 і 1366 г.г., прамысловы капіталізм супакоіўся, і ня бунтуючы, узяўся за пазьбіраньне. Яму ўсё-ткі было цяпер куды расьці, - мікалаеўская сьцяна была прабіта. Але «вялікія рэформы» былі вельмі вузкай вопраткай, сшытай зусім не на «рост», і буржуазнае грамадзтва хутка зноў адчула сябе цесна. У ім пачало пашырацца глухое незадавальненьне і калі перад ім, змардаваныя турмой (некаторыя прасядзелі па чатыры гады), зьявіліся людзі, па сутнасьці бяскрыўдныя, ня гледзячы на свае страшныя словы, вінаватыя па сутнасьці толькі ў тым, што яны, бяссорамна, лаялі начальства, буржуазнае грамадзтва з пачуцьцём пазірала на іх і ня без зларадзтва на начальства. Што, бач, даскакаліся?
Гэты паварот у настроі «грамадзтва» начальства даўно цьмяна адчувала. Як яно разумела ў свой час, што абманвае селяніна, так дагадвалася яно, што прамысловая буржуазія і цесна з ёю зьвязаная інтэлігенцыя не задаволяцца паўуступкамі «вялікіх рэформаў». Але ў яго гатовы быў падарунак для дзіцяці, якое гатова было раскапрызіцца; гэтым падарункам спадзяваліся адразу асушыць яго сьлёзы і прылашчыць упартую буржуазію моцна і на доўга. Гэтаму падарунку-яго дасталі яшчэ раз з кішэні ў 1914 годзе - было ймя Константынопаль.
Мы памятаем, чым кіравалася замежная політыка Мікалая І: не адчуваючы ў сабе сілы пашырыць унутраны рынак для расійскай прамысловасьці, вызваліць сялян, Мікалай лічыў якраз па сабе задачу заваяваньне замежнага рынку, перш за ўсё на Бліжнім Усходзе. Яго сын, вызваліўшы сялян, але ня зусім, пашырыўшы граніцы ўнутранога рынку, але ня шырока, павінен быў, хацеў ён гэтага ці не, усьвядомліваў ці не, усё роўна, ісьці па сьлядох Мікалая. Спачатку ён выбраў для заваяваньня краі, далёкія, здавалася, ад усіх супраціўнікаў Расіі,-Туркестан, беспасрэднымі суседзямі якога былі кітайцы, афганы, ды бухарцы. Пасьля шэрагу войнаў, вельмі лёгкіх з боку ваеннага для Расіі, к сярэдзіне 70-х гадоў туркестанскія сарты і узбэкі зрабіліся расійскімі падданымі. Для прыстойнасьці толькі пакінулі двух маленькіх мясцовых князькоў-хівінскага хана ды бухарскага эміра, якія час-ад-часу езьдзілі на паклон у Пецярбург і ўпрыгожвалі сваёй азіяцкай роскашшу ўезды і розныя іншыя цэрэмоніі расійскіх цароў. Заваяваньне Туркестану мела вялізнае значэньне для разьвіцьця расійскай прамысловасьці. Туркестан зрабіўся першай расійскай колёніяй, туркестанская бавоўна ў 1914 годзе задавальняла больш палавіны ўсяе патрэбы ў бавоўне расійскіх паркалёвых фабрык. Але гэтае значэньне Туркестану зразумелі не адразу, спачатку здабыча здавалася нязначнай, і ўрад Аляксандра І цэліў вышэй.
Аляксандар ІІ ніколі ня мог пагадзіцца з тым, што ён падпісаў ганебную для царскай Расіі Парыскую згоду. Ён называў гэта «мінутай трусасьці» і не пакідаў марыць, як з гэтай згодай разьвязацца. Прычынай паражэньня ў 1866 годзе было тое, што расійскі царызм быў тады адзінокім. У яго ня было ніводнага саюзьніка. Аляксандар пастанавіў гэтай памылкі не паўтараць. Спачатку ён трымаўся саюзу з сваім галоўным учарайшым ворагам-Францускай імпэрыяй. Польшча іх пасварыла. Польшча-ж дала новага сябра ў асобе Прусіі; яго пастаноўлена было трымацца моцна. Прусія і Расія былі экономічна ня менш цесна зьвязаны, чым у пачатку XІX веку Расія і Англія. Прусія была галоўным спажыўцом расійскага жыта: прывоз яго ў Прусію за 14 год, з 1861 па 1875 г.г. павялічыўся больш чым у пяць разоў; у той самы час па прывозу ў Расію Прусія стаяла на першым месцы, з яе прывозілася дзьве пятых усіх загранічных тавараў, якія атрымлівала Расія у сярэдзіне 70-х гадоў. Выбар саюзу ня быў, такім чынам, адвольнай справай Аляксандра і яго міністраў, у бок іменна Прусіі іх штырхала экономічная патрэбнасьць. Але ад гэтага саюз бый толькі больш моцны.
У 1870 годзе, у час франка-прускай вайны, Расія зрабіла Прусіі вялікую паслугу: Францыя ўжо зусім змовілася з Аўстрыяй, якую пабілі прусы ў 1856 годзе і якая прагла помсты. Але Аляксандар ІІ мобілізаваў сваю армію, і аўстрыйцы не адважыліся паварушыцца. Дзякуючы Расіі французы былі разьбіты, а Прусія зрабілася Гэрманскай імпэрыяй. Аляксандар рабіў усе гэтыя паслугі, зразумела, не дарма, ад Германіі адразу-ж запатрабавалі платы па прускім вэксалі. Перш за ўсё за яе дапамогай Аляксандар дабіўся у 1871 годзе скасаваньня ганебнага для яго Парыскага дагавору 1856 году. Расія зноў атрымала права будаваць і трымаць вайсковыя караблі на Чорным моры. Але чорнаморскі флёт быў толькі сродкам, мэтай было падпарадкаваньне Турцыі і захоп пратокаў, якія вядуць з Чорнага мора у Міжземнае, гэта знача захоп Константынопалю. І вот, праз два гады, у 1873 годзе Расія зрабіла з Нямеччынай сакрэтную згоду, якой Нямеччына абавязалася, на выпадак нападу каго-небудзь на Расію, прыслаць апошняй на дапамогу 200 тысячную армію. Згода гэта была надзвычайна сэкрэтная, у Бэрліне і Пецярбургу аб ёй ведалі толькі 6 чалавек, уключаючы сюды і самога цара, а з другога боку, нямецкага імпэратара Вільгэльма. Яна ніколі ня была надрукавана і была вынайдзена толькі пасьля Кастрычнікавай рэволюцыі 1917 году. Цары ўмелі таіць свае сэкрэты. Адначасна расійскім консулам у Турцыі быў пасланы, таксама, зразумела, зусім сэкрэтна, загад неадкладна пачаць зьбіраць самыя падрабязныя весткі аб турэцкай арміі, у якім яна становішчы, які яе лік, як яна разьмешчана, як напаўняецца запаснымі, словам, да самых нязначных падрабязнасьцяй, да таго, што консулы павінны былі даведацца, дзе жывуць турэцкія батальëнныя і ротныя камандзіры.
З першага разу можа паказацца, што ўжо занадта шмат перасьцярог прымалася,-для чаго-ж? Каб зруйнаваць нейкую няшчасную Турцыю! Але справа ў тым, што Аляксандру, як і яго бацьку, прыходзілася мець справу не з аднэй Турцыяй, і, навучаны горкім бацькаўскім дасьведчаньнем, ён надумаў забясьпечыць сябе з усіх бакоў. Папершае, за сьпіною Турцыі стаяла зноў Англія. Ужо рух расійцаў у Туркестан настроіў ангельцаў вельмі падазрэнна: ад Туркестану-ж рукою падаць да Індыі. А просты шлях з Англіі ў Індыю йшоў, пасьля таго, як выкапалі Суэцкі канал (1870 г.), цераз Міжземнае мора. Спроба Расіі ўмацавацца на берагох гэтага мора, на месцы нехай і бяскрыўднай Турцыі, павінна была давесьці ангельцаў да шаленства. Праўда, на баку ангельцаў ня было цяпер Францыі, пасьля разгрому 1870 году яна і думаць не магла аб ніякай вайне, і, раздушыўшы Камуну, францускія рэакцыянэры гатовы былі лізаць пяты Аляксандру I, які намагаў зруйнаваць Францыю. Але на бок Англіі магла стаць Аўстрыя. Для яе прамысловасьці Балканская паўвыспа і Турцыя былі галоўным рынкам, аўстрыйскія тавары займалі там, пасьля ангельскіх, першае месца, замах расійскага капіталізму на турэцкі рынак быў для капіталізму аўстрыйскага ударам у твар.
З Аўстрыяй Аляксандар пачаў перамаўленьні яшчэ ў тым самым 1873 годзе, і тады з ёю была зроблена згода (конвэнцыя), зноў-ткі, зразумела, зусім сэкрэтная, у агульнай форме. Але калі справа дайшла да падрабязнасьцяй, пачаліся спрэчкі, якія цягнуліся, бадай, чатыры гады і набывалі часамі вельмі гостры характар. У час адной з такіх сутычак Аляксандар І павінен быў пераканацца, што калі Нямеччына й пашле супроць каго 200 тысяч войска на дапамогу Расіі, то ня супроць Аўстрыі. Тады ў Пецярбургу пайшлі на ўступкі, і ў сакавіку 1877 году згадзіліся па такім падзеле Эўропэйскай Турцыі (якая йшла да Дунаю): Аўстрыя займае Босьнію і Герцагавіну, Расія-Балгарыю ад Дунаю да Балкан. Аб замерах Расіі на Константынопаль ад Аўстрыі прышлося ўтаіць (сама згода трымалася ў сэкрэце ад усяго сьвету). Расія прызналася толькі, што жадае яшчэ атрымаць Батум у Малой Азіі.
Калі з Аўстрыяй прыходзілася пускацца па хітрыкі, то з Англіяй зусім размаўляць было нельга: ангельскія рэакцыянэры (у тыя часы ўлада бадай скрозь у Эўропе была у руках рэакцыянэраў) ды іх лідэр Дізраэлі прыходзілі ў шаленства пры аднэй думцы, што Расія можа стаць на месцы Турцыі. Але, забясьпечыўшы сябе з боку Аўстрыі, ваяваць усё-ткі можна было: Англія на сухозем’і ня была страшная; калі-б ёй прышло ў галаву паўтарыць сэвастопальскую вайну, то Расія магла ёй цяпер адказаць ударам з Туркестану на Індыю. Як-бы там ні было, «дыплёматычная падрыхтоўка» паходу на Константынопаль была скончана. Лічылася скончанай і ваенная падрыхтоўка. Расійская армія мела цяпер артылерыю прускага ўзору-таго самага, які забясьпечыў перамогу прусакоў над французамі ў 1870 годзе. У 1872 годзе і расійская пяхота атрымала новую стрэльбу-сапраўды адну з лепшых у сьвеце ў тыя часы (бярданку); праўда, яе не пасьпелі раздаць усім палком, але на такую дрэнь, як туркі, і старая была годна, думалі генэралы Аляксандра ІІ. А лепшыя часьці гвардыі, грэнадзеры, тыя корпусы, што стаялі на заходняй граніцы супроць Аўстрыі (дружы, дружы, а камень за пазухай дзяржы) ужо мелі бярданкі. У 1874 годзе была ўведзена ўсеагульная вайсковая павіннасьць, што ў некалькі разоў павялічыла лік запасных.
Засталося падрыхтаваць грамадзкую думку расійскай буржуазіі. Тут у Аляксандра была вялікая практыка. Зразумела, «цар-вызваленец» ня мог выступіць у якасьці заваявальніка. Расійцы ў Туркестан ішлі, папершае, для таго, каб абараніцца ад пабегаў стэпавых вандроўнікаў (якія з аселымі сартамі ня мелі нічога агульнага), а падругое, для таго, каб вызваліць мясцовае насяленьне ад дэспотызму тубыльных ханаў: у знак гэтага, адразу-ж, як толькі расійскае войска заняло Хіву, там было скасавана нявольніцтва. Расійскія газеты з расчуленьнем гэта апісвалі. «Царом-вызваленцам» павінен быў увайсьці Аляксандар ІІ і ў Константынопаль. Каго «вызваляць»-было ясна: эўропэйская Турцыя была заселена славянамі праваслаўнай веры, значыцца «адзінавернымі і адзінакроўнымі» расійцамі, а туркі былі мусульмане, недавяркі. Для простага народу гэтага было-б, як відаць, і даволі. Але Аляксандар хацеў мець на сваім баку і «адукаванае грамадзтва»,-тут справа была больш складанай. Трэба было паказаць яскравы малюнак «прыгнечаньня» з аднаго боку, «барацьбы за волю»-з другога; да таго-ж і для Эўропы трэба было мець добрую прычыну, каб улезьці ў Турцыю. І вот, на сцэну было высунута, у 1975 годзе, герцэгавінскае паўстаньне.
Цяпер ня можа быць сумненьня, што паўстаньне ў Герцэгавіне (самы паўночна-заходні край тагочаснай Турцыі, каля аўстрыйскай граніцы) было організавана з Аўстрыі і з Сэрбіі-невялікага тады, поўсамастойнага княства, дзе поўным гаспадаром быў расійскі консул. У прычынах для народных забурэньняў недахвату тут ня было; турэцкая адміністрацыя і турэцкія памешчыкі таксама зьдзекваліся з сялян у гэтых краёх, як займалася гэтым адміністрацыя і памешчыкі ў Расіі, а па частцы організацыі аўстрыйскія і сэрбскія агенты былі здальнейшымі за «бунтароў». Туркі ўзяліся «усьцішаць» паўстаўшых з такім самым барбарствам, як рабіла гэта войска і паліцыя Аляксандра ІІ ў 1863 годзе ў Польшчы. Пажар распальваўся. Організавалі паўстаньне яшчэ ў Баўгарыі, туркі расправіліся з ім яшчэ больш жорстка. Урэшце сэрбскі князь ня мог ужо стрымаць абурэньня сваіх падданых: Сэрбія абвясьціла вайну Турцыі. Расійскі ўрад рабіў самы бязьвінны выгляд, - ён ня ў чым ня прымаў удзелу. А ў Расіі тымчасам газэты і славянскае дабрачыннае таварыства ў Маскве вялі самую энэргічную агітацыю. Рабіліся зборы на карысьць пакутнікаў ад «турэцкага зьверства», у концэртах сьпяваліся песьні і романсы, дзе чульліва апісваліся пакуты братоў-славян. Калі пачаласа сэрбска-турэцкая вайна, расійскі ўрад офіцыяльна «засьцерагаў» Сэрбію, а неофіцыяльна ў палацы насьледніка прастолу, будучага цара Аляксандра ІІІ, меў пасяджэньні камітэт, які кіраваў організацыяй сэрбскай арміі. Дзесяткі гвардзейскіх афіцэраў паехалі ў Сэрбію ў якасьці інструктароў і вайсковых спэцыялістых. На чале іх стаў заваявальнік Туркестану, генэрал Чарняев, якому за гэта офіцыяльна была выказана ганьба. А ў газэтах скрозь красаваў яго портрэт, як гэроя барацьбы за «вызваленьне славян ад турэцкага ярма». Газэтны гармідар зрабіў уплыў нават і на некаторых «бунтароў», якія пашлі дабравольцамі ў Гэрцэгавіну і Сэрбію,-значыцца апрача ўсяго іншага, урад Аляксандра ІІ меў і тую выгаду, што крыху пашкодзіў рэволюцыйнаму руху і аслабіў яго.
Подласьць усёй гэтай камэдыі зробіцца нам яснай, калі мы прыпомнім па-першае, што вайна з Турцыяй была надумана яшчэ ў 1873 годзе, а герцагавінскае паўстаньне пачалося толькі ў 1875, а па-другое, што Герцэгавіна была аддана Аўстрыі згодна сэкрэтнай умовы. Прастадушнай публіцы самым нахабным чынам замазвалі вочы. Вельмі добра ведалі, што і герцагавінцы і сэрбы будуць раздушаны туркамі, але якраз гэтае і патрэбна было, каб распаліць грамадзкую думку ў Расіі. Калі сэрбская армія была разьбіта, ніводзін «разумны чалавек» сярод расійскай буржуазіі ды інтэлігенцыі ня меў сумненьня, што мы павінны ваяваць. Аляксандар ІІ выехаў у Кішынёў, дзе было сьцягнута расійскае войска, прызначанае для дзеяньня супроць туркаў, і там, у красавіку 1877 году, урачыстым маніфэстам абвясьціў вайну Турцыі.
Да гэтых час усё йшло, як па нотах. Далей пайшло ня так гладка. Расійскі урад мог абманваць сваю публіку, у якой на вачох было цэнзурнае бяльмо, але абмануць ангельцаў, у якіх, як заўсёды шпіёнская організацыя была вельмі дасканалай, было ня так лёгка. Вельмі добра азнаёмленыя адносна вайсковай падрыхтоўкі Расіі, ангельцы рыхтаваліся з свайго боку. Калі расійскія гвардзейскія афіцэры ехалі ў Сэрбію, то ангельскія афіцэры-у турэцкую армію, організавалі яе, навучалі, рабілі з туркаў эўропэйскіх салдат. Асабліва важна было, што з Англіі туркі атрымалі зброю апошняга ўзору і баявыя прыпасы ў неабмежаванай колькасьці. Новая турэцкая зброя была ня горшая ад расійскай бярданкі, артылерыя-ж туркаў была ўзброена сталёвымі дальнабойнымі гарматамі, у той час, як расійскія гарматы былі яшчэ медныя, як у прусакоў у 1870 г. Тым часам у нас, разьлічаючы спаткаць за Дунаем неорганізаваную, сяк-так узброеную горду, пусьцілі спачатку больш дрэннае войска, узброенае яшчэ старой стрэльбай,-лепшае трымалася, як мы ведаем, для «саюзьніцы»-Аўстрыі. Вынікам быў шэраг паражэньняў расійскай арміі і ў Балгарыі, і за Каўказам, і ў Малой Азіі, якія каштавалі расійскаму войску вялізных афяр. Прышлося кінуць на поле бою тую лепшую сілу, якая трымалася на выпадак эўропэйскай вайны-гвардзію, грэнадзераў-і толькі за іх дапамогай к пачатку 1878 году, туркі былі зломаны. Расійскае войска, сапраўды, было перад Константынопалем, але ў якім выглядзе! Абарванае, бадай-што босае, бадай без патронаў, зьнішчанае хваробамі, - ад сыпнога тыфусу памерла больш народу, чым было забіта ў баёх. Апошнія рэзэрвы былі патрачаны, а тымчасам эўропэйская вайна якраз насувалася. Гарматы ангельскага флёту абаранялі Константынопаль; адначасна аўстрыйцы, зразумеўшы, куды цаляе Аляксандар І, зразумеўшы, што і іх ён абмануў сэкрэтнай умовай, дзе Расія абяцалася ня йсьці далей Балгарыі, крута павярнулі ад Расіі да Англіі. Зноў, як у 1855 годзе, Аўстрыя мобілізавала сваю армію. А лелшыя сілы Расіі хварэлі на тыфус або ляжалі ў магіле. Прыходзілася зрабіць згоду, не дасягнуўшы мэты.
Цацка, якой хацелі спакусіць капрыснае дзіця-расійскую буржуазію, - была зломана і запэцкана. Дзіця яе не ўзяло, яшчэ больш надзьмула губы. Вайна скончылася, па існасьці, расійскай перамогай,-Расія атрымала Батум, у Азіі, які зрабіўся хутка вельмі важным расійскім портам, і фактычна заняла Балгарыю, якая номінальна (на словах) зьмянілася ў самастойнае княства, толькі князем быў назначаны пляменьнік Аляксандра ІІ, а яго міністрамі былі расійскія афіцэры. Але гэта было так далёка ад надзей, якія абудзіў сам-жа ўрад Аляксандра, што Бэрлінскі конгрэс, на якім была ліквідавана вайна, расійская буржуазія прыняла, як паражэньне і ганьбу. Рэдка калі ўрад Аляксандра ІІ быў непопулярны так, як у гэтую мінуту.
Для рэволюцыйнага руху, прыпыненага вайною, знайшлася глеба, больш лепшай за якую цяжка было, здавалася, уявіць, але зусім ня тая, на якую ён разьлічаў. Дробнабуржуазны соцыялізм спадзяваўся ўзьняць сялянства, яно не кранулася. Але ўрад пачаў паляваць на соцыялістых, і гэта набыло соцыялістым спачуцьцё буржуазіі, тае самае буржуазіі, якую соцыялістыя мімаходам лаялі. Гэта было так нечакана, узьнімала такія новыя надзеі, але адначасна вымагала перабудовы ўсяго фронту.
Перабудова патрэбна была тым больш, што народніцкі соцыялізм быў у тупіку. Цяпер, калі паліцыя настаражылася і ў тысячу вачэй высочвала «зладумцаў», ісьці далей ранейшым шляхам пропаганды было немагчыма. Трэба было або скласьці рукі, або прыдумаць якія-небудзь новыя спосабы дзеяньня. Спосабы гэтыя падказваліся агульным сьветапаглядам «бунтароў». Калі рэволюцыю рабілі асобы, якія «крытычна мысьляць», то відочна, што і сіла рэакцыі, сіла ўраду трымалася таксама на асобах толькі іншай уласьцівасьці.
І калі асоб, якія крытычна мысьляць, трэба было ўсяляка павялічваць, то лік рэакцыйных асоб трэба было памяншаць, трэба было іх зьмяншаць, па магчымасьці. Перамена тактыкі ў «бунтароў» і адбілася на пераходзе ад пропаганды да тэрору-да зьнішчэньня асобных членаў ураду і перш за ўсё яго галавы, Аляксандра ІІ.
Буржуазная літаратура, якая спачувала «бунтаром» і адначасна вельмі баялася ўсяго рэволюцыйнага, малявала звычайна справу так, што на терор «бунтары» пайшлі пад уплывам паліцэйскіх прасьледваньняў, - так сказаць, паліцыя «давяла» іх да таго, што яны пачалі страляць на губарнатараў і падкопвацца пад царскія паязды і палацы. Гэтае тлумачэньне вельмі натуральна для буржуазіі, якая пазірае на рэволюцыю, як на нейкую хваробу, як на нейкае пошаснае вар'яцтва, і хоча сабе вытлумачыць: з якой-жа гэта прычыны людзі звар'яцелі? Нам не прыходзіцца ставіць сабе гэтае пытаньне, рэволюцыйны мэтод барацьбы мы лічым зусім нормальным (натуральным), і нам трэба толькі вытлумачыць, чаму-ж людзі выбралі іменна той, а ня іншы рэволюцыйны мэтод. Гэтае тлумачэньне далі самі «бунтары» на тым сваім зьезьдзе, дзе яны пастанавілі перайсьці да тэрору (у Ліпецку, летам 1879 году). Партыя павінна зрабіць усё, што можа,-казаў на гэтым зьезьдзе правадыр новага кірунку «бунтароў» Жэлябов: калі ў яе ёсьць сіла скінуць дэспота шляхам паўстаньня, то яна павінна гэта зрабіць, калі ў яе хапае сілы толькі пакараць яго асабіста, то яна павінна гэта зрабіць, калі ў яе не хапае сілы і на гэта, то яца абавязана хоць голасна протэставаць. Але сілы хопіць, бяз сумненьня, і сіла будзе расьці тым хутчэй, чым больш рашуча мы будзем дзейнічаць. Значыцца, да тэрору «бунтары» перайшлі тады, калі пераканаліся ў немагчымасьці ўзьняць масавае народнае паўстаньне. Той самы Жэлябов, другім разам, у прыватнай гутарцы, выказаў гэтую думку яшчэ і так: «Гісторыя рухаецца страшэнна паволі, трэба яе штурхаць, інакш выраджэньне нацыі наступіць раней, чым апамятаюцца лібэралы і возьмуцца за справу». З гэтага відаць, між іншым, што «народнікі» лічылі лібэралаў здольнымі нешта зрабіць. Толькі з трусасьці лібэралы не адважваліся выступіць. Што буржуазія па сваім клясавым становішчы ня можа выступіць на карысьць народнай масы, што «выраджэньне нацыі» і ёсьць вынік буржуазнай эксплуатацыі, што, словам, рэволюцыю трэба рабіць і супроць буржуазіі, а ня толькі супроць цара, - гэтага народнікі ўпарта не хацелі зразумець, хоць Міхайлоўскі і спрабаваў вытлумачыць ім гэта. Тэрорам спадзяваліся разварушыць буржуазію, вывесьці яе з стану трусьлівага здранцьвеньня, а ўрад спадзяваліся давесьці да такога здранцьвеньня. І ў тым і ў другім памыліліся.
Знадворная гісторыя тэрорыстычнага пэрыоду народніцкай рэволюцыі была гэткая. У 1878 годзе ўтварылася з астач бунтарскіх гурткоў, якія засталіся ад прасьледваньня, таварыства «Зямлі і Волі». Ужо ўтварэньне сакрэтнага таварыства было ўступкай новым умовам. - раней «бунтары» лічылі за зусім не соцыялістычнае ўтварэньне вялікую змоўніцкую організацыю: яны павінны былі дзейнічаць паасобку або невялікімі «грамадамі». Але «Зямля і Воля» яшчэ ня стала азначана на тэрорыстычны шлях: большасьць у ёй складалі «дзеравеншчыкі», якія як і раней стаялі за агітацыю ў народных масах, але толькі іншым спосабам, ня шляхам «хаджэньня у народ», а шляхам асяленьня ў народзе, з мэтай працяглай плянавай рэволюцыйнай апрацоўкі аднэй якой-небудзь мясцовасьці. З асяленьня зноў нічога ня выходзіла, а тэрор напрошваўся сам па сабе: ужо ў красавіку 1879 году «Зямлі і Волі» прыходзілася разьвязваць пытаньне аб замаху на Аляксандра ІІ, прычым прыхільнікі замаху адкрыта заяўлялі, што ён адбудзецца, выкажацца за яго большасьць ці не. «Дзеравеншчыкі» былі так абураныя, што пачуліся галасы: «трэба выдаць». Але выдаваць таварышоў ніхто, зразумела, не пайшоў, замах на Аляксандра зрабіў (Салаўёў) і ён ня ўдаўся, а ў «Лістку Зямлі і Волі» пачалі проста праводзіцца тэрорыстычныя ідэі. Улетку таго самага году адбыўся зьезд, аб якім мы казалі, прычым тэрорыстыя сабраліся спачатку асобна, у Ліпецку, і, пагадзіўшыся там, прыехалі на агульна-партыйны зьезд у Варонеж. Пасьля варонескага зьезду партыя «Зямлі і Волі» распалася: «дзеравеншчыкі» ўтварылі партыю «Чорнага Перадзелу» (г.-зн. агульнага перадзелу ўсёй зямлі-лёзунг зразумелы для сялянства, быў, урэшце, знойдзены), а тэрорыстыя-партыю «Народнай волі», якая адкрыта парвала з народніцкімі традыцыямі. «Народная Воля» не паўставала супроць буржуазіі і эксплёатацыі наагул, а ставіла сабе пэўную задачу-шляхам змовы дамагчыся політычнага перавароту, зьвяржэньня царскай улады і скліканьня ўстаноўчага сойму.
Асяродкам змовы быў «Выканаўчы Камітэт партыі Народнай Волі», які склаўся з некалькіх дзесяткаў найбольш адважных тэрорыстых. Задачу асабістай, так сказаць, барацьбы з уладай Выканаўчы Комітэт узяў непасрэдна на сябе, пастановай 26 жніўня 1879 году ўхваліўшы, «усю сілу (тэрору) накіраваць на адну асобу цара». Выкананьне гэтага сьмяротнага прыгавору Аляксандру ІІ і запоўніла сабою ўсю працу «камітэту» да 1 сакавіка 1881 году. Аляксандар, трэба сказаць, зрабіў усё, каб апраўдаць у вачох кожнага разумнага чалавека такі прыгавор. На «бунтарскі» рух гэты вартны толькі самымі няшчаднымі сын Мікалая Палкіна ўмеў адказаць прасьледваньнямі. Цары, звычайна, «мілавалі» засуджаных-нават Мікалай «памілаваў» дзекабрыстых і петрашэўцаў, мы памятаем, як Аляксандар выперадзіў бацьку: ён павялічыў кары засуджаным па справе 193. Раней ссылалі проста ў Сібір-ён пачаў ссылаць у самыя глухія, бадай бязьлюдныя куткі Сібіры, дзе толькі прывыклыя дзікуны-інародцы маглі жыць, а гарадзян-інтэлігентаў чакала пэўнае гібеньне. А на тэрорыстычныя замахі ён адказаў палявым судом. Пачалі вешаць так, як ні вешаў і Мікалай: з жніўня 1878 году па сьнежань 1879 было пакарана сьмерцю 17 чалавек. Вешалі бяз жадных сур'ёзных довадаў, па простай падазроннасьці, на падставе знойдзенай пры вобыску тэрорыстычнай проклямацыі, напрыклад. Спачуцьцё інтэлігенцыі і часткова нават буржуазіі было цяпер яшчэ больш на баку рэволюцыянэраў, чым у час вялікіх процэсаў. А на шэраг замахаў супроць Аляксандра грамадзтва пазірала з цікавасьцю, як на паляваньне якога-небудзь зьвера. Ад ранейшай-у 60-х гадох - яго популярнасьці цяпер ужо нічога бадай не заставалася.
Але цкаваные, хоць-бы і каранаванага зьвера,-яшчэ не рэволюцыя. Гэта вельмі добра разумеў правадыр народавольцаў, Жэлябов. Гэта была самая выдатная асоба ўсёй народніцкай рэволюцыі. Сын прыгоннага селяніна, які добра памятаў прыгоннае права, - «воля» прышла, калі Жэлябову было 11 год,-потым бедны-студэнт, які цераз шлюб увайшоў у багатую буржуазную сям'ю, Жэлябов у сваёй асобе злучаў усе элемэнты руху: народную масу, інтэлігенцыю і буржуазію. Народнік ён быў з самага пачатку, звычайны, у пэрыод «руху ў народ» вялікай ролі ня йграў, хоць па справе 193 быў прыцягнуты. Але, як організатар змовы, ён адразу стаў на першае месца. Яго дзейнасьць, як члена Выканаўчага камітэту, лепей за ўсё можна ахарактарызаваць словамі яго ворагаў, жандараў: «ён рабіў ува ўсім, як настаўнік, і разглядаў свае абавязкі, як прызваньне, а сваю дзейнасьць, як сьвяты абавязак», - пісаў аб Жэлябаве адзін жандарскі генэрал.-«Ён, бязумоўна, вымагаў, каб кожны падзяляў яго пункт погляду. Калі ў час падрыхтоўчых прац для Аляксандраўскага замаху[1], адзін змоўнік заснуў, змардаваны начной працай, капаючы міны, то Жэлябов зьбіраўся забіць яго з рэвальвэра; ён разглядаў яго, як вінаватага вартавога... імя вялікага організатара зрабілася популярным: гэта быў страшны Желябов, вялікі організатар новых замахаў у мясцовасьцях і ўмовах самых рознастайных і нячуваных. Ён уладаў дзіўнай сілай дзейнасьці і не належаў да ліку тых, якія дрыжаць і маўчаць... На допытах і судзе ён выказаў найбольшую прысутнасьць духу і спакойную развагу: ён уваходзіў у самыя дробныя дэталі і сьпіраўся з судзьдзямі і пракурорам; у турме ён адчуваў сябе ў нормальным становішчы і момантамі праяўляў вясёласьць».
Адзін з самых выдатных расійскіх змоўнікаў,-у гэтых адносінах побач з Жэлябавым можна паставіць у мінулым толькі Пэстэля,-Жэлябов быў, аднак, куды больш, чым проста змоўнік. Ён надаваў рабочаму руху такое значэньне, як вельмі мала якія народнікі. У Расіі забастоўка ёсьць факт політычны, казаў Жэлябов. Яго заўсёды можна было бачыць ў рабочых гурткох. Ён заснаваў «Рабочую Газэту» і склаў, разам з некаторымі таварышамі, програму рабочых членаў партыі «Народнай волі». У гэтай програме азначана пісалася аб будучым рэспубліканскім ладзе Расіі («царская ўлада ў Расіі замяняецца народакіраўніцтвам»), чаго наагул народавольцы ўхіляліся, не жадаючы адпалохваць буржуазных лібэралаў, абвяшчалася нацыяналізацыя зямлі («уся зямля пераходзіць у рукі рабочага народу і лічыцца народнай уласнасьцю»). Другой сілай, на якую Жэлябов спадзяваўся аперціся, было войска, з якім ён спрабаваў наладжваць сувязі цераз афіцэраў. Тут ужо было не без надзеі на буржуазію, у другіх выпадках гэтая надзея праглядала яшчэ выразьней. Жэллбов раіў ня пісаць аб аграрным пытаньні, каб не адпалохаць лібэральных памешчыкаў («левых земцаў»). Прыгледзіўшыся да програмы рабочых народавольцаў, мы і там знойдзем тое самае. Клясавыя супярэчнасьці сьціраюцца, а рабочым падаецца надзея на «падтрыманьне адзіночных асоб з іншых станаў, людзей адукаваных, якім таксама хацелася б, каб жылося больш вольна і лепей»; «рабочы народ не павінен адкідаць гэтых людзей: выгодна дабіцца пашырэньня волі побач з імі».
Прамежнае становішча народніцкай інтэлігенцыі між буржуазіі і народнымі касамі псавала, такім чынам, усю яе тактыку. Заклікаць проста і адкрыта да масаў супроць усяго старога ладу, кінуць гэту масу на памешчыка і купца, і народавольцы не маглі, ня ўмелі, як ня ўмелі яны ўявіць сабе політычны пераварот бяз удзелу «лібэралаў», без дапамогі буржуазіі. Нічуць не жадаючы быць толькі пудзілам, за дапамогай якога буржуазія можа запалохаць цара да таго, што ён «дасьць констытуцыю», народавольцы на справе далей гэтай ролі пудзіла пайсьці не маглі. У дадатак да ўсяго вышла, што й пудзіла то ня вельмі ўжо баяцца. Цэлы шэраг замахаў на Аляксандра (самым вялікім быў узрыў зімовага палацу, 5-га лютага 1880 году, зроблены рабочым Халтурыным, аб якім нам яшчэ прыдзецца казаць, як аб організатары адной з першых у Расі рабочых організацый) кончыўся няўдачай: цар застаўся цэлы. Ён набраўся адвагі і ўзяўся за сваю любімую мэтоду, за дэмагогію. Пастаўлены ім на чале барацьбы з «крамолай» Ларыс-Меліков, які вешаў так няшчадна, як яшчэ ніхто, пачаў адначасна гульню з «адукаваным грамадзтвам», зьмяніў не популярнага міністра асьветы Толстого, выпусьціў на волю некалькі чалавек, якіх паліцыя трымала дарма, і падаваў нават цьмяную надзею на нейкую «констытуцыю». Ніякай констытуцыі Аляксандар, зразумела, даваць і ня думаў, калі-б нават Ларыс-Меліков сур'ёзна марыў аб чым-небудзь падобным. Але «адукаванае грамадзтва» злавілася на вуду, і, разявіўшы рот, чакала.
Не знаходзячы апоры ўнізе, бачучы здраду «лібэралаў», народавольцы напружалі апошнія сілы. Жэлябов апошні раз паказаў свае геніяльныя організатарскія здольнасьці. Аляксандар быў абкладзен з усіх бакоў. На аднэй вуліцы яго чакала бомба, на другой - міна. Але цару бы яшчэ раз пашэнціла. 28 лютага 1881 году ён запісаў у сваім дзеньніку, што на пярэдадні заарыштаваны трое самых важных, як відаць, змоўнікаў, «у тым ліку Жэлябов». І ён ведаў гэта імя! Магчыма ён лічыў сябе цяпер у поўнай бясьпецы. Але змова настолькі высьпела, што магла адбывацца і без правадыра. Старонка дзеньніка, адзначаная 1 сакавіка, засталася пустою: увечар гэтага дня панаваў ужо Аляксандар III.
- ↑ Пад Аляксандраўскам хацелі ўзарваць царскі поезд.