Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе (Пакроўскі/Гарабурда)/Прамысловы капіталізм
← Паўночная вайна і Расійская імпэрыя | Прамысловы капіталізм Аўтар: Міхаіл Пакроўскі 1927 Пераклад: Кастусь Гарабурда |
Прыгоньніцкая дзяржава → |
ЧАСТКА ІІ.
Прамысловы капіталізм.
Гандлёвы капітал не організаваў вытворчасьці: ён браў гатовае. Селянін сеяў і жаў збожжа, рыбак лавіў рыбу, паляўнічы забіваў зьвера, шавец рабіў боты, вясковыя кабеты ткалі палатно, як умелі і як навучыліся ад бацькоў і дзядоў, матак і бабулек. Купец прыходзіў і браў; потым ён пачаў часамі даваць сырызну, каб больш пэўна заняволіць дробнага продуктара. Атрымаўшы напавер скуру, шавец, напрыклад, ужо нікому ня сьмеў прадаць зробленыя боты, апрача купца, якому ён быў вінаваты. Гэтая так званая «сыстэма хатняй вытворчасьці» на існасьці мала адрозьнівалася ад тае сыстэмы, за дапамогай якой забясьпечваў сабе працоўныя рукі памешчык XVІ-XVІІ веку.
За дапамогай гэтага простага спосабу можна было сабраць і кінуць на рынак вялізную колькасьць тавару. У канцы XVІІІ веку з Расіі толькі заграніцу вывозілася штогод 14½ мільёнаў аршын палатна. Але нашае вясковае палатно ня толькі вывозілася заграніцу: у самай Расіі яго прадавалася ў некалькі разоў болей. Адна Цьвярская губерня прадавала ў той самы час ня менш 10 мільёнаў аршын за год. Дзеля таго, што ў канцы XІX веку тая самая губэрня прадавала ня больш 16 мільёнаў аршын у год, то выходзіць, што за сто год вытворчасьць палатна цьвярчанамі павялічылася крыху больш, як у паўтара разы, у той час, як насяленьне Цьвярской губэрні павялічылася з тых пор у два з палавінай разы. Выходзіць, што паўтараста год таму назад кожны цьвярчанін ткаў для рынку больш палатна, чым у нашыя часы. І багацьці нажываліся гэтым шляхам вялікія: палатнаны «фабрыкант» Гончаров, «фабрыка» якога, як большасьці «фабрыкантаў» тых дзён, складалася, галоўным чынам, з шэрагу кантор, дзе раздавалі сялянам-саматужнікам сырызну і прымалі ад іх гатовы тавар, нажыў 6 мільёнаў рублёў, што на залатыя рублі 1914 году склала-б мільёнаў 12, а на цяперашнія папяровыя некалькі мільярдаў.
Але пры ўсім тым у гэтай сыстэме быў і свой адваротны бок. Самастойная дробная вытворчасьць надзвычайна мала рухавая. Калі людзі працуюць паводле звычаяў дзядоў, прадзедаў, без машын, яны з году ў год вырабляюць адну і тую самую колькасьць аднолькавага тавару. А рынак капрызны: сёньня яму патрэбна столькі тавару, а заўтра або ў наступны год утройчы болей. Мода яшчэ болыш капрызная: ужо за Пётрам нашыя саматужнікі мелі розныя напасьці і няпрыемнасьці, аж да кары ад начальства за тое, што ткалі вельмі вузкае палатно, у Заходняй-жа Эўропе вымагалі шырокага.
А ім шырокія бëрды ня было як паставіць у хаце. І ўжо за Пётрам (пачатак XVІІ веку) гэта прывяло да спробаў організаваць палаценныя мануфактуры з соткамі рабочых, сабраных у вадным памяшканьні, дзе можна было ткаць палатно па розныя ўзоры і ў любой колькасьці. Фабрыкамі гэта яшчэ нельга было назваць, бо працавалі ў гэтых памяшканьнях пераважна рукамі, а не машынамі, але гэта ўжо была буйная вытворчасьць. Адразу за концэнтрацыяй (сьцягваньнем у адны рукі) абмену пачалася і концэнтрацыя сродкаў вытворчасьці. Саматужнік працаваў у сваёй хаце і сваім інструмантам, рабочы мануфактуры працаваў у чужым памяшканьні і на інструмантах, якія належалі яго гаспадару. Саматужнік быў самастойны дробны продуктар, а ў рабочым мануфактуры быў ужо зародак сучаснага пролетара.
Пакуль толькі зародак. Таму, што найноўшы пролетар-чалавек вольны, які па вольным найме працуе ў фабрыканта, а майстровыя расійскіх мануфактур ХVIII сталецьця былі людзі нявольныя: або прыгонныя гаспадара мануфактуры, або арыштанты, салдаты і т. пад., адданыя пад загад гаспадару начальствам. І для прамысловага капіталізму першым расійскім мануфактурам яшчэ шмат чаго не хапала. Перш за ўсё, што мы ўжо адзначалі, не хапала машыны. Гэта вельмі важна, бо толькі машына дае перавагу буйнай вытворчасьці над дробнай, робіць буйную, бязумоўна, больш выгоднай, чым дробная. Машыны тым выгадней, чым яны большыя. Пры паравой машыне ў 5 сіл, напрыклад, кожная сіла абыходзіцца ў 354 р. у год, пры машыне ў 50 сіл кожная сіла каштуе кожны год ужо толькі 105 губ., а пры машыне ў 3.000 сіл-усяго толькі 36 р. Вот чаму ня толькі фабрыка забівае дробнага продуктара (у 1866 г. ў нас, у Расіі, 95 тысяч ткачоў працавала на фабрыках, а 65 тысяч па сваіх хатах; у 1895 г. на фабрыках працавала ужо 242 тысячы ткачоў, а на сваіх хатах толькі 20 тысяч), але й буйныя фабрыкі забіваюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы (з 1904 па 1909 год лік рабочых у Расіі павялічыўся ўсяго на 7 проц., а лік рабочых на фабрыках, якія мелі больш 1000 рабочых--на 20 проц.: на гэтых вялізных фабрыках было занята больш, чым трэцяя частка усіх рабочых ― 672 тысячы з 1788 т.). Але вялізныя прадпрыемствы XVІІІ веку (у Расіі і тады былі мануфактуры больш, чым з 1000 рабочых), працавалі ў ручную і гэта не заўсёды было выгадней, чым праца саматужнікаў. Саматужнік, які атрымліваў ад штукі, болей «стараўся», чым прыгонны майстровы, які нічога не атрымліваў за працу. І хоць на тагочасных мануфактурах ужываліся самыя барбарскія кары, так што, як сьведчыць адзін сучасьнік, у дадатак дваранін і памешчык, сяляне казалі: «у гэтай вёсцы фабрыка» з такім выглядам, бы хацелі сказаць: «у гэтай вёсцы пошасьць», ня гледзячы на ўсе лютасьці, з рабочага мануфактуры ўсё такі не ўдавалася выбіць столькі «дадатковага продукту», колькі можна было выціснуць з саматужніка. Большая частка расійскіх фабрыкантаў XVІІІ веку або згалела або перайшла да самага лёгкага спосабу «фабрыкантства», ― пачала раздаваць сырызну саматужнікам, г. зн. зрабілася скупшчыкам.
Такім парадкам першым расійскім мануфактурам (іх ужо ў 1725 г. лічылася больш 2 сотак) не хапала ня толькі машын, а яшчэ й нечага другога: вольнага рабочага, які быў-бы зацікаўлены ў тым, каб працаваць лепей і зрабіць як можна больш. Адразу мы натыкаемся, такім чынам, на галоўнаю супярэчнасьць паміж гандлёвым і прамысловым капіталізмам. Першы быў зацікаўлены ў тым, каб заняволіць дробнага продуктара і таму падтрымлівае прыгоннае права, другому быў патрэбны вольны рабочы, і таму ён павінен быў дамагацца вызваленьня сялян. Разьвіцьцё прамысловага капіталізму павінна было абярнуць той галоўны камень, на якім трымалася ўся расійская грамадзкая і дзяржаўная будыніна да XVІІ веку. Раней, чым ствараць сабе ўласнага далакопа ў асобе пролетарыяту, і для таго, каб дасягнуць гэтае мэты, прамысловы капітал павінен быў сам зрабіцца далакопам тае раманаўскае дзяржавы, якую мы апісалі ў канцы папярэдняга нарысу.
Гэта было зусім ня так лёгка і проста. На трэба ўяўляць сабе справу так, што гандлёвы капіталізм «скончыўся», а на яго месцы «пачаўся» прамысловы. Такое ўяўленьне была-б зусім няправільнае. Гандлёвы капіталізм доўга існаваў у Расіі пасьля таго, як у нас зьявіліся ня толькі пачаткі прамысловага капіталізму, але і гэты ацэнкі ў сьпелым выглядзе, з машынамі і вольным рабочым. Мала гэтага: гандлёвы капіталізм і далей разьвіваўся і поўнага свайго росквіту дасягнуў якраз у другой палавіне XІX сталецьця, калі пад яго ўплывам адбылося адно з самых важных здарэньняў у найноўшай экономічнай гісторыі Расіі: пабудаваньне сеткі чыгунак у 1860-1870 гадох. Нават у пачатку XX веку гэткая ўплывовая буржуазная партыя, як «акцябрыстыя», прадстаўляла сабою, галоўным чынам, старакупецкі гандлёвы капітал, у той час, як прадстаўніцтва прамысловага гуртавалася ў партыях кадэтаў і прогрэсыстых. Тыя перамогі, якія атрымліваў прамысловы капіталізм, былі ім атрыманы ў саюзе з гандлёвым, «вызваленьне» сялян (ня толькі ад памешчыкаў, але ад добрай часткі іх уласнай, сялянскай зямлі) у 1861 г. магдо адбыцца толькі таму, што яно і гандлёваму капіталу было выгодна. А поўнай ліквідацыі чыноўніцкай дзяржавы расійскай прамысловай буржуазії так і не ўдалося дасягнуць, бо гандлёваму капіталу гэтая дзяржава была патрэбна, і яна дажыла да лютаўскае рэволюцыі 1917 г. Політычная перамога прамысловага капіталізму толькі на 8 месяцаў апярэдзіла пролетарскую рэволюцыю.
Гандлёвы капіталізм склаўся ў нас у ноўгародзка-маскоўскія часы па вывазе прадметаў роскашы ― дарагіх футравых скур, шоўку і т. п. Прадметы масавага спажываныя пачалі ў нас вывозіцца толькі пасьля Паўночнае вайны, калі Расія атрымала ў сваё ўладаньне шэраг партоў на Бальтыцкім моры. У ранейшы час збожжа, напрыклад, вывозіла ў Заходнюю Эўропу Польшча, ад якой блізка былі такія выгодныя парты, як Гданск і Кенігсбург. Выгода гэтых партоў была ў тым, што яны ніколі не замярзалі, у той час як Пецярбург, Рэвель, Выбарг і нават Рыга былі пад лёдам некалькі месяцаў на працягу году. Расійскі гандлёвы капітал з самага пачатку імкнуўся захапіць хоць адзін бальтыцкі порт, які не замярзае, і гадоў сорак пасьля Паўночнай вайны Расія зноў умяшалася ў вялізную вайну, якая адбывалася ў Заходняй Эўропе (галоўным чынам паміж Англіяй і Францыяй: але на баку першай была, апроч таго, Прусія, а на баку другой-Аўстрыя), так званую Сямілетнюю. Мэтай гэтай вайны для Расіі было заўладаць Курляндыяй з яе партамі Віндавай і Лібавай, якія не замярзалі. Курляндыя была тады «самастойнай» дзяржавай і залежала ці то ад Расіі, ці то ад Польшчы, але Польшча была ўжо так слабая, што з ёю на лічыліся, значыцца, і праціўніцай Расіі была галоўным чынам, Прусія,-з ёю і была вайна. Расійцам удалося было заўладаць нават адным з прускіх портаў-Кенігсбэргам. Але Расія так была высілена вайною, што прымушана была падпісаць згоду, нічога не дабіўшыся.
Да гэтай вайны Расія вывозіла толькі сала, дрэва на мачты, пяньку, воск і футровыя скуры, як і даўней. Апошні тавар пакрысе траціў сваё месца, па меры таго, як расійскія футравыя багацьці вычэрпваліся, а на рынку зьяўляліся ўсё ў большай і большай колькасьці амэрыканскія футровыя скуры. Воску патрэбна было тады даволі шмат, бо сьвечкі з сала былі вельмі нявыгодны, сьвечак з стэарыны рабіць яшчэ ня ўмелі, нафты таксама ня ўмелі ужываць. Таму ва ўсіх багатых хатах, ва ўсякім разе, у «панскіх» пакоях, гарэлі сьвечкі з воску. Пяньку і дрэвы на начты куплялі пераважна ангельцы, наагул галоўныя купцы расійскіх тавараў, якія трымалі у руках увесь расійскі вывозны гандаль. Яны-ж дастаўлялі і ўсю мануфактуру для вышэйшых кляс расійскага грамалетва ад «англіцкага» сукна да паштовай паперы, канвэртаў і нават аблатак, якімі заклейваліся пісьмы. Продукцыя расійскіх мануфактур больш пашыралася сярод простага народу, або куплялася скарбам (сукно для арміі, напрыклад, парусіна і канаты для флёту і г. д.). Толькі ў канцы Сямілетняй вайны пачалі гаварыць, што для Расіі «збожжавы гандаль найбольш натуральны», і толькі з першых год XІX сталецьця вываз збожжа пачынае набываць для расійскага гандлю тое значэньне, якое ён меў да вайны 1914 году. На вывозе збожжа, галоўным чынам, канчаткова вырас і разьвіўся расійскі гандлёвы капіталізм.
Ён надзвычайна трапна скарыстаў пры гэтым разьвіцьцё чужога прамысловага капіталізму. Чаму ангельцы да 1760 году ня куплялі расійскага збожжа? Ды таму, што ў іх свайго было даволі: Англія тых дзён была перш за усё зямляробскай краінай. Але ў сярэдзіне XVІІ веку ў Англіі адбываецца прамысловая рэволюцыя: дзякуючы абезьзямеленьню сялян памешчыкамі, у Англіі ўтвараецца шматлікі пролетарыят; дзякуючы захопу колёній, Англія атрымлівае ў свой загад масу каштоўнай сырызны (асабліва бавоўны і фарбаў), урэшце, дзякуючы цэламу шэрагу вынайдзеньняў (самапралкі, мэханічнага ткацкага варстату, асабліва паравой машыны Уата), Англія робіцца радзімай машын, і буйная вытворчасьць у Англіі ўпяршыню бярэ верх над дробнай.
Пад уплывам прамысловага перавароту ў Англіі пачынаецца надзвычайны рост гарадзкога і наагул незямляробскага насяленьня. Пакуль пераважнай клясай насяленьня ў Англіі было сялянства, насяленьне краіны наагул расло паволі: у 1700 г. ў ёй лічылася крыху больш 5 мільёнаў жыхароў, у 1750-блізка 6 мільёнаў. У другой палавіне XVІІІ веку адбыўся той пераварот, аб якім толькі што гаварылася, і к 1801 г. у Англіі было ужо больш 9 мільёнаў насяленьня. За першую палавіну веку насяленьне Англіі павялічылася, такім парадкам, мелых, чым да 20 проц., а за другую-больш, чым на 50. Тое самае адбывалася і ў пачатку XІX веку: за 20 год. З 1801 па 1820 год, насяленьне Англіі павялічылася на ⅓ - з 9 мільёнаў да 12. У той самы час зямляробствам у Англіі ў пачатку XVІІ веку займалася 4¼ мільёны людзей, а ў прамысловасьці было занята 14 мільёна, у другой палавіне веку лік зямляробаў апаў ніжэй 3 мільёнаў, а прамысловасьць рабочых паднялася бадай да 3 мільёнаў[1]. Праўда, за гэты час і ў ангельскім зямляробстве быў дасягнуты цэлы шэраг паляпшэньняў, машыны і туды дайшлі, значыцца, вытворчасьць ангельскай сельскай гаспадаркі ня толькі ня зьмешнылася, а нават павялічылася, але усё-ткі прахарчаваць насяленьне, якое хутка расло, Англія ня мела сілы. Цана на збожжа пачала ў Англіі хутка расьці: у той час, як сярэдняя цана «квартэра» пшаніцы (12 расійскіх лудоў) на працягу XVІІІ веку нязначна перавышала 40 шылінгаў, на працягу першага дзесяцілецьця XІX веку той самы квартэр каштаваў ужо 74 шылінгі, а з 1811 па 1820 год ужо 87½ шылінгаў[2]. Праўда, пасьля гэтага цана крыху зьнізілася, але да апошняй чвэрткі XІX сталецьця яна ўсё-ткі трымалася вышэй, чым у XVІII сталецьці.
Якраз у другой палавіне XVІІІ сталецьця пачынаецца ажыўленьне сярод расійскіх памешчыкаў. Яны засноўваюць Вольнае Экономічнае таварыства для абмеркаваньня і вывучэньня пытаньняў, зьвязаных, галоўным чынам, з сельскай гаспадаркай, пачынаюць розныя досьледы з новым насеньнем, з угнаеньнем і т. п., выпісваць з заграніцы (з тае самае Англіі) машыны і машыністых ды г. д. У «працах» Вольнага Экономічнага таварыства пачынаюць пісаць, што пшаніца-самы выгодны тавар, і што Расіі самым лёсам прызначана быць «жытніцай Эўропы» ды краінай пшаніцы для ўсіх заходніх краін. Усе гэтыя зьявы адразу-ж адбіліся і на замежнай політыцы Расіі. Для пшаніцы лепей за ўсё чарназём паўднёва-расійскіх губэрняў. Але адтуль да партоў Бальтыцкага мора вельмі далёка, і вот Расія пачынае пракладаць сабе шлях на поўдзень, да партоў Чорнага мора. У другой палавіне XVІІІ веку Расія вядзе дзьве вайны з Турцыяй, у выніку якіх захоплівае пад сваю ўладу Крым і Одэсу (больш правільна, месца на якім цяпер стаіць Одэса, бо Одэса тады толькі і была пабудавана) і дамагаецца ад Турцыі права вольнага праходу цераз пратокі, якія аддзяляюць Чорнае мора ад Міжземнага. Пытаньне аб пратоках, з-за якога Расія ўвязалася ў вайну 1914 году, такім парадкам таксама было пастаўлена гандлёвым капіталам.
Вынікі апраўдалі надзеі расійскага купца і расійскага памешчыка, толькі ня так хутка, як яны чакалі: паніжэньне цаны на збожжа пасьля 1820 г., аб якім гаварылася вышэй, крыху затрымала рост расійскага збожжавага вывозу. Аднак ролю «жытніцы» Расія ўсё-ткі адыграла. Ужо ў 1801 г. яна вывезла бадай сем мільёнаў пудоў пшаніцы, у 1820 г. гэты вываз падвоіўся, а к 1840 г. амаль-што ўтроіуся. Далей справа найшла хутчэй: у 1850 г. было вывезена 26 мільёнаў пудоў, у 1860 г. 42 мільёны, у 1870 г. 96½ мільёнаў. К канцу XІX веку (1895 г.) вываз расійскай пшаніцы заграніцу дасяг вялікай лічбы: 237 мільёнаў пудоў. Зразумела, ня ўсё гэта вывозілася ў Англію: расійская пшаніца ў вялікай колькасьці спажывалася і Францыяй, і Італіяй, і нават Нямеччынай (хоць у апошнюю, пераважна, ішло расійскае жыта, вываз якога ўжо ў 1860 г. дайшоў да 20 мільёнаў пудоў; у 1895 г. жыта вывозілася больш 90 мільёнаў пудоў). Але галоўным пакупцом доўга заставалася Англія, якая прывозіла ў Расію, на месца збожжа, продукты сваёй прамысловасьці. Яшчэ ў 1878 годзе ангельскі прывоз у Расію ацэньваўся ў 150 мільёнаў старых (да 1914 г.) расійскіх рублёў, а к гэтаму часу прывоз у Расію чужаземных тавараў ужо быў сьціснуты шмат якімі перашкодамі на карысьць прамысловага капіталу.
На першых часах гэты апошні павінен быў вельмі цярпець ад ангельскай конкурэнцыі. Але па зьбегу акалічнасьцяй ангельцы-ж сваёй політыкай і далі магутны штыршок разьвіць расійскай прамысловасьці. Барацьба Англіі і Францыі за сусьветнае пяршынства ня спынілася Семілетняй вайною. Перад канцом ХІІІ сталецьця, калі Англія захацела скарыстаць францускую рэволюцыю, каб канчаткова раздушыць свайго праціўніка, яна зноў загарэлася. Англія вельмі абманулася: сапраўды Францыя ад рэволюцыі не аслабела, як чакалі ангельцы, а ўзмацнілася і пачала хутка расьці экономічна. Францускі прамысловы капіталізм, організаваўшыся ў імпэрыю Напалеона Бонапарта, распачаў з ангельскім барацьбу за рынкі, чаго ангельцы ўже ніяк не чакалі: раней у іх барацьба з Францыяй ішла больш за колённі і морскі гандаль. Англія пачала організоўваць супроць Францыі адну коаліцыю (ваенны саюз некалькіх дзяржаў) за аднэй, прычым Расія, на якую ангельцы пазіралі бадай як на сваю колёнію, была, зразумела, у цэнтры ўсіх гэтых коаліцый, але напалеоноўская Францыя трымалася доўга і ўпарта. Дзьве першыя коаліцыі (спачатку Расія і Аўстрыя, потым Расія і Прусія) былі разьбіты нашчэнт. Напалеон узяў і Бэрлін і Вену, а Расію прымусіў падпісаць згоду (у Тыльзыце, у 1807 г.), паводле якой расійскі цар Аляксандар і адмовіўся ад саюзу з Англіяй і зрабіў саюз з Францыяй. Напалеон абавязаў яго далучыцца да так званай «континентальнай блёкады», г. зн. даць абавязак, якога Напалеон вымагаў з усіх пераможаных ім дзяржаў, не гандляваць з Англіяй. Напалеон меу надзею такім шляхам зачыніць для ангельскіх тавараў увесь контынэнт Эўропы (адгэтуль і назва контынэнтальнай блёкады) і, так сказаць, зварыць ангельцаў у іх саку.
Расія раптам засталася бяз вырабаў ангельскіх фабрык, да якіх гэтак прывыкла расійскае дваранства. Апошняе вельмі было незадаволена Тыльзыцкай згодай, увесь час глуха бурчэла, награжала спатайка Аляксандру ўдзелам яго бацькі Паўла І, забітага дваранамі часткова таксама за разрыў з Англіяй (у 1801 г.; гэты прыклад больш за ўсё паддаваў духу ангельцам ды спакушаў іх на бесцарамоннае выкарыстаньне Расіі). Дваранству і гандлёваму капіталу, які стаяў за яго сьпіной, яшчэ болей, зразумела, незадаволенаму спыненьнем ангельскага гандлю, урэшце і ўдалося такі дамагчыся свайго: у 1812 г. Расія зноў парвала з Францыяй, напалеонаўская армія пасьля свайго апошняга посьпеху, захопу Масквы, замерзла ў расійскіх сьнягох, супроць Напалеона ўтварылася новая апошняя, самая страшная коаліцыя, і ангельскі прамысловы капіталізм мог, урэшце, сьвяткаваць канчатковую перамогу. Але яна абышлася яму нятанна: усіх ранейшых позыцый ён вярнуць сабе ня мог, і ў ліку страчаных было іменна яго становішча ў Расіі.
У той час, як гандлёвы капітал зусім апусьціў галаву ад тыльзыцкай згоды (Александар І доўга не адважваўся апублікаваць ганебны для яго дагавор, і на пецярбурскай біржы, карыстаючыся гэтым, пераконвалі, што ніякай згоды і зусім ня было зроблена), прамысловы капітал бы жывой вадой апырскалі. Пазбаўленыя ангельскай конкурэнцыі расійскія фабрыкі пачалі расьці літаральна, як грыбы. Асабліва бавоўна-прадзільныя і бавоўна-ткацкія: баваўняныя тканіны былі тады навіной і прывозіліся ў Расію выключна з Англіі. У 1804 г. такіх фабрык у Расіі было 199, большай часткай дробных, з 6½ тысячамі рабочых і вытворчасьцю на 5 мільёнаў рублёў; а праз 10 год, у 1814 г., фабрык было 423, рабочых на іх 39 тысяч, а вытворчасьць павялічылася ў шэсьць разоў, да 30 мільёнаў. Амэрыканскую бавоўну (іншай тады ня было) пачалі прывозіць у Расію ў такой колькасьці, што яна выперадзіла па гэтай частцы бадай ня ўсе Эўропэйскія краіны: яшчэ ў 1809 г. яе прывязьлі толькі поумільёна фунтаў (гэтую рэдкасьць тады яшчэ на фунты важылі, а не на пуды), а ў 1811 г. прывезена было ў Расію бавоўны ўжо 9¼ мільёнаў фунтаў. У той час, як усе чужаземныя тавары шалёна даражэлі, бавоўна пачала танець, і цана на яе спала бадай на палавіну, так шмат навязьлі. Чужаземцы, якія чулі ад усіх «сумленных людзей» скаргі на контынэнтальную блёкаду і якія бачылі адначасна гэты росквіт, толькі паціскалі плячмі ў непаразуменьні. У самы разгар блёкады францускі пасол пісаў свайму ўраду, што хоць расійцы і скардзяцца на дарагоўлю прадметаў роскашы, на паніжэньне курсу рубля, але прамысловасьць у Расіі разьвіваецца, заснавалася шмат суконных, шаўковых, прадзільных фабрык, багатыя памешчыкі выпісваюць чужаземных рабочых, якія навучаюць расійскіх рабочых. Адкрыліся таксама цукровыя заводы, павялічваюцца бровары і г. д.
Калі быў адноўлен саюз з Англіяй, урад, пад уплывам дваранства, якое з далей лемантавала аб дарагоўлі чужаземных тавараў, дазволіў быў, як раней, амаль вольны прывоз продуктай адгельскай прамысловасьці. Але тут ужо залемантавалі фабрыканты, і так голасна, што іх прышлося пачуць. Яны падалі Аляксандру І запіску, дзе проста заявілі, што Англія для іх горш за Напалеона, а вольны прывоз ангельскіх тавараў горш за маскоўскі пажар 1812 году. Прамысловы капітал быў ужо гэтак моцны, - у шмат якіх фабрыках было зацікаўлена і дваранства, пры тым вельмі вялікае (кн. Юсупаў, напрыклад, меў вялізныя суконныя фабрыкі), што з ім прыходзілася лічыцца. У 1822 г. былі ўведзены вялікія пошліны на загранічныя тавары з мэтай «протэктарства» айчыннай прамысловасьці. З тых пор гэтая «протэктарская» сыстэма ніколі не пакідалася зусім расійскім урадам, часамі толькі крыху слабеючы (так было паміж 1857 і 1877 гадамі, прычыны мы ўгледзім ніжэй).
Прывоз ангельскіх тавараў ня спыніўся канчаткова,-хто мог купляць дарагое, трымаўся ўсё-ткі ангельскага,-але скараціўся надзвычайна. Да пошлін 1822 г. Англія штогод прывозіла ў Расію на 3 мільёны фунтаў стэрлінгаў, а ў 1831 г. яна прывезла меней, чым на 2 мільёны, пры тым бадай ⅔, гэтага прывозу складалі не гатовыя тавары, а пража, якая павінна была пайсьці на выраб матэрыі ў сярэдзіне Расіі расійскімі-ж фабрыкамі, г. зн. служыла зноў-ткі для конкурэнцыі з ангельцамі. Расійская-ж прамысловасьць, за сьцяной мытных пошлін, расла надзвычайна хутка. У 1824-1826 гадох у Расію прывозілася ў сярэднім у год 74 тысячы пудоў бавоўны і 337 тыс. пуд. баваўнянае пражы, а ў 1848-1850 г.г. ужо больш мільёна з чвэрткай пудоў бавоўны, але прадзіва затое толькі 281 тысячу пудоў. Гэтае павялічэньне прывозу бавоўны, побач з памяншэньнем прывозу прадзіва, паказала, наколькі вырасла самастойнасьць расійскай тэкстыльнай прамысловасьці. Раней расійскі паркалёвы фабрыкант ня мог абыйсьціся без ангельскага прадзіва, цяпер у Расіі зьяўляюцца свае прадзільныя фабрыкі і растуць таксама хутка, як раней ткацкія. У 1843 г. ў Расіі было 40 ткацкіх фабрык, і на іх працавала каля 350 тысяч верацёнаў, а ў 1853 г. верацёнаў на хаду было ўжо каля аднаго мільёна. Перад канцом сталецьця (1891 г.) Расія па колькасьці верацёнаў займала ўжо першае месца ў Эўропе пасьля Англіі (у Англіі 44 мільёны верацёнаў, у Расіі 6 мільёнаў, у Францыі крыху болей 5, у Нямеччыне 5, у Аўстрыі 2 і г. д.).
Хуткі рост расійскай прамысловасьці пачаў выпярэджваць рост нашага ўнутранага рынку. Затым, што ў прыгоннага селяніна пан адбіраў усё «лішняе», дык гэты селянін быў, у існасьці, жабраком. Які-ж гэты быў пакупнік? Пакупніком продуктаў расійскіх фабрык было, галоўным чынам, гарадзкое насяленьне, але яно расло надзвычайна слаба, дзякуючы таму самаму прыгоннаму праву, якое прывязвала селяніна да вёскі. Гарадзкое насяленьне Расіі ў XVІІ веку складала толькі 4% усяго насяленьня, у першай палавіне ХІХ крыху больш 6%. Простым выхадам было-б зноў-такі вызваленьне сялян. Вызвалены ад панскай эксплёатацыі, распараджаючыся сваім заработкам, селянін адразу зьмяняўся ў «пакупніка», гісторыя расійскай прамысловасьці пасьля 1861 году гэта і пацьвердзіла. Але гандлёвы капітал не хацеў яшчэ пакідаць сваю ахвяру. Цана на збожжа ў той час перастала падымацца, памешчык і купец, гледзячы на вялікую заработную плату тагочаснага расійскага рабочага (які атрымліваў, сапраўды, больш, чым нямецкі рабочы тых дзён), баяліся, што гэтая заработная плата вельмі паменшыць іх барьш. Ім ня прыходзіла ў галаву, што высокая заработная плата ў Расіі зноў-ткі вынік таго самага прыгоннага права; большая частка нанятых рабочых былі адпушчаныя па аброку прыгонныя, і ў іх заработнай плаце, апрача грошай на іх уласнае ўтрыманьне, быў яшчэ аброк, які яны павінны былі заплаціць свайму пану. Фабрыкант быў у гэтым выпадку больш разумным і ашчадным, чым яго папярэднікі на эксплуатацыі працоўнага чалавека, больш разумным за купца і памешчыка. Фабрыкант не баяўся вольна нанятага рабочага, ня гледзячы на яго дарагоўлю. Ужо ў 1825 г. палавіна рабочых на нашых фабрыках былі вольнананятыя. У 30 гадох фабрыкант пачаў вызваляць на волю і сваіх прыгонных работнікаў, і ў 40 гадох большая палавіна гэтых, так званых «посэсыйных» майстровых зрабілася вольнай. Але памешчык ня мог пакінуць свае страхі, і трэба было, каб гісторыя прыціснула яго да сьцяны.
Пакуль існавала прыгоннае права, унутраны рынак пашырацца ня мог: заставалася шукаць замежных. Раней шмат каму здавалася, што імпэрыя Мікалая І, «Мікалая Палкіна», з яе вялізнай арміяй, казармамі, шпіцрутэнамі, рэкрутчынай, пакланеньнем перад вайсковым мундзірам, панаваньнем вайскоўшчыны скрозь і ўсюды,-што гэтая імпэрыя ёсьць такая супрацьлежнасьць буржуазіі, якую толькі можна прыдумаць. А сапраўды, казарма была патрэбным дадаткам да фабрыкі. Мікалай Палкін «узброенай рукою пракладаў расійскаму гандлю новыя шляхі на Ўсходзе», як сьведчыць дзяржаўная рада гэтага цара. Вот на вошта ўся Расія была зашпілена ў вайсковы мундзір! І не дарма Мікалай з аднолькавай рупнасьцю рабіў агляды сваім салдатам і мануфактурныя выстаўкі расійскіх тавараў, адкрываў кадэцкія корпусы і тэхнолёгічныя інстытуты, езьдзіў па манэўры і на Ніжагародзкі кірмаш. Спачатку справа ў яго йшла з посьпехам: дзьве яго першых вайны, з Пэрсіяй і Турцыяй, скончыліся перамогамі і такой згодай, якая шырока адчыняла граніцу гэтых абедзьвюх адсталых краін расійскім таварам. Пэрсыцкім рынкам удалося аўладаць зусім, расійскі фабрыкант там панаваў, расійскі чырвонец быў хадзячай монэтай, расійскія гандлёвыя звычаі-узорам; чужаземцы-ангельцы, немцы-на кожным кроку чулі: «так робяць расійцы, так прынята ў гандлі з Расіяй».
Ужо й гэта чужаземцам-на першым месцы тым самым ангельцам- не магло быць прыемна. Зачыненьне граніц самой Расіі для большай часткі ангельскіх тавараў павінна было раздражняць ангельцаў яшчэ больш. А калі расійцы, не задавальняючыся Турцыяй і Пэрсіяй, пачалі пралазіць у Сярэднюю Азію і Аўганістан, да граніц Індыі, то ангельцы зусім занепакоіліся, і ў паветры запахла вайною. З тае прычыны, што Мікалай дзейнічаў груба і рэзка, не хаваючы сваіх заваявальных планаў,-відаць было, што Расія зьбіраецца монополізаваць (зрабіць сваёй выключнай уласнасьцю) усходнія рынкі для сваёй прамысловасьці, то ангельцам няцяжка было знайсьці саюзьнікаў. У гандлі ўсходнім разам з імі былі, напрыклад, зацікаўлены і французы. Да таго-ж і гандлёвы капітал быў не ад таго, каб скарыстацца паслугамі «потрясающей Стамбул и Тегеран десницы», як лісьліва гаварылася па адрасу Мікалая ў аднэй купецкай прамове. Гандаль збожжам дунайскіх краёў,-Вэнгрыі, Малдавіі, Валахіі, цераз румынскія парты ніжняга Дунаю, Браілаў і Галац,-сьціскаў, бачыце, збожжавы гандаль Одэсы і Таганрогу, рабіў яму конкурэнцыю. Гэтага ні ў якім разе нельга было дапусьціць, трэба было сьціснуць у кулак і ніжні Дунай. Мікалай хадзіў у 1849 г. у Вэнгрыю нібыта супыняць там рэволюцыю, але ня мог там застацца. А ў 1853 г. расійскае войска заняло Малдавію і Валахію (сучасную Румынію). Гэта зрабілася прычынай да вайны з Турцыяй і перакінула ў лягер праціўнікаў Расіі Аўстрыю, зацікаўленую ў свабодзе дунайскага гандлю. Турэцкая вайна ішла для Мікалая спачатку з посьпехам: расійскі чарнаморскі флëт зьнішчыў пры Сыноне турэцкі флёт, расійская армія перайшла цераз Дунай. Мікалай марыў аб захопе Константынопалю. Расійскі гандлёвы і прамысловыя капіталы, у саюзе, рыхтаваліся зрабіцца гаспадарамі ўсяго ўсходу. Гэтага, зразумела, ні Англія, ні Францыя, ні Аўстрыя зносіць не маглі. Ангельскі і францускі флёты ўвайшлі ў Чорнае мора, Аўстрыя мобілізавала сваю армію. Мікалай абвясьціў вайну ангельцам і французам, але не адважыўся зрабіць тое самае ў адносінах да Аўстрыі,-тая засталася ў становішчы «узброенага нэўтралітэту». Тым ня менш ваенныя дзеяньні расійскай арміі за Дунаем павінны былі спыніцца: маючы аўстрыйцаў ззаду, ісьці наперад было небясьпечна. На моры расійскі флёт павінен быў скрозь адступіць перад ангельска-францускім, які быў куды мацнейшы і лепшы за расійскі (быў па большай часьці паравы, а наш-парусны). Ангельцы і французы высадзіліся па расійскіх берагох, у Крыме, і пасьля 11-месячнай аблогі ўзялі Севастопаль, галоўную расійскую вайсковую гавань на Чорным моры, стаянку чарнаморскага флёту, які быў пры гэтым увесь затоплены.
Мікалай ня вытрываў няўдачы, атруціўся, а яго сын і наступнік Аляксандар ІІ павінен быў скласьці згоду (Парыскую ў 1856 г.), па якой Расія страціла права трымаць флëт на Чорным моры. Расійскі капіталізм павінен быў адмовіцца ад надзеі зрабіцца гаспадаром у Турцыі. Адшуканьні замежнага рынку скончыліся крахам: даводзілася хаця-не-хаця пашыраць унутраны. К гэтаму часу і значная частка абшарнікаў (хоць і ня большасьць) пакінула баяцца вольнага рабочага. Дваранскія публіцыстыя нават пачалі вылічаць, на колькі вольнананятая праца будзе выгадней паншчыны. Цана на збожжа ў Заходняй Эўропе, у канцы 40 гадоў, зноў «акрэпла», і гандлёвы капітал, аблізваючыся, марыў аб тым, якія вялізныя масы пшаніцы паімчацца на зноў зробленых чыгунках з самых глухіх чарназемных губэрняў да партоў Чорнага ды Бальтыцкага мораў. Проект пабудаваньня чыгункавай сеткі ўзьнік яшчэ ў 1830 гадох, але яго затармазіў іменна прамысловы капітал, які меў пры двары Мікалая магутнага абаронцу у асобе міністра фінансаў Канкрына. Апошні пад рознымі недарэчнымі прычынамі,-нібыта чыгункі пашыраць сярод народу бадзяжніцтва і т. п., ― перашкаджаў іх пабудове: а сапраўды прамысловы капітал баяўся, што па чыгунках чужаземным таварам будзе вельмі лёгка даходзіць у сярэдзіну Расіі. Цяпер, калі ўсё роўна прышлося здавацца і ў гэтай галіне,-у 1857 г. прышлося панізіць мытныя пошліны, каб дагадзіць Англіі і Францыі,-і гэтае меркаваньне адпала, словам супраціўленьне зьнішчэньню прыгоннага права было куды слабей, чым 20 год назад.
Было-б, зразумела, вельмі наіўна думаць, што гандлёвы капітал і яго саюзьнік, пан-прыгоньнік, здадуцца зусім, і пакорна падуць да ног расійскай прамысловасьці. У зьдзелцы, якую буржуазная гісторыя аздобіла гучным тытулам «вялікай рэформы 19 лютага» (у гэты дзень, 19 лютага 1861 году па стар. стылю, быў падпісаны маніфэст аб вызваленьні сялян, але апублікаваны ён быў толькі 5 сакавіка: 19 лютага выпала на масьленіцу, і баяліся, што вызвалены народ перап'ецца і «узбунтуецца»: гэтакае ўяўленьне мелі вызваленцы аб тых, каго вызвалялі!), на долю старых паноў дастаўся, зразумела, вялікі, тлусты кавалак, і прамысловая буржуазія атрымала толькі столькі, колькі ёй было зусім патрэбна ды нават крыху меней і гэтага. Перш за ўсё гандлёвы капітал захаваў усё-ткі дробнага самастойнага продуктара, да якога прывык, селянін быў вызвален з зямлёю і прымацованы да гэтае зямлі: ён ня сьмеў пайсьці з вёскі бяз згоды «міру», а дзеля таго, што насяленьне вёскі было зьвязана кругавой парукай у справе выплаты падаткаў (якія, як зараз угледзім, вельмі павялічыліся пасьля 19 лютага), дык у яго інтарэсе было селяніна не выпускаць, бо тады кожнаму з тых, што засталіся, прыходзілася плаціць болей. Аб гэтым вызваленьні з зямлёю крычалі тады, як аб самым вялікім дабрадзействе для сялян, і гэтая мана спакусіла нават вельмі разумных, але не спрактыкаваных у экономічных пытаньнях, людзей, — напрыклад, славутнага пісьменьніка Герцэна (пра гэта давядзецца гаварыць ніжэй). А сапраўды і вызваленьня ніякага ня было: прывязаны да свайго мізэрнага кавалачка зямлі, селянін застаўся пад уладай дваранства, у асобе міравога пасрэдніка, па загаду каторага валасны «суд», які цалком залежаў ад пасрэдніка, мог і адлупцаваць «вызваленага» розгамі, як у прыгонны час.
А галоўнае, гандлёвы капітал захаваў тую машыну, якая выціскала з селяніна «дадатковы продукт», толькі ўдасканаліў яе. Раней, кожны асобны памешчык выціскаў гэты продукт з селяніна паншчынай, ці аброкам, цяпер гэта пачала рабіць уся дваранская дзяржава за дапамогай падаткаў. Пачаць з таго, што памешчык, зразумела, ня думаў адпушчаць селяніна дарма. Хоць скрозь крычалі, што за асобу селяніна ніякай узнагароды пану не належыць, але і ў гэтым, як ва ўсім іншым, «вялікая рэформа» лгала. Сапраўды памешчыкі атрымалі з сялян больш за 800 мільёнаў рублёў (рублі 1861 году былі ў паўтара разы большыя, чым рублі 1914 г.) пад выглядам выкупу за тую самую зямлю, якая была пад сялянскімі надзеламі. Зямля гэта спакон веку ўраблялася сялянамі, памешчык ніколі ёю не карыстаўся, для яго яна была толькі сродкам утрыманьня прыгонных рабочых рук. Зусім ясна, што плата за зямлю была іменна выкупам гэтых сельскіх рабочых рук. Для яшчэ большай яснасьці зямля гэта была ацэнена куды вышэй яе сапраўднае вартасьці: каштавала яна тады, па тагочаснай цане, 648 мільёнаў, а заплаціць за яе павінны былі сяляне 867 мільёнаў. Памешчыкі атрымалі гэтыя грошы ад ураду адразу, а сяляне павінны былі выплаціць ураду ў рассрочку; гэта і былі славутыя выкупныя выплаты. Сам урад прызнаваўся, што яны былі вышэй прыбытку з зямлі, асабліва ў нечарназемным пасе: у Маскоўскай, напрыклад, губерні дзесяціна зямлі «ўступленай» селяніну каштавала 26 руб., а заплаціць за яе селянін павінен быў 51 р. 33 кап. Месцамі (па поўначы, у Олонецкай губ.) выкупныя выплаты былі ў чатыры і ў пяць разоў вышэй прыбытку з сялянскага надзелу. Але, апрача выкупных, пасьля квызваленьня» быў павялічаны падушны падатак, ды ўтрыманьне ўтвораных пасьля «вялікай рэформы» земскіх установаў таксама лягло бадай выключна на сялянскія плечы. У выніку цераз 15 год пасьля вызваленьня селянін плаціў скарбу самае меншае на 20% больш, чым меў прыбытку з сваей зямлі, а вельмі часта больш чым удвойчы і нават бадай утройчы (каля 270%). Інакш кажучы, на адну плату падаткаў селянін павінен быў прадаць усё сваё збожжа, ды яшчэ прыпрацаваць на баку. Падаткі выціскалі з яго дадатковы продукт таксама, як аброк і паншчына. Вось у чым быў сакрэт славутнага «вызваленьня селяніна з зямлёю».
Але, абрабаваны «вялікай рэформай 19 лютага» селянін усёткі не зрабіўся пролетарам. Пролетары вольны работнік, які йдзе туды, дзе ёсьць попыт на яго працу, а селянін заставаўся прымацаваным да сваёй вёскі і аддадзеным пад апеку дваранскай поліцыі ў асобе міравога пасрэдніка (пазьней земскага начальніка). «Рэзэрвовая армія працы», патрэбная для прамысловага капіталізму, ня была створана ў нас адразу, упадкам прыгоннага права, а павінна была складацца паволі і з трудом, наперакор тым умовам, пры якіх аграблены селянін далёка не адразу зрабіўся тым выгодным пакупнікам, які расійскім фабрыкам, асабліва тэкстыльным, быў патрэбны. У першыя гады пасьля вызваленьня ўся наша прамысловасьць пайшла нават назад, а не наперад. Але з цягам часу справа выраўнялася і тут. Адно прадказаньне дваранскіх публіцыстых, якія агітавалі за рэформу перад 1861 годам, апраўдалася цалком: вольная праца была куды больш вытворчай, чым прыгонная. Да вызваленьня (у канцы 40 гадоў) ураджай 4-х галоўных відаў збожжа (пшаніцы, жыта, ячменю, ауса) даваў з Расіі толькі 208-209 мільёнаў чвэртак, пасьля вызваленьня, у 1870 гадох — больш 300 мільёнаў. Гэты рост вытворчасьці зямляробскай гаспадаркі паступова падымаў і пакупальную здольнасьць народнай масы. Пасьля невялікай замінкі прамысловасьць, асабліва тэкстыльная, хутка пайшла наперад. У 1861 г. усе нашы тэкстыльныя фабрыкі перапрацавалі крыху больш 2½ мільёнаў пудоў бавоўны, а ў 1881 г. яны перапрацавалі ўжо 9 мільёнаў пудоў, у 1891 г. 10½ міл. пуд., у 1901 г.-больш 16 міл. пуд. (вышэйшага пункту яны дасягнулі ў 1910 г., калі імі было перапрацована 22 міл. пудоў бавоўны). У той самы час перад вызваленьнем сялян Расія мела менш 1.000 вярсты чыгункі, а к пачатку 70-х гадоў у нас было ўжо больш 10.000 вёрст чыгункі, 80-х-больш 21.000 вярсты, к пачатку 90-х-каля 27.000 вёрст. А раўналежна з ростам чыгункавай сеткі расла і расійская мэталюргічная прамысловасьць (якая давала для гэтых дарог, галоўным чынам, рэйкі; цягнікі і г. д. яшчэ доўга пераважна купляліся заграніцай). У 1861 г. у нас было выплаўлена менш 20 мільёнаў пуд. чыгуну, у 1891 г.-ужо 61 міл., а ў 1901 г.-ужо 173 мільёны. У гэтым годзе нашая мэталюргія выперадзіла ўжо некаторыя вялікія заходня-эўропейскія краіны, напрыклад, Францыю, як за 10 год перад гэтым Расія абмінула Францыю ў галіне бавоўна-прадзільнай вытворчасьці.
У ХХ веку Расія выступіла ужо зусім азначана і бясспрэчна, як краіна разьвітага прамысловага капіталізму.