Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе (Пакроўскі/Гарабурда)/Прадмова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Аўтар: Міхаіл Пакроўскі
1927
Уводзіны. Агульныя паняцьці аб гісторыі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА.

«Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе» мае на мэце таго самага чытача, як і «Азбука комунизма» т. Бухарына. Сьвядомаму рабочаму трэба ведаць ня толькі, што такое комунізм, але й што такое Расія. Гісторыі ўтварэньня сучаснай Расіі і прысьвечана гэтая кніжка.

Яна не вымагае ад чытача ніякіх папярэдніх гістарычных ведау, г. зн., прасьцей кажучы, яна мае на мэце чалавека, мазгі каторага ня зьвіхнуты школьнымі падручнікамі гісторыі з іх мноствам цароў і міністраў, якія толькі й думаюць пра розныя «рэформы» для народнага дабра. Тут матэрыял таксама разьмешчан, калі хочаце, паводле панаваньняў (царстваваньняў) — толькі, замест лялек у кароне і парфіры, аўтар узяў сапраўднага цара, цара-капітала, які самаўладна кіраваў Расіяй ад Івана Грознага да Мікалая Апошняга.

Першы нарыс і прысьвечан першаму панаваньню — гісторыі узьнікненьня ў Расіі гандлёвага капіталу і захопу ім улады. Паўночная вайна і ўтварэньне Расійскай імпэрыі адзначаюць поўную сьпеласьць расійскага гандлёвага капіталізму. Але ў пялёнках пішчэла ўжо дзіця, якое цераз 100 год зрабілася такім самым дужым і вялікім, як яго бацька. Панаваньню гэтага насьледніка гандлёвага капіталу, капіталізму прамысловаму, прысьвечан другі нарыс. Пара поўнай сьпеласьці прамысловага капіталізму прыпадае у Расіі на другую палавіну XІX сталецьця. У пачатку XX на сцэне ужо расійскі імпэрыязізм; яму і яго разбурэньню будзе прысьвечан трэці і апошні нарыс.

Як бачым, лік старонак ані не адпавядае ліку сталецьцяў. Першым васьмі сталецьцям расійскай гісторыі вызначана столькі сама месца, колькі двум наступным; апошнія 20 год зоймуць столькі сама старонак, колькі і два папярэдніх сталецьці. Аўтар меў на ўвазе чытача, у якога вольнага часу куды меней, чым прагі да ведаў, і таму пісаў так коратка, як толькі магчыма было, ня шкодзячы яснасьці выкладаньня.

М.П.

ПРАДМОВА ДА ДРУГОГА ВЫДАНЬНЯ.

Другое выданьне істотна адрозьніваецца ад першага двума дадатковымі разьдзеламі, табліцамі і картамі. З дадатковых разьдзелаў ― першы даводзіць выкладаньне да пэўнай «натуральнай мяжы». Такой не магло быць, зразумела, 1-га сакавіка 1881 году ― дата, хутчэй, у гісторыі царызму, чым у гісторыі расійскай народнай масы. Але такой можа служыць 1896 год, ― год пачатку масавага рабочага руху у Расіі.

Другі дадатковы разьдзел, згодна думкі аўтара, канечна натрэбен для тых, хто хацей-бы «больш падрабязна» пазнаёміцца з расійскай гісторыяй: наіўна было-б выабражаць, што гэта апошняя пісалася нейкімі бесьцялеснымі тэорэтыкамі, а ня людзьмі пэўнай клясы клясы нам варожай. Каб разабрацца ў расійскай гістарычнай літаратуры трэба і тут цьвёрда стаць на клясавы пункт погляду.

Табліцы прызначаюцца, галоўным чынам, для паўтарэньня ня тым, хто проста чытае, а тым, хто вывучае, хто карыстаецца кніжкай, як падручнікам. Для навочнасьці, поруч з невялікім лікам рубрык, паміж якімі падзелен зьмест расійскага гістарычнага процэсу. паданы два слупкі «Сусьветнай гісторыі» і «Бліжэйшых суседзяў Расіі». І тое, і другое магло быць падана, само па сабе зразумела, толькі ў нарысе, разоў у 30 больш кароткім, чым сама расійская гісторыя.

Тлумачэньне да карт падана пры іх.

Карыстаюся выпадкам падзякаваць таварыша С. А. Піонткоўскага, якому я абавязан некалькімі дакумантамі, выкарыстанымі ў дадатковым разьдзеле «Рабочы рух».

M. П.