Перайсці да зместу

Раніца (1914)/Ні пакідайце сваей мовы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Азірнемся Ні пакідайце сваей мовы
Публіцыстыка
Аўтар: Браніслаў Тарашкевіч
1914 год
Праца і навука

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ні пакідайце сваей мовы,


каб ні памерлі — гэта праўдзівая прасьцярога павінна пастаянным рэхам адбівацца ў душы кожнаго шчыраго беларуса і зрабіць яго слугой хараства слова. Так — хараства праўдзіваго слова! Ні пужайцеся толькіж, ні заву я да якога-там «букваедства — не, крый мяне, Божэ — хай сабе розные учоные, калі ім ахвота, разьбіраюць усё на рэбрах, скуль, што і якое — яны анатомы, у трупах шукаюць загадку жыцьця, і добра калі што знаходзяць, — а я вось што хачу сказаць.

Зык, буква — гэта толькі цень, а слова — кроў і косьць, жывое цела ў нашых душах, дорагае, майстэрнае пачыньне — ў ім нашы духовы дабытак.

Кожны народ мае сваю асобную мову, і асобнасьць яені ў самых зыках — тое самае слова здаецца, а не — от, бач, ні тое, не які асобны зьмест, што і аб’ясьніць ні умейш, хоць і добра чуіш. Вот гэтае «нешто неякае» зьвязанае ніразлучна з душой народу, прыдае кожнай мове той асобны цымэнт, што зьвязуе ў адно народнае, «національнае», усе яго думкі і перажыцьця. Праўдзівей былоб гаварыць «перавярнуць» з адной мовы на другую, чым «пералажыць».

Дорагае, але крыхвое, кволае начыньне гэта мова, дык глядзіце сьцеражыце, стройце яго квяцістымі аздобамі, бо зьмест нашых думак, нашае я можэ разьліцца і паплыць у прочкі… Скажыце, ці ж харашэйшая была бы зямля, каб гэдак усе што ні есьць рэкі і азёры — шусьць — пераліліся ў акіяны!.. Усе абвярнуласяб у нейкую Сахару.

— Но ні усеж мы такіе ўжо майстры, можэ хто скажа, каб добра знацца на слове.

— Праўда, праўда мала ў нас майстроў прыгожаго слова, ці у пісаньні ці проста сабе у звычайнай гутарцы, але ёсьць на гэта адна і мусіць адзіная рада: уважна прыслухайцеся да таго, як гамоніць сабе «просты» наш народ. Толькіж трэба умець прыслухацца — колькі ў гэтай прастаце хараства, сілы і багацьця тонаў! Ды й што тут лішня распісываць — «хто мае ушы, каб чуць — хай слухае».

Кіньце усе там розные граматыкі ў кут, калі шкода ў печ, і самые учыцеся гаварыць ад народу. Затое вазьмеце у рукі олавак і кусок паперы і пастарайцеся запісаць казку, легенду, песьню, прыказку, загадку, цікавае слова зусім так як гаворыцца, без усякіх «правільнасьцёў» і граматычнасьці. Усё гэта можэ даць вельмі шмат цікаваго этнографічнага матерыялу, збагаціць мову. Запісуючы усё гэта, трэба падробна сказаць, дзе запісана, ад каго (баба, дзед, хлопец. дзеўчына, век, граматны ці не). Часта бывае што цікавей і патрэбней запісываць ад старых, бо гэта можэ з імі ўцячы на той сьвет, але ведама і маладые часта расказываць гады. Толькі йшчэ раз кажу — нічога ні выкідаць і нічога ні дадаваць ад сябе. Добра былоб запісывадць песьні, хто можэ, з нотамі — але нішто зрабіш, як хто ні умее: трэба толькі напісаць, калі песьня пяецца, значыцца пры якім здарэньні. Цікавые словы трэба запісываць ні адным — асобна, а з цэлым зваротам мовы, каб лепш можна было зразумець, што яно азначае; ні забыцца паставіць ударэньня. Такіе словы з іх цікавейшымі адменамі можна перапісываць на картачкі у алфавітным парадку — бач, і ўжо месны слоўнік, вельмі важны і патрэбны матэрыял да агульнаго вялікаго беларускаго слоўніка. Хай кожны зьбірае тое, што яму на душы — хто што любіць: хто песьню, хто казкі і легенды, а хто кароткіе рэчы — прыказкі, загадкі… ці мала што каму да упадобы.

Шмат эстэтычнага і моральнаго здаволеньня даець такая работа, шмат наукі дайжэ, толькі трэба ўчуцца, ўслухацца і любіць хараство прастаты…


Забраные матэрыялы, калі хто ні можэ сам выкарыстаць, прысылаць можна хоць ў Вільню — «Беларуская кнігарня» Завальная 7 — хоць у якое — колечы науковае таварыства, каліб тое знайшлося.

Тарас Язычнік.