Перайсці да зместу

Раніца рыкае (1925)/Я/Туляўся выбоямі грэблі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ (Вецер — разбэшчаны шэльма) ⁂ (Туляўся выбоямі грэблі)
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1925 год
⁂ (Васількова-зялёнаю ночкай)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Туляўся выбоямі грэблі…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Туляўся выбоямі грэблі
заплаканы променя вырыс.
Апрануты латаным зрэб‘ем,
у хаце мужычай я вырас.

Падслухаў там родныя песьні,
як пелі дажынкамі жнеі.
Сахою я гонейкі песьціў,
кілзаючы сонца у шлеі.

Прастор-сінявокі юнак —
да мяне прытуляўся ў сутоньні;
губляючы зоры ў хмызьняк,
яму сьнілася новае сёньне.

Туман, ацярушаны пытлем,
цадзіў белаватую боязь.
Падпаскам, ганяючы быдла,
я раніцы кланяўся ў пояс.

Кудлата-зялёныя хвалі
чупрынаю кудзер кудзеліў, —
ветры-ж мяне калыхалі
ў ядрана жытняй пасьцелі.

Ўсьміхалася Сьвіслач мне срэбрам,
на пуні прывязваў як прывязь.
Апрануты латаным зрэб‘ем,
у хаце мужычай я вырас.