Раніца рыкае (1925)/Песьня/Прывітаньне табе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ (Я ў песьні пра вёску трыбуню) Прывітаньне табе
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1925 год
Фантазія ня ў Азіі, а на Беларусі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прывітаньне табе… (Пушча).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРЫВІТАНЬНЕ ТАБЕ…

Прывітаньне табе, беларуская песьня,
ды ад постаці сьпелага жыта душы!
Твае шчокі румяняцца сонцам у сьнежні,
а мэлёдый калосься
дояць віно у каўшы.
Табе, ой умыцца журбою ня раз давялося!
Бо хіба ня помнім, як вечар
шчацініўся бурым мядзьведзем,
а ты разьлівалася жалем па ўзрэччы…
Ну хто гэтулькі смутку мог зьведаць?
Падружыўся з працай сялянскай,
ты блукала ў палёх сінявокіх,
і хоць вецер нядоляю царскаю ляскаў, —
ты ўсё-ж гнала вясновыя сокі.
А за гэта цябе абазвалі паны
ну ды песьняй мужычай.
У грудзёх хоць і смутак званіў,
але-ж ты каласіла паўстаньне у жыце.
Бо ня раз у дажынкі
твой матыў у паход сабіраўся.
Ён ключамі расы каля постаці дзынкаў,
і гукаў: ой ты, вечар, туманам ня лайся!
А цымбалы калі на ўрачыстай бяседзе
ды лявоніху тупалі ў прысядкі, —
то тагды не магла ты спакойна уседзяць,
а чупрыніла радасьці высадкі,
Ой ды так, ты мая дарагая!
Ты напевам сваім Беларусь весяліла,
і хоць восень жаўцела ў гаі,
але-ж ты падваялася сілай,
І зараз ня плачаш ля весьніц —
у сэрцы тваім схамянуўся разгул.
Ну то як-жа сягоньня завешся,
посьле раніцы сонечных бур?