Зазванеце, зоры, па-над кручай!
Хай ня журыцца газьніца бляскам,
хай сыгнал электрыкі бліскучай
мільгане ў лучнік сялянскі,
Хай-жа тут па хатах саламяных
на калені стане бляск сталічны,
і няхай у лесе на паляне
зьвер абліжа яго твар-аблічча.
Хай-жа ў кожным сельсавеце
заляскоча клёкатам дынамо,
і няхай ў клянова-медным вецьці
пранясецца век з стальнымі днямі.
Хай-жа бразнуць радасьці падковы
ў дынамічна-звонным гоне.
Я ў вачох вясёлкава-вясковых,
сказ аб гэтым прачытаў сягоньня.
І мяне ўжо боязь ня трывожыць.
Хай машынай вёска весяліцца,
Селянін ня зьнікне ў куст, як вожык,
калі ўчуе яе лёскат ў лісьці,
Не баіцца ўжо ён больш матора, —
уцякаць ня хоча ў вербалозы.
Так было, было яшчэ учора,
а сягоньня трактар дай ў палосы.
Дык званеце, зоры, па-над кручай!
Хай ня журыцца газьніца бляскам,
хай сыгнал электрыкі бліскучай
мільгане ў лучнік сялянскі.
|