Перайсці да зместу

Развітанне (Жылка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Развітанне
Верш
Аўтар: Уладзімір Жылка
Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пара! Не моўкне хваль гамонка,
Спявае вецер свежа, гонка
          І ветразь плешча - адплывай!
Цалуй ў апошні моцна, звонка -
Мой сум, як золата пярсцёнка,
          На сэрца лёг і цісне ўкрай.
Але трывог не ўбачаць вонках,
Хоць вочы - светлая палонка, -
          У іх адно, адно чытай.
Насупраць мне з імглы пялёнкай
Паўстане бур атхлань - прадонка
          І бура выпесціць адчай.
Але хай машта квіліць тонка,
І ўспамінаецца старонка,
          І мора пеніцца няхай, -
Затым, што мужны буду, жонка,
Вярнуся я, а ты ў ваконка
          Цікуй і цноту ткліва дбай.
З далёкіх падарож, мая сасонка,
Я прывязу суровых вод звычай,
І сэрца вернае, і ў тронках
          Вось гэтых - гэты нож... Бывай!

(1928)