Перайсці да зместу

Радасны будзень (1935)/V/Спадалі кроплі на пясок

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Нервамі ўпрагуся Спадалі кроплі на пясок
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Проці яснага сонца

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Спадалі кроплі на пясок.
Раса ці дождж — не прыгадаю…
Тваю душу прыгожыў змрок
І сэрца — гутарка нямая.

Ў суцень бурыліся платы,
Рыдалі совы, як вар‘яты.
І, ў нэндзе злосны і круты,
Па ўзгор‘ях смутак плыў пракляты.

Быў на душы маёй агонь
Жывых нявыказаных казак.
Ў маёй руцэ твая далонь
Ляжала холадам абразы.

Вяла ты дзікую мараль,
Гуляла ў княжацкую веліч.
Сышоў я, зганьбены амаль,
З вачэй тваіх, што ў снах дымелі.

Сышоў ад марных слоў і смаг
І, з праўд маёй жыццёвай стромы, —
Цябе пазбавілі паваг,
І, разам — блізкіх і знаёмых.

Ўсеўладнай злучнасцю правоў
Паўстаў увесь народ жабрачы.
Час вас да сумных карт прывёў,
Час вашу радасць раскулачыў.

І вы брыдозным тлом чаргі
Імкнеце з гнёзд, — сваіх калісьці, —
Каб ў дальніх закутках — тугі
Агрызак збэшчаны дагрызці.

Каб стаць адценнем прошлых шат,
І спарахнелым шоўкам строяў —
Збіраць ў залётны панарад
Былой рамантыкі герояў.

Ты не адна — іх дужа шмат
Праз ўласны сквіл ідуць у пары.
I радасна, што ў ковах крат
Сядзяць падпанкі і жандары.

І весела таму душы,
Што мы змяняліся на ролі…
Сліхота — што ты не пішы —
Ў наш край не вернецца ніколі.

Сліхоту выпаліў пажар,
Як заедзь злую белай косці…
Твой паблажэў дарэшты твар,
Мой — ў самым часе прыгажосці.

І я увесь, як ёсць, я сам
Расту, жывому слову рады.
Мая магутная краса
Бярэ пачуццяў вадаспады.

І ў час, калі гарэннем зор
Вію я нервы на вяроўкі —
Ты топчаш жытні перабор,
Ты ходзіш нават без сяброўкі.

Ў тваіх вачах інакшы свет,
І, як адданая нябога,
Сваім выгнаннікам услед
Глядзіш ты сумна на дарогу.

1931 г.