Нервамі ўпрагуся,
Словы з сэрца выкіну,
Калі вызнаць мусяць
Таннае піліканне.
Калі здрада раніць,
Буду ведаць: чутая…
Ў залатым тумане
Раніца распутана.
Знікла ў перапудзе
Невідочнасць мглістая…
Дзень ў вятрах алюдзеў,
У парозе выстаяў.
Дзень кіруе часам
Найвялікшай дбайнасці.
Іх, хто цёнгле ласы
Зганьбены звычай знайсці, —
Даўніх і нядаўніх,
І па кім не плачам мы —
На адсветах баўных
Мне пазнаць прызначана.
Гэта „слаўных“ племя,
З чорнай старасветчыны:
Зубам б‘е аб крэмень,
Мрэ без чалавечыны;
Заімшэлым крыжам
Па шкілетах стукае;
След крывавы ліжа
Славы беларукае.
Ў прадсмяротным крыку
Ўсе сышліся песнямі…
Я суровасць выкуў
Чмарымі прадвеснямі.
І на жудасць скрухі,
Цераз край адужаны —
Не крануся слухаць
Хлюпат бруднай лужыны.
— Ўсё жыве на свеце,
Каму права дадзена.
Завінуўся вецер…
Вось і песня складзена.
Праз жыццё прапета
Каб была уся яна —
Пачуццём паэта,
Думкай грамадзяніна.
1931 г.
|