Была пара — я марыў быць
Вялікім змагаром…
Хацеў я свет перарабіць
І мець свой сад і дом.
І ў доме тым, і ў садзе тым —
Ў суценях кроз густых —
Прымець з пярсцёнкам залатым
Князёўну дзён маіх.
У ладзе вечным мы жылі-б —
Адна ў адну любосць.
Была-б і ягада і грыб,
Калі-б наведаў госць.
Была-б і чарка на стале
Гарэлкі і віна…
Ў трывозе дум, ў жыццёвай мгле,
Як мак, цвіла-б яна.
Пляла-б (ўлюбёная мая)
Валос жаночых шоўк.
І больш дадому п‘яным я
Ніколі-б не прышоў.
Бутэлькай сельтэрскай вады
Душа-б жыла дзён сем.
Для песень вызнаных тады
Было-б ці мала тэм.
Інакшым ладам быў закон,
Падрыхтаваны ў друк.
Я быў сапраўдны плытагон,
Зганяў плыты на брук.
На сонцы высах водны троп,
І, каб сухмень мінуць, —
Хадзіў я ў свет, як далакоп,
І мог зрабіць труну.
Усім валодала рука.
А дням вялікі лік:
Нідзе князёўны не спаткаў,
І сад і дом мой нік.
І з садам тым, і з домам тым
Знікала золь мая:
Ад жонкі з перстнем залатым
Памёр адразу-б я.
Прыстаў-бы смутак, як смала —
І я-б на трэску ссох.
Ля гаспадарскага стала
Я-б за сабаку здох.
Я саду з домам не хачу
На ўзвеях дзён цяпер.
Я дбайна нож аб нож тачу,
Калі падходзіць звер.
Калі рахманым зробіць твар
Былых лясоў дзікун, —
Я не расслаблены пясняр,
Я гмах смяротных струн.
Я плажма ворага крышу,
Каб ён не мог схітрыць.
Крывёю лірыку пішу,
Каб вечна з краем быць.
Каб вечна голас мой звінеў
Пра нараджэнне дню,
І быў ў вятрах, як карны гнеў, —
Аб чым у думах сню.
Іду я ніцы ля трысця,
Праходжу гурт палян…
Над краем горды вольны сцяг
Рабочых і сялян.
Прышла пара агнём палаць
Багне балот старых.
Няма чаго мне шкадаваць —
Няхай яна гарыць.
Мінуць гады — і дзень за днём
Набудзе буйны рост.
Тут будзе мой і сад і дом,
І сталых дум фарпост.
Адсюль апошні вой змагаць
Я выйду ў пошчак куль.
І ладам песні кіраваць —
Прыду, прыду — адсюль.
Віхор наступнага змяце
Бадзяжных прастарэк,
Каб селі побач на куце,
Паэт і чалавек.
І для таго (ў ашчадзе дум)
Я любы сон пяшчу,
А калі цяжка — ў бараду
Я сам сабе свішчу.
А калі сыйдзе мгла хвароб
На рупны наш абшар, —
Не моршчу з роспачы я лоб,
Не пуджуся ахвяр.
Я на зламанне галаву
Насіў не першы раз.
Дзень кожны ў клопаце жыву,
А не прыстаў, не згас.
Бо моц вялікая здавён
Ўрасла у косць маю…
Я ўзяў галоўны перагон
І вартаю стаю.
Не мкнуў я ў неба на раду
І не шукаў пасад…
Вось толькі песню як складу —
Жыццю і людзям рад.
Збіралі сілу нашых рот —
Без зброі мы былі.
Ў адважны вышлі мы паход
І зброю набылі.
Ўздымалі совы рогат з гор
І злыдні бралі ў свіст…
Ад нашай велічы замёр
І на асіне ліст.
Гадоў мінула нам не шмат,
А нас павек не змяць.
Мы зможам вытрымаць парад,
Мы здольны ў бойку стаць.
Вядзем на праўку пад агонь
На класавых франтох —
І вербалозную аблонь
І лукаткі дарог.
І мякнуць шолахі трысця,
І гіне сум палян…
Над краем горды вольны сцяг
Рабочых і сялян.
1931 г.
|