Перайсці да зместу

Радасны будзень (1935)/II/Я пакінуў у дарозе многа

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зіма заплакала ў тумане Я пакінуў у дарозе многа
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Нямашака ў свеце нічога

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я пакінуў у дарозе многа
Слоў лірычных, незабытных дум.
Перабраў зямлю вар‘яцкі рогат,
Размяло жыццё сваю бяду.

Перабеглі хмары часта-густа,
Шротам слот абшлёгалі раллю.
Так саткала здрадніцкая змуста
Белы саван мёртваму быллю.

Так народжана праз крык і енкі
Урачыстасць вораных палос.
Толькі пеўнем швэндаць (па-маленьку)
Не адвык сузмрок каля бяроз.

Толькі ноч (на скрадзеным палене)
Рада ўсё абвыць крадком усход…
І гугнявіць, паўшы на калені,
Воўчы псальм на боль сваіх маркот.

Я іду праз гэты тлум кастрывы…
Ў гранях дум суровасць паўстае.
Поле клоніцца аўсянай грывай,
Дзе ляглі наўсцяж сляды мае.

Змогшы замяць, змогшы мглу густую,
Мне цяпер адказу не шукаць —
Хто мяне, як сябра, пачастуе,
Добрым словам выйдзе прывітаць,

Хто рассыпле (звычаем быдлячым)
Штучны смех і танную ману.
Погляд мой даўно пераіначан
На людзей, на вершы і вясну.

Што было — сышло паходным маршам,
І няма багністага акна,
Дзе радкі мае, крывёй набракшы,
Топлі ў мох балота-дзікуна.

Знік дзікун, як знік ягоны продак —
Чорны дзень, і я ў жывых палёх
Дажыву да родных нам угодак:
Адсвяткую радасць перамог.

Ўзвіхрыў час, падзеі мкнуць няспынна,
Рубам свет становіць барацьба.
Ў клопат працы рынула краіна,
Не шкадуе ўзнятага гарба.

Я гляджу ў адход узлётаў хмарных…
Гэта спад прыгонніцкай пары.
Гэта вынік бою рот ударных
З слотаю зладзейскіх слёз-узрыг.

Ў прыпаміне быль часоў нядаўніх —
Крык трупярны чорных варанят:
Брудным злётам ліплі на паркане,
Сонцалісты плямілі наш сад.

Гаварылі недзе з цёмных вышак:
Гэта песень вольных салаўі…
Раскалоўся здзіўлены зацішак,
Спахмурнелі зоры і гаі.

І цяпер, няхай свавольны подых
Засвіргоча ў песенным лісці, —
Знаем мы, дзе сябра і дзе вораг,
Да каго з душою падыйсці.

Для таго на грунт вялі мы грэблі,
Каб хаду не груніла на мох,
Каб краінай кожны быў спатрэблен
На рыштунках сонечных эпох.

Час ідзе стралой дарогі цвёрдай,
Сівер збродлівы вачэй не згрыз:
Погляд іх і малады і горды
На крутым шляху ў соцыялізм.